Манаграфія Усевалада Ігнатоўскага «1863 год на Беларусі: Нарыс падзей» як твор беларускай савецкай гістарыяграфіі міжваеннага перыяду: спроба крытычнага аналізу

Паўстанне 1863–1864 гадоў з’яўляецца адной з самых вядомых, але разам з тым і неадназначных падзей у гісторыі Беларусі ХІХ ст. У сувязі з гэтым яно шматразова станавілася аб’ектам увагі з боку беларускіх даследчыкаў. Бібліяграфія іх прац на сённяшні дзень налічвае сотні пазіцый. Праца Усевалада Ігнатоўскага займае сярод іх асобнае месца, бо з’яўляецца адзінай выдадзенай да гэтага часу беларускамоўнай манаграфіяй комплекснага характару. З гэтай прычыны яна ўжо не раз трапляла ў поле ўвагі беларускіх гісторыкаў. У 1985 г. у працы Уладзіміра Міхнюка пра беларускую міжваенную гістарыяграфію кніга Ігнатоўскага згадваецца, але без глыбокага аналізу, і крытыкуецца з пазіцый марксісцкай метадалогіі за недасканаласць [12, с. 220–221]. У 1991 г. у навукова-папулярным нарысе Іларыёна Ігнаценкі і Аляксея Караля на некалькіх старонках змешчаны пераказ яе асноўнага зместу, які пачынаецца са словаў «У навуковых адносінах найбольш цікавая праца Ігнатоўскага «1863 год на Беларусі», а заканчваецца фразай «Работа «1863 год на Беларусі» захавала сваю актуальнасць і сёння» [8, с. 63–67]. Амаль такая ж рыторыка ў адносінах да кнігі змешчаны і навукова-папулярным нарысе Пятра Брыгадзіна і Ірыны Мацяс, які выйшаў у 1998 г., дзе манаграфія ацэньваецца як «апошняя і найбольш значная праца У.М. Ігнатоўскага» і «грунтоўны твор» [3, с. 66–69]. Аднак невядома ніводнай спробы крытычнага разбору манаграфіі і змешчаных у ёй звестак.

150-гадовы юбілей паўстання шырока адзначаўся ў колах беларускіх гісторыкаў. Былі праведзены канферэнцыі і выдадзена некалькі зборнікаў артыкулаў на адпаведную тэму. Навукоўцы ўсё часцей звяртаюцца да працы Ігнатоўскага ў пошуку матэрыялаў для вырашэння самых разнастайных навуковых праблем. Аднак часта некрытычнае ўспрыняцце гэтай працы вядзе да тыражавання зробленых у ёй памылак. З іншага боку, у некаторых сучасных даследаваннях на манаграфію не спасылаюцца ўвогуле, верагодна, з прычыны яе няведання некаторымі аўтарамі. Адпаведна наспела патрэба аналізу працы з пункту гледжання дасягненняў айчыннай і замежнай гістарыяграфіі на сённяшні дзень.

1920–1930-я гады беларуская гістарыяграфія перажывала перыяд бурнага развіцця. Стварэнне навуковых і навучальных устаноў – Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Інстытута беларускай культуры, Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР і інш. – выклікала актывізацыю гістарычных даследаванняў у самых розных накірунках. Адным з аб’ектаў увагі навукоўцаў стала паўстанне 1863–1864 гг., чаму спрыяла яшчэ і храналагічная блізкасць – на той час былі жывыя нават некаторыя ўдзельнікі паўстання.

