Магілёўскі магістрат. Выпуск 2: 1597–1598, 1599–1600, 1602–1603. – Частка 1
Кнігай працягваецца рэалізацыя публікацыйнай серыі «Беларусь у актавых кнігах XVI–XVIII стагоддзяў», якая рыхтуецца ў межах распрацоўкі аднайменнай планавай навуковай тэмы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. Гэты выпуск прысвечаны актавым кнігам Магілёўскага магістрата за 1597–1598, 1599–1600, 1602–1603 гг., які знаёміць чытача з новымі архіўнымі і археаграфічнымі даследаваннямі, праведзенымі ў аддзеле старажытных актаў НГА Беларусі.
Каштоўнасць гэтых крыніц немагчыма адмаўляць, аднак да дадзенай публікацыі яны заставаліся маладаступнымі для шырокага кола даследчыкаў, што звязана з шэрагам аб’ектыўных і суб’ектыўных фактараў. Па-першае, яны захоўваюцца толькі ў адным месцы – непасрэдна ў НГА Беларусі, дзе маецца адзіны арыгінал і мікрафільм. Па-другое, старабеларуская мова і палеаграфія (кірылічны скорапіс) гэтых унікальных помнікаў даступныя не для ўсіх чытачоў, асабліва для тых, хто не з’яўляецца прафесійным даследчыкам і спецылістам у гісторыі дадзенага перыяду. Адзначаныя моманты павялічваюць каштоўнасць дадзенага выдання. Яно складаецца са зместу актавых кніг, які ўключае падрабязны загаловак (легенду), асабовага і геаграфічнага паказальнікаў, а таксама тэрміналагічнага слоўніка.
Выданне першай часткі другога выпуску здзейснена ў партнёрстве з Беларускім навукова-даследчым інстытутам дакументазнаўства і архіўнай справы.
Прызначаецца архівістам, археографам, крыніцазнаўцам, гісторыкам, краязнаўцам, усім, хто цікавіцца гісторыяй і культурай Беларусі.