Зборнік «Тэстаменты шляхты і мяшчан Беларусі другой паловы ХVІ ст.». Тэстамент пана Аляксандра Сямёнавіча Гарабурды

Ідэя выдання зборніка дакументаў па матэрыялах актавых кніг Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі нарадзілася ў аддзеле старажытных актаў практычна адразу, калі яго супрацоўнікі пачалі распрацоўваць актавыя судовыя кнігі другой паловы 16 ст. Багатыя разнастайнай інфармацыяй, яны з’яўляюцца каштоўнымі архіўнымі крыніцамі па гісторыі Беларусі, якія адлюстроўваюць не толькі эканамічныя і сацыяльныя адносіны “абывацелей тутэйшага панства”, але і прыватныя дачыненні паміж рознымі слаямі, катэгорыямі і асобамі жыхароў ВКЛ.

Са шматлікіх разнавіднасцяў дакументаў (такіх як судовыя дэкрэты па грамадзянскіх справах, запісы па крымінальных справах, лісты на продаж, вена, дарэнне, заставу і іншае) найбольш ярка вылучаюцца тэстаменты (ў больш ранніх дакументах ужываюцца таксама назвы тастамент, достамент) – пісьмова зафіксаваная апошняя воля чалавека, яго духоўніца, завяшчанне. Важнае значэнне тэстаментаў пацвярджаюць нарматыўныя акты. Ва ўсіх трох Статутах ВКЛ запісаны спецыяльныя артыкулы, у якіх досыць падрабязна пададзены правілы складання тэстаментаў: хто меў права складаць тэстамент, колькі прадстаўнікоў улады, пячатараў (сведкаў) і пры якіх абставінах павінны былі засведчыць дакумент, умовы складання тэстамента пад час вайны ці знаходжання ў чужой зямлі, умовы напісання яго простымі людзьмі і г.д.

Тэстаменты дастаткова поўна адлюстроўваюць маёмаснае становішча аўтара тэстамента (тэстатара), яго сямейны стан і адносіны паміж ім і сваякамі, рэлігійную прыналежнасць і інш., акрамя таго, яны з’яўляюцца багатай крыніцай для вывучэння гісторыі пэўных населеных месцаў, генеалогіі шляхецкіх родаў і шматлікіх пытанняў, звязаных з гісторыяй штодзённага жыцця насельніцтва ВКЛ у другой палове 16 ст. Апроч гэтага, нягледзячы на іх каштоўнасць і інфарматыўнасць, тэстаменты былі мала прадстаўлены ў друку і адпаведна мала выкарыстоўваліся ў навуковых даследаваннях Беларусі. Менавіта з гэтых прычын і дзякуючы таму, што на гэты час у аддзеле старажытных актаў былі распрацаваны ўсе актавыя кнігі за 16 ст., стала магчымым пачаць працу над зборнікам “Тэстаменты шляхты і мяшчан Беларусі другой паловы ХУІ ст.”. Было выяўлена больш за 200 тэстаментаў з 42 кніг 8 фондаў НГАБ. Выданне з-за вялікага аб’ёму падзелена на 2 тамы. У першы том, ужо цалкам падрыхтаваны да друку, увайшлі 115 тэстаментаў за 1559 – 1600 гг.:
45 – з фонда “Слонімскі земскі суд” за 1566 – 1598 гг.;
32 – з фонда “Берасцейскі земскі суд” за 1568 – 1597 гг;
15 – з фонда “Віцебскі земскі суд” за 1559 – 1597 гг.;
10 – з фонда “Слонімскі гродскі суд” за 1559 – 1599 гг.;
9 – з фонда “Магілёўскі магістрат” за 1578 – 1588 гг.;
3 – з фонда “Мінскі гродскі суд” за 1600 г.;
1 – з фонда “Берасцейскі гродскі суд” за 1588 г.

У выданне не ўвайшлі 16 моцна пашкоджаных тэстаментаў.

Апроч 103-х шляхецкіх тэстаментаў, у том уключаны 12 тэстаментаў мяшчан. 83 тэстаменты належаць мужчынам, 32 – жанчынам. Аўтарамі былі прадстаўнікі розных канфесій: праваслаўныя, католікі, пратэстанты, мусульмане. 6 тэстаментаў напісаны на старапольскай мове, астатнія – на старабеларускай.

* * *

Адным з самых ранніх дакументаў, прадстаўленых у падрыхтаваным зборніку тэстаментаў, з’яўляецца тэстамент пана Аляксандра Сямёнавіча Гарабурды, напісаны 3 верасня 1570г. і актыкаваны ў Слонімскім земскім судзе праз тры месяцы. Невялікі па памерах (усяго 2 старонкі), ён вылучаецца з шэрагу астатніх сваёй канкрэтнай сувяззю з мінулым Беларусі, бо жыццё яго аўтара праходзіла пад час аднаго з самых драматычных момантаў гісторыі ВКЛ другой паловы 16 стагоддзя – Інфлянцкай вайны 1558 – 1582 гг. Гэта вайна пачыналася як вайна за Інфлянты (Лівонію) паміж суседнімі дзяржавамі і доўжылася амаль 25 гадоў. Яе асноўны канфлікт адбываўся на паўночна-усходняй частцы Вялікага Княства паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай, цэнтральнай падзеяй якого стала аблога Полацка (31 студзеня 1563 – 15 лютага 1563г.) і 16-гадовая акупацыя яго войскамі Івана IV. Менавіта пад Полацкам знаходзіліся маёнткі Аляксандра Гарабурды – спадчынныя па маці Апрані Федкаўне Епімаховіч - сяло Бедрыца з дваром, сяло Азярцо з дваром і належачыя да яго вёскі Гарадзея, Вепрышча і Ушача.

