Сядзіба Манюшкі

Славуты кампазітар, дырыжор, педагог Станіслаў Манюшка нарадзіўся ў фальварку Убель Ігуменскага павета Мінскай губерні ў сям’і Часлава Манюшкі і Альжбеты з Маджарскіх  5 (паводле сучаснага каляндара 17) мая 1819 года.  У гэты ж дзень ён быў ахрышчаны ў Смілавіцкім рымска-каталіцкім касцёле, аб чым захаваўся адпаведны запіс у касцёльнай метрычнай кнізе. Сядзібны дом знаходзiўся на ўскраiне вёскi Убель (цяпер у Чэрвенскiм раёне Мiнскай вобласцi).

Доўгi час гэты цiкавы помнiк гiсторыi i архiтэктуры быў мала вядомы шырокаму колу грамадскасці ў Беларусi. Толькi ў 1960-я гады Убель упершыню стаў згадвацца ў беларускай навуковай i папулярнай лiтаратуры, як месца, звязанае з жыццём i дзейнасцю славутага кампазiтара XIX ст. [1; 2]

Трэба адзначыць, што першыя публiкацыi, прысвечаныя убельскай сядзiбе, з'явiлiся яшчэ ў другой палове XIX ст. Самай значнай з iх з'яўляецца нататка, змешчаная ў 1891 г. у “Слоўнiку геаграфiчным Каралеўства Польскага  і  іншых славянскіх краін” [3, s. 732]. Гэты артыкул быў апублiкаваны без аўтарскага подпiсу, але хутчэй за ўсё яго падрыхтаваў А. Ельскi, якi з'яўляецца аўтарам большасцi матэрыялаў для гэтага выдання, якiя датычылiся Мiншчыны.

У артыкуле гаворыцца, што Убель альбо Убелье, гэта вёска i маёнтак над ракой Волмай, надалёка ад Смiлавiчаў. У вёсцы 9 двароў. Сядзiбны фальварак 1465 дзесяцiн зямлi. Побач з сядзiбай — “каталiцкая каплiца, пастаўленая ў мiнулым стагоддзi Манюшкамi”. Калiсьцi Убель належаў да вялiкага Смiлавiцкага маёнтка, гаспадарамi якога па чарзе былi Сапегi, Завiшы, Агiнскiя. У канцы XVIII ст. гэты смiлавiцкi маёнтак стаў уласнасцю вайсковага суддзi Вялiкага Княства Лiтоўскага Станiслава Манюшкi. Тут у Убелi “...у Часлава Манюшкi i Альжбеты з Маджарскiх 5 мая 1819 г. нарадзiўся аўтар “Галькi” Станiслаў Манюшка. Дом, у якiм ён нарадзiўся, да сённяшняга дня iснуе ў добрым стане, малюнак якога змясцiў Орда ў сваiм альбоме”. Пасля Манюшкаў уладальнiкамi Убеля сталi Дзічкоўскiя, а ў якасцi пасагу Левiнii Дзiчкоўскай гэты маёнтак перайшоў да Азямблоўскiх [3, s.732] .

У наш час самай значнай публiкацыяй, прысвечанай Убелю, з'яўляецца нарыс, змешчаны ў шматтомнай працы Р. Афтаназi, якая датычыцца гiсторыi палацаў i сядзiб на тэрыторыi былой Рэчы Паспалiтай. Iнфармацыя пра Убель змешчана ў 1-м томе, якi прысвечаны былому Мiнскаму ваяводству [4].

У пачатку свайго нарыса аўтар дае кароткую гiстарычную нататку, якая мала чым адрознiваецца ад разгледжанай папярэдняй публiкацыi 1891 г. Далей ён сцвярджае, што тут “…перад Першай сусветнай вайной знаходзiўся сядзiбны дом, пабудаваны ў пачатку XIX ст. Чаславам Манюшкам”. Менавiта ў гэтым доме нарадзiўся будучы славуты кампазiтар, сцвярджае аўтар.