Манаграфія, якая выйшла ў свет у 1930 г. [6], у цэлым абагульняла назапашаныя да таго часу веды беларускіх гісторыкаў пра паўстанне. Вялікая частка адпаведных артыкулаў друкавалася на працягу 1920-х гг. на старонках часопіса «Полымя». Іх аўтарамі з’яўляліся Даніла Васілеўскі, Ян Віткоўскі, Уладзімір Пічэта, Міхась Мялешка, Іван Цьвікевіч і ўласна сам Ігнатоўскі. У гэты ж час паўстанне трапіла ў сферу даследаванняў Самуіла Агурскага, Фёдара Турука і шматлікіх іншых навукоўцаў (больш падрабязна пра гістарыяграфію паўстання ў міжваенны перыяд гл.: 12; 17, с. 10–14). Аднак манаграфія Ігнатоўскага моцна вылучаецца з усіх астатніх сваім аб’ёмам, глыбінёй, шырынёй прадметнага поля і колам ужытых крыніц. Ніжэй не будзе падавацца гісторыя яе з’яўлення, бо гэтая тэма заслугоўвае асобнага артыкула. Таксама не будуць закранацца падрабязнасці багатай біяграфіі Ігнатоўскага [гл.: 1; 2], што варта грунтоўнага і аб’ёмнага даследавання. Увага ж будзе засяроджана ўласна на самой манаграфіі.

Перад тым, як звярнуцца да крытычнага аналізу, варта зрабіць адну вельмі важную агаворку. Указваючы на ўсе памылкі ў манаграфіі, што будзе зроблена ніжэй, нельга не сказаць, што сам Ігнатоўскі іх прадбачыў. Перадапошні абзац у «Прадмове» прама ўказвае на гэта – «Праца закранае пытаньне зусім мала вывучанае. Зразумела, у ёй павінна быць ня мала недахопаў. Тым ня менш друкаваць працу я лічу патрэбным, дзякуючы неабходнасьці вывучэньня такой важнай эпохі ў гісторыі Беларусі, як 60-я гады. Крытыка дасьць магчымасьць паправіць недахопы і рушыць справу наперад» [6, с. 22]. Яшчэ больш актуальнымі гэтыя словы робіць той факт, што ў апошні ж час цікаваць да працы Ігнатоўскага ўзрастае, сведчаннем чаго з’яўляецца яе перавыданне ў 2015 г. [7].

Праца мае дастаткова значны аб’ём – 275 старонак – і падзелена на 32 раздзелы. Раздзелы маюць невялікі аб’ём – ад 5 да 21 старонкі кожны. Прынцып падачы матэрыялу – тэматычна-храналагічны. Манаграфічныя даследаванні наступнікаў Ігнатоўскага будуць у цэлым мець адрозную структуру, аднак усе яны часткова яго паўтараюць у большай ці меншай ступені.

Ігнатоўскі абірае для сябе шырокае поле даследавання. Аповед пра ўласна паўстанне пачынаецца толькі з сотай старонкі. Уся папярэдняя частка прысвечана агляду палітычнай і эканамічнай сітуацыі напярэдадні выступлення, пачынаючы з 1856 г., і пошуку адказу на пытанне пра яго перадумовы і прычыны. Напрыклад, раздзел ««Лібэральныя» павевы 50-х гадоў» падрабязна распавядае пра адносную лібералізацыю палітычнага ладу ў Расійскай імперыі пасля паражэння ў Крымскай вайне, смерці імператара Мікалая І і прыходу да ўлады Аляксандра ІІ. Хаця з іншага боку варта адзначыць, што падзеі, пра якія гаворыцца ў манаграфіі, заканчваюцца канцом 1864 г. – часам заканчэння ўласна паўстання ў Каралеўстве Польскім, і Ігнатоўскі не спрабуе вызначыць доўгатэрміновыя наступствы выступлення. Колькасць пацярпелых у выніку рэпрэсій пасля паўстання ацэньваецца выключна на падставе звестак афіцыйнай расійскай статыстыкі, з прызнаннем, аднак, з аднаго боку, іх недасканаласці, а з другога – немагчымасці падаць якія-небудзь іншыя лічбы.

Ігнатоўскі ў прадмове да працы асобна спыняецца на тым, што паўстанне на тэрыторыі Беларусі павінна быць паказана на фоне маштабных падзей у Польшчы і ў Расіі, «што і было зроблена ў самых кароткіх рысах» [6, с. 22], аднак адпаведнага глыбокага даследавання ён не праводзіць і не ставіць сабе такую мэту. Звесткі пра падзеі ў Польшчы і Расіі ў сваёй пераважнай большасці запазычаны Ігнатоўскім з прац папярэднікаў – польскіх і расійскіх гісторыкаў: Валерыя Пшыбароўскага, Паўла Бранцава, Агатона Гілера, Баляслава Ліманоўскага, Аляксея Сідарава і інш.

