Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі выдадзены зборнік дакументаў «Минская женская гимназия: фотографические материалы»

У кнізе апублікаваны 443 фатаздымкі навучэнак гімназіі і іншых асоб, якія апынуліся ў розны час і пры розных абставінах у яе фондзе. Амаль палова фатаздымкаў была выраблена ў атэлье г. Мінска, але геаграфія іншых гарадоў, адкуль яны паходзяць, таксама дастаткова шырокая: Адэса, Бабруйск, Барысаў, Брэст, Варшава, Гомель, Дзвінск (сучасны Даўгаўпілс), Екацярынаслаў (сучасны Днепр), Іркуцк, Кіеў, Клецк, Лепель, Мазыр, Рыга, Слуцк, Сноўск, Харкаў, Шаўлі (сучасны Шаўляй) і Ялта. Сярод асоб на фота – прадстаўніцы розных саслоўяў тагачаснага грамадства (мяшчанкі, дваранкі, сялянкі) і розных канфесій (іўдзейкі, хрысціянкі і мусульманкі).

Укладальнік кнігі – вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці НГА Беларусі Сяргей Мікалаевіч Рындзін.

Зборнік працягвае выдавецкую серыю НГА Беларусі пад назвай «Архіўнае фота». Асноўнай яе мэтай з’яўляецца выяўленне, навуковае апісанне і публікацыя фотадакументаў, якія захоўваюцца ў фондах архіва. Выданне ажыццёўлена ў межах мерапрыемстваў, прымеркаваных да 85-годдзя архіва і Года міру і стварэння.

Набыць зборнік можна ў навуковай бібліятэцы архіва (г. Мінск, вул. Крапоткіна, 55, каб. 24; тэл.: 8(017) 379 76 90) альбо ў кнігарні «Акадэмкніга» (г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 72; тэл.: 8(017) 379 46 52).

Изображение