Аб правядзенні прэзентацыі зборніка навуковых паведамленняў і артыкулаў «Архіварыус» і навукова-дакументальнага часопіса «Гасырлар авазы – Эхо веков»

26 чэрвеня 2023 г. у рамках выканання мерапрыемстваў, прадугледжаных Дарожнай картай па развіцці супрацоўніцтва паміж архіўнымі ўстановамі Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Татарстан (Расійская Федэрацыя) на 2023–2025 гг., прадстаўнікі Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі прынялі ўдзел у сустрэчы з архівістамі Татарстана, якая адбылася ў фармаце відэаканферэнцыі. У рамках сустрэчы была праведзена прэзентацыя навуковых выданняў: зборніка навуковых паведамленняў і артыкулаў «Архіварыус», што выдаецца НГА Беларусі, і навукова-дакументальнага часопіса «Гасырлар авазы – Эхо веков», заснавальнікам якога з’яўляецца Дзяржаўны архіў Рэспублікі Татарстан.

У ходзе мерапрыемства з прывітальнымі словамі выступілі: ад беларускага боку – намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Аляксей Цвяткоў, ад татарскага – дырэктар Дзяржаўнага архіва Рэспублікі Татарстан Бахціяр Фахрутдзінаў. Зборнік «Архіварыус» татарскім калегам прадставілі намеснік дырэктара НГА Беларусі Максім Макараў і загадчык аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці НГА Беларусі Дзмітрый Матвейчык. Пра часопіс «Гасырлар авазы – Эхо веков» беларускім архівістам распавялі загадчык навукова-выдавецкага сектара рэдакцыі часопіса Ліана Сафіуліна і доктар гістарычных навук, прафесар, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра ісламазнаўчых даследаванняў Акадэміі навук Рэспублікі Татарстан Ільдус Загідулін.

У рамках сустрэчы вядучы архівіст аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм НГА Беларусі Алёна Любая звярнула ўвагу ўдзельнікаў на вялікі інфармацыйны патэнцыял дакументаў архіва ў напрамку правядзення татаразнаўчых даследаванняў шырокага храналагічнага перыяду – ад XVI да пачатку XX ст. Яна адзначыла, напрыклад, што толькі з моманту падпісання Дарожнай карты ў кнігах старажытных актаў, якія захоўваюцца ў НГА Беларусі, было выяўлена больш за 350 дакументаў, што тычацца гісторыі беларускіх татар.

Удзельнікі сустрэчы адзначылі важнасць падобных мерапрыемстваў для для вядзення двухбаковага дыялогу і наладжвання ўзаемных кантактаў.

ИзображениеИзображениеИзображение