Абіраючы для сябе геаграфічным абшарам даследавання Беларусь, Ігнатоўскі не спыняецца выключна на Беларусі савецкай – БССР, у склад якой уваходзілі ўсходнія і часткова цэнтральныя часткі сённяшняй Рэспублікі Беларусь. Яго даследаванне распаўсюджваецца таксама і на Беларусь Заходнюю, якая на той час уваходзіла ў склад Польскай дзяржавы (Другой Рэчы Паспалітай). У гэтым магчыма ўбачыць пэўны палітычны падтэкст працы як пастаноўку пытання пра неабходнасць уз’яднання падзеленай краіны.

Кідаецца ў вочы моцная палітычная ідэялагізаванасць манаграфіі, якая напісана ў межах выключна марксісцкай метадалогіі і савецкай ідэалогіі таго часу. Яна пачынаецца з традыцыйных для савецкіх навуковых прац цытат і спасылак на творы «класікаў марксізму-ленінізму» Маркса, Энгельса і Леніна, а 10 старонак тэксту ў прадмове ўвогуле прысвечаны агляду іх ацэнак і поглядаў на паўстанне [6, с. 11–20]. Заканчваецца кніга крытыкай «польскай прамысловай і зямельнай буржуазіі», якая «як у Польшчы, так i на Беларусі, Літве i Украіне зьяўляецца вернаю хаўрусьніцаю расійскага царызму» і якая «падтрымлівала расійскі царызм i пасьля яго сьмерці ў асобах Дзянікіна, Урангеля, Калчака i іншых. Яна падтрымлівае яго i сягодня ў асобе эмігранцкіх, белагвардзейскіх асколкаў, якія знаходзяць цёплы прытулак як у Польшчы, так i наогул у „дэмократычнай” Заходняй Эўропе» [6, с. 263].

Палітызаванасць працы праяўляецца таксама ў ацэнцы Ігнатоўскім ролі розных саслоўяў у паўстанні, якая праводзіцца ў катэгорыях рэвалюцыйнасці/контрэвалюцыйнасці. Напрыклад, аднабакова крытыкуецца пазіцыя прывілеяванага саслоўя, асабліва буйных землеўласнікаў (лагер «белых»), якія, на яго думку, «адразу пачалі граць у паўстаньні контр-рэволюцыйную ролю» [6, с. 262]. Пры гэтым дваранства (у некарэктнай тэрміналогіі Ігнатоўскага – шляхта) з найбольш радыкальнага лагера ацэньваецца не менш крытычна: «Чырвоныя па сваёй дробнабуржуазнай сутнасьці пайшлі на згоду з контр-рэвалюцыяй, і дзякуючы гэтаму аграрная рэволюцыя правалілася» [6, с. 262]. Пры гэтым на працягу ўсяго твору ўсялякім чынам выстаўляецца наперад, фактычна «выпячваецца», сялянскае (аграрнае) пытанне. І менавіта адносіны сялянства да той ці іншай падзеі ці да паўстання ў цэлым акрэсліваюцца ў першую чаргу.

Для кнігі характэрныя негатыўныя адносіны да ўсяго рэлігійнага, што таксама ўласціва савецкай барацьбе з «опіумам для народу». У шматлікіх выпадках Ігнатоўскі ўжывае разнастайныя словазлучэнні, выразы і іншыя формы тэксту, якія на сённяшні дзень варта акрэсліць як публіцыстычныя. Напрыклад, апісваючы дзейнасць аднаго з самых выбітных удзельнікаў паўстання ў Ковенскай губерні – ксяндза Антонія Мацкевіча (Антанаса Мацкявічуса), – Ігнатоўскі піша: «Дробна-буржуазны рэволюцыянер, нават робячы рэволюцыю, атручвае масы імем бога ці цара, лічачы, што гэта дапамагае рэволюцыі» [6, с. 144]. Рэлігію ж у цэлым Ігнатоўскі прама называе «дурманом» [6, с. 143–144].

