МОЦНАЯ ДУХАМ І ВЕРАЙ (выстава, прысвечаная 115-годдзю перанясення ў Полацк мошчаў святой Еўфрасінні Полацкай)
У чэрвені 2025 г. адбудзецца 115 гадоў з часу перанясення мошчаў святой Еўфрасінні Полацкай з Кіева ў Полацк, што стала знамянальнай падзеяй не толькі для палачан, але і для ўсіх беларусаў.
Прападобная Еўфрасіння Полацкая без сумнення адносіцца да ліку вялікіх жанчын беларускай зямлі. Яе асветніцкая, дабрачынная, міратворчая дзейнасць, манаскі подзвіг складаюць непаўторную духоўную спадчыну.
Звесткі аб жыцці Еўфрасінні Полацкай можна знайсці толькі ў яе «Жыціі», іншых дакументальных крыніц не захавалася. Аднак «Жыціе» не ўтрымлівае канкрэтную дату нараджэння святой, і даследчыкі лічаць, што гэта адбылося паміж 1100 і 1104 гг. Нарадзілася яна ў сям’і полацкага князя Святаслава (Георгія) і атрымала імя Прадслава. Ва ўзросце 12 гадоў юная княжна адмовілася ад уступлення ў шлюб і вырашыла прысвяціць сябе служэнню Богу. Яна адправілася ў манастыр, дзе ігуменняй была ўдава яе дзядзькі, і настаяла на пастрыжэнні ў манахіні пад імем Еўфрасіння. З дазволу полацкага епіскапа Ільі яна пасялілася пры Сафійскім саборы і займалася перапісваннем кніг, а атрыманыя грошы раздавала жабракам. Аднойчы ў сне прападобнай з’явіўся анёл, які ўказаў ёй новае месца духоўнага падзвіжніцтва – Сяльцо, падвор’е полацкага епіскапа. Атрымаўшы блаславенне ад полацкага епіскапа Ільі, святая Еўфрасіння заснавала ў Сяльцы жаночы манастыр, у якім па яе замове быў пабудаваны каменны храм Хрыста-Збавіцеля (існуе па сённяшні дзень) і створаны жаночая школа па навучанні грамаце, майстэрні па перапісе кніг. У 1161 г. яна ахвяравала ў храм крыж, створаны ювелірам Лазарам Богшам. Акрамя жаночага, прападобная Еўфрасіння заснавала і мужчынскі Багародзічны манастыр.
Закончыла святая свой зямны шлях у 1173 г. (па іншых меркаваннях 1167 г) у Іерусаліме, куды ўжо ў сталым узросце адправілася ў паломніцтва, і пакоілася ў манастыры Феадосія Вялікага. Калі ў 1187 г. Іерусалім захапілі мусульмане, яе мошчы былі перанесены ў Кіева-Пячорскую Успенскую лаўру.
Пасля вяртання Спаса-Праабражэнскага храма праваслаўным у 1832 г. (з 1580 па 1820 гг., з перарывам на 1654–1667 гг, знаходзіўся ва ўладанні езуітаў, а да 1832 г. піяраў) пачаліся хадайніцтвы аб пераносе святых мошчаў прападобнай Еўфрасінні ў Полацк. Першым да Сінода звярнуўся епіскап Віцебскі і Магілёўскі Гаўрыіл (Гарадкоў). Двойчы (1840; 1844) просьбы аб вяртанні на радзіму святыні накіроўваў полацкі архіепіскап Васілій (Лужынскі). У 1858 г. да Сінода звярнуліся жыхары Полацка, у 1864 г. – прашэнне праваслаўных Полаччыны падтрымаў генерал-губернатар М. М. Мураўёў. Аднак іх намаганні не мелі поспеху. Кіеўскі мітрапаліт, кіраўніцтва Кіева-Пячорскай лаўры і Сінод ўказвалі на «гражданскую незначительность и неблагоприятное географическое положение Полоцка, малочисленность в городе православного населения» і г. д.
