Штодзённае жыццё ўніяцкага парафіяльнага святара беларуска-літоўскіх зямель 1720–1839 гг.
Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі выпушчана манаграфія, прадметам даследавання якой з’яўляецца сацыяльны слой уніяцкага святарства – самы шматколькасны сярод прадстаўнікоў «духоўных» асоб усіх хрысціянскіх канфесій Беларусі ў XVIII – пачатку ХІХ ст. У аснову працы пакладзены матэрыялы візітацый уніяцкіх цэркваў гэтага перыяду, якія захоўваюцца ў фондах НГА Беларусі. Аднак імі, безумоўна, не абмяжоўваецца кола крыніц, выкарыстаных пры правядзенні даследавання. У яго ўцягнуты таксама матэрыялы са сховішчаў гістарычных архіваў у Гродна і Вільні, што робіць аўтарскія высновы добра абгрунтаванымі, а ўсю працу – факталагічна насычанай.
У цэлым, у манаграфіі пададзена рэканструкцыя штодзённага жыцця ўніяцкага парафіяльнага святара беларуска-літоўскіх зямель 1720–1839 гг. Апрача таго, важным момантам з’яўляецца той факт, што яна з’яўляецца першым у айчыннай гістарыяграфіі спецыяльным даследаваннем, напісаным у рэчышчы канцэпцыі гісторыі штодзённасці.
Праца з’яўляецца расшыранай версіяй кандыдацкай дысертацыі супрацоўніка НГА Беларусі Дзяніса Лісейчыкава, паспяхова абароненай у 2009 г.
Кніга адрасавана гісторыкам, архівістам, краязнаўцам і ўсім, хто цікавіцца пытаннямі рэлігіязнаўства і гісторыі Беларусі.