Аляксандр Сямёнавіч Гарабурда паходзіў з роду полацкіх баяр (паводле Энцыклапедыі ВКЛ), ці, згодна польскаму генеалогу Севярыну Урускаму, меў татарскія карані, а шляхецтва род атрымаў ад караля Жыгімонта Аўгуста. Першы вядомы прадстаўнік роду Багдан (Тэадат, Федзька), паводле таго ж Урускага, быў пісарам каралевы Боны і ўраднікам яе літоўскіх маёнткаў. Пасля сябе ён пакінуў пяць сыноў - Сямёна, Лукаша, Міхайлу, Аніцэтыя і Пятра. Трое з іх, Лукаш, Міхайла і Пётр, займаліся дыпламатычнай дзейнасцю, былі ўдзельнікамі пасольстваў у Маскву. Міхайла ўвайшоў у гісторыю як дзяржаўны дзеяч і дыпламат другой паловы 16 ст., быў актыўным удзельнікам Інфлянцкай вайны, паслом ВКЛ у Маскве. Аніцэты (Анцута) з 1562г. быў полацкім біскупам. Пад час вайны і ўзяцця маскоўскімі войскамі Полацка чацвёра з іх, Сямён, Лукаш, Анцута і Пётр, трапілі ў палон, з якога вярнуўся толькі Лукаш.

Разам з бацькам Сямёнам і дзядзькамі ў тым жа палоне знаходзіўся і Аляксандр Гарабурда. Яго тэстамент з’яўляецца адзінай крыніцай, якая змяшчае звесткі аб гэтым чалавеку. З тэстаменту можна даведацца, што, страціўшы бацькоў і не пакінуўшы ўласнай сям’і, ён памёр маладым, а найбліжэйшымі роднымі засталіся дзядзькі і стрыечныя браты. З палону Аляксандр Гарабурда вярнуўся цяжка хворы і неўзабаве памёр, пакінуўшы згодна тэстаменту ўсю нерухомую маёмасць ў Полацкай зямлі дзядзькам Лукашу, з якім знаходзіўся ў маскоўскім палоне і з якім напэўна вярнуўся ў ВКЛ, і Міхайлу Багданавічам Гарабурдам, які даў яму прытулак у сваім слонімскім маёнтку Востраў, дзе і быў напісаны яго тэстамент. А астатняе маёмасці “вышодши с того везеня неприятелского не мел, есми кгды ж при взятю замку Полоцкого вся маетность моя через неприятеля г(о)с(по)д(а)рского московского забрана и посягнена”.

Прадстаўніком гэтага роду быў і Васіль Гарабурда – беларускі друкар і кнігавыдаўца 16 ст., адзін з арганізатараў (разам з братамі Мамонічамі) Віленскай друкарні. У тэстаменце ён і яго брат Пётр прыгадваюцца ў якасці пячатараў: “А при том были и сее воли моее ωстаточное добре сведоми: братѧ моя пан Петръ а пан Василеи Анцϒтичи Гарабурды… И за прозбою моею их м(и)л(о)сть печати свои к сему моему тастаменту приложили, а братъ мои пан Петръ а пан Василеи и рϒками своими сес мои тастаментъ подписали.”

Тэстамент быў апублікаваны ў 22-м томе АВАК “Акты Слонимского земского суда” ў 1895 г.

* * *


Тэстамент пана Аляксандра Сямёнавіча Гарабурды

Глядзець тэкст тэстамента пана Аляксандра Сямёнавіча Гарабурды (спампаваць файл *.pdf памерам 109 КБ)


Спіс выкарыстанай літаратуры:

1. Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя – Мн. : БелЭн, 2005-2006.
2. Бохан Ю.М. Вайсковая справа ў Вялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV – канцы XVI ст. – Мінск: Беларус. навука, 2008.
3. Янушкевіч А.М. Вялікае Княства Літоўскае і Інфлянцкая вайна 1558 – 1570 гг. – Мінск: Медисонт, 2007.
4. Янушкевіч А.М. Загадкі выправы Івана Грознага на Полацк // ARCHE. 2009.№4.
5. Boniecki A. Herbarz polski. – Warszawa, 1899.
6. Niesiecki K. Herbarz polski. – Т. І – Х. – Lipsk, 1839-1846.
7. Uruski S. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. – Т. І – XVI. – Warszawa, 1904 – 1931.

Автор статьи: 
Бобер Ірына Міронаўна
Должность: 
галоўны архівіст аддзела старажытных актаў