Паводле малюнка Н.Орды, якi датуецца прыкладна 1870 г., Афтаназi дае кароткае архiтэктурнае апiсанне сядзiбы, дзе адзначае, што дом быў драўляны, аднапавярховы з мезанiнам. Галоўны фасад будынка упрыгожваў чатырохкалонны порцiк. Будынак быў накрыты паўвальмавым гонтавым дахам. Дом стаяў пасярод вялiкага пейзажнага парку. З левага боку ад дома ўзвышаўся якiсьцi вялiкi будынак з вежай, накрытай шатровым дахам. З правага боку ад дома, на думку Афтаназi, знаходзiлася падобная вежа. Перад домам быў разбiты газон, упрыгожаны дэкаратыўнымi кустамi i клумбамi з кветкамi. У больш познiя часы вядомая па малюнку Н. Орды Убельская сядзiба была значна перабудавана. Афтаназi сцвярджае, што быў разбураны мезанiн, а з тыльнага фасаду дабудаваны адно альбо два бакавых крыла, якiя мелi больш нiзкiя дахi. Пасля разборкi мезанiна застаўся чатырохкалонны ганак, над якім быў зроблены новы франтон. Калоны, а таксама аконныя i дзвярныя лiштвы былi пафарбаваны ў белы колер. Аўтар падкрэслiвае, што ў яго не было нiякiх звестак па планiроўцы Убельскага дома як пры Манюшках, так i ў больш познiя часы [4, s. 303].

Нягледзячы на мемарыяльную i архiтэктурную каштоўнасць беларускiя даследчыкi мала цiкавiлiся архiтэктурным комплексам Убельскай сядзiбы.  У прыватнасці, А. Кулагiн толькi згадвае Убель як прыклад невялiкага драўлянага сядзiбнага дома канца XVIII — пачатку XIX ст. [5, с.35 – 37] А. Федарук у сваёй працы па гiсторыi садова-паркавага мастацтва Беларусi, акрамя агульнавядомай iнфармацы,i нагадвае, што тут “... захавалiся невялiкiя фрагменты парка над ракой Волмай” [6, с. 165].

Адзiнай спецыяльнай публiкацыяй, прысвечанай Убелю, з'яўляецца артыкул, змешчаны Ю. Якiмовiчам спачатку ў “Энцыклапедыi лiтаратуры i мастацтва Беларусi” [7, с.342], а потым у экцыклапедычным даведнiку “Архiтэктура Беларусi” [8, с.471].

Асноўнай крынiцай для гэтай публікацыі з'явiлiся малюнкi Н. Орды. У комплекс сядзiбы ўваходзiлi сядзiбны дом, каплiца-пахавальня, гаспадарчыя пабудовы, парк. Якiмовiч падкрэслiваў, што ў архiтэктуры Убельскай сядзiбы спалучалiся традыцыi народнага дойлiдства i элементы стылю класiцызму. Цэнтрам кампазiцыi з’яўляўся адпапавярховы сядзiбны дом з мезанiнам. Ён меў прамавугольны план i быў накрыты высокiм паўвальмавым дахам. “Цэнтр мансардавага галоўнага фасада быў вылучаны 4-калонным порцiкам з 3-вугольным франтонам. Сцены звонку вертыкальна ашаляваны, вокны прамавугольныя. Перад домам быў невялiкi партэр з круглым у плане кветнiкам, за iм знаходзiўся пейзажны парк з каплiцай-пахавальняй — цэнтральным 2-ярусным збудаваннем пад шатровым дахам, гаспадарчыя пабудовы [8, с. 471].

Пошукi архiўных крынiц, якiя датычаць гiсторыi Убельскай сядзiбы, вялiся ў самых розных фондах шматлiкiх архiваў Мiнска, Вiльнi i Варшавы. У Нацыянальным гiстарычным архiве Беларусi была знойдзена вялiкая колькасць дакументаў па гiсторыi радавода Манюшкаў, матэрыялы гаспадарчага характару, шэраг аўтографаў Станіслава Манюшкi i г.д. Гэта, у першую чаргу, iнвентары, чарцяжы, а таксама звесткi па рамонтах i рэканструкцыi Убельскай сядзiбы. Нажаль, дакументаў па гісторыі Убельскага сядзібнага дома і іншых збудаванняў  выявіць не ўдалося. Нават не захаваўся так званы “абавязковы” iнвентар 1840-х гадоў, нягледзячы на тое, што такiя iнвентары былi складзены па ўсiх маёнтках Мiнскай губернii.

