Аб візіце дэлегацыі беларускіх архівістаў у Фінляндскую Рэспубліку
З 13 па 17 мая 2019 г. дэлегацыя беларускіх архівістаў пад кіраўніцтвам першага намесніка дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь В.А.Ледаўской знаходзілася з візітам у Нацыянальным архіве Фінляндыі (г. Хельсінкі, Фінляндская Рэспубліка). У склад дэлегацыі ўваходзілі дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Д.У.Яцэвіч, намеснік дырэктара Д.В.Лісейчыкаў, намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь А.А.Стуканава, загадчык аддзела камплектавання Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі В.Ю.Жук.
У ходзе візіта адбылося некалькі навукова-практычных семінараў, прысвечаных працэсу алічбоўкі і арганізацыі онлайн-доступу да дакументаў Нацыянальнага архіва Фінляндыі, арганізацыі электроннага дакументазвароту ў дзяржаўных установах Фінляндскай Рэспублікі. У час візіта ў аддзяленне Нацыянальнага архіва Фінляндыі ў г. Хямеэнліна беларускія архівісты азнаёміліся з вопытам фінскіх калег па арганізацыі захавання і ўліку дакументаў XVIII–XIX стст., у тым ліку актавых кніг судовых устаноў, картаграфічных матэрыялаў і інш.
У ходзе сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Фінляндскай Рэспубліцы А.І.Самасуевым былі абмеркаваны перспектывы супрацоўніцтва дзвюх краін у архіўнай сферы.
Візіт дэлегацыі беларускіх архівістаў быў прафінансаваны праектам Еўрапейскага Саюза MOST.
Дэлегацыя беларускіх архівістаў разам з супрацоўнікамі Нацыянальнага архіва Фінляндыі
У час сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Фінляндскай Рэспубліцы