АБ ПРЫЗНАННІ ДЗЕСЯЦІ ДАКУМЕНТАЎ З ФОНДАЎ НАЦЫЯНАЛЬНАГА ГІСТАРЫЧНАГА АРХІВА БЕЛАРУСІ ЎНІКАЛЬНЫМІ

28 чэрвеня 2022 г. адбылося пасяджэнне Цэнтральнай экспертна-метадычнай камісіі Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, на якім былі зацверджаны і прызнаны як унікальныя 10 архіўных дакументаў XV–XVІІ стст. Першыя два ўнікальныя дакументы, у тым ліку самы старадаўні дакумент за 1391 г., былі зацверджаны ЦЭМК Дэпартамента 8 чэрвеня 2018 г. Такім чынам, на сёняшні дзень у Беларусі афіцыйна прызнаны 12 унікальных дакументаў, усе яны захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі.

Прадстаўленыя 10 дакументаў – гэта каралеўскія лісты, фундушы, дароўныя, мяноўныя і прадажныя лісты магнатаў і шляхты ВКЛ. У дакументах фігуруюць вядомыя асобы: вялікі князь літоўскі Свідрыгайла, каралі польскія і вялікія князі літоўскія Казімір і Аляксандр Ягелончыкі, князь слуцкі Аляксандр (Алелька) Уладзіміравіч, гетман запарожскі Багдан Хмяльніцкі, князі Друцкія-Сакалінскія, прадстаўнікі родаў Храптовічаў, Кезгайлаў і іншых.

6 дакументаў звязаны з гісторыяй аднаго з самых ранніх мужчынскіх манастыроў на тэрыторыі Беларусі – Лаўрышаўскага манастыра, які на працягу некалькіх стагоддзяў з’яўляўся важнейшым духоўным цэнтрам Навагрудскай зямлі.

Асноўная частка дакументаў напісана на старабеларускай мове, 2 – на стараўкраінскай. 5 дакументаў пергаментныя, 5 – папяровыя. Геаграфія дакументаў ахоплівае ўсю Беларусь – Новагародскае (Навагрудскае) ваяводства, Віцебская зямля, Давыд-Гарадок, Слуцк, а таксама часткова Украіну: Валынь і сталіцу Гетманшчыны Чыгірын.

Дакументы былі выяўлены ў выніку карпатлівай працы работнікаў архіва і апісаны згодна з «Метадычнымі рэкамендацыямі аб парадку выяўлення, уліку і захоўвання ўнікальных дакументаў». Яны адпавядаюць большасці з 8-мі прынятых крытэрыяў для вызначэння ўнікальнасці: старажытнасці (дакументы, створаныя да пачатку XVIII ст.), адносіны дакумента да гістарычнай асобы, мастацкія асаблівасці дакумента, палеаграфічныя і лінгвістычныя асаблівасці, аўтэнтычнасць, безумоўная гістарычная, навуковая, сацыяльная, эканамічная, палітычная і культурная каштоўнасць.

Cпампаваць прэзентацыю