Найбольш цікавыя крыніцы былі выяўлены ў Варшаве ў зборах Архiва Варшаўскага музычнага таварыства iмя С.Манюшкi, а таксама ў Аддзеле навуковай дакументацыi Нацыянальнага музея, Архiве Iнстытута мастацтва Польскай Акадэмii навук.

Праведзеныя  гiсторыка-архiўныя даследаваннi дазволiлi сабраць вельмi цiкавы iканаграфiчны матэрыял XIX— пачатку XX ст., частка якога ў свой час была змешчана ў розных выданнях, але большасць якiх не была ўведзена ў навуковы ужытак.

У 1872 г. у друку з’явiўся першы малюнак з выявай Убельскай сядзiбы пад назвай “Убель. Дом, дзе нарадзiўся Станiслаў Манюшка ў маёнтку Убель Мінскай губерні" [9, s. 320]. Пад малюнкам быў змешчаны надпiс, што гэта дрэварыт паводле малюнка Фелiкса Сыпнеўскага. У 1875 г. быў надрукаваны  альбом лiтаграфiй, зробленых паводле малюнкаў i акварэлей Н.Орды, дзе таксама ёсць выява Убельскай сядзібы [10].

Калi параўнаць гэтыя два малюнкi, пры першапачатковым падабенстве, у выяве сядзiбнага дома ёсць значная рознiца. Так на першым малюнку будынак мае паўвальмавы дах, а на другiм — мансардны, на першым порцiк мае 4 калоны, а на другiм —  2, адпаведна ў першым выпадку фасады вертыкальна ашаляваныя, а ў другiм — атынкаваныя i г.д.

Як нам удалося высветлiць, Сыплеўскi рабiў гравюру паводле акварэлi Н.Орды, арыгiнал якой захоўваецца ў Нацыянальным музеi ў Кракаве [11, s.193, il. 151]. Малюнак Н.Орды, якi з'яўляўся крынiцай для лiтаграфii, не захаваўся. Даследчыкi ўжо неаднаразова заўважалi пры пiльным разглядзе значную рознiцу памiж арыгiнальнымi малюнкамi Орды i лiтаграфiямi, таму для нас большую каштоўнасць уяўляе арыгiнал малюнка i зробленая на яго падставе гравюра Сыпнеўскага.

У 1896 г. быў надрукаваны яшчэ адзiн малюнак з выявай Убельскай сядзiбы [12, s. 364]. Аўтарам яго быў бацька кампазiтара Часлаў Манюшка. На наш погляд гэта найбольш старажытная выява дома Манюшкаў, якую можна датаваць 1820—1830 гг.

Першы фотаздымак сядзiбы ў Убелi быў надрукаваны ў 1910 г. [13, s.52] На гэтым здымку мы бачым дом Манюшкаў пасля значнай рэканструкцыi, у вынiку якой быў разабраны мезанiн i зроблена новая прыбудова. Вядомы яшчэ два фотаздымкi Убеля, зробленыя на пачатку XX ст.  Адзiн з iх быў змешчаны ў 1920-я гг.  у кнiзе  С. Невядомскага, а другi быў апублікаваны ўжо ў 1950-я гг. [14, s. 6–7; 15, с. 48–49].  Месца знаходжання арыгiналаў гэтых фотаздымкаў невядома.

