Тастаменты шляхты і мяшчан Беларусі другой паловы XVI ст. (з актавых кніг Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі)

Изображение

Тастаменты (завяшчанні) – унікальная па інфарматыўнасці гістарычная крыніца. Тастаменты адлюстроўваюць канфесійную прыналежнасць чалавека, яго маёмасны стан, склад сям’і, ступень адукаванасці. Яны выдатна ілюструюць стаўленне да жыцця і смерці, да сваіх родных, да пасмяротнай памяці. Пераважная большасць аўтараў прадстаўленых у зборніку дакументаў складалася з прадстаўнікоў сярэдняй шляхты – зямян, што валодалі невялікай маёмасцю, а таксама асоб вышэйшага стану, якія займалі розныя кіруючыя пасады і мелі важнае значэнне ў сістэме дзяржаўнага кіравання.

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваецца ўнікальны комплекс т. зв. старажытных актаў – комплексу дакументальных матэрыялаў, створаных у XVI–ХІХ стст. Менавіта распрацоўка гэтых крыніц стала асновай для складання зборніка.

У зборніку, якім працягваецца выдавецкая серыя НГА Беларусі «Беларусь у актавых кнігах XVI–XVIII стст.», прадстаўлены 116 дакументаў апошняй волі жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, унесеных у актавыя кнігі гродскіх і земскіх судоў Берасцейскага, Віцебскага, Менскага, Новагародскага, Слонімскага паветаў, а таксама г. Магілёва за 1559–1600 гг. Публікацыя тэксту тастаментаў суправаджаецца разгорнутымі асабовым і геаграфічным паказальнікамі, тлумачальным слоўнікам. Мова пераважнай большасці дакументаў – старабеларуская, некалькі тастаментаў напісаны на старапольскай мове.

Зборнік – вынік шматгадовай працы супрацоўнікаў НГА Беларусі: Вольгі Бабковай, Ірыны і Альбіны Аляксандравай. Навуковым рэдактарам выступіў кандыдат гістарычных навук Аляксандр Доўнар.

Выданне можа паслужыць таксама узорам кніжнага дызайну, што стала магчымым дзякуючы партнёрству архіва і выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі».

Спампаваць спіс зместу і прадмову

Изображение

Изображение