Полацкі епіскап Сава (Ціхаміраў) прадоўжыў справу ў 1867 г. і таксама атрымаў адмову ад кіеўскага мітрапаліта. Толькі ў снежні 1870 г. па хадайніцтве епіскапа полацкага Савы і з дазволу кіеўскага мітрапаліта Арсенія часцінка мошчаў Святой Еўфрасінні Полацкай была перанесена з Кіева ў Віцебск, дзе знаходзілася да вясны 1871 г. У Полацк святыня прыбыла 4 чэрвеня 1871 г. (22 мая па старому стылю), а 5 чэрвеня (23 мая) урачыста, з хрэсным ходам пры вялікай колькасці паломнікаў і жыхароў горада была дастаўлена ў Спаса-Еўфрасініеўскі манастыр.
На гэтым спробы вярнуць мошчы Святой Еўфрасінні Полацкай на радзіму не спыніліся. У 1893 г. полацкі епіскап Антанін (Дзяржавін) пры падтрымцы праваслаўных брацтваў і вернікаў усёй епархіі звярнуўся з чарговым хадайніцтвам. Але шматлікія імкненні духавенства і праваслаўных жыхароў Полацка, мясцовай адміністрацыі не былі падтрыманы Кіеўскай мітраполіяй і Сінодам.
У 1908 г. у Кіеве адбыўся Усерасійскі місіянерскі сход, які падтрымаў ідэю перанясення мошчаў прападобнай Еўфрасінні ў Полацк. Абапіраючыся на рашэнне сходу, у 1909 г. духавенства Полацкай епархіі пры падтрымцы тысяч праваслаўных веруючых чарговы раз звярнулася з просьбай у Сінод. На гэты раз намаганні закончыліся поспехам. 3 ліпеня 1909 г. дазвол на перанясенне святых мошчаў у Полацк даў імператар Мікалай ІІ.
Пачалася старанная праца па распрацоўцы падрабязнага парадку ўрачыстага перанясення святых мошчаў прападобнай Еўфрасінні з Кіева-Пячорскай Успенскай лаўры ў Полацкі Спаса-Еўфрасініеўскі манастыр. У лютым 1910 г. парадак быў зацверджаны імператарам Мікалаем ІІ.
Царкоўныя ўрачыстасці пачыналіся 2 мая (19 красавіка) 1910 г. у Кіева-Пячорскай Успенскай Лаўры. 5 мая (22 красавіка) святыя мошчы хрэсным ходам, у якім удзельнічалі тысячы святароў, манахаў, паломнікаў, веруючых, прадстаўнікоў адміністрацыі, былі перанесены на прыстань Дняпра, дзе іх памясцілі на казённы параход «Галавачоў». Ад Кіева да Оршы (737 км) рака з мошчамі Святой Еўфрасінні напраўлялася па Дняпру. Падчас руху парахода былі прадугледжаны наступныя прыпынкі: Любеч (Чарнігаўская губерня), Рэчыца, Рагачоў, Стары Быхаў, Магілёў, дзе святыя мошчы пераносіліся на бераг на непрацяглы тэрмін. Далей: «От Орши и далее до гор. Полоцка святые мощи следуют сухим путем, несомые на руках богомольцев». На гэтым шляху (201 км) хрэсны ход павінен быў спыняцца ў наступных населеных пунктах Віцебскай губерні: Любашкова, Віцебск (мошчы знаходзіліся ў горадзе да 28 мая (16 мая)), Заронава, Сіроціна, Станіславава, Обаль-Ігумен, Шацілава, Сосніца, Струнь. Міністэрства народнай адукацыі цыркулярна паведаміла папячыцелю Віленскай навучальнай акругі аб дазволе вызваліць ад заняткаў навучэнцаў тых населеных пунктаў, праз якія будзе праходзіць хрэсны ход з мошчамі прападобнай Еўфрасінні.
2 чэрвеня (20 мая), згодна з распрацаваным парадкам, святыня прыбыла ў Полацк і была размешчана ў Мікалаеўскім саборы. Праз два дні, 4 чэрвеня (22 мая), мошчы прападобнай Еўфрасінні былі перанесены ў заснаваны святой Спаса-Еўфрасініеўскі манастыр, у галоўны манастырскі храм. На наступны дзень святыя мошчы прападобнай Еўфрасінні, княжны Полацкай змясцілі ў срэбную раку і паставілі «в основанный преподобною храм на вечное здесь пребывание».
Такім чынам, завяршыўся 77-гадавы і складаны шлях вяртання на радзіму нябеснай заступніцы Беларусі, вялікай асветніцы, падзвіжніцы і мецэнаткі.
