«Ад архіварыусаў да архівістаў»: выстава дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, прысвечаная 100-годдзю дзяржаўнай архіўнай службы Беларусі

Вызначальнай падзеяй у станаўленні Дзаржаўнай архіўнай службы Беларусі стала пастанова Прэзідыума Цэнтральнага выканаўчага камітэта (далей – ЦВК) Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь ад 12 верасня 1922 года, паводле якой быў створаны адзіны Дзяржаўны архіўны фонд Беларусі ў якасці Цэнтральнага архіва Беларусі. У 1923 годзе на пасаду загадчыка Цэнтрархіва быў прызначаны вядомы дзяржаўны і грамадскі дзеяч пісьменнік Зміцер Жылуновіч. Цэнтрархівам і яго рэгіянальнымі аддзяленнямі была разгорнута праца па выяўленні, уліку і перадачы на захаванне ў Дзяржаўны архіўны фонд гістарычных дакументаў і матэрыялаў.

Завяршылася станаўленне Цэнтрархіва як органа па кіраванні архіўнай справай у 1924 годзе, калі ў склад БССР была вернута большая частка тэрыторый былых Віцебскай і Магілёўскай губерняў. У 1927 годзе адбылася рэарганізацыя архіўнай службы рэспублікі, было створана Цэнтральнае архіўнае ўпраўленне БССР. Найбольш каштоўныя гістарычныя дакументы павінны былі захоўвацца ў Цэнтральным архіве Кастрычніцкай рэвалюцыі БССР, а таксама ў Мінскім, Віцебскім і Магілёўскім гістарычных архівах і ў архівах, якія былі створаны ў акруговых цэнтрах рэспублікі.

У 1938 годзе адбылася карэнная рэарганізацыя архіўных органаў у БССР. Паводле пастановы Прэзідыума ЦВК БССР ад 5 ліпеня 1938 года пры абласных выканаўчых камітэтах былі створаны абласныя архіўныя ўпраўленні, а ў Віцебску, Гомелі, Мазыры, Мінску і Магілёве створаны абласныя дзяржаўныя архівы.

Паводле згаданай вышэй пастановы Прэзідыума ЦВК ад 5 ліпеня 1938 года Магілеўскі гістарычны архіў быў рэарганізаваны ў Цэнтральны гістарычны архіў БССР (у 1943 годзе ён атрымаў афійцыйную назву Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў БССР). Гэтая падзея лічыцца афіцыйнай датай заснавання Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. На самой справе гісторыя фарміравання архіва пачалася значна раней, калі ў 1919 годзе было створана архівасховішча Магілёўскага архіўнага бюро. У 1924 годзе архівасховішча было рэарганізавана ў акруговы архіў, у 1927 годзе быў створаны Магілёўскі гістарычны архіў, рэарганізаваны ў 1930 годзе ў аддзяленне Цэнтральнага архіўнага ўпраўлення БССР, пры якім заснаваны гістарычны архіў. Папярэднікамі нашага архіва лічацца Віцебскі архіў старажытных актавых кніг, створаны ў 1852–1862 гадах, Нясвіжскі архіў князёў Радзівілаў, заснаваны ў сярэдзіне XVI стагоддзя, а таксама шматлікія архівы дзяржаўных устаноў Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай губерняў, створаныя ў 2-й палове XVIII – пачатку XX стагоддзя.