Асобна варта звярнуць увагу на тэрміналогію ў манаграфіі, дзе падача матэрыялу ва ўсім тэксце вядзецца марксісцкімі катэгорыямі: рэвалюцыйнасць/контр¬рэвалюцыйнасць, класавасць, буржуазнасць, феадалізм і г.д.

Неабходна адзначыць яшчэ адну значную хібу ў манаграфіі, якая моцна паўплывала на яе якасць. Нягледзячы на шырокае поле даследавання, кола выкарыстаных крыніц і літаратуры вузкае. У адпаведным раздзеле «Выкарыстаныя матар’ялы» іх змешчана толькі 171. Большая частка змешчаных у спісе пазіцый – гэта апублікаваныя рускамоўныя крыніцы, даследаванні і публіцыстычныя артыкулы. Іх ледзь разбаўляюць польскамоўныя пазіцыі, якіх крыху больш за 30, пераважна навуковыя працы, мемуарныя і гісторыка-мемуарныя творы, і невялікая колькасць беларускамоўных артыкулаў і кніг – каля 15. Пры гэтым ступень выкарыстання архіўных матэрыялаў нізкая. Адзіныя, што ўжываюцца ў манаграфіі, гэта копіі матэрыялаў ІІІ аддзялення Уласнай Яго Імператарскай Вялікасці канцылярыі, зробленыя Янам Віткоўскім і перададзеныя на захаванне ў архіў Акадэміі навук. У спісе яны прадстаўлены 8 пазіцыямі (№№ 34–41). Іншыя матэрыялы проста адсутнічаюць. Пра прычына гэтай адсутнасці магчыма выказаць меркаванне, што ў той час Магілёўскі і Мінскі гістарычныя архівы, якія захоўвалі матэрыялы па гісторыі Беларусі ХІХ ст., знаходзіліся ў стадыях сваёй арганізацыі ці рэарганізацыі і былі цалкам не распрацаваны.

Аднак і колькасць апублікаваных на 1930 г. крыніц, пераважна, мемуараў, з’яўляецца значна большай за ўжытую ў манаграфіі. Пры чым іх публікацыя была здзейснена яшчэ ў часы Расійскай імперыі. Напрыклад, польскамоўныя ўспаміны Эдварда Паўловіча [23] і Вандаліна Чэрніка [20] пра паўстанне ў Навагрудскім павеце, цэлы пласт мемуарных крыніц пра падзеі ля Дынабурга [іх пералік гл: 11], гісторыка-мемуарныя нарысы Валерыяна Валодзькі (псеўданім – Вацлаў Кошчыц) пра падзеі ў Мінскай губерні [22] і Ігната Арамовіча – у Гродзенскай [18], а таксама шматлікія іншыя не ўжытыя, а іх аўтары нават не згадваюцца ў іменным паказальніку. І гэта пры тым, што яшчэ ў 1923 г. у Варшаве Янам Гансяроўскім была выдадзена бібліяграфія прац і апублікаваных крыніц па гісторыі паўстання [19], і яна ж згадана ў спісе выкарыстаных крыніц (пазіцыя № 8). І калі наконт невыкарыстання польскамоўных мемуараў, якія ў значнай ступені выдаваліся па-за межамі Расійскай імперыі (але не ўсе) – у Львове, Кракаве, Парыжы і г.д., – яшчэ можна выказаць меркаванне, хоць і з вялізнай верагоднасцю дапушчэння недакладнасці, што яны маглі проста не дасягнуць мінскіх бібліятэк, то неўжыванне рускамоўных твораў Рамана Рагінскага [15], Якава Буткоўскага [4], Уладзіміра Краснянскага [9], Мікалая Палявога [14] і дзясяткаў іншых, што выходзілі ў шырокараспаўсюджаных у імперыі часопісах «Русская старина», «Исторический вестник» і да т.п., публікацый у часопісе «Вестник Северо-Западной и Западной России», «епархіяльных ведамасцях» усіх губерняў і інш. можна растлумачыць толькі недастатковай прапрацоўкай Ігнатоўскім і папярэднімі гісторыкамі адпаведнай літаратуры. У выніку, вялікая частка масіву апублікаваных крыніц так і не была ўведзена ў навуковы ўжытак у міжваенны перыяд.

