Жыццё і дзейнасць І.І.Грыгаровіча. Да 200-годдзя з часоў выдання «Белорусского архива древних грамот»

Беларускі археограф, гісторык, краязнаўца, пісьменнік, праваслаўны царкоўны дзеяч Іван Іванавіч Грыгаровіч нарадзіўся 26 жніўня 1792 года ў мястэчку Прапойску Старабыхаўскага павета Магілёўскай губерніі (сёння горад Слаўгарад Магілёўскай вобласці) у сям’і протаіерэя, настаяцеля Гомельскага Петра-Паўлаўскага сабора Іаана Конанавіча Грыгаровіча. Яго маці Марыя Раманаўна была дачкой протаіерэя Рамана Каніскага, брата свяціцеля Георгія Каніскага, праслаўленага ў ліку святых Беларускай праваслаўнай царквой у 1993 годзе.

Изображение
 

Першапачатковую адукацыю Іаан Грыгаровіч-малодшы атрымаў у доме сваіх бацькоў. Сам бацька будучага археографа вучыўся ў Кіеўскай духоўнай акадэміі, якую скончыў у 1780 г. са ступенню кандыдата багаслоўя.

У тым жа годзе архімандрыт Кіеўскага братскага манастыра, рэктар Кіеўскай духоўнай акадэміі, заснавальнік храма ў імя праведнага Іосіфа ў Магілёве, свяціцель Георгій Каніскі пачаў рэарганізацыю Магілёўскай духоўнай семінарыі, у якой адкрыў новыя класы багаслоўскіх і філасофскіх навук, увёў выкладанне старажытнаяўрэйскай, грэчаскай, лацінскай і польскай моваў. У новыя класы ён запрасіў шэсць студэнтаў Кіеўскай духоўнай акадэміі, сярод якіх быў і Іаан Грыгаровіч-старэйшы. Іаан Конанавіч выкладаў у Магілёўскай духоўнай семінарыі, кіраваў ёю, а ў 1810 г. быў прызначаны рэктарам Гомельскага павятовага і прыходскага вучылішча.

У 9-гадовым ўзросце Іаан Грыгаровіч-малодшы пачаў вучыцца ў Магілёўскай духоўнай семінарыі ў рытарычным класе (1802 – 1811 гады навучання). Згодна з указам Магілёўскай духоўнай кансісторыі ад 20 мая 1809 г. за № 1239 усе студэнты Магілёўскай духоўнай семінарыі былі падзелены на тры катэгорыі: лепшыя, сярэднія і пасрэдныя. Грыгаровіч-малодшы быў сярод лепшых.

Изображение
Справа Беліцкага духоўнага праўлення аб узнагароджванні протаіерэя Іаана Грыгаровіча наперсным крыжам за старанную службу за 1814 г. Ф. 3021. Воп. 4. Спр. 613.
 

Пасля сканчэння Магілёўскай духоўнай семінарыі і да 1815 г. Іаан Грыгаровіч выкладаў у Магілёўскім павятовым духоўным вучылішчы і спалучаў настаўніцкую дзейнасцьз працай на пасадзе інспектара.

У 1815 г. ён стаў студэнтам Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі. Пасля яе сканчэння ў 1819 г. І.І. Грыгаровіч вярнуўся ў Гомель, у студзені 1820 г. быў пасвечаны ў святары і пачаў пастырскае служэнне ў Гомельскім кафедральным саборы.

Адначасова з гэтым ён быў прызначаны рэктарам Гомельскіх павятовага і прыходскага вучылішчаў, цэнзарам пропаведзяў Гомельскага духоўнага праўлення.

Пры падтрымцы канцлера М.П. Румянцава выйшлі яго першыя гістарычныя працы, сярод якіх “Даследванне пра пасаднікаў наўгародскіх” (1821 г.), “Беларускі архіў старажытных грамат. Частка I” (1824 г.), “Беларуская іерархія” (1824 г.). Пасля смерці М.П. Румянцава выданне прац археографа спынілася амаль што на шэсць гадоў.

Изображение
 

У 1829 г. ён стаў рэктарам у Віцебскім прыходскім і епархіяльным вучылішчах, благачынным, прысутным духоўнага праўлення, цэнзарам пропаведзяў і настаўнікам Закону Божага ў губернскай гімназіі.

З 1830 г. да 1837 г. айцец Іаан служыў у царкве свяціцеля Спірыдона Трыміфунтскага лейб-гвардыі Фінляндскага палка. У гэты перыяд ён выдаў “Гістрычныя звесткі аб жыцці свяціцеля Мітрафанв, першага варонежскага епіскапа” (1832 г.), “Паведамленне пра старажытны храм Хрыста Спасіцеля, пабудаваны ў XII стагоддзі прападобнай Еўфрасініяй, ля Полацка” (1832 г.), “Перапіска пап з расійскімі гасударамі ў XVI стагоддзі” (1834 г.), “Збор твораў праасвяшчэннага Георгія Каніскага з нарысам яго жыцця” (1835 г.) і інш.

З 1837 г. І.І. Грыгаровіч актыўна ўдзельнічаў у працы Санкт-Пецярбургскай археаграфічнай камісіі спачатку ў якасці шэраговага супрацоўніка, потым галоўнага рэдактара дзяржаўна-юрыдычных актаў. У гэты час ён служыў у царкве Святога благавернага князя Аляксандра Неўскага пры Анічкавым палацы. За 15 гадоў працы ў камісіі айцец Іаан здолеў сабраць матэрыял і выдаць I, II і IV тамы “Актаў гістарычных” ( 1841-1842 гг.), I-IV  і часткова V тамы “Актаў, што належаць да гісторыі Заходняй Расіі” (1846-1853 гг.).

 

Літаратура:

Грыгаровіч Іван Іванавіч / Нікалаеў М. // Вялікае княства Літоўскае : ВКЛ : энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.). – 2-е выд. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2007–2010. – 3 т. – Т. 1: А – К. – 2007. – 684 с. – С. 556–557.

Протадыякан Віталь Міхайлавіч Дубяга. Протаіерэй Іаан Грыгаровіч (1792-1852 гг.) – збіральнік пісьмовай спадчыны беларусаў // Чтения памяти протоиерея Иоанна Григоровича (1792–1852): историка, археографа, археолога : Материалы научно-практической конференции, Минск : Минская духовная академия, 17 мая 2017 года. – Минск : Издательство Минской духовной академии, 2018. – C. 9–19.

Иерей Виталий Наумчик. Протоиерей Іоанн Григорович – выпускник Могилевской духовной семинарии // Чтения памяти протоиерея Иоанна Григоровича (1792–1852): историка, археографа, археолога : Материалы научно-практической конференции, Минск : Минская духовная академия, 17 мая 2017 года. – Минск : Издательство Минской духовной академии, 2018. – C. 62–71.

Аўтары-складальнікі: 
Загадчык аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці С.М.Рындзін
Загадчык аддзела старажытных актаў А.Ф.Раманкевіч
Год выставы: 
2024