Аб правядзенні вучэбнай палеаграфічнай практыкі студэнтаў гістарычнага факультэта БДУ

У перыяд з 26 чэрвеня па 15 ліпеня 2023 г. на базе дзяржаўнай установы «Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі» праходзіла вучэбная палеаграфічная практыка студэнтаў 1-га курса гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта спецыяльнасці 1-23 01 13 «Гісторыка-архівазнаўства» ў колькасці 16 чалавек. Кіравалі практыкай ад установы – загадчык аддзела старажытных актаў Ірына Бобер, ад універсітэта – дацэнт кафедры крыніцазнаўства, кандыдат гістарычных навук Андрэй Латушкін. Мэтай практыкі з’яўлялася стварэнне ў студэнтаў цэласнага ўяўлення аб існуючых раней і захаваных комплексах рукапісаў па гісторыі Беларусі перыяду Вялікага Княства Літоўскага, палеаграфічных асаблівасцях і знешніх прыкметах дакументаў XIV–XVIII стст., а таксама замацаванне ведаў і навыкаў атрыманых у межах вучэбнай дысцыпліны «Спецыяльныя гістарычныя дысцыпліны. Палеаграфія».

Задачамі практыкі былі:

– знаёмства са складам фондаў НГА Беларусі перыяду XIV–XVIII стст., з фондамі рукапісаў іншых спецыялізаваных устаноў краіны, асаблівасцямі іх уліку, апісання, захоўвання і выкарыстання;

– прымяненне на практыцы і ўдасканаленне навыкаў чытання рукапісных кірылічных тэкстаў XIV–XVII стст. ва ўмовах працы з арыгіналам дакумента;

– фарміраванне ўяўлення аб ролі палеаграфіі пры апісанні архіўных дакументаў, пры распрацоўцы навукова-даведачнага апарата архіва, у археаграфіі;

– вывучэнне матэрыяльнай асновы дакументаў, прымяненне на практыцы навыкаў філіграназнаўчага аналізу рукапісаў на паперы.

У выніку практыкі яе мэта і задачы былі выкананы ў поўным аб’ёме. У перыяд практыкі студэнты сустрэліся з адміністрацыяй НГА Беларусі, азнаёміліся з гісторыяй, арганізацыйнай структурай, функцыямі аддзелаў установы, яе профілем і складам фондаў, атрымалі ўяўленне аб мерапрыемствах па забеспячэнні захаванасці дакументаў перыяду XIV–XVIII стст., працы архівасховішча, праслухалі лекцыю па гісторыі Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актавых кніг.

Асноўную частку рэсурсу часу студэнтаў займала выкананне індывідуальнага задання. Яго змест прадугледжваў палеаграфічную апрацоўку двух арыгінальных дакументаў рознага часу з тэкстам кірылічнага пісьма XVI – першай паловы XVII ст. У адносінах да кожнага з дакументаў студэнты выконвалі наступныя віды работ:

– прачытанне тэксту дакумента;

– складанне слоўніка гістарычных паняццяў, згаданых у тэксце, раскрыццё іх значэння з дапамогай слоўнікаў гістарычнай тэрміналогіі, слоўнікаў гісторыі беларускай мовы, іншай даведачнай літаратуры;

– вызначэнне віду дакумента і складанне загалоўка да яго на аснове метадычных падыходаў, якія прымяняюцца ў архіўнай галіне ў рамках распрацоўкі навукова-даведачнага апарата да дакументаў перыяду другой паловы XIII – XVIII стст.;

– запаўненне табліцы графічных форм літар кірылічнага пісьма, выкарыстаных у тэксце;

– датаванне рукапісу на паперы праз аналіз вадзянога знака (філіграні).

У якасці асновы для працы былі выкарыстаны дакументы фондаў земскіх, гродскіх (замкавых) і падкаморскіх судоў ВКЛ, актавыя кнігі магістратаў, фонды асабістага паходжання (фамільныя фонды).

Уражаннi студэнтаў:

«У працэсе праходжання практыкі мне было даручана выкананне індывідуальнага задання, якое ўключала самастойнае рашэнне практычных і навукова-даследчых задач. Я актыўна выкарыстоўваў адпаведную навуковую і метадычную літаратуру, а таксама альбомы філіграней пры выкананні індывідуальнага задання. У выніку гэтага працэсу я набыў значныя прафесійныя кампетэнцыі, якія з’яўляюцца важным актывам для майго далейшага развіцця ў галіне гісторыка-архівазнаўства» (Максім Каражкін).

«Працаваць са старажытнымі тэкстамі мне вельмі спадабалася нягледзячы на некаторыя цяжкасці ў палеаграфіі. Персанал архіва быў ветлівы і прыемны ў зносінах. Сам НГА Беларусі на здзіўленне аказаўся больш адкрытым грамадскім месцам. Усмешку выклікае тое, што ў дакументах за XVI–XVII стагоддзі людзей турбуюць усе тыя ж праблемы, што і нас: продаж маёмасці, суд за каштоўныя паперы і да таго падобнае. У цэлым уражанні ад практыкі станоўчыя» (Мацвей Удоўкін).

ИзображениеИзображениеИзображениеИзображениеИзображение