Інфармацыя аб візіце Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Арменія ў Рэспубліцы Беларусь

13 снежня 2019 г. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі наведаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Арменія ў Рэспубліцы Беларусь Армэн Вачыкавіч Гевандзян.

У ходзе экскурсіі па фондах спадар Пасол азнаёміўся з гісторыяй і структурай архіва, складам фондаў «Радзівілы, князі», «Мінскі губернскі дваранскі дэпутацкі сход», фондамі судовых устаноў і магістратаў Рэчы Паспалітай XVII–XVIII стст., у тым ліку актавымі кнігамі Замосцкага  армянскага войтаўска-лаўніцкага суда 1660–1668 гг.

Вялікую цікавасць у госця выклікалі дакументы па гісторыі Слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў, заснаванай у сярэдзіне XVIII ст. на сродкі Міхала Казіміра Радзівіла майстрам армянскага паходжання Янам Маджарскім (Аванэсам Маджаранцам).

У ходзе сустрэчы з дырэктарам НГА Беларусі Д.У.Яцэвічам, у якой таксама ўзяў удзел дырэктар Фонда развіцця і падтрымкі армяназнаўчых даследаванняў «АНИВ» А.В.Хечаян, былі абмеркаваны перспектывы супрацоўніцтва ў галіне вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага і армянскага народаў і падрыхтоўка сумесных выданняў, прысвечаных гісторыі беларуска-армянскіх культурных сувязяў у XVIII–XIX стст.

Спадару Паслу былі прэзентаваны выданні архіва за апошнія гады.

Изображение

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Падчас сустрэчы

Изображение