У архiве Варшаўскага музычнага таварыства iмя Станіслава Манюшкi знаходзяцца цiкавыя графiчныя матэрыялы, якiя звязаны з Убелем. Яны паходзяць з сямейнага архiва Манюшкаў i ў свой час належалi бацьку кампазiтара Чаславу Манюшку. Гэтыя матэрыялы — малюнкi, чарцяжы, схемы, планы дазваляюць дакладна аднавiць не толькi знешнi выгляд сядзiбнага дома, але яго планiроўку і iнтэр’еры  ў часы, калi Убель належаў Манюшкам.

* * *

Доўгi час фальварак Убель ўваходзiў у склад вялiкага Смiлавiцкага маёнтка, вядомага з XVI ст. Дарэчы вёска Смілавічы ў складзе Менскага павета Вялікага Княства Літоўскага упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах ў 1592 годзе. У XVI—XVIII ст. гэты маёнтак належаў Бакштанскiм, Кежгайлам, Сапегам, Завішам, Агінскім. У XVIII ст. гаспадаром  Смiлавiцкага графства  стаў  Мiхал Казiмiр Агiнскi (1730—1800). У 1785 г. суддзя вайсковы Вялікага Княства Літоўскага Станіслаў Манюшка (1734—1807) разам з Францішкам Ашторпам набылі ў Міхала Казiмiра Агінскага “Смілавіцкае графства”, ў склад якога ўваходзіў і фальварак Убель [16]. У рэестрах населеных месцаў і ўладальнікаў маёнткаў Ігуменскага павета, якія былі складзены па выніках рэвізіі насельніцтва Мінскай губерні 1795 г.,  згадваецца, што ў склад вялiкага Смілавіцкага  маёнтка Манюшкi ўваходзiў i  невялікі фальварак Убель [17; 18]. Пасля смерцi Станіслава Манюшкi ў 1807 г. яго маёмасць была падзелена паміж нашчадкамі [19, s. 1–19].

Фальварак Убель атрымаў у спадчыну сын Станiслава Часлаў Манюшка. Ён нарадзiўся 20 лiпеня 1790 г. у Смiлавiчах. Як адзначае А.Валiцкi, Часлаў Манюшка ў той жа дзень быў ахрышчаны мясцовым ксяндзом М.Гродскiм [19, s. 26]. Пачатковую адукацыю Ч.Манюшка атрымаў пад кiраўнiцтвам ксяндза экс-мiсiянера Ю.Корвеля. Пасля гэтага вучыўся ў Смiлавiцкiм канвенце. Потым Ч.Манюшка пераехаў у Вiльню. Нам невядома, дзе Часлаў працягваў сваю адукацыю, вiдаць, хутчэй заўсё ён хацеў паступiць у Вiленскi унiверсiтэт.

Прадоўжыць адукацыю Чаславу перашкодзiлi падзеi  вайны 1812 г. Нягледзячы на тое, што яшчэ ў пяцiгадовым узросце Ч.Манюшка страцiў адно вока, ён уступiў у полк конных лiтоўскiх стралкоў. У 1813 г. (паводле А.Валiцкага ў 1815 г.) ён выйшаў у адстаўку .  “20 лiпеня 1818 г. ён ажанiўся з Альжбетай Маджарскай i асеў у маёнтку Убель паблiзу Смiлавiч”. Там 5 мая 1819 г. а 4 гадзiне ранiцы нарадзiўся ў яго сын,  які […]  быў  ахрышчаны iменем Станiслаў...” [18. s.26–27]. Як адзначаў А.Валiцкi, “… Часлаў меў характар надзвычай сяброўскi i вясёлы. З погляду навуковай адукацыi ён не мог параўнацца са сваiмi братамi, але вайскавая служба, шматлiкiя падарожжы i сяброўства з цiкавымi людзьмi, не толькi з арыстакратыi, але i з вельмi адукаванымi, аказалi значны ўплыў на яго выхаванне” [19, s. 27–28]. Ён захапляўся маляваннем i з задавальненнем прысвячаў яму вольны час. Як адзначалi сучаснiкi, Часлаў не атрымаў добрай мастацкай адукацыi, але сяброўства з рознымi мастакамi i шматлiкiя з нiмi сувязi дапамагло Чаславу дасягнуць добрага ўзроўня. Сяброўскiя адносiны склалiся ў яго з Валенцiем Ваньковiчам i Янам Дамелем. З першым з iх ён некаторы час нават жыў у адным доме i меў сумесную майстэрню” [20, s.28]. Акрамя таго, Часлаў быў заўзятым калекцыянерам. Ён збiраў творы мастацтва i вельмi часта плацiў вялiкiя грошы за каштоўныя рэчы.