Да 1941 года ў Цэнтральным гістарычным архіве БССР было сканцэнтравана больш за 1560 архіўных фондаў, у якіх налічвалася больш за 380 тысяч архіўных спраў. У гады Вялікай Айчыннай вайны Цэнтральны гістарычны архіў БССР панес велізарныя страты: былі спалены яго будынкі, цалкам страчаны навукова-даведачны апарат, а таксама большая частка архіўных дакументаў. Германскія акупацыйныя ўлады вывезлі частку дакументальных матэрыялаў у Рыгу і Германію. Пасля вызвалення Магілёва ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 28 чэрвеня 1944 года ў горадзе ўдалося выявіць толькі 44 архіўныя справы з фондаў гістарычнага архіва. Супрацоўнікі архіва адразу пачалі рээвакуацыю і ўлік дакументаў і аднаўленне страчанага навукова-даведачнага апарата. Удалося аднавіць прыкладна 10% дакументальных матэрыялаў, якія захоўваліся ў архіве да 1941 года. Гэта толькі каля 38 тысяч архіўных спраў з 700 фондаў. Адначасова пачаўся працэс перадачы архіву дарэвалюцыйных архіўных матэрыялаў, якія захоўваліся ў абласных архівах. У першую чаргу, у 1947 годзе былі перададзены дакументы, якія захоўваліся ў дзяржаўных архівах Віцебскай і Гомельскай абласцей.

Паводле пастановы Савета Міністраў БССР ад 11 лістапада 1963 года, Цэнтральны гістарычны архіў БССР быў пераведзены з Магілёва ў Мінск. Адначасова яму былі перададзены дакументы дарэвалюцыйных фондаў з Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці, у тым ліку знакаміты архіў Радзівілаў XVI – пачатку XX стагоддя, які да 1939 года захоўваўся ў Нясвіжскім замку, а таксама комплекс старажытных актаў з ЦДГА БССР у Гродна. З 1992 па 1995 гады архіў уваходзіў у склад Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Паводле рашэння Дзяржаўнага камітэта па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь ад 12 чэрвеня 1995 года, былы Цэнтральны гістарычны архіў БССР быў выведзены са складу Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і ператвораны ў самастойны Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.

Сёння наш архіў налічвае больш за 1 мільён архіўных спраў, якія захоўваюцца ў 3150 архіўных фондах. Гэтыя дакументальныя матэрыялы – сапраўдныя ўнікальныя помнікі нацыянальнай культуры, якія ствараліся цягам стагоддзяў. Комплекс дакументаў перыяду Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай прадстаўлены пергаментнымі граматамі XIV–XVII стагоддяў, самая старажытная з якіх датуецца 1391 годам. Актавыя кнігі судовых устаноў XV–XVIII стагоддяў з’яўляюцца ўнікальнай крыніцай для вывучэння самых разнастайных аспектаў гісторыі Беларусі гэтага перыяду: палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага жыцця народаў Беларусі.

Гісторыя Беларусі перыяду яе ўваходжання ў склад Расійскай імперыі з 2-й паловы XVIII да пачатку XX стагоддзя прадстаўлена ў фондах устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў Беларускай, Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай і Полацкай губерняў. Вялікую каштоўнасць маюць фонды рэлігійных устаноў: праваслаўнай, уніяцкай, рымска-каталіцкай, евангеліцка-лютэранскай і іудзейскай канфесій. Архіў захоўвае фонды асабістага паходжання, у тым ліку знакаміты архіў князёў Радзівілаў. На працягу дзейнасці архіва сфарміраваліся комплексы калекцый дакументаў, а таксама мікрафотакопій і электронных копій дакументаў па гісторыі Беларусі, перададзеных Нацыянальнаму гістарычнаму архіву Беларусі з іншых архіўных устаноў.

За апошнія гады нашы архівісты прымусілі гаварыць пра свае навуковыя дасягненні не толькі ў Беларусі, а і за яе межамі. Архіў актыўна развіваецца, укараняе сучасныя архіўныя тэхналогіі, праводзіць сур’ёзную працу па вывучэнні і папулярызацыі дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Беларусі. Цяперашняе пакаленне архівістаў сваёй штодзённай руплівай працай працягвае традыцыі нашых папярэднікаў у справе выканання пачэснай і адказнай місіі па захаванні для будучых пакаленняў багатай гісторыка-дакументальнай спадчыны нашай краіны.

Аўтары-складальнікі: 
У.М. Дзянісаў, Д.Ч. Матвейчык, В.У. Шылай
Год выставы: 
2022