Бабруйск на картах, планах і чарцяжах XIX – пачатку XX стагоддзя
Першая згадка пра Бабруйск у пісьмовых крыніцах датуецца 1387 годам. Гэта прывілей вялікага князя літоўскага Ягайлы ад 27 красавіка 1387 года, у якім пацвярджаюцца правы князя Скіргайлы на валоданне сярод іншых зямель і Бабруйскай воласцю (староствам), якая складалася з «Виленской и Троцкой половицы». З 1392 года Бабруйск падпарадкоўваўся вялікаму князю Вітаўту. У гэты час Бабруйск з’яўляўся рэзідэнцыяй велікакняжацкага намесніка (старосты), які быў падначалены віленскаму ваяводу. Пачынаючы з XIV стагоддзя, захаваліся звесткі пра існаванне Бабруйскага замка, а таксама пра сістэму гарадскіх ўмацаванняў. У канцы XV – пачатку XVI стагоддзя горад неаднаразова захоплівалі і палілі татары. У час войнаў Вялікага Княства Літоўскага супраць Маскоўскай дзяржавы 1507–1508 і 1534–1537 гадоў неаднаразова спустошаны. Пачынаючы з XVI стагоддзя, Бабруйск перадаваўся ў часовае кіраванне прадстаўнікам найбольш магутных шляхецкіх родаў. Рэвізіяй 1560 года былі ўнармаваны павіннасці бабруйскіх мяшчан і перамераны ворныя землі горада. З 1565 года Бабруйск знаходзіўся на тэрыторыі Рэчыцкага павета Менскага ваяводства. У 2-й палове XVI стагоддзя пры бабруйскай праваслаўнай царкве Святога Мікалая існавала праваслаўнае брацтва. У 1618 годзе ў Бабруйску пачалі місіянерскую дзейнасць нясвіжскія езуіты. Паводле інвентара 1626 года ў горадзе налічвалася 409 двароў, 15 вуліц, 2 завулкі, 75 крам. Дзейнічалі цэрквы Святога Мікалая і Святога Ільі, а таксама парафіяльны касцёл Святых Пятра і Паўла, заснаваны ў 1615 годзе. Горад быў абнесены земляным валам з драўлянымі сценамі, якія былі ўмацаваны двухпавярховымі вежамі (каля 10), меў 5 брам: Падольную, Свіслацкую, Кісялёўскую, Слуцкую і Прудовую. Паводле прывілея 1639 года вялікага князя літоўскага Уладзіслава IV у Бабруйску дазвалялася праводзіць 2 кірмашы па 2 тыдні кожны, а таксама пацвярджаліся ўсе ранейшыя прывілеі, пачынаючы з 1561 года. У 1639–1644 гадах Бабруйскае староства разам з Бабруйскам належала Цэцыліі Рэнаце, жонцы Уладзіслава IV. У 1648—1665 гады Бабруйск неаднаразова разбураўся падчас ваенных дзеянняў. У 2-й палове XVII стагоддзя Бабруйск сталі называць мястэчкам. У 1671 годзе ў горадзе налічвалася 170 дамоў. У пачатку XVIII стагоддзя Бабруйск зноў пацярпеў у выніку падзей Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў. У канцы XVIII стагоддзя ў Бабруйску налічвалася 1884 жыхара і 314 дамоў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе Бабруйск увайшоў у склад Расійскай імперыі.
Панарама Бабруйска. 1649 г. Паводле малюнка А. Вестэрфельда
1794 годам датуецца першы найбольш ранні план горада Бабруйска, які дае добрае ўяўленне аб планіровачнай структуры і забудове горада. У 1795 годзе Бабруйск становіцца цэнтрам Бабруйскага павета Мінскай губерні. У 1796 годзе яму нададзены герб: у сярэбраным полі карабельная мачта і два перакрыжаваныя бервяны. У 1800 годзе быў падрыхтаваны першы праектны план Бабруйска, паводле якога горад пашыраўся і дабудоўваўся да 1810 года. Далейшае яго развіццё звязана з будаўніцтвам на месцы гістарычнага цэнтра горада Бабруйскай крэпасці.