Многiя даследчыкi адзначалi, што Часлаў Манюшка быў таленавiтым рысавальшчыкам i яго матэрыялы з’яўляюцца каштоўнай iканаграфiчнай крынiцай па гiсторыi роду i асяроддзя Станiслава Манюшкi [21, s. 16].

У архiве Варшаўскага музычнага таварыства iмя Станiслава Манюшкi захоўваецца частка сямейнага архiва Ч.Манюшкi i, у першую чаргу, значная колькасць альбомаў рознага фармату, дзе захавалiся пейзажныя, побытавыя i партрэтныя замалёўкi, зробленыя Чаславам. Некаторыя старонкi гэтых альбомаў запоўнены дзённiкавымi запiсамi i ўспамiнамi, аздобленымi iлюстрацыямi.

Працуючы з гэтымi матэрыяламi ўдалося выявіць цэлы шэраг архiтэктурных замалёвак, выкананых Чаславам Манюшкам [22]. Гэта праекты самых разнастайных жылых i гаспадарчых збудаванняў, каплiц i г.д. Знойдзеныя матэрыялы з'яўляюцца адным з самых сур'ёзных аргументаў у падтрымку думкi Р.Афтаназi, што Ч.Манюшка магчыма з'яўляўся i аўтарам праекта Убельскага сядзiбнага дома.

Акрамя таго,  сярод папер Ч.Манюшкi былі знойдзены чарцяжы (эскiзы да праекта?) каплiцы, якая стаяла побач з сядзiбным домам у Убелі, а таксама арыгінал малюнка сядзібнага дома, апублікаванага ў 1896 г. [23]

Цікавай знаходкай з’яўляецца невялiкi альбом, прысвечаны рамонту Убельскай сядзiбы, якi адбыўся ў 1835 г. [24]. У гэтым альбоме ёсць нават замалёўкi будаўнiчых прац, але самае галоўнае, гэта 3 планы сядзiбнага дома, зробленыя Ч.Манюшкам [25]. Першыя два планы маюць агульны надпiс "Dom Ubelski z r.1835 urządzony" (абсталяваны—У.Д.). Кожны з планаў мае падрабязную эксплiкацыю. На гэтых планах намалявана нават некаторая мэбля, а таксама раяль, якi стаяў у гасцiнай — “pokój bawialny”. Яшчэ адзiн план не мае эксплiкацыi, але да яго прыкладзены чарцёж кухоннай печы.

У 1842 г. Часлаў Манюшка быў вымушаны прадаць Убель. У Нацыянальным гiстарычным архiве Беларусi ўдалося знайсцi цiкавы дакумент аб продажы Убельскага маёнтка, якi датаваны 30 жнiўня 1842 г.: "Лето Тысяча Осемьсот Сорок Второго Августа в Тридцатый день Игуменского уезда Помещик отставной капитан войск Польских Чеслав Станиславов сын и жена моя Елисавета Монюшки, выдали сею купчую крепость Слуцкого уезда помещику губернскому секретарю Ивану Федорова сыну Радзвоновичу Дзичковскому в том, што я Монюшко имею в отчинном моем владении наследственное по отце моем недвижимое имение, доставшееся по разделу с родными моими братьями Г.: Игнатием, Домиником, Иосифом, Казимиром и Александром Монюшками сделанному, состоящее в Минской губернии в Игуменском уезде Убель называемом с принадлежащими к оному фольварками при которых фольварках и деревнях к оным принадлежащих числится и последней ревизии сто семнадцать мужеска и сто двадцать две женска пола душ с дворами, продал я таковое имение в вечное и потомственное владение без малейшего в чем либо исключения то е: как сам до сем оным владею Г: Ивану Дзичковскому за сумму семнадцать тысяч рублей серебром. Я же Елисавета Монюшкова соглашаюсь на сию продажу ныне и на пред никаких претензий к Г: покупщику Дзичковскому иметь не должна и не буду...” [26].

Пасля смерцi  І. Дзiчкоўскага гаспадыняй Убеля ў 1872 г. стала яго дачка Лавiнiя, па мужу Азямблоўская. Яна валодала Убельскай сядзiбай фактычна да пачатку XX ст. Апошнi раз яе прозвiшча згадваецца ў спiсе землеўладальнiкаў Iгуменскага павета Мінскай губерні за 1911 г.  [27, 28].

Нажаль, архiўных дакументаў па рамонтах i рэканструкцыях Убельскага маёнткаў ў XIX — пачатку ХХ ст. знайсцi не ўдалося. Ёсць толькi звесткi аб тым, што ў 1864 г. згарэў драўляны вадзяны млын, пабудаваны Ч.Манюшкам.

Пасля 1920 г. у сядзiбным доме знаходзiлася Убельская школа, якая была знішчана ў гады Другой сусветнай вайны.

* * *

Выяўленыя архіўныя матэрыялы дазваляюць сцвярджаць, што комплекс Убельскай сядзiбы сфармiраваўся на пачатку XIX ст. Знойдзеныя малюнкi не толькi сядзiбнага дома, але i асноўных гаспадарчых пабудоў датаваны першай  паловай  ХІХ ст.  Вiдаць, асноўныя працы па рэканструкцыі фальварка  разгарнулiся пасля таго, як Ч.Манюшка перасялiўся ва Убель пасля вайны 1812 г.

Магчыма, трэба пагадзiцца з думкай Р.Афтаназi, што Ч.Манюшка сам кiраваў будаўнiцтвам сядзiбнага комплекса, хутчэй за ўсё ён i праектаваў усе іншыя будынкi. Акрамя сядзiбнага дома ў 20—30-я гг. XIX ст. побач сфарміраваўся комплекс гаспадарчых пабудоў — бровар, абора, стайня i iнш. Побач з домам стаяла аранжэрэя. Сваёй арыгiнальнай канструкцыяй вылучалася вежа-вяндлярня. Нам удалося знайсцi падрабязны план Убельскай сядзiбы, складзены Ч.Манюшкам, дзе пазначаны ўсе пабудовы комплекса, у тым лiку i месца, дзе стаяла каплiца [29].

Разгледжаныя дакументы i, у першую чаргу, iканаграфiчныя матэрыялы дазваляюць не толькi аднавiць вонкавы выгляд дома, дзе нарадзiўся С.Манюшка, але i дакладна ўзнавiць яго планiроўку i iнтэр'еры. Нам нават вядома месца, дзе стаяў раяль, на якiм iграў кампазiтар. Акрамя таго, ужо сёння сабрана дастаткова матэрыялаў, каб паставiць пытанне не толькi пра адбудову сядзiбнага дома, але i ўсяго комплекса Убельскай сядзiбы, якi мае выключнае гiстарычна-культурнае значэнне.

У пачатку 1990-х гг. пачаліся працы над праектам аднаўлення сядзібнага дома, дзе нарадзіўся Станіслаў Манюшка. У першую чаргу, былі выкананы комплексныя гісторыка-архіўныя даследаванні. Археалагічныя раскопкі на месцы сядзібы былі праведзены кандыдатам гістарычных навук Валянцінам Собалем. На падставе гэтых матэрыялаў архітэктарам Уладзімірам Зелянкевічам распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя па аднаўленню сядзібнага дома Манюшкаў, а таксама праектныя прапановы па аднаўленні ўсяго сядзібнага комплекса. Нават пачаліся працы па выкананні асобных драўляных канструкцый будынка. На жаль, эканамічная сітуацыя ў краіне не дазволіла рэалізаваць гэтыя планы.

