Аб правядзенні круглага стала «Генеалогія шляхты беларускіх зямель: гістарычныя, гістарыяграфічныя і крыніцазнаўчыя аспекты»

9 чэрвеня 2022 г. у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў межах абвешчанага ў Рэспубліцы Беларусь Года гістарычнай памяці і Міжнароднага тыдня архіваў адбыўся круглы стол «Генеалогія шляхты беларускіх зямель: гістарычныя, гістарыяграфічныя і крыніцазнаўчыя аспекты».

Яго ўдзельнікамі сталі спецыялісты ў галіне даследаванняў гісторыі беларускай шляхты, якія прадстаўлялі цэлы шэраг устаноў Рэспублікі Беларусь. У сваім прывітальным слове в. а. намесніка дырэктара НГА Беларусі Максім Макараў распавёў пра навуковую дзейнасць архіва ў цэлым на сучасным этапе і пра тое, якое месца ў ёй займаюць даследаванні генеалогіі шляхты. Загадчык Цэнтра гісторыі Беларусі ІХ–XVIII стагоддзяў і спецыяльных гістарычных навук Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прафесар Валянцін Голубеў у сваім выступленні засяродзіўся на першых даследаваннях па гісторыі шляхты, якія пачыналіся ў Інстытуце гісторыі яшчэ ў 1960–1970-я гг. Супрацоўнік аддзела метадалогіі кіравання электроннымі дакументамі Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі Сяргей Рыбчонак азнаёміў прысутных з вынікамі сваіх даследаванняў спадчыны графа Канстанціна Ажароўскага – аднаго з найбольш выбітных у ХІХ ст. генеолагаў сацыяльных эліт Беларусі перыяду Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі Беларусі ІХ–ХVIII стагоддзяў Інстытута гісторыі НАН Беларусі Анастасія Скеп’ян звярнула ўвагу прысутных на праблемныя моманты ў даследаваннях генеалогіі княжацкіх і магнацкіх родаў ВКЛ, а таксама на крыніцы па гісторыі Беларусі, выяўленых ёю ў архіўных сховішчах Польшчы. Старшы навуковы супрацоўнік сектара навуковай апрацоўкі рукапісаў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі Вадзім Урублеўскі падзяліўся вынікамі сваіх распрацовак метрычных кніг, якія паходзяць з зямель Паўночна-Заходняй Беларусі і ў цяперашні час знаходзяцца на захаванні ў фондах ЦНБ. Намеснік загадчыка аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці НГА Беларусі Яўген Глінскі раскрыў актуальнасць праблемы верыфікацыі звестак перыяду XVII–XVIII стст., якія змяшчаюцца ў справах аб дваранскім паходжанні, і прадэманстраваў копіі некаторых выяўленых фальшывых дакументаў, а загадчык таго ж аддзела Дзмітрый Матвейчык распавёў пра гісторыю заснавання, сучасны стан і перспектывы рэалізацыі доўгатэрміновага праекта «Гербоўнік беларускай шляхты».

Удзельнікам круглага стала была прэзентавана першая частка восьмага тома «Гербоўніка», якая нядаўна выйшла з друку і стала чарговым каштоўным унёскам у айчынную гістарыяграфію вышэйзгаданай навуковай праблемы.

Напрыканцы ўдзельнікі дасягнулі згоды ў неабходнасці правядзення падобнага круглага стала перыядычна – па меры далейшых поспехаў у выданні чарговых тамоў «Гербоўніка».

Удзельнікі круглага стала падчас пасяджэння: (злева направа) Яўген Глінскі, Сяргей Рыбчонак, Валянцін Голубеў і Анастасія Скеп’я
Удзельнікі круглага стала падчас пасяджэння: (злева направа) Яўген Глінскі, Сяргей Рыбчонак, Валянцін Голубеў і Анастасія Скеп’ян

 

Удзельнікі круглага стала падчас пасяджэння: (злева направа) Вадзім Урублеўскі, Дзмітрый Матвейчык і Максім Макараў
Удзельнікі круглага стала падчас пасяджэння: (злева направа) Вадзім Урублеўскі, Дзмітрый Матвейчык і Максім Макараў

 

Сяргей Рыбчонак разглядае прадэманстраваныя копіі дакументаў
Сяргей Рыбчонак разглядае прадэманстраваныя копіі дакументаў