Вузкасць кола выкарыстаных крыніц і літаратуры мела важныя негатыўныя наступствы. У манаграфіі дапушчана вялікая колькасць факталагічных памылак, а шматлікія падзеі засталіся самому даследчыку проста невядомымі. Увогуле, факталогія паўстання застаецца адным з найбольш слабых месцаў кнігі. Варта прывесці некаторыя прыклады памылак і пропускаў, зробленых Ігнатоўскім. Пры апісанні ваенных дзеянняў на Міншчыне ўвесну 1863 г., колькасць паўстанцаў у Слуцкім павеце акрэсліваецца лічбай «каля 500 чалавек» [6, с. 154], што перабольшана прыкладна ў 5–10 разоў у параўнанні з тым, што называецца ў дакументальных і мемуарных крыніцах [10]. У якасці колькасці атрада Людвіка Звяждоўскага на момант яго роспуску называецца лічба «не больш як 30 чалавек» [6, с. 141], у той час, калі ў дакументальных матэрыялах маецца дакладная лічба ў 144 чалавекі [13, с. 339]. Пра Рамуальда Траўгута пішуцца проста неверагодныя рэчы: «14 і 15 мая адбываліся зацятыя бойкі з аддзелам Траўгута каля карчмы Міхаліны Віленскага павету. Аддзел Траўгута перакінуўся сюды з Горадзеншчыны» [6, с. 152]. Хаця атрад Рамульда Траўгута ніколі не дзейнічаў ажно настолькі далёка на поўнач, а яго перакіданне з Кобрынскага, Слонімскага ці Пінскага паветаў у Віленскі было проста немагчымым, улічваючы баявую абстаноўку ў рэгіёне. У гэтыя дні Траўгут дзейнічаў у Кобрынскім павеце і 14(26) траўня быў разбіты атрадам пад камандаваннем генерала Артура Эггера [16, с. 235–238]. Апісанню баявых дзеянняў, што вяліся на тэрыторыі ўсёй Беларусі (за выключэннем Магілёўскай губерні) увесну 1863 г. – у самы актыўны ў гэтым плане перыяд, прысвечана ў манаграфіі ўсяго каля васьми з паловай старонак тэксту – «Дзейнасьць іншых паўстанцкіх груп на Беларусі вясною 1863 году» [6, с. 151–160]. Аднак і гэты невялікі раздзел напісаны сумбурна. У ім згадваецца толькі пра асобныя эпізоды, асобы, мясцовасці, а на падставе пададзеных звестак немагчыма скласці нават агульную карціну падзей. Прычым, увесь яго тэкст перасыпаны факталагічнымі памылкамі.

Пры апісанні паўстання ў Магілёўскай губерні (раздзел «Падзеі на Магілёўшчыне» [6, с. 136–142]) Ігнатоўскі канцэнтруе сваю ўвагу толькі на атрадзе Людвіка Звяждоўскага. Падзеі ў іншых паветах, дзейнасць іншых паўстанцкіх атрадаў і іх камандзіраў засталіся недаследаванымі Ігнатоўскім. Толькі асобныя з іх згаданы ўсяго ў некалькіх радках тэксту і ў іншым раздзеле [6, с. 159].

Неабходна звярнуць увагу на некаторыя хібы ў структуры манаграфіі, а менавіта на храналагічную і сэнсавую непаслядоўнасць у размяшчэнні асобных раздзелаў. Так, спачатку падаецца матэрыял пра падзеі ў Дынабургскім павеце (раздзел «Выбух паўстаньня каля Дзьвінску (Дынабургу)» [6, с. 130–136]) і на Магілёўшчыне (гл. вышэй) у канцы красавіка 1863 г., а ўжо затым – пра дзейнасць Зыгмунта Серакоўскага, які распачаў баявое выступленне свайго злучэння ў Ковенскай губерні на некалькі тыдняў раней (раздзел «А. Мацкевіч і кампанія З. Серакоўскага-Далэнгі» [6, с. 142–151]). Прычынай гэтага з’яўляецца, найбольш верагодна, яшчэ адна памылка Ігнатоўскага – у датаванні падзей. Ён карыстаўся як рускамоўнымі творамі, у якіх ужываўся юліянскі каляндар, так і польскамоўнымі, у якіх датаванне адбывалася паводле грыгарыянскага календара. Ігнатоўскі не робіць спробы пераводзіць даты аднаго календара ў другі, што ў некаторых выпадках вядзе да парушэння храналогіі.

Неабходна звярнуць увагу і на некаторыя спрэчныя пастулаты Ігнатоўскага. Напрыклад, прадмову і ўсю манаграфію ён пачынае са слоў: «Паўстаньне 1863 году ў гістарычнай літаратуры звычайна носіць назву польскага паўстаньня. Такая назва павінна быць прызнана правільнаю <…>» [6, с. 1]. Аднак пры гэтым Ігнатоўскі не тлумачыць розніцу ў сэнсавым напаўненні тэрмінаў «паляк» («польскі») у сярэдзіне ХІХ ст. і ў другой чвэрці ХХ ст. Ды і аргументацыя на карысць такога сцвярджэння таксама выглядае неадназначна, бо яна цалкам ляжыць у палітычнай плоскасці (мэта паўстання – аднаўленне польскай дзяржавы, пашырэнне паўстання – на тэрыторыі «Рэчы Паспалітай Польскай», цэнтр паўстання – Варшава), а не этнічнай (ці нацыянальнай).

Нягледзячы на ўсе недахопы, праца Ігнатоўскага выклікала цікавасць яго сучаснікаў. Тут варта больш падрабязна спыніцца на часам іх цалкам дыяметральна супрацьлеглых водгуках у адрас манаграфіі і яе аўтара. У 1931 г. у львоўскім часопісе «Гістарычны квартальнік» («Kwartalnik Historyczny») выйшла рэцэнзія на яе. Гісторык Зыгмунт Збаруцкі, хоць і з элементамі крытыкі, але ў цэлым станоўча ацэньваючы кнігу, піша пра Ігнатоўскага наступным чынам: «Камуністычная [выдзелена мной тут і ніжэй. – Дз.М.] пазіцыя аўтара дакладна бачная ў прадстаўленні прычын паражэння паўстання» [8, s. 416–417]. З іншага боку, праз дзесяць гадоў пасля выхаду манаграфіі Інстытут гісторыі Акадэміі навук выпусціў у свет зборнік «Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі». У яго другім томе сёмы раздзел быў прысвечаны паўстанню 1863–1864 гг. Пра папярэдняе пакаленне яго даследчыкаў у томе пісалася: «Польскія агенты, беларускія нацыянал-фашысты, імкнуліся паказаць, што нібы беларускі народ, у прыватнасці беларускае сялянства, паўстала сумесна з польскімі элементамі насельніцтва Беларусі супроць рускага ўрада і за паўстанцкі польскі ўрад. Такая пастаноўка пытання, як сведчаць публікуемыя тут новыя дакументы, з’яўляецца тэндэнцыйнай фальсіфікацыяй гістарычнай сапраўднасці» [7, с. ІХ]. І гэтая апошняя характарыстыка сама па сабе з’яўляецца фальсіфікацыяй, бо нідзе ў манаграфіі Ігнатоўскага і ў працах яго калег няма сцвярджэнняў пра «сялянска-польскі» саюз падчас паўстання. Наадварот, у шматлікіх месцах Ігнатоўскі падкрэслівае (нават празмерна) той факт, што сялянства ў цэлым не падтрымала ідэю паўстання [6, с. 3–4, 18, 36, 111, 121 і інш.].

Лёс манаграфіі ўвогуле аказаўся складаным. Напрыклад, у кнізе наступніка Ігнатоўскага па пастаноўцы пытання і аўтара рускамоўнай манаграфіі «Паўстанне 1863 года ў Літве і Беларусі» беларускага гісторыка Анатоля Смірнова [16] яна, а таксама амаль увесь пласт беларускамоўнай гістарыяграфіі паўстання міжваеннага перыяду, нават не згадваецца. Хаця польскі даследчык Давід Файнгаўз, таксама слаба знаёмы з беларускай гістарыяграфіяй, кнігу Ігнатоўскага выкарыстоўвае [21].

Такім чынам, да змешчаных у манаграфіі факталагічных звестак неабходна ставіцца крытычна з прычыны дапушчэння вялікай колькасці памылак, што было вызначана вузкасцю кола ўжытых крыніц. Таксама неабходна з асцярожнасцю ставіцца да шматлікіх ацэначных меркаванняў і думак з прычыны выразнай ідэалагізаванасці працы і публіцыстычнага характару вялікай колькасці аўтарскіх пасажаў. Аднак з іншага боку, улічваючы ўзровень развіцця айчыннай гістарыяграфіі ў міжваенны перыяд, у заслугу Ігнатоўскаму варта паставіць, несумненна, вызначэнне структуры даследавання, якая ў далейшым будзе часткова запазычвацца наступнымі гісторыкамі, увядзенне ў навуковы ўжытак нявыкарыстаных на той час у навуковых распрацоўках крыніц і іх комплексаў, адкрыццё для айчыннай гістарыяграфіі вялікай колькасці асоб, што ўдзельнічалі ў паўстанні (у працы маюцца асабовы і геаграфічны паказальнікі) і падзей. У цэлым манаграфія Ігнатоўскага з’яўляецца тым падмуркам, на якім павінны грунтавацца ў далейшым глыбокія даследаванні паўстання ў Беларусі.


Крыніцы і літаратура:

  1. Академик В. М. Игнатовский : документы и материалы / Национальная академия наук Беларуси, Институт истории, Департамент по архивам и делопроизводству Министерства юстиции Республики Беларусь, Национальный архив Республики Беларусь; [составители: В. В. Скалабан, Н. В. Токарев; редколлегия: А. А. Коваленя (председатель) и др.]. – Минск : Беларуская навука, 2010. – 275, [2] с., [6] л. ил., портр., факсим. – (Люди белорусской науки).
  2. Акадэмік У.М. Ігнатоўскі : Матэрыялы навук. чытанняў, прысвеч. 110-годдзю з дня нараджэння / Склад. М.У. Токараў; прадм. І.Я. Навуменкі. – Мінск : Навука і тэхніка, 1993. – 102 с.
  3. Брыгадзін П.І., Мацяс І.Д. Усевалад Ігнатоўскі: палітычны дзеяч, вучоны. – Мінск : Полымя, 1998. – 96 с. – (Нашы славутыя землякі).
  4. Бутковский Я.Н. Из моих воспоминаний (О положении Витебской, Минской и Ковенской губерний во время последнего польского мятежа) // Исторический вестник. – 1883. – Т. 14. – № 10. – С. 78–105; № 11. – С. 325–365.
  5. Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі. Т. 2 (1772–1903 гг.) / пад рэд. Н.М. Нікольскага [і інш.]. – Мінск: Выдавецтва Акадэміі навук БССР, 1940. – 939 с.
  6. Ігнатоўскі У. 1863 год на Беларусі: Нарыс падзей. – Мн., 1930. – 275 с. (Запіскі Аддзелу гуманітарных навук. – Кн. 13. – Працы Інстытуту гістарычных навук. – Т. V).
  7. Ігнатоўскі У. 1863 год на Беларусі: Нарыс падзей // ARCHE Пачатак. – 2015. – № 3. – С. 67–362.
  8. Ігнаценка І., Кароль А. Усевалад Ігнатоўскі і яго час. – Мінск : [б.в.], 1991. – 121, [1] с.
  9. Краснянский В.Г. Из истории польского мятежа. Минская гимназия в 1861–1865 годах // Исторический вестник. – Т. 84. – 1901. – С. 937–972.
  10. Матвейчык Д.Ч. Уладзіслаў Машэўскі і спроба ўзброенага выступлення ў Слуцкім павеце ў 1863 г. // Паўстанне 1863–1864 гг. у Польшчы, Беларусі, Літве і Украіне : гісторыя і памяць : зб. навук. арт. / уклад. : В. В. Яноўская, А. У. Унучак, А. Э. Фірыновіч; рэдкал. : А. А. Каваленя [і інш.] ; Нац. акад. навук. Беларусі, Ін-т гісторыі. – Мінск : Беларуская навука, 2014. – С. 79–92.
  11. Матвейчык Дз.Ч. Успаміны Яўгена Плятэра пра паўстанне 1863–1864 гадоў у Дынабургскім павеце // Асоба і час: беларускі біяграфічны альманах. – Вып. 6. – Мінск : Лімарыус, 2015. – С. 48–67.
  12. Михнюк В.Н. Становление и развитие исторической науки Советской Беларуси (1919–1941) / под ред. П.Т. Петрикова. – Минск : Наука и техника, 1985. – 284, [2] с.
  13. Паўстанне 1863–1864 гадоў у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях : Дакументы і матэрыялы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі / уклад. Дз. Ч. Матвейчык; рэдкал.: У.І. Адамушка [і інш.]. – Мінск: А. М. Вараксін, 2014. – 544 с.
  14. Полевой Н. Два года, – 1864 и 1865, из истории крестьянского дела в Минской губернии // Русская старина. – 1910. – Т. 141. – № 1. – С. 47–68; № 2. – С. 247–270.
  15. Рогинский Р. Из воспоминаний повстанца // Исторический вестник. – Т. 105. – 1906. – С. 422–452.
  16. Смирнов А.Ф. Восстание 1863 года в Литве и Белоруссии. – М.: Изд-во Акад. наук СССР, 1963. – 392 с.
  17. Фірыновіч А.Э. Паўстанне 1863–1864 гг.: вядомыя і невядомыя крыніцы беларускіх архіваў. – Мінск: Беларуская навука, 2013. – 315 с.
  18. Aramowicz I. Pamiętnik o ruchu partyzanckim, w województwie grodzieńskiem, w 1863 i 1864 r. – Bendlikon: w Drukarni "Ojczyzny", 1865. – 84 s. (Marzenia)
  19. Bibljografja druków dotyczących powstania styczniowego, 1863–1865 / zebrał i opracował Janusz Gąsiorowski. – Warszawa: Wojskowy Instytut Naukowo-Wydawniczy, 1923. – 394, IV s. – (Wydawnictwa Centralnej Bibljoteki Wojskowej; № 7).
  20. Czernik W. Pamiętniki weterana 1864 r. – Wilno: Druk Józefa Zawadzkiego, 1914. – 88 s.
  21. Fajnhauz D. 1863: Litwa i Białoruś / Inst. Historii PAN. – Warszawa: Neriton, 1999. – 357 s.
  22. Koszczyc W. Wspomnienia z powstania województwa mińskiego w r. 1863 // Polska w walce. Zbiór wspomnień i pamiętników z dziejów naszego wyjarzmienia / Wydał A. Giller. – T. 2. – Kraków, 1875. – S. 182–315.
  23. Pawłowicz E. Wspomnienia. Nowogródek–więzienie–wygnanie. – Lwów: W drukarni E. Winiarza, 1887. – 422 s.
  24. Zborucki Z. Ignatowski Wsewołod: 1863 god na Biełorusi // Kwartalnik historyczny. – T. 45. – 1931. – S. 416–417

Апублікавана ў: Беларускі археаграфічны штогоднік. – Вып. 16. – Мінск : БелНДІДАС, 2015. – С. 170–178.

Автор статьи: 
Матвейчык Дзмітрый Часлававіч
Ученая степень и звание: 
кандыдат гістарычных навук
Должность: 
загадчык аддзела публікацыі дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі