Інфармацыя аб візіце дэлегацыі духавенства Барысаўскай епархіі Беларускага Экзархату

17 лютага 2020 г. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі наведала дэлегацыя прадстаўнікоў камісіі па кананізацыі Барысаўскай епархіі Беларускага Экзархату Рускай Праваслаўнай Царквы пад старшынствам іерэя Аляксея Маслянкова.

Намеснік дырэктара архіва Д.В.Лісейчыкаў пазнаёміў гасцей са складам дакументаў па царкоўнай гісторыі, правёў экскурсію па архівасховішчах.

Загадчык сектара выставачнай дзейнасці, тэматычных і генеалагічных даследаванняў аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі В.В.Урублеўскі выступіў перад гасцямі з лекцыяй на тэму «Спецыфіка пошуку дакументаў па гісторыі Беларускай Праваслаўнай Царквы». Вялікую цікавасць у слухачоў выклікалі царкоўныя летапісы і кліравыя ведамасці як крыніцы па гісторыі асобных храмаў і іх прыходаў. У прыватнасці, увазе наведнікаў былі прадэманстраваны царкоўныя летапісы Дзмітравіцкай Іллінскай і Халопеніцкай Успенскай цэркваў за 1867 г., чые прыходы цяпер адносяцца да Барысаўскай епархіі, фрагменты кліравай ведамасці Смалявіцкай Мікалаеўскай царквы з паслужным спісам новапакутніка святара Уладзіміра Зубковіча за 1890 г.

У ходзе экскурсіі па фондах клірыкі Барысаўскай епархіі азнаёміліся з самымі цікавымі дакументамі архіва XIV–XVIII ст.: прывілеямі манархаў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай цэрквам і манастырам, інвентарамі гарадоў і маёнткаў, альбомам партрэтаў князёў Радзівілаў.

Изображение
У час сустрэчы