Аб правядзенні ўрачыстага мерапрыемства, прысвечанага 85-годдзю Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі

30 чэрвеня 2023 г. у холе 1-га паверха і вялікай канферэнц-залы гасцініцы «Беларусь» (г. Мінск, вул. Старажоўская, 15) прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 85-годдзю Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. Варта нагадаць, што НГА Беларусі, які ў савецкі час функцыянаваў пад назвай Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў БССР, быў утвораны у адпаведнасці з Пастановай Прэзідыума Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР ад 5 ліпеня 1938 г. «Аб рэарганізацыі архіўных органаў у сувязі з утварэннем абласцей у БССР».

У рамках святочнага мерапрыемства адбылося ўрачыстае пасяджэнне працоўнага калектыву архіва з удзелам шматлікіх гасцей. На ім з прывітальнымі словамі і віншаваннямі ў адрас работнікаў установы выступілі: намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь Алег Кот, дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Алег Воінаў, намеснік дырэктара НГА Беларусі Ірына Каўганава, загадчык арганізацыйнага аддзела Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Жанна Сівец, дырэктар Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы Андрэй Рыбакоў, а таксама кіраўнікі іншых рэспубліканскіх архіўных устаноў, начальнік установы адукацыі «Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь» Юрый Камянецкі, намеснік дэкана гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ганна Маскевіч, прафесар, дацэнт кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Міхаіл Шумейка, загадчык аддзела гісторыі Беларусі IX–XVIII стст. і археаграфіі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Доўнар, намеснік старшыні праўлення Грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру» Георгій Козел.

На пасяджэнні за добрасумленную працу дзяржаўнымі органамі кіравання архіўнай галіны былі адзначаны наступныя работнікі НГА Беларусі: Ганаровай граматай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь узнагароджаны загадчык архівасховішча аддзела забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў Уладзімір Казлоў; Падзяка Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь выказана вядучаму навуковаму супрацоўніку аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці Сяргею Рындзіну і намесніку загадчыка аддзела забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў Таццяне Шавялёвай; Ганаровымі граматамі Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь узнагароджаны галоўны бухгалтар Галіна Галовій, архівіст I катэгорыі аддзела забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў Наталля Аліпчанка, вядучы інжынер групы інжынерна-тэхнічнага забеспячэння Валерый Цымброўскі; Падзяка Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь выказана вядучаму навуковаму супрацоўніку аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Уладзіміру Дзянісаву; загадчыку сектара выставачнай дзейнасці, тэматычных і генеалагічных даследаванняў аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Вользе Караффа-Корбут, намесніку загадчыка аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм Ганне Карпечэнко, вядучаму архівісту групы дакументальнага забеспячэння Надзеі Кохан, загадчыку аддзела забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў Галіне Кутуковай, загадчыку архівасховішча аддзела забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў Сафіі Трацэўскай, загадчыку сектарам па рабоце з карыстальнікамі аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Аксане Расказавай.

Цёплыя словы ўдзячнасці за шматгадовую працу ў архіве і кветкі атрымалі ветэраны Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі – Ала Галубовіч, Наталля Леўчык, Галіна Барсукова, Вольга Акула, Ірына Мазурэнка, Марыя Ульянава, Святлана Паўловіч, а таксама асобы, што маюць стаж працы ў архіве больш за 40 гадоў – Сафія Трацэўская і Галіна Кутукова.

Да мерапрыемства ў холе 1-га паверха гасцініцы «Беларусь» была разгорнута юбілейная экспазіцыя архіва, якая складалася з трох частак: банернай выставы «Нацыянальнаму гістарычнаму архіву Беларусі – 85», выставы фотаздымкаў аб паўсядзенным жыцці і дзейнасці архіва ў 1940–1980-я гг., выставы навуковых выданняў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. Прадстаўленыя на юбілейнай экспазіцыі матэрыялы выклікалі вялікую зацікаўленасць з боку прысутных.ИзображениеИзображениеИзображениеИзображениеИзображениеИзображениеИзображениеИзображениеИзображение