Інфармацыя аб прэзентацыі кнiгi «Удзельнікі паўстання 1863–1864 гадоў: біяграфічны слоўнік (паводле матэрыялаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі)»

26 мая 2016 г. у 15.00 у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (вул. Крапоткіна, 55, канферэнц-зала, аўдыторыя 29) адбудзецца прэзентацыя кнігі «Удзельнікі паўстання 1863–1864 гадоў: біяграфічны слоўнік (паводле матэрыялаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі)».

Кніга ўтрымлівае больш за 7 тысяч біяграм, у якіх змяшчаюцца звесткі пра асоб, звязаных з падзеямі паўстання 1863–1864 гг.: дзейнасць у складзе паўстанцкіх атрадаў, удзел у баявых дзеяннях, абставіны паланення і знаходжання пад следствам і судом, ступень накладзенага пакарання, асобныя акалічнасці жыцця ў ссылцы, а таксама вяртання на радзіму ў выпадку атрымання амністыі.

Слоўнік падрыхтаваны на падставе больш за 750 спраў з фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, якія адлюстроўваюць падзеі паўстання пераважна на тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губерняў. Выпуск выдання здзейснены ў партнёрстве з выдавецтвам «Беларусь».

Для зручнасці карыстання слоўнік забяспечаны асабовым і геаграфічным паказальнікамі, а таксама спісам выкарыстаных крыніц.

Слоўнік – вынік некалькіх гадоў архіўных пошукаў. Праца па выяўленні і апрацоўцы дакументаў і напісанні тэксту выканана загадчыкам аддзела публікацыі дакументаў Дзмітрыем Матвейчыкам.

У прэзентацыі возьмуць удзел прадстаўнікі Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы, гістарычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Да мерапрыемства падрыхтавана выстава арыгіналаў найбольш цікавых архіўных дакументаў звязаных з падзеямі паўстання 1863–1864 гг. з фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі.

 

Кантактныя асобы:

Лісейчыкаў Дзяніс Васільевіч, кандыдат гістарычных навук, намеснік дырэктара НГАБ – (017) 286 75 26.

Матвейчык Дзмітрый Часлававіч, кандыдат гістарычных навук, загадчык аддзела публікацыі дакументаў НГАБ – (017) 392 64 58