Дакументы перыяда Вялікага Княства Літоўскага – скарб Нацыянальнага архіўнага фонда Беларусі

Сярод дакументаў калекцыі пергаментных грамат Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (НГАБ), якія па праву ўваходзяць у спіс самых каштоўных архіўных крыніц са скарбніцы Нацыянальнага архіўнага фонда Рэспублікі Беларусь (НАФ РБ), для прадстаўлення на выставе “Год Роднай зямлі” намі быў выбраны дарчы ліст Дашкі Яцкевіча Храбтовіча царкве Прысвятой Божай Маці Лаўрышаўскага манастыра на двух падданых у Шчорсах ад 5 верасня 1488 г. Гэты дароўны запіс (фундуш) з’яўляецца не толькі адным з самых старажытных пергаментных дакументаў НАФ РБ, але і важнай крыніцай па гісторыі Лаўрышаўскага манастыра - старадаўняга цэнтра летапісання Беларусі, заснаванага ў ХІІІ ст. у якасці апоры праваслаўнай хрысціянізацыі ВКЛ.

Згаданы Лаўрышаўскі манастыр існаваў у в. Лаўрышаў каля г. Наваградка на працягу XIII-ХІХ стст. Звесткі аб ім сустракаюцца ў летапісах Вялікага Княства Літоўскага, “Хроніцы” М.Стрыйкоўскага, гістарычных працах праваслаўных (П.Магіла), уніяцкіх (І.Сцябельскі) і каталіцкіх (А.Віюк-Каяловіч) дзеячоў XVІІ-XVIII стст. Мяркуецца, што манастыр узнік каля 1265 г. па фундацыі вялікага князя Войшалка (у манастве Лаўрэнцій, Лаўрыш). Паводле царкоўнай версіі, заснавальнікам манастыра каля 1225 г. быў яго першы настаяцель архімандрыт Елісей Лаўрышаўскі, якому ў 1996 г. у в. Лаўрышава адкрыты помнік. Тут было створана Лаўрышаўскае Евангелле для Успенскай царквы гэтага манастыра – помнік рукапіснага мастацтва канца ХІІІ- пачатку XIV стст., - дзе яно і зберагалася да 1822 г. Пасля, патрапіўшы ў вір гістарычных падзей, Евангелле захоўвалася ў асабістай калекцыі князя А.Чартарыйскага, затым ў Пулавах і нават у Парыжы, а цяпер знаходзіцца ў Бібліятэцы Музея Чартарыйскіх у Кракаве.

Вядома, што ў XIV-XV стст. манастыр атрымаў ад прадстаўнікоў магнацкіх родоў Хадкевічаў, Храбтовічаў і мясцовай шляхты значныя падараванні ў выглядзе ворных зямель, сенажацей, вадаёмаў, вёсак з сялянамі і права збору царкоўнай дзесяціны. Менавіта частка гісторыі тых падзей і адлюстравана ў прадстаўленым дакументце — лісце на падараванне сялян указанаму манастыру Дашкам Храбтовічам, чые продкі герба “Адравонж” былі праваслаўнага вераспавядання да XVI ст і мелі маёнткі ў Наваградскім, Лідскім, Гарадзенскім паветах, а таксама на Валыні. Адзначым, што паводле гэтага фундуша Дашка Храбтовіч запісаў на карысць манастыра двух сваіх служак ў Шчорсах Марочка Міхалкавіча і яго братаніча Іванца. З гэтага часу яны былі абавязаныя служыць манастыру, выплочваючы мядовую даніну і ўсе ўстаноўленыя падаткі. У канцы дакумента было запісанае завярэнне аб яго законнасці і непарушнасці.

Цікава, што прадстаўленая крыніца першапачаткова знаходзілася і была выяўлена ў фондзе “Мінская злучаная палата крымінальнага і грамадзянскага суда” [1]. Такія ўстановы былі заснаваныя загадам Сената ад 22 мая 1867 г. у сувязі з аб’яднаннем раней існуючых самастойна палат крымінальнага і грамадзянскага судоў. Яны з’яўляліся вышэйшымі судовымі інстанцыямі ў губернях, але ўжо ў 1883 г. былі ліквідаваны, а іх функцыі перададзеныя акружным судам. У справе дадзенага фонда змешчаныя дакументы датычацца працэса размежавання казённага маёнтка Лаўрышава за 19 жніўня 1807-18 сакавіка 1833 гг. на 1762 аркушах. Аднак, там таксама трапляюцца арыгіналы за перыяд XVI-XVIII стст. на старабеларускай, лацінскай, польскай мовах, якія служылі доказамі пры разглядзе судовых спраў і пацверджаннем на ўладанне нерухомай маёмасцю. На тытульным лісце справы ёсць пазначэнне ад 2 сакавіка 1998 г. аб тым, што пергаментныя граматы на аркушах пад №№ 34, 34 а і 234 былі адабраныя адтуль на асобнае захаванне. З карткі, складзенай на дакумент загадчыцай аддзела старажытных актаў А.Ф. Аляксандравай, вынікае, што ён быў знойдзены ў 1987 г. супрацоўніцай архіва Н.М. Леўчык.

Гэта арыгінал у здавальняючым стане памерам 23?16 см., напісаны на старабеларускай мове з прымацаванай тасьмой барвовага калеру, на якой раней была пячатка (не захавалася). З левага боку ад тэксту запіс на польскай мове ад 21 снежня 1778 г. аб прадстаўленні копіі гэтага фундуша ў актавыя кнігі г. Наваградка. Як ўжо было адзначана, дарчы ліст ад 5 верасня 1488 г. Дашкі Яцкевіча Храбтовіча царкве Прысвятой Божай Маці Лаўрышаўскага манастыра знаходзіцца на асобным захаванні ў калекцыі пергаментных грамат XIV-XVII стст. Патрэбна падкрэсліць, што ў гэтым жа фондзе Мінскай злучанай палаты крымінальнага і грамадзянскага суда быў знойдзены і самы старажытны дакумент з фондаў НГАБ ад 20 чэрвеня 1391 г.

Абедзве гэтыя крыніцы з калекцыі пергаментных грамат, якімі па праву ганарыцца НГАБ, - самыя раннія з корпуса дакументаў НАФ РБ па гісторыі Беларусі перыяду Вялікага Княства Літоўскага. У мінулым годзе яны былі прадстаўлены ў экспазіцыі, прысвечанай году Роднай зямлі на сайце нашага архіва, і вызначаюць яго важную ролю ў галіне архіўнай справы ў якасці захавальніка шасцісотгадовай дакументальнай спадчыны Беларусі.


Cпасылкa:

1. Ф. 147 “Мінская злучаная палата крымінальнага і грамадзянскага суда”, воп. 2, адз. 175 “Справа аб размежаванні казённага маёнтка Лаўрышава”.

Автор статьи: 
Палтаржыцкая (Статкевіч) Надзея Мікалаеўна
Должность: 
вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытных актаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі