ТРЫ ПАКАЛЕННІ СЯМ’І ДЗЯНІСАВЫХ У ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ: ФОТА З СЯМЕЙНАГА АРХІВА, ДАКУМЕНТЫ З ФОНДАЎ НАЦЫЯНАЛЬНАГА ГІСТАРЫЧНАГА АРХІВА БЕЛАРУСІ

Звестак пра жыццё і дзейнасць першага вядомага прадстаўніка сям’і Дзянісавых – Ягора Дзянісавіча Дзянісава, які ў другой палове XIX – пачатку XX стагоддзя жыў у вёсцы Кляпчаны Цараўскай воласці Слуцкага павета, – захавалася няшмат. Паводле ўспамінаў яго ўнука Захара Мікалаевіча Дзянісава, захавалася сямейнае паданне, што Ягор Дзянісаў пасварыўся з памешчыкам, якому ён належаў, уцёк і хаваўся ў лесе. Пазней яго схапілі і адразу аддалі ў рэкруты. Ягору Дзянісаву давялося служыць у царскай арміі 25 гадоў. Ён удзельнічаў у ваенных дзеяннях, у тым ліку ў Крымскай вайне 1853–1856 гадоў, і быў узнагароджаны некалькімі медалямі. Першая вядомая згадка пра яго ў дакументах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі датуецца 2 мая 1865 года, калі ён быў звольнены з вайсковай службы і пасяліўся ў вёсцы Кляпчаны, якая адносілася да Навадворскай сельскай грамады Цараўскай воласці. Тут ён ажаніўся з дзяўчынай, якую звалі Еўфрасіння, але калі гэта адбылося, невядома. Не ўдалося ўстанавіць таксама дзявочае прозвішча яго жонкі, бо метрычныя кнігі, споведныя ведамасці і іншыя дакументы Цараўскай праваслаўнай царквы за другую палову XIX – пачатак XX стагоддзя, да якой адносіліся жыхары вёскі Кляпчаны, не захаваліся.

Сям’я  Ягора  Дзянісавіча  Дзянісава. Горад Слуцк. Фатаграфія С. Юхніна. Пачатак XX ст.

Першы афіцыйны дакумент, звязаны з сям’ёй Ягора Дзянісава, – гэта дадатковая рэвізская сказка за 1872 год, у якую быў унесены сам гаспадар, яго жонка Еўфрасіння Васільеўна, сыны Іван і Мікалай, а таксама дзве дачкі – Улляна і Марыя. Звестак аб іншых яго дзецях, якія нарадзіліся пасля складання рэвізскай сказкі 1872 года, выявіць не ўдалося паводле згаданых вышэй прычын. У 1877 годзе Ягор Дзянісаў звярнуўся да мінскага губернатара з прашэннем дазволіць набыць у вёсцы Кляпчаны пляц зямлі памерам больш за 7 дзесяцін у памешчыка князя Пятра Вітгенштэйна. Дазвол быў атрыманы, і 6 кастрычніка 1877 года купчая крэпасць на зямельны пляц была заверана ў Мінскай аб’яднанай палаце крымінальнага і грамадзянскага суда. Канчаткова ўласнасць на гэтую зямлю была замацавана ў 1878 годзе. Удалося выявіць звесткі пра тое, што пасля сваёй адстаўкі і да самой смерці Ягор Дзянісаў атрымліваў невялікую дзяржаўную пенсію, якая ў канцы яго жыцця складала 16 рублёў 96 капеек у год. Дзякуючы гэтым пенсійным дакументам, удалося высветліць дакладную дату яго смерці – 14 чэрвеня 1904 года. Пахаваны ён на могілках у вёсцы Кляпчаны.

Захаваўся фотаздымак сям’і Ягора Дзянісава, зроблены каля 1900 года ў фотамайстэрні вядомага слуцкага фатографа С. Юхніна, на якім бачны Ягор Дзянісавіч Дзянісаў, яго жонка Еўфрасіння Васільеўна ў вельмі цікавым жаночым строі, характэрным для Слуцкага рэгіёна. За бацькамі стаяць іх тры сыны: злева направа – Іван, Кузьма і Мікалай.

Афіцэр расійскай арміі А. М. Дзянісаў на фронце падчас Першай сусветнай вайны. Фатаграфія 1914 г.

Старэйшы сын Іван рана памёр ад сухотаў. У яго было некалькі дзяцей, у тым ліку сын Іван. Малодшы сын Андрэй не меў дзяцей. У Першую сусветную вайну ён быў атручаны газамі, пасля вайны хварэў і хутка памёр.

На гаспадарцы ў вёсцы Кляпчаны пасля смерці Ягора Дзянісава засталіся яго два сыны – Мікалай і Кузьма. У пачатку XX стагоддзя кожны з іх меў больш за 7 дзесяцін зямлі, таму яны абодва трапілі ў спісы выбаршчыкаў у Дзяржаўную Думу Расійскай імперыі. Кузьма Дзянісаў больш займаўся сельскай гаспадаркай і стаў вельмі заможным селянінам. У пачатку XX стагоддзя меў свой млын. У яго было 4 дзяцей: сын і 3 дачкі. У 1930 годзе яго маёмасць падчас гвальоўнай калектывізацыі была канфіскавана, а ўся яго сям’я выслана ў Котласкі раён Архангельскай вобласці, дзе ён і загінуў. Дзеці Кузьмы Дзянісава вярнуліся на радзіму ў Кляпчаны толькі пасля Вялікай Айчыннай вайны.

У Мікалая Ягоравіча Дзянісава была вялікая сям’я. Паводле пасямейнага спіса 1904 года ён меў 11 дзяцей (двое з іх памерлі ў маленстве). Мікалай Ягоравіч быў вядомы пчаляр, ён прадаваў свой мёд не толькі ў Слуцкім павеце, але і за яго межамі. У лепшыя часы яго пасека налічвала каля 100 вуллёў.

Перад Першай сусветнай вайной Мікалай Дзянісаў і некалькі яго суседдзяў вырашылі набыць невялікі маёнтак Міклашэўшчына, які знаходзіўся недалёка ад вёскі Кляпчаны на беразе ракі Случ, таксама ў Цараўскай воласці, і ўся сям’я пераехала туды.

У 1917 годзе амаль уся сям’я Мікалая Дзянісава сабралася ў фальварку, і на фоне сядзібнага дома быў зроблены фотаздымак. У цэнтры – Мікалай Дзянісаў з жонкай Яўхіміяй Антонаўнай, злева направа стаяць іх сыны і зяці: Васіль Сухавера, малодшы сын Васіль, старэйшы сын Андрэй, Гаўрыіл Дзянісавы і Сяргей Захараў. На пярэднім плане дочкі: Наталля з першай унучкай Любай на руках, Марыя, Аляксандра, Вольга і Варвара.

Фотаздымак сям’і селяніна М. Я. Дзянісава, зроблены ў фальварку Міклашэўшчына Цараўскай воласці Слуцкага павета ў 1917 годзе

Лёс усіх дзяцей Мікалая Дзянісава склаўся па-рознаму. Андрэй Мікалаевіч Дзянісаў спачатку скончыў Слуцкае гарадское, потым Горацкае землямерна-агранамічнае вучылішчы. Быў накіраваны ў Палтаву, адтуль быў прызваны ў армію, трапіў у школу прапаршчыкаў і з 1914 па 1917 год ваяваў на франтах Першай сусветнай вайны, даслужыўся да звання капітана, меў некалькі баявых узнагарод. Пасля рэвалюцыі і грамадзянскай вайны працаваў аграномам і землямерам, пазней ляснічым. У 1937 годзе ён быў аршытаваны і расстраляны. У 1958 годзе пасмяротна рэабілітаваны.

Гаўрыіл Дзянісаў таксама ваяваў у Першую сусветную вайну. Пасля вяртання з фронту працаваў разам з бацькам на гаспадарцы і стаў, таксама як бацька, вядомым пчаляром. У 1930 годзе яго маёмасць была канфіскавана, а сам ён разам з жонкай, як кулак, быў высланы за межы БССР. Яго сыны, Барыс і Юрый, засталіся ў сям’і дзеда Мікалая. Барыс і Юрый у гады Вялікай Айчыннай вайны былі ўдзельнікамі партызанскага руху на Случчыне. Барыс загінуў пры выкананні баявога задання ў пачатку 1944 года, у яго гонар ў вёсцы Кляпчаны названа вуліца.

Малодшы сын Мікалая Дзянісава – Васіль Мікалаевіч Дзянісаў – стаў інжынерам-тэхнолагам, кіраваў рознымі прадпрыемствамі. Пасля Вялікай Айчыннай вайны жыў у Днепрапятроўску.

Захар Мікалаевіч Дзянісаў, як і яго старэйшы брат Андрэй, скончыў Слуцкае гарадское вучылішча. Потым паехаў у Санкт-Пецярбург працягваць адукацыю. Ён любіў успамінаць, як хадзіў слухаць выступленні Фёдара Шаляпіна ў Народным Доме. У пачатку Першай сусветнай вайны быў мабілізаваны ў армію, на фронце быў паранены і камісаваны. Скончыў Сельскагаспадарчую акадэмію імя Цеміразева, выкладаў у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі ў Горках і адначасова займаўся даследаваннем флоры і фаўны беларускіх балотаў. У 1930-я гады стаў адным з вядучых беларускіх спецыялістаў у галіне балотазнаўства. У 2-й палове 1930-х гадоў перавёўся ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у Мінску, дзе на біялагічным факультэце ўзначаліў кафедру сістэматыкі раслін, і адначасова працаваў у навукова-даследчым інстытуце балотнай гаспадаркі. Жыў па суседстве і сябраваў з Якубам Коласам. У гады Вялікай Айчыннай вайны застаўся ў акупаваным Мінску, быў звязаны з антыфашысцкім падполлем. Пасля вайны працягваў выкладчыцкую дзейнасць да 80-гадовага ўзросту. Памёр у 1978 годзе, пахаваны на Паўночных могілках у Мінску. Частка яго навуковай спадчыны захоўваецца ў зборах Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Загадчык кафедры сістэматыкі раслін біялагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Захар Мікалаевіч Дзянісаў  (першы злева) з супрацоўнікамі кафедры. Фатаграфія 1930-х гадоў

Наталля Мікалаеўна Дзянісава выйшла замуж за настаўніка Васіля Сухаверу, перад Вялікай Айчыннай вайной іх сям’я жыла ў Ленінградзе. Іх старэйшы сын Расціслаў паступіў у аспірантуру, але загінуў падчас ленінградскай блакады. Варвара Мікалаеўна Дзянісава выйшла замуж за Сяргея Захарава. Іх 5 сыноў удзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. Марыя Мікалаеўна Дзянісава выйшла замуж за Рыгора Куцэбу, іх сям’я пасялілася ў Баку. Іх дачка Людміла ў 1943 годзе была дэсантавана ў тыл ворага ў Слуцкі раён і да 1944 года ваявала ў атрадзе імя Дзяржынскага 95-й партызанскай брыгады імя Фрунзе.

Аляксандра Мікалаеўна Дзянісава паехала вучыцца ў Ленінград, паступіла ў Педагагічны інстытут і да 1941 года працавала настаўніцай. Падчас Вялікай Айчыннай вайны яе муж Антон Бранкевіч добраахвотнікам пайшоў на фронт, а яна засталася ў блакадным Ленінградзе, працавала ў дзіцячым доме і ратавала дзяцей. У канцы 1942 года разам з дзіцячым домам была эвакуявана праз Ладажскае возера ў Сібір. Пасля Вялікай Айчыннай вайны жыла ў Мінску, памерла ў 1987 годзе, пахавана на Паўночных могілках.

Малодшая дачка Мікалая Ягоравіча Дзянісава, Вольга, выйшла замуж за Паўла Дубіскага і ўсё жыццё пражыла ў Слуцку.

Аўтары-складальнікі: 
У.М. Дзянісаў
Год выставы: 
2022