Адольф Янушкевіч і яго спадчына

Імя Адольфа Янушкевіча належыць да той плеяды беларускіх літаратараў першай паловы ХІХ ст., якія самым шчыльным чынам былі звязаны з грамадска-палітычным рухам: Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Адам Чачот, Леанард Ходзька, Юльян Урсын-Нямцэвіч і шматлікія іншыя. І хаця пры жыцці ні ён сам, ні яго сучаснікі не разглядалі яго дзейнасці як літаратурную, яго «Лісты з кіргізскіх стэпаў» з’яўляюцца на сённяшні дзень каштоўным пісьменніцкім здабыткам.

Адольф-Міхал-Леанард Янушкевіч нарадзіўся 28 траўня 1803 г. у г. Нясвіжы ў сям’і генеральнага рахункавода ўладанняў віленскага ваяводы князя Міхала Радзівіла, які з 1796 г. паступіў на службу ва ўладанні князя Дамініка Радзівіла, Міхала Тамашавіча (нар. 26.01.1772) і Тэклі Сакалоўскай (нар. каля 1788). Ён быў старэйшым з 4 сыноў у сям’і і меў яшчэ братоў Яўстаха (нар. 26.11.1805), Рамуальда (нар. 31.03.1808) і Януарыя (нар. 30.01.1816) і сясцёр Зоф’ю, Юлію і Касільду (сёстры Каміла і Валерыя памерлі ў маленстве). Міхал Янушкевіч 26 красавіка 1821 г. у Вільні разам з жонкай ад пракуратара Масы княгіні Стэфаніі Радзівіл Міхала Залескага атрымаў дакумент на права валодання маёнткам Дзягільна Мінскага павета. У далейшым было аформлена права спадчыннага валодання гэтым маёнткам, і Дзягільна надоўга стала родавым гняздом сям’і Янушкевічаў.

Адольф скончыў 3 класы Нясвіжскай дамініканскай школы, пасля чаго выхоўваўся ў сям’і бяздзетнага дзядзькі свайго бацькі ў Падольскай губерні. У 1819–1821 гг. ён вучыўся ў Вінніцкай гімназіі, у 1821–1823 гг. – у Віленскім ўніверсітэце, вядомым сваімі студэнцкімі таварыствамі і вальнадумствам. Да студэнцкага перыяду яго жыцця адносяцца яго першыя творы, напрыклад сентыментальная дума «Мелітон і Эвеліна» (1821), надрукаваная ў «Віленскай газеце» («Dzienniku Wilenskim»).

Пасля гучных універсітэцкіх працэсаў філаматаў і філарэтаў, у 1823 г. Адольф вярнуўся на Падолле і асеў у г. Камянцы. Тут ён пачаў кар’еру чыноўніка і паступіў на службу засядальнікам Падольскай палаты цывільнага суда (альбо інакш 2 га Дэпартамента Галоўнага Падольскага суда). У 1829 г. ён пакінуў службу і ў сувязі са складаным станам здароўя выехаў за мяжу. Падарожнічаў па Германіі, Паўднёвай Францыі і Італіі, пасля чаго вярнуўся на радзіму.

Новы этап у яго жыцці пачаўся ў 1830 г., калі на землях былой Рэчы Паспалітай выбухнула