План города Бабруйска Мінскай губерні. 1794 г. НГАБ
20 чэрвеня 1810 года Аляксандр I зацвердзіў распрацаваны генерал-маёрам Карлам Аперманам генеральны план новай Бабруйскай крэпасці. Паводле гэтага плана ўсе жыхары горада высяляліся на фарштаты, якія былі запраектаваны вакол новай крэпасці. Фарштаты атрымалі назвы: Слуцкі, Мінскі і Бярэзінскі. Першапачаткова ўся жылая забудова на тэрыторыі фарштатаў была драўляная. Усе гістарычныя будынкі, акрамя парафіяльнага касцёла Святых Пятра і Паўла, а таксама былога комплексу езуітаў, былі разбураны. У 1811 годзе быў падрыхтаваны новы праект Бабруйскай крэпасці (архітэктар Аляксандр Штаўберт). Да 1812 года асноўная частка запраектаваных крэпасных умацаванняў была скончана і ў вайну 1812 года Бабруйская крэпасць вытрымала чатырохмесячную аблогу французскіх войскаў. Пасля вайны на другім этапе будаўніцтва 1812—1836 гадоў тэрыторыя крэпасці была значна павялічана, узведзены 17 дадатковых бастыёнаў і веж, а таксама форт Фрыдрых Вільгельм. Паводле плана архітэктара А. Штаўберта 1818 года была вызначана новая планіровачная структура крэпасці, а таксама значна ўзмацнялася сістэма крэпасных умацаванняў. На яе тэрыторыі быў пабудаваны шэраг мураваных двух і трохпавярховых будынкаў і збудаванняў. У цэнтры знаходзілася парадная саборная плошча. Будаўніцтва асноўнага комплексу крэпасці было завершана да 1836 года. Пачынаючы з 2-й паловы XIX стагоддзя, Бабруйская крэпасць паступова страчвала сваё стратэгічнае значэнне. У 1868 годзе яна была пераведзена ў разрад крэпасцяў другога класа, а ў 1886 годзе рэарганізавана ў крэпасць-склад. У канцы XIX стагоддзя Бабруйская крэпасць цалкам страціла сваё ваеннае значэнне і ў 1897 годзе яе статус як крэпасці быў скасаваны.
Бабруйск у пачатку ХІХ ст. да пабудовы Бабруйскай крэпасці. Паштоўка пач. ХХ ст.
Паводле стратэгічных меркаванняў на тэрыторыі фарштатаў у Бабруйску да 1860-х гадоў было абмежавана будаўніцтва мураваных жылых дамоў і збудаванняў. У сярэдзіне XIX стагоддзя ў горадзе налічвалася каля 19 тысяч жыхароў. З 1300 жылых дамоў толькі 23 былі мураваныя. Эканамічнаму развіццю горада садзейнічала пракладка ў 1848 годзе шашы Масква–Варшава, а таксама ў 1873 годзе Лібава-Роменскай чыгункі. Дзякуючы ім, а таксама воднаму шляху па Бярэзіне, хутка развіваўся гандаль, рамёствы і прамысловасць. У сярэдзіне XIX стагоддзя ў Бабруйску існавалі 4 заводы, 173 рамесныя майстэрні і 193 крамы. Паводле дадзеных перапісу насельніцтва 1897 года колькасць жыхароў у Бабруйску складала больш за 34 тысячы. У 1904 годзе насельніцтва павялічылася да 37 тысяч. У пачатку XX стагоддзя у горадзе існавалі 52 вуліцы і завулкі, адна плошча і больш за 3 тысячы пабудоў, з якіх толькі 172 былі мураваныя. У гэты час у Бабруйску налічвалася 18 фабрык і заводаў, 191 рамесная майстэрня, 2 банкі, 2 бальніцы, 3 друкані, некалькі фатаграфічных майстэрняў. Галоўнае месца ў прамысловасці займалі дрэваапрацоўчая, цагельная, чыгуналіцейная, вінакурная, тытунёвая, маслабойная, мукамольная галіны. Пашырылася сетка навучальных устаноў: у горадзе існавалі гімназія і 13 пачатковых школ. Перад Першай сусветнай вайной у Бабруйску налічвалася больш за 41300 жыхароў, 27 прамысловых прадпрыемстваў. У 1916 годзе пачала дзейнічаць Бабруйская жаночая настаўніцкая семінарыя.
Мінская брама Бабруйскай крэпасці. Паштоўка пач. ХХ ст.
Комплекс гістарычных будынкаў і збудаванняў Бабруйскай крэпасці, а таксама шэраг будынкаў XIX–XX стагоддзяў на тэрыторыі самога горада яшчэ ў другой палове XX стагоддзя былі прыняты пад дзяржаўную ахову як помнікі гісторыі і архітэктуры. У наш час комплекс Бабруйскай крэпасці і гістарычная забудова горада былі ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
У фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі захавалася значная колькасць графічных матэрыялаў, звязаных з гісторыяй горада Бабруйска і Бабруйскай крэпасці XIX – пачатку XX стагоддзя. Гэта генеральныя планы горада і крэпасці, карты навакольных земляў, а таксама чарцяжы і планы асобных будынкаў і збудаванняў, якія з’яўляюцца важнай крыніцай для вывучэння і захавання гістарычнай спадчыны горада Бабруйска.
Центральная частка Бабруйска. Паштоўка пач. ХХ ст.
Крыніцы: Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т. 1. Мн., 2007. С. 272—275; Квитницкая Е.Д. Центры городов Белоруссии в XVI—первой половине XIX в. // Архитектурное наследство. М., 1983. Вып. 31; Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1. Мн., 1993. С. 249–251, 255–257