Спіс выкарыстаных крыніц і літаратуры:

1. Фукс,  М.  Манюшка на Беларусi // Полымя. –  1967. – № 6.  –  с. 231–236.

2. Мальдзiс, А. Падарожжа ў XIX стагоддзе: з гісторыі беларускай літаратуры, мастацтва і культуры : навукова-папулярныя нарысы. – Мінск: Нар. асвета, 1969.

3. Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. –  Warszawa : nakł. Filipa Sulimierskiego i Władysława Walewskiego 1880 – 1914. – T. 11.

 4.  Aftanazy, R.  Materiały do dziejów rezydencji. –  Warszawa: PWN, 1986-1991. – Т. 1 А. 

5.  Кулагин, А. Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии. Вторая половина XVIII - начало XIX в. – Минск: Навука і тэхніка, 1981.

6. Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. – Мінск: Ураджай, 1989.

7. Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. – Мінск: БелЭн, 1987. – Т. 5. 

8. Архітэктура Беларусі: Энцыкл. давед. – Мінск: БелЭн, 1993.

9. Tygodnik ilustrowany –  1872. – Nr. 234. – s. 320

10. Album widoków historycznych Polski  poświęcony rodakom.  Zrysowany z natury przez Napoleona Ordę. – Warszawa, [1875], ser.1.

11. Katalog rysunków architektonicznych ze zbiorów Muzeum Narodowego w Krakowie: Сz. 1: Rysunki Napoleona Ordy. – Warszawa: PWN, 1975. – (Seria: Biblioteka Muzealnictwa i Ochrony Zabytków, seria A, t. X) 

12. Tygodnik ilustrowany –  1896. – Nr.19. –  s. 364.

13. Ziemia –  1910. – Nr. 4. – s.52.

14. Niewiadomski St. Stanisław Moniuszko. – Imprint: Warszawa : Gebethner i Wolff ; Kraków : G. Gebethner, [1928].

15. Станислав Монюшко. Сборник статей. – Москва: Государственное музыкальное издательство (МУЗГИЗ), 1952 .

16. Нацыянальны гістарычны архіў Буларусі (НГАБ). – Ф. 319. Воп. 1. Спр. 31. Арк. 814–814 адв.

17.  НГАБ. –  Ф. 76.  Воп. 1. Спр. 242. Арк. 3 адв.; Спр. 245. Арк. 38 адв. – 39

18.  НГАБ. – Ф. 76. Воп. 1. Спр. 245. Арк. 38 адв. – 39

19. Walicki, A. Stanisław Moniuszko. – Warszawa : Nakład autora, 1873. 

20. Rudziński, W. Stanisław Moniuszko: studia i materiały, część I. – Kraków: Polskie Wydawnictwo Muzyczne, 1955.

21. Prosnak, Jan. Stanisław Moniuszko. - [Wyd. 2]. – Kraków: Polskie Wydawnictwo  Muzyczne, 1968.

22.  Biblioteka,  Muzeum i Archiwum Warszawskiego Towarzystwa Muzycznego im. Stanisława Moniuszki: Albumy i  pamiętniki Cz. Moniuszki (WTM).

23. WTM. – Sygn. 1320/M. K. 9.

24. WTM. – Sygn. 376/M.

25. WTM. – Sygn. 376/M. K.16 v – 17, 22 v.

26. НГАБ. – Ф.146. Воп.1. Спр. 261. Арк.1 – 1 адв.

27. Список лиц, владеющих в Игуменском уезде Минской губернии, обложенною земским сбором землею в количестве не менее 200 десятин […]. // Прибавление  к  № 45 Минских губернских ведомостей. –  1911. – 15 июня. –  С.5;

28. НГАБ. – Ф.160. Воп.1. Спр.824. Арк.1.

29. WTM. – Sygn. 358/M.

Автор статьи: 
Дзянісаў Уладзімір Мікалаевіч
Должность: 
галоўны архівіст аддзела навуковага выкарыстання дакументаў і інфармацыі