Гербоўнік беларускай шляхты - Том 7
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі працягвае публікацыю шматтомнага выдання, якая была распачата яшчэ ў 2002 г. У сёмы том уключана 225 артыкулаў пра шляхецкія роды пераважна Мінскай губерні, чые прозвішчы пачыналіся на літары З і І. Як і ў папярэдніх тамах, асновай для яго напісання з’яўляюцца матэрыялы ўнікальнага фонду «Мінскі дваранскі дэпутацкі сход», які знаходзіцца на захаванні ў НГА Беларусі і актыўна выкарыстоўваецца даследчыкамі для правядзення распрацовак самых розных навуковых праблем.
Складанне «Гербоўніка беларускай шляхты» адбываецца ў межах планавай навуковай тэмы НГА Беларусі «Генеалогія і геральдыка шляхецкіх родаў Беларусі», распрацоўка якой вядецца ў архіве з пачатку 1996 г. Сёмы том стаў вынікам працы супрацоўнікаў архіва Ганны Мажэйка, Юрыя Снапкоўскага і Вадзіма Урублеўскага, кіраўніком аўтарскага калектыву выступіў, а таксама напісаў большую частку артыкулаў спецыяліст па гісторыі беларускай шляхты Яўген Глінскі.
Выданне тома, як і шэрагу папярэдніх, здзейснена ў партнёрстве з выдавецтвам «Беларусь».
Кніга разлічана як на прафесійных даследчыкаў гісторыі Беларусі перыяду Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі, так і на спецыялістаў у дапаможных гістарычных дысцыплінах, аматараў-краязнаўцаў, навучэнцаў ВНУ і ўсіх, хто цікавіцца мінуўшчынай нашай краіны.