У сувязі з тым, што пры перанясенні мошчаў Святой Еўфрасінні чакаўся небывалы наплыў прадстаўнікоў духавенства, вернікаў, навучэнцаў, паломнікаў, турыстаў, грамадзянскім кіраўніцтвам былі зроблены захады па ахове парадку, забеспячэнні харчавання і пражывання, часовага адпачынку, арганізацыі медыцынскай дапамогі, пажарнай і супраць эпідэміялагічнай бяспекі. Так, для аховы парадку падчас святочных мерапрыемстваў было прыцягнута 210 конных і 280 пешых стражнікаў, 2 жандарскія афіцэры і 22 паліцэйскія чыноўнікі. Быў распрацаваны план арганізацыі ўрачэбнай дапамогі, якім прадугледжвалася суправаджэнне шэсця доктарам, фельчарам і сястрой міласэрнасці і наяўнасць абсталяваных прыёмных пакояў на кожным пункце прыпынку. Для размяшчэння паломнікаў выкарыстоўваліся гумны, баракі, ваенныя палаткі, прыватная хаты і кватэры. Кіраўніцтва Рыга-Арлоўскай чыгункі выдзеліла для гэтай мэты пустыя вагоны. Напрыклад, у Полацку ў цэлым было падрыхтавана каля 10 тыс. бясплатных месцаў. Аднак, як адзначаецца ў дакументах, большасць паломнікаў заставалася начаваць пад сценамі храмаў, дзе на той час знаходзіліся святыя мошчы.
Па ходу шэсця былі арганізаваны так званыя народныя чайныя, у якіх танна можна было набыць харчаванне, а найбольш абяздоленых кармілі бясплатна. На свята ў Полацк прыбылі прадстаўнікі імператарскага дому: вялікі князь Канстанцін Канстанцінавіч і вялікая княгіня Лізавета Фёдараўна, грэчаская каралева Вольга Канстанцінаўна, а таксама вышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі і кіраўніцтва праваслаўнай царквы. Падзея мела шырокі рэзананс і была адлюстравана ў сродках масавай інфармацыі, да таго ж ёй былі прысвечаны асобныя выданні.
У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захавалася значная колькасць дакументаў, звязаных з тэмай перанясення мошчаў прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Большасць іх знаходзіцца ў фондах Канцылярыі Віцебскага грамадзянскага губернатара (ф. 1430), Віцебскай гарадской управы (ф. 2496). Асобныя дакументы маюцца ў фондзе Мінскага губернскага праўлення (ф. 299), Мінскага паліцэйскага ўпраўлення (ф. 300), Полацкай настаўніцкай семінарыі (ф. 2566), Рагачоўскай настаўніцкай семінарыі (ф. 3260) і інш.
Літаратура
Архиепископ Антоний (Мельников). Преподобная Евфросиния Полоцкая / Архиепископ Антоний (Мельников) // Богословские труды. – 1972. – Сб. 9. – С. 5–14.
Зянько, А. Л. Станаўленне Полацка як цэнтра рэлігійнага турызму ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. / А. Л. Зянько // Религия и общество – 18 : сб. науч. ст. / редкол. : В. В. Старостенко [и др.]. – Могилев : МГУ им. А. А. Кулешова, 2024. – С. 197–199.
Митроцкий, М. Торжественное перенесение святых мощей преподобной Евфросинии, княжны Полоцкой, из Киева в Полоцк (19 апреля – 22 мая 1910 года) / М. Митроцкий. – Киев : тип. Киево-Печерской Успенской лавры, 1913. – 69 с.
Преподобная Евфросиния Полоцкая / сост. Н. Г. Куцаева. Минск : Белорусская Православная Церковь, 2010. – 96 с.
Путеводитель по городу Полоцку: к торжеству перенесения святых мощей преподобной Евфросинии, княжны Полоцкой, из г. Киева в г. Полоцк. – Полоцк : издание Полоцкого церковного братства, 1910. – 24 с.
Церемониал встречи, проводов и следования св. мощей препод. Евфросинии, княжны Полоцкой, по Витебской губернии с кратким путеводителем по гор. Полоцку, местом положения св. мощей. – Витебск : издание Свято-Владимирского братства, 1910. – 29 с.