Дзейнасць Юзафа Ядкоўскага па даследаванні і папулярызацыі гісторыі паўстання 1863–1864 гг.
Пасля аднаўлення польскай дзяржаўнасці ў 1918 г. у выглядзе ІІ Рэчы Паспалітай на яе тэрыторыі адбыўся ўсплёск гісторыяпісання ва ўсіх магчымых формах. Гэты працэс быў падрыхтаваны працяглым перыядам развіцця польскай гістарыяграфіі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай з канца XVIII да пачатку ХХ ст., калі польскамоўныя гістарычныя працы ствараліся як ва ўсіх частках падзеленай дзяржавы (расійскай, прускай, аўстрыйскай), так і ў эміграцыі. Аднак утварэнне незалежнай польскай дзяржавы надало гістарыяграфіі вялізны імпульс, значна пашырыўшы яе тэматычнае кола, увёўшы ва ўжытак шматлікія зборы новых ці слаба да гэтага выкарыстаных крыніц і стварыўшы новыя палітычныя ўмовы для напісання і выдання прац. Адным з тэматычных накірункаў, якія пачалі актыўна распрацоўвацца ў міжваеннай Польшчы, стала барацьба за аднаўленне падзеленай Рэчы Паспалітай, і ў тым ліку паўстанне 1863–1864 гг.
Варта адзначыць, што аб’ектам навуковых даследаванняў паўстанне не раз станавілася і ў перыяд да Першай сусветнай вайны. У гэты час былі выдадзены працы Валерыя Пшыбароўскага [33], Марыяна Дубецкага [17], Станіслава Козьмяна [30], Агатона Гілера [18] і шматлікіх іншых. Аднак усе гэтыя працы ў невялікай ступені раскрывалі падзеі паўстання на тэрыторыі Беларусі і Літвы, галоўным чынам канцэнтруючыся на Каралеўстве Польскім. У выніку перад міжваеннымі гісторыкамі Заходняй Беларусі і Віленшчыны паўстала пытанне даследавання паўстання на тэрыторыі былых Гродзенскай і Віленскай губерняў. Адным з такіх гісторыкаў стаў Юзаф Ядкоўскі.
Гэтая асоба добра вядома ў айчыннай гістарыяграфіі, галоўным чынам дзякуючы навуковым працам даследчыкаў з Гродна, адкуль Ядкоўскі паходзіў і дзе правёў большую частку свайго жыцця. Ён паходзіў з дробнашляхецкага роду Гродзенскага павета, нарадзіўся 20 снежня 1890 г. у Гродне і быў сынам Юзафа і Зоф’і Занеўскай. Пачатковыя гады свайго жыцця таксама правёў у горадзе, вучыўся ў падамініканскай гімназіі і нават удзельнічаў у 1905 г. у школьнай забастоўцы. Менавіта ў гімназічныя гады ён захапіўся гісторыяй Гродзеншчыны і пачаў збіраць разнастайныя друкаваныя і рукапісныя матэрыялы, а таксама пісаць свае першыя навуковыя працы. У выглядзе невялікіх нарысаў і артыкулаў яны з 1907 г. друкаваліся ў выданнях «Віленская газета» («Dziennik Wilenski») і «Святавіт» («Swiatowit»). Апынуўшыся пад пагрозай выключэння з гімназіі, патэнцыяльнага арышту за палітычную дзейнасць і атрымання так званага «воўчага білета», які б зрабіў немагчымым паступленне ў іншую навучальную ўстанову ў Расійскай імперыі, у 1906 ці 1907 г. Ядкоўскі перабраўся ў Варшаву, дзе працягваў вучобу і адначасова працаваў у археалагічным музеі. Вышэйшую адукацыю ён атрымаў у Школе прыгожых мастацтваў і Археалагічным інстытуце ў Маскве. Затым працаваў у гэтым жа інстытуце і ў Румянцаўскім музеі, а ў 1910–1914 гг. як сябра Маскоўскага археалагічнага таварыства шмат падарожнічаў па Мінскай, Гродзенскай і Віленскай губернях (у тым ліку ў 1912 г. працаваў у Мірскім замку) для фіксацыі і кансервацыі помнікаў гісторыі і правядзення археалагічных прац. Пасля аднаўлення польскай дзяржавы ён вярнуўся ў Гродна ў 1920 г. і заняўся пачатковым зборам помнікаў гісторыі. Аднак пры пагрозе заняцця горада бальшавіцкімі войскамі, значную частку сабранага давялося эвакуіраваць. Пасля службы ў польскім войску і ўдзелу ў савецка-польскай вайне, за што быў узнагароджаны залатым крыжам, Ядкоўскі прыбывае ў Гродна. Менавіта з гэтага часу пачаўся перыяд яго жыцця, найбольш карысны для беларускай гістарычнай навукі.
З 1920 г. Ядкоўскі актыўна ўдзельнічаў у стварэнні ў Гродне гістарычнага музея, што патрабавала шмат намаганняў у перыяд да 1936 г., і варта адзначыць, што ў гэтым накірунку ён дасягнуў неверагодных поспехаў, пра што сведчыць створаны ім музей, які дзейнічае да цяперашняга часу пад назвай Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея (у міжваенны час — Дзяржаўны музей у Гродне). Гэты перыяд з’яўляецца асобнай яскравай старонкай яго дзейнасці як гісторыка, музейшчыка і археолага. Аднак раскопкі ў 1930-х гг. ля Каложскай царквы, Новага і Старога замкаў выклікалі канфлікт з польскімі археолагамі, якія вінавацілі Ядкоўскага ў іх бессістэмнасці і парушэнні методыкі правядзення. У выніку ён быў адхілены ад правядзення раскопак, а ў хуткім часе пакінуў Гродна і пераехаў у Варшаву.
У Варшаве Ядкоўскі найбольшых поспехаў дамогся як нумізмат, да Другой сусветнай вайны працуючы ў Дзяржаўных Зборах Мастацтва ў Замку, а пасля яе ўзнаўляючы амаль цалкам знішчаны Нумізматычны кабінет Нацыянальнага музея. Ён памёр 2 студзеня 1950 г., пакінуўшы жонку Галіну Баброўскую і дачку Альжбету [больш падрабязна пра біяграфію Ядкоўскага гл.: 2; 4; 13; 19; 36 і інш.].
Бібліяграфія прац Ядкоўскага налічвае больш за сотню пазіцый, пераважна невялікіх артыкулаў і нарысаў. Асноўная частка яго навуковых зацікаўленасцяў звязана з правядзеннем археалагічных раскопак, апісаннем і ўвядзеннем у навуковы ўжытак разнастайных помнікаў матэрыяльнай культуры і сярэднявечных рукапісаў, захапляўся таксама нумізматыкай, фалерыстыкай і да т.п. Паўстанне 1863–1864 гг. як аб’ект даследавання моцна выбіваецца з гэтага шэрагу, не звязана з археалогіяй ці матэрыяльнай культурай і як быццам стаіць адасоблена. Яго наяўнасць у полі зроку Ядкоўскага-гісторыка магчыма растлумачыць асабістымі пабудкамі. Як пісаў Аляксандр Снежка — яго сябра ў апошні перыяд жыцця, які пакінуў свае ўспаміны, — «падчас Студзеньскага паўстання некалькі асоб з яго бліжэйшай сям’і бралі ўдзел у нацыянальным руху», у выніку чаго частка маёмасці Ядкоўскіх была затым канфіскавана, а бацька Ядкоўскага вымушаны быў у дзіцячым узросце перасяліцца ў Гродна [36, s. 14]. Магчыма, тут маецца на ўвазе сярод іншых Юльян Янавіч Ядкоўскі, пра якога дакладна вядома, што яго маёмасць падлягала канфіскацыі [9, арк. 17–18 адв.].
Каля 10 публікацый Ядкоўскага ў той ці іншай ступені тычацца гісторыі паўстання 1863–1864 гг. У асноўным гэта невялікія артыкулы, якія друкаваліся ў разнастайных перыядычных выданнях. Храналагічна першы з іх з’явіўся яшчэ ў юнацкія гады Ядкоўскага — у 1907 г. у «Віленскай газеце» пад назвай «1863 год і гродзенская школьная моладзь» [23]. У гэтай публікацыі Ядкоўскім былі ўпершыню згаданыя некаторыя сюжэты, якія ў далейшым будуць неаднаразова паўтарацца ў яго наступных публікацыях. Бурныя падзеі біяграфіі з 1907 па 1921 г. прыпынілі на пэўны час публікацыю яго навуковых прац на тэму паўстання.
Усе наступныя яго публікацыі пра паўстанне былі надрукаваны ў перыяд знаходжання на пасадзе дырэктара Дзяржаўнага музея ў Гродне ў 1920-я–1930-я гг. Першая з іх — «1863 год у Гродзенскім павеце» — з’яўляецца найбольш грунтоўнай і аб’ёмнай. Яна была апублікавана ў васьмі частках у штодзённай гродзенскай газеце «Echo Grodzienskie» («Гродзенскае рэха») — органе мясцовай арганізацыі праўрадавага Таварыства варты ўскраін («Towarzystwa strazy kresowej») [24]. Першая частка публікацыі з’явілася ў № 18 ад 23 студзеня 1921 г. і была прымеркавана да чарговай гадавіны пачатку паўстання (пачалося ўночы з 21 на 22 студзеня 1863 г. у Варшаве). У першых абзацах Ядкоўскі ставіць некалькі праблем, якія ён плануе вырашаць. Гэта адсутнасць грунтоўных прац, што раскрывалі б паўстанне на тэрыторыі Гродзеншчыны, і нявыкарыстанасць мясцовых крыніц па яго гісторыі — «Хаця гісторыя паўстанцкага руху ў Кароне ў пэўнай частцы ўжо апрацавана, у нас жа — мы маем занадта мала гістарычнага матэрыялу, а ён ёсць, аднак ляжыць мёртвы, недаследаваны і нават несістэматызаваны ў былых расійскіх архівах ».
У артыкуле падзеі ў Гродзенскім павеце разглядаюцца ў храналагічнай паслядоўнасці, пачынаючы з 1861 г. — часу першых маніфестацый салідарнасці з дэманстрацыямі ў Варшаве, калі загінулі некалькі іх удзельнікаў, рэлігійных працэсій і ўтварэння ў Гродне падпольнай арганізацыі па падрыхтоўцы паўстання на чале з Канстанцінам Каліноўскім. Асобная ўвага надаецца апісанню сітуацыі ў Гродне напярэдадні выступлення — агульным настроям, грамадскай думцы, паводзінам пэўных сацыяльных груп (напрыклад, моладзі, жанчын). У некалькіх абзацах трэцяй часткі (№ 31 ад 9 лютага 1921 г.) Ядкоўскі спыняецца на ўплыве, які аказала на разгортванне паўстання аграрная рэформа 1861 г., і прыходзіць да высновы, што «гэта быў абдуманы ўдар для забойства польскага нацыянальна-вызваленчага руху. Усе добра разумелі гэта, але выбуху паўстання стрымаць было немагчыма».
Найбольш падрабязна ў артыкуле апісаны падзеі, што адбываліся непасрэдна ў Гродне — няўдалая спроба паўстанцаў выехаць з горада на цягніку, сітуацыя ў Гродзенскай гімназіі і рэпрэсіі супраць яе вучняў і выкладчыкаў і г.д.
Ва ўсім артыкуле вялікая ўвага звяртаецца на асоб, якія рыхтавалі паўстанне ў Гродне, Гродзенскім павеце і Гродзенскай губерні ў цэлым, а па тэксце падаюцца шматлікія біяграфічныя даведкі пра тых ці іншых дзеячаў перадпаўстанцкага і паўстанцкага перыядаў, напрыклад Цэлястына Цеханоўскага («душой гродзенскай арганізацыі быў <…>»), графа Віктара-Вацлава Старэнскага, Севярына Ромэра і інш. Вялікая ўвага надаецца структуры паўстанцкай адміністрацыі ў павеце і губерні (ваяводстве), напрыклад, уся шостая частка артыкула (№ 34 ад 12 лютага 1921 г.) прысвечана выключна цывільным уладам гродзенскай павятовай арганізацыі, дзе раскрываюцца функцыі кожнай з асоб, што атрымалі ад паўстанцкіх улад намінацыю на тую ці іншую пасаду — рэферэнтаў і акруговых начальнікаў.
Нягледзячы на станоўчую ацэнку факта паўстання і гераізацыю яго ўдзельнікаў, Ядкоўскі ўказвае на некалькі фактараў, якія сталі прычынамі яго задушэння. Па-першае, гэта непрыхільная да яго пазіцыя сялянства — «Паўстанне, не падтрыманае актыўна народнымі масамі, ператварылася ў партызанку <…>» (№ 32 ад 10 лютага 1921 г.). Па-другое, гэта пераацэнка падрыхтаваных да паўстання сіл — «І вось прыйшла гадзіна паўстання. Тады аказалася, што значная частка палаючага полымя аказалася толькі саламяным агнём» (№ 3). Па-трэцяе, гэта спецыфічны сацыяльны склад паўстанцкіх атрадаў, праблема якога «“вялікасць” асобных адзінак». Паводле Ядкоўскага, гэта значыла, што «кожны хацеў быць галавой, але не кожны плячом, кожны прагнуў загадваць, але не кожны хацеў слухаць». Верагодна, тут маецца на ўвазе той факт, што большасць удзельнікаў паўстання складалі прадстаўнікі прывілеяванага саслоўя (дваранства, шляхты), сярод якіх немалую частку складалі памешчыкі альбо іх дзеці, што ўжо пакаленнямі прызвычаіліся размаўляць са сваімі падданымі (сялянамі) шляхам аддачы распараджэнняў і не любілі цярпець ад каго б то ні было ўмяшання ў свае дзеянні. У выніку гэтае апошняе вяло да «маруднасці ў выкананні загадаў вышэйшай улады», што стала «прычынай шматлікіх няшчасцяў, што палі на наш народ» (№ 3).
Варта адзначыць, што раскрыць зададзеную тэму цалкам Ядкоўскаму ўдалося толькі часткова. Яна хутчэй застаецца фрагментарнай. Адны падзеі апісваюцца дастаткова падрабязна, другія толькі ледзьве згадваюцца. Напрыклад, большая палова другой часткі артыкула (№ 28 ад 5 лютага 1921 г.) прысвечана падрыхтоўцы і апісанню рэлігійнай працэсіі з Гродна ў Ружансток, якая павінна была адбыцца 27 жніўня 1861 г., але не ўдалася, а пры апісанні дзейнасці гродзенскага паўстанцкага атрада пад камандаваннем Аляксандра Лянкевіча (№ 33 ад 11 лютага 1921 г.) бой ва ўрочышчы Святое Балота нават не згаданы. Як і дзейнасць іншых атрадаў на тэрыторыі Гродзенскага павета на працягу вясны–восені 1863 г.
Прычынай падобнай фрагментарнасці з’яўляецца нешырокая крыніцавая база артыкула. Пры адсутнасці традыцыйнага навукова-даведачнага апарату ў выглядзе спіса выкарыстаных крыніц, пра іх ужыванне дазваляюць меркаваць толькі згадкі непасрэдна ў тэксце. Так, з усіх апублікаваных крыніц згадваюцца толькі ўспаміны Вандаліна Шукевіча [35], Фелікса Ражанскага [34], Аляксандра Масолава [8], Ігната Арамовіча [15] і, верагодна, Юзафа Маеўскага [6], працы Яана Длугаша [16] і А. Г ілера [18]. Аднак разам з гэтым вялікая колькасць ужо апублікаваных на той час крыніц і даследаванняў, напрыклад Івана Мітрапольскага [7], Яўстафія Арлоўскага [10], Сцяпана Славуцінскага [12], артыкулы ў часопісе «Веснік Паўднёва-Заходняй і Заходняй Расіі» [1; 5] і шматлікія іншыя, не была выкарыстана. Таксама толькі гіпатэтычна магчыма меркаваць пра рукапісныя матэрыялы, якія ўжываліся пры напісанні артыкула. У тэксце яны пазначаюцца, як правіла, словазлучэннямі накшталт «расійскія архіўныя крыніцы» («zrodla archiwalne rossyjskie») ці «афіцыйныя расійскія крыніцы» («zrodla urzedowe rossyjskie»). Найбольш верагодна, што маюцца на ўвазе рукапісныя крыніцы, якія на той час захоўваліся ў Гродне (Дзяржаўным архіве ў Гродне ці Дзяржаўным музеі ў Гродне) ці ў Вільні (Дзяржаўным архіве ў Вільні). Адна са спасылак у пятай частцы артыкула сфармулявана як «дакументы палявога трыбуналу» («akta trybunalu polowego»). Тут таксама складана вызначыць, якая канкрэтна ўстанова маецца на ўвазе — палявы ваенны суд, які дзейнічаў у Гродне, ці Часовы палявы аўдытарыят Віленскай вайсковай акругі, які дзейнічаў у Вільні. Ядкоўскі мог у розны час карыстацца як аднымі матэрыяламі, так і другімі. Аднак і ў гэтым выпадку немагчыма казаць, якімі расійскімі дзяржаўнымі ўстановамі ці якімі чыноўнікамі ствараліся гэтыя крыніцы. І толькі ў адным выпадку маецца прамое ўказанне на гродзенскія матэрыялы. У пятай частцы Ядкоўскі піша: «На жаль, дакументы, якімі мы карысталіся, былі вывезены маскалямі ў 1915 г. з Гродна <…>».
Пра паходжанне некаторых дакументаў, якія выкарыстоўваліся Ядкоўскім у працах, пакідае паведамленне А. Снежка: «Ядкоўскі пасля вяртання з Расіі на радзіму, ужо пасля заканчэння Першай Сусветнай вайны, атрымаў ад удавы пасля свайго ранейшага выкладчыка [Яўстафія Арлоўскага — Д. М.] пачак матэрыялаў, што тычацца Студзеньскага паўстання ў былой Гродзенскай губерні» [36, s. 21]. Гістарычная іронія падобнага факта заключаецца ў тым, што Арлоўскі, выкладчык Гродзенскай гімназіі, гісторык і шматгадовы даследчык паўстання, прытрымліваўся дыяметральна супрацьлеглых палітычных поглядаў і ў сваіх працах актыўна займаўся праслаўленнем дзейнасці расійскіх улад і асабліва Міхаіла Мураўёва. Аднак і А. Снежка не пакідае звестак пра тое, якія канкрэтна гэта былі матэрыялы і як яны трапілі да Арлоўскага.
Не маючы дастаткова матэрыялу, каб канцэнтравацца выключна на Гродзенскім павеце, Ядкоўскі некалькі разоў у артыкуле звяртаў увагу на іншыя з’явы і падзеі. Напрыклад, у трэцяй частцы ў публіцыстычным стылі апісваецца цеплыня зімы і вясны 1863 г., у чацвёртай значная ўвага нададзена дзейнасці атрада Рамана Рагінскага на поўдні Гродзенскай і Мінскай губерняў, а ў пятай згадваюцца дзеянні іншых паўстанцкіх камандзіраў Гродзенскай губерні.
Звяртаюць на сябе ўвагу некаторыя факталагічныя памылкі, зробленыя ў артыкуле. Напрыклад сцвярджаецца, што Аляксандр Лянкевіч пасля таго, як гродзенскі паўстанцкі атрад быў разбіты, адступіў на поўдзень, перад гэтым «павесіўшы за здраду каля 70 сялян». Аднак ніводная з вядомых на сённяшні дзень крыніц не змяшчае звестак пра факт такога масавага забойства грамадзянскага насельніцтва ў Гродзенскай губерні і на ахопленай паўстаннем тэрыторыі ўвогуле. Магчыма прывесці і іншы прыклад. У пятай частцы (№ 33 ад 11 лютага) сцвярджаецца, што «ад імя Нацыянальнага Урада [гродзенскім — Д. М.] павятовым камісарам быў спачатку Канстанцін Каліноўскі», хаця ён ніколі не займаў гэтую пасаду, а з вясны 1863 г. з’яўляўся камісарам усяго Гродзенскага ваяводства. Зроблены ў артыкуле і некаторыя іншыя памылкі.
Адразу трэба заўважыць, што як гэтая, так і ўсе наступныя публікацыі Ядкоўскага маюць публіцыстычны характар. Яны напоўнены шматлікімі эмацыянальнымі пасажамі, пафасам, імкненнем да гераізацыі паўстанцаў і паўстання ў цэлым. Напрыклад, артыкул пачынаецца з фраз: «Ва ўсіх узброеных рухах, што мелі мэтай уваскрашэнне Рэчы Паспалітай, Гродзеншчына заўжды брала ўдзел вельмі гарачы і поўны шчырай самаадданасці нацыянальнай справе. Таму як прывязанасць да Польшчы не магла лепей падкрэсліць, як зямля «спрадвечна руская», інакш як крывёй сваіх сыноў, пралітай у барацьбе за Польшчу і за волю»; а ў трэцяй частцы маецца наступны ўрывак: «Надзея! Хто яе тады не меў у нашым краі? Каму не мроіліся вялікія планы адбудовы Польшчы ад мора да мора? <…>». Магчыма выказаць меркаванне, што гэта вызначана з аднаго боку месцам публікацыі — газетамі, арыентаванымі на публіцыстычны стыль падачы матэрыялу і шырокае кола чытачоў, а з другога — палітычнай пазіцыяй як газет, так і самога Ядкоўскага.
Сёмая частка артыкула (№ 36 ад 15 лютага 1921 г.) уяўляе сабой публікацыю ўсяго адной крыніцы — адраса ў падтрымку Нацыянальнага Урада ад жыхароў («obywateli») Гродзенскага ваяводства ад 1(13) кастрычніка 1863 г. Прычым гэтая частка планавалася як своеасаблівае пазітыўнае заканчэнне ўсяго апавядання, у якім пакідалася надзея на будучыню, нягледзячы на амаль поўнае задушэнне паўстання ў Гродзенскай губерні на час складання адраса. Гэтаму ж павінна была садзейнічаць своеасаблівая гульня з лічбамі — колькасцю падпісаных пад «усепадданейшым» адрасам ад гродзенскага дваранства Аляксандру ІІ (1600 чалавек) і пад адрасам адданасці Нацыянальнаму Ураду (46 289 чалавек).
Хаця статус сёмай часткі быў зададзены як «заканчэнне» («dokonczenie»), а пасля яе пастаўлена слова «канец» («koniec»), апошняй яна не стала. З № 160 ад 21 ліпеня 1921 г. той жа газеты «Echo Grodzienskie» пачаў выходзіць яго працяг у выглядзе іменнага спіса ці невялікага біяграфічнага слоўніка асоб з Гродзенскага павета, што ўдзельнічалі ў паўстанні ці мелі да яго дачыненне. Прычыну падобнай публікацыі сам Ядкоўскі тлумачыў дастаткова спецыфічна — неабходнасцю ўліку гэтых звестак пры правядзенні зямельных пераўтварэнняў — «Паўстанцы гублялі жыццё і маёнткі, а асірацелыя сем’і заставаліся часам у найбольшай галечы. Іх маёнткі аддаваліся царскім чыноўнікам альбо іншым русіфікатарам нашай краіны, якія за проста смешныя сумы набывалі часам даробак пакаленняў. Ці не вялікі час прыняць вышэйзгаданае пад увагу пры вырашэнні самых разнастайных спраў зямельных і незямельных, якія маюць месца вакол і даюць магчымасць зарабляць багацце элементу, цалкам незаслужанаму для краіны, з прычыны няшчасця, якое напаткала байцоў за волю Польшчы. Дзе справядлівасць?!». Цяжка ацаніць гэтае выказванне крытычна на прадмет таго, ці адлюстроўвае яно пункт гледжання ўласна Ядкоўскага, ці з’яўляецца спробай рэдакцыі газеты такім выключна публіцыстычным спосабам актуалізаваць пададзены матэрыял, які выходзіў у час бурных дыскусій у грамадстве на тэму аграрных змяненняў у незалежнай Польшчы. Аднак, нягледзячы на такую пастаноўку праблемы, пададзены далей фактычны матэрыял (у №№ 162, 166–169, 171–177, 179) мае дастаткова далёкае дачыненне да ўласна зямельных ці ўвогуле маёмасных спраў. Толькі ў пераважнай меншасці біяграм маюцца звесткі пра якую-небудзь маёмасць паўстанцаў. Крыніцамі для гэтага біяграфічнага слоўніка (сам Ядкоўскі называў яго «спіс паўстанцаў») з’яўляліся, як заяўляў крыху пазней яго аўтар, «тагачасныя афіцыйныя паперы і ўспаміны нешматлікіх сёння відавочцаў-сведкаў паўстання» [25].
Усяго Ядкоўскім былі апублікаваны 280 біяграм. Як правіла, яны маюць невялікі аб’ём — ад 2 да 8 радкоў на кожную, і толькі некаторыя выбіваюцца з гэтага шэрагу і маюць каля 20 радкоў. Відавочна, што звесткі ў іх фрагментарныя і з’явіліся ў публікацыі з прычыны таго, што менавіта столькі іх і мелася ў аўтара. Напрыклад, біяграма Канстанціна Каліноўскага (№ 167 ад 29 ліпеня) уключае толькі наступныя звесткі: «дэлегат Нацыянальнага Урада на Гродзенскае ваяводства, пазней — дыктатар Літвы, пакараны смерцю ў Вільні». Аднак і ў гэтых біяграмах магчыма заўважыць пэўную непаслядоўнасць, напрыклад, уключаныя непасрэдна ў артыкул біяграфічныя даведкі пра некаторых асоб змяшчаюць больш звестак, чым іх маецца ў слоўніку.
На працягу 1921 г. у той жа газеце «Echo Grodzienskie» выйшлі яшчэ дзве публікацыі Ядкоўскага, прысвечаныя гісторыі паўстання. Храналагічна першая з іх з’явілася ў № 77 ад 7 красавіка 1921 г. пад назвай «Святое Балота» [28]. Публікацыя выразна дапаўняла артыкул, надрукаваны на два месяцы раней, дзе пра бой ля Святога Балота не мелася нават згадкі (гл. вышэй). Артыкул уяўляе сабой пераклад апісання бою, што адбыўся 22 красавіка (4 траўня) 1863 г., узятага з расійскай крыніцы «Журнал ваенных дзеянняў у Віленскай ваеннай акрузе з 26 красавіка па 2 траўня». Як пазначана ў канцы артыкула, журнал знаходзіўся на той час у «Архіве былога віленскага генерал-губернатара» (верагодна, маецца на ўвазе фонд віленскага генерал-губернатара ў Дзяржаўным архіве ў Вільні). Пераклад папярэджаны невялікім уступам, у якім сярод іншага тлумачыцца актуальнасць публікацыі — яна распавядае «пра эпізод, да гэтага часу невядомы ў гістарыяграфіі студзеньскага паўстання», на падставе «найверагоднейшай крыніцы». Тут жа адзін абзац уяўляе сабой апісанне на падставе той жа крыніцы сутычкі ў Гродзенскай пушчы з атрадам Баляслава Нарбута.
Другая публікацыя мае назву «Рамуальд Траўгут» і з’явілася ў № 174 ад 6 жніўня 1921 г. [26] — на наступны дзень пасля гадавіны павешання апошняга дыктатара паўстання ў Варшаўскай цытадэлі (5 жніўня 1864 г. па новым стылі). Большая частка артыкула распавядае пра біяграфію Траўгута, прычым асноўная ўвага надаецца не яго багатай біяграфіі да паўстання, а менавіта непрацягламу паўстанцкаму перыяду. Увесь артыкул з’яўляецца хутчэй не біяграфічным, а больш нагадвае хвалебны памфлет ці пасмяротны панегірык. У ім найбольш яскрава бачны публіцыстычны характар і гераізацыя постаці. Напрыклад, пра дыктатуру Траўгута Ядкоўскі піша наступнае: «<…> І вось на працягу доўгіх, бясконца доўгіх, па гадзінах, не па днях, лічаных шасці месяцаў нёс Траўгут гэты крыж… Адзіным лозунгам яго было вытрываць!», а заканчваецца артыкул словамі: «Пасля паланення Траўгута не было каму несці цяжар інсурэкцыйнай улады. Адзіны слуп будынка, што рассыпaўся, абрынуўся, а з ім загінуў жыватворны дух…». Пры гэтым у самім тэксце не зроблена спасылак на крыніцы, адкуль былі ўзятыя звесткі.
На працягу далейшых гадоў Ядкоўскі працягваў займацца зборам звестак пра паўстанне ў Гродзенскім павеце. Гэта вылілася яшчэ ў дзве яго публікацыі, якія ўяўляюць сабой дапаўненні да папярэдніх артыкулаў.
Першая з іх з’явілася ва ўсё той жа газеце «Echo Grodzienskie» з нагоды 60-гадовага юбілею паўстання — у № 17 ад 23 студзеня 1923 г. [25]. Яна мела назву «1863 год у Гродзенскім павеце: нататкі і дапаўненні». Патрэбу выдання артыкула сам Ядкоўскі тлумачыў наступным чынам: «Сёння я дакіну яшчэ некалькі прозвішчаў, якія папоўняць крывавы спіс байцоў 1863 года, а таксама запісваю пару падрабязнасцяў, што тычацца паўстання, да гэтага часу неахопленых друкам». Артыкул складаецца з трох частак, кожная з якіх мае назву — «У дні нацыянальнай жалобы», «Ваяводская арганізацыя» і «Бітвы і сутычкі». Першая ўключае верш Цэлястына Цеханоўскага пад назвай «Падзяка полькам», прысвечаны жанчынам, што бралі ўдзел у маніфестацыйным руху ў 1861 г. Другая ўяўляе сабой дапаўненне і выпраўленне некаторых момантаў з папярэдніх публікацый, прысвечаных структуры паўстанцкіх улад у губерні. У ёй называецца вялікая колькасць імёнаў асоб, якія бралі ўдзел у паўстанні (займалі розныя пасады), і падаюцца некаторыя біяграфічныя звесткі пра іх. У трэцяй частцы згадваюцца тры сутычкі, што адбываліся ў Гродзенскім павеце, прычым палова часткі прысвечана спробе гродзенскіх паўстанцаў выехаць з горада на цягніку. Тут значна папаўняюцца звесткі пра гэтую ж падзею, апублікаваныя раней. Заканчваецца артыкул заклікам да чытачоў збіраць матэрыялы пра паўстанне: «Быць можа хтосьці з яшчэ жывых відавочцаў-сведкаў пажадае падаць трохі звестак, што папоўняць пададзеныя ўрыўкава намі, і гэтым акажа дапамогу гістарыяграфіі студзеньскага паўстання на Гродзеншчыне, што застаецца да гэтага часу на пачатку апрацоўкі».
Ізноў складана вызначыць усе крыніцы, якімі Ядкоўскі карыстаўся пры напісанні «нататак і дапаўненняў». Як ён сам піша, верш Ц. Цеханоўскага яму перадала Алена Андрайковіч, народжаная Кярсноўская, якая брала ўдзел у дапамозе паўстанцам. Звесткі, пададзеныя пра сутычку расійскіх войскаў з атрадам Б. Н арбута, тыя ж, што ўжо былі надрукаваны ў артыкуле «Святое Балота» на падставе «Журнала ваенных дзеянняў». Пра ўсе іншыя звесткі магчыма толькі выказаць меркаванне, што яны ўзяты з рукапісных крыніц, з якімі Ядкоўскі працягваў працаваць.
Апошні з гэтай серыі артыкулаў з’явіўся ў № 8 ад 24 студзеня 1926 г. у гродзенскай газеце «Nowe Zycie» («Новае жыццё») пад назвай «Сілуэты 1863 года» [27]. Мяркуючы паводле даты выхаду, ён быў прымеркаваны да чарговай гадавіны пачатку паўстання. Публікацыя ўяўляе сабой дапаўненне выдадзенага раней біяграфічнага слоўніка і змяшчае біяграмы 37 асоб. Некаторыя з іх ужо былі згаданы ў папярэдніх публікацыях (напрыклад, Севярын Ромэр ці Станіслаў Сільвястровіч), аднак тут падаваліся раней невядомыя біяграфічныя звесткі пра іх. Задачу артыкула Ядкоўскі для сябе ставіць наступным чынам: «Да доўгага спісу асоб, што бралі ўдзел у нацыянальным руху ў перыяд студзеньскага паўстання, мы дакідаем цяпер жменьку звестак, дапаўняючы імі цыкл артыкулаў, змешчаных у свой час на старонках тутэйшых выданняў». Неабходнасць гэтай публікацыі Ядкоўскі тлумачыць такім жа чынам, што і папярэдніх — зародкавы стан гістарыяграфіі паўстання 1863 г. у Гродзенскім павеце і невядомасць імёнаў «шматлікіх байцоў за нашу Волю і Незалежнасць». Тут жа Ядкоўскі ўзнаўляе свой заклік да грамадскасці перасылаць у Дзяржаўны музей у Гродне матэрыялы па гісторыі паўстання («нават самыя сціплыя нататкі»), якія «будуць выкарыстаны на славу польскай зброі ў наднёманскіх краях».
Неабходна заўважыць, што згаданы біяграфічны слоўнік Ядкоўскага, нягледзячы на невялікую колькасць уключаных у яго звестак і вузкасць кола ўжытых крыніц, з’яўляецца храналагічна найбольш раннім з усіх, прысвечаных паўстанцам, якія паходзілі менавіта з тэрыторыі Беларусі. З упэўненасцю магчыма сказаць, што гэта была першая спроба ў дадзеным накірунку даследаванняў.
Апрача таго, звесткі пра паўстанне былі ўключаны ў некалькі кніг аўтарства Ядкоўскага. Так, невялікі пасаж публіцыстычнага характару быў змешчаны ў гістарычным нарысе «Гродна» [21, s. 48–50], выдадзеным у Вільні ў 1923 г., а ў наступным — 1924-м — годзе выйшла з друку невялікая брашура «Па-дамініканская гімназія ў Гродне», прысвечаная яе гісторыі і дзейнасці, дзе таксама некалькі старонак прысвечаны ўдзелу гімназістаў у паўстанні [20, s. 29–32]. Галоўным чынам у ёй апісваецца іх спроба выехаць з Гродна на цягніку і падаецца спіс 19 з тых, хто намагаўся гэта зрабіць. Заканчваецца гэтая частка брашуры традыцыйным заклікам да «людзей добрай волі» папаўняць і выпраўляць «тое, што нам удалося выцягнуць на свет Божы». Варта адзначыць цікавую акалічнасць — значна раней гісторыю Гродзенскай гімназіі выдаў настаўнік і палітычны апанент Ядкоўскага Яўстафій Арлоўскі [11].
Апрача вышэй згаданага, Ядкоўскі імкнуўся папулярызаваць гісторыю паўстання праз месцы, звязаныя з ім. У прыватнасці, у выдадзеным ім турыстычным даведніку «Гродна і ваколіцы. Аўгустоўскія азёры. Сувалшчына» ён асобна звяртаў увагу патэнцыяльных падарожнікаў на неабходнасць наведаць урочышча Святое Балота, дзе ў 1863 г. адбыўся бой [22, s. 16–17].
Храналагічна апошняя з вядомых публікацый Ядкоўскага пра паўстанне з’явілася ў № 3 за 1933 г. выдання «Ваўкавыскі тыднёвік» і мела юбілейны характар, што і задавалася ў яе назве — «У 70 гадавіну студзеньскага паўстання» [29]. Яе пачатак даслоўна паўтарае першыя радкі яго артыкула «1863 год у Гродзенскім павеце (гл. вышэй) з тым толькі адрозненнем, што слова «Гродзеншчына» заменена на «Ваўкавыскі павет». Артыкул складаецца з дзвюх частак. У першай, якая служыла своеасаблівай прадмовай да другой, згаданы некаторыя асобы, якія бралі актыўны ўдзел у паўстанні альбо пацярпелі ў выніку рэпрэсій пасля яго. Падставай для гэтай часткі паслужылі, верагодна, папярэднія публікацыі Ядкоўскага, асабліва яго біяграфічны слоўнік.
Другая ж частка выклікае значна большую цікавасць, бо з’яўляецца публікацыяй мемуарнай крыніцы, знаходжанне якой невядома ў наш час — успамінаў пра падзеі паўстання ўраджэнца Ваўкавышчыны Фелікса Міхальскага, які іх «напісаў для Дзяржаўнага музея ў Гродне». Гэта сведчыць пра тое, што адпаведныя заклікі Ядкоўскага ў ранейшых публікацыях далі свой плён. Апублікаваная частка ўспамінаў мае невялікі аб’ём — усяго 16 абзацаў. Аднак яе каштоўнасць у тым, што гэта адзін з нешматлікіх мемуарных твораў пра падзеі паўстання ў Ваўкавыскім павеце, які напісаны непасрэдным, хоць малагадовым на той час, відавочцам. У ім згадваюцца назвы мясцовасцяў і апісваюцца асобныя выпадкі, а таксама называюцца канкрэтныя асобы, якія ўдзельнічалі ў падзеях, і падаюцца характарыстыкі некаторых з іх. Напрыклад, расійскі ваенны начальнік Ваўкавыскага павета Васіль Казанлі — «чалавек жорсткі», а пра яго ад’ютанта Станіслава Чымбаевіча «казалі, што быў чалавечым і карысным». Пра тое, што ўспаміны змешчаны ў артыкуле не цалкам, сведчаць некалькі скарачэнняў, пазначаныя шматкроп’ямі. Заканчваецца артыкул звычайным для Ядкоўскага заклікам «сабраць і перадаць наступным пакаленням» крыніцы і помнікі пра паўстанне, а таксама клапаціцца і ўшаноўваць магілы палеглых паўстанцаў.
Наконт паспяховасці заклікаў Ядкоўскага аб зборы матэрыялаў пра паўстанне неабходна таксама сказаць, што ў пачатку 1920-х гг. у Гродзенскі музей быў перададзены т.зв. «Альбом паўстанцаў», дзе змешчаны 90 партрэтных фотаздымкаў, з якіх каля 10 асоб, якія ўдзельнічалі ў паўстанні, і яшчэ некалькі сваякоў паўстанцаў [3, с. 155].
У гэтым жа 1933 г. Ядкоўскі удзельнічаў у працы т.зв. «Нядзельнага ўсеагульнага ўніверсітэта ў Гродне», які ўяўляў сабой цыкл лекцый, чытаных навукоўцамі горада для «самых шырокіх слаёў насельніцтва». Планавалася, што ў межах гэтага «ўніверсітэта» Ядкоўскі будзе спецыялізавацца на гісторыі і гісторыі мастацтва. Тэма яго першага выступлення, якое планавалася на 22 лютага як інаўгурацыйнае для ўсёй серыі, адпавядала яго ранейшым працам і мела назву «Студзеньскае паўстанне ў Гродзенскім павеце» [31]. Ужо праз 3 дні пасля выхаду паведамлення пра пачатак дзейнасці «ўніверсітэта» да нумара ад 21 студзеня гэтай жа газеты «Ostatnie Wiadomosci Grodzienskie» («Апошнія гродзенскія навіны») выйшаў 8-старонкавы дадатак пад назвай «Студзеньскае паўстанне 1863 года» [32]. Увогуле, на тэму лекцыйнай дзейнасці Ядкоўскага Снежка пісаў у сваіх успамінах: «З энергіяй і замілаваннем аддаваўся таксама Ядкоўскі папулярызацыі гісторыі свайго рэгіёну. З выступленнямі і рэфератамі на розныя тэмы, якія, аднак, заўжды тычыліся гісторыі, мастацтва, археалогіі ці этнаграфіі родных краёў, нястомна ездзіў амаль па ўсёй тагачаснай Польшчы» [36, s. 38].
Пасля выезду Ядкоўскага з Гродна ў 1930-я гг. даследаваннем паўстання 1863–1864 гг. ён больш не займаўся, і яго публікацый на гэтую тэму больш невядома.
Такім чынам, Юзаф Ядкоўскі зрабіў значны ўклад у даследаванне і папулярызацыю гісторыі паўстання 1863–1864 гг. на Гродзеншчыне. Да яго заслуг неабходна аднесці ўвядзенне ў навуковы ўжытак і публікацыю раней нявыкарыстаных крыніц, пераважна рукапісных матэрыялаў, якія захоўваліся ў Гродне, а таксама стварэнне першага біяграфічнага слоўніка ўдзельнікаў паўстання, якія паходзілі з Гродзенскага рэгіёна. Яму належыць таксама заслуга ў папулярызацыі сабраных звестак праз публікацыю ў перыядычнай прэсе, публічныя выступленні і ўключэнне памятных месцаў паўстання ў турыстычную сферу. Сведчаннем карысці і навуковай каштоўнасці яго прац з’яўляецца тое, што ў апошнія гады яго спадчына пачынае выклікаць усё большую цікавасць даследчыкаў, перакладацца на беларускую мову [14] і асэнсоўвацца [3].
Крыніцы і літаратура:
- Голос из Гродненской губернии // Вестник Юго-Западной и Западной России. — Год 2. — 1864. — Т. 1, ч. 7, отд. 4. — С. 57–59.
- Госцеў, А ., Швед, В. Ядкоўскі Юзаф // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. — Т. 6. — Кн. 2. — Мінск : БелЭн, 2003. — С. 288.
- Казак, Т., Вашкевіч, А. Паўстанне 1863 г. у навуковай спадчыне Юзафа Ядкоўскага // Гарадзенскі соцыум 2013. Гісторыя і памяць. XV–ХХ стст. / пад рэд. А. Ф. К раўцэвіча і А. Ф. Смаленчука. — Гародня: б/в, 2014. — С. 153–157.
- Какареко, В. Юзеф Иодковский: музейщик и нумизмат // Банкаўскі веснік. — Сакавік 2010. — С. 20–27.
- Крживицкий. Письмо из Гродна к редактору Московск[их] ведомостей // Вестник Юго-Западной и Западной России. — Год 2. — 1864. — Т. 2, ч. 6, отд. 4. — С. 344–345.
- Маевский, И. Гродненская процессия 14 августа 1861 года // Русская старина. — 1891. — Т. 70. — № 5. — С. 489–497.
- Митропольский И. А. Повстанье в Гродне в 1863–1864 годах. Из воспоминаний врача // Русский архив. — Год 33. — 1895. — Т. 1. — С. 129–156.
- [Мосолов А. Н.]. Виленские очерки 1863–1865 гг. Воспоминания очевидца. Часть вторая. С 25-го мая 1864 года // Русская старина. — Год 14. — 1883. — Т. 40. — С. 181–200, 391–406, 573–628; Год 15. — 1884. — Т. 41. — С. 15–60.
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. — Ф. 1416. — Воп. 6. — Спр. 328. — Справа паводле паведамлення Гродзенскага губернскага праўлення ад 31 снежня [1863 года] за № 10239 пра пошук маёмасці і капіталаў розных асоб, што бралі ўдзел у паўстанні, для канфіскацыі ў казну. 31.12.1863–17.07.1866. — 37 арк.
- Орловский, Е. Граф М. Н. Муравьев как деятель над укреплением прав русской народности в Гродненской губернии 1831–1835 и 1863–1865. — Гродно: Губ. типогр., 1898. — 31 с.
- Орловский, Е. Ф. Исторический очерк Гродненской гимназии. — Гродно: Паровая лито-типография С. Лапина, 1901. — 119 с.
- Славутинский, С. Т. Город Гродно и Гродненская губерния во время последнего польского мятежа. (Отрывок из воспоминаний) // Исторический вестник. — 1889. — Т. 37. — № 7. — С. 53–79, № 8. — С. 271–295.
- Шоцік, В. Юзаф Ядкоўскі і яго роля ў стварэнні кнігазбору Гарадзенскага гісторыка-археалагічнага музея // Гістарычны альманах. — Т. 2. — Гародня, 1999. — С. 116–121.
- Ядкоўскі, Ю. 1863 год у Гродзенскім павеце / пераклад з пол. мовы, рэд. і каментары Т. Казак, В. Герасімчыка і А. Вашкевіча // Горад Святога Губерта: Альманах лакальнай гісторыі. — Вып. VІII / рэдкал.: А. Смалянчук [і інш.]. — Гродна: б/в, 2014. — С. 14–67.
- Aramowicz, I. Pamiętnik o ruchu partyzanckim, w województwie grodzieńskiem, w 1863 i 1864 r. — Bendlikon: w Drukarni “Ojczyzny”, 1865. — 84 s. — (Marzenia)
- Długosz, J. Oddziały powstańcze roku 1863 w gubernii grodzieńskiej // Przegląd Narodowy. — 1912. — S. 67–86.
- Dubiecki, M. Romuald Traugutt i jego dyktatura podczas powstania styczniowego 1863–1864. — 2-e wyd., powiększone. — Kraków: G. Gebethner, 1907. — 216 s.
- Giller, A. Historia powstania narodu polskiego. — T. 1–4. — Paryż, 1867–1871.
- Hoppe, S. Jodkowski Józef // Polski słownik biograficzny. — T. 11. — Wrocław [etc.]: Zakład Narodowy imienia Ossolińskich; Wydawnictwo Polskiej Akademii Nauk, 1964–1965. — S. 258–259.
- Jodkowski, J. Gimnazjum po-dominikańskie w Grodnie. — Grodno: Nakładem Muzeum Państwowego w Grodnie, 1924. — 39 s.
- Jodkowski, J. Grodno: z 28 ilustracjami i planem miasta. — Wilno: Nakładem księgarni J. Zawadzkiego w Wilnie, 1923. — 119 s.
- Jodkowski, J. Grodno i okolice. Jeziora Augustowskie. Suwalszczyzna. Przewodnik turystyczny. — Grodno: Komisja turystyczna przy Zarządzie Miejskim w Grodnie, 1934. — 28 s., tabl. 1.
- Jodkowski, J. Rok 1863 a grodzieńska młodzież szkolna // Dziennik wileński. — R. 2. — 1907. — № 200. — S. 1–2.
- Jodkowski, J. Rok 1863 w powiecie grodzieńskim // Echo Grodzieńskie. — R. 4: 1921. — № 18. — 23.01.1921. — S. 1–2; № 28. — 05.02.1921. — S. 3; № 31. — 09.02.1921. — S. 3; № 32. — 10.02.1921. — S. 3; № 33. — 11.02.1921. — S. 3; № 34. — 12.02.1921. — S. 3; № 36. — 15.02.1921. — S. 3; № 160. — 21.07.1921. — S. 3; № 162. — 23.07.1921. — S. 2; № 166. — 28.07.1921. — S. 2; № 167. — 29.07.1921. — S. 2–3; № 168. — 30.07.1921. — S. 2; № 169. — 31.07.1921. — S. 2; № 171. — S. 3; № 172. — S. 2–3; № 173. — S. 2; № 174. — S. 4; № 175. — S. 2; № 176. — S. 2; № 177. — S. 2; № 179. — S. 2.
- Jodkowski, J. Rok 1863 w powiecie Grodzieńskim (Notatki i uzupełnienia) // Echo Grodzieńskie. — № 17. — 23.01.1923. — S. 2–3.
- Jodkowski, J. Romuald Traugutt // Echo Grodzieńskie. — № 174. — 06.08.1921. — S. 2.
- Jodkowski, J. Sylwety z roku 1863 // Nowe Życie. — № 8. — 24.01.1926. — S. 2–3.
- Jodkowski, J. Święte Błoto // Echo Grodzieńskie. — № 77. — 07.04.1921. — S. 4.
- Jodkowski, J. W 70 rocznicę powstania styczniowego // Tygodnik wołkowyski. — 1933. — № 3. — S. 1–2.
- Koźmian, S. Rok 1863. — T. I–III. — Warszawa, 1903.
- Niedzielny Uniwersytet Powszechny w Grodnie // Ostatnie Wiadomości Grodzieńskie. — 1933. — 18 stycznia. — S. 6.
- Powstanie Styczniowe 1863 roku // Ostatnie Wiadomości Grodzieńskie. — 1933. — 21 stycznia. — Dodatek. — 8 s.
- Przyborowski, W. Dzieje 1863 roku / przez autora „Historyi dwóch lat”. — T. 1–3. — Kraków: W. L. Anczyc, 1897–1902.
- Rożański, F. Z województwa grodzieńskiego // W czterdziestą rocznicę powstania styczmiowego. — Lwów: Komitet Wydawniczy, 1903. — S. 396–400.
- Szukiewicz, W. Wspomnienie z r. 1863 // Kalendarz wydany staraniem katolickiego Towarzystwa Dobroczynności przy Kościele Św. Katarzyny w Petersburgu. — R. 13. — 1908. — S. 96–101.
- Śnieżko, A. Wydobył z ziemi gród, o którym nikt nie wiedział: Wspomnienie o Józefie Jodkowskim. — Białystok: Białostockie Towarzystwo Naukowe, 2000. — 156 s. (Prace Białostockiego Towarzystwa Naukowego. — № 45).
Апублікавана ў: Архіварыус: зб. навук. паведамл. і арт. ; вып. 13 / рэд.: Ю. М. Бохан [і інш.]. – Мінск : НГАБ, 2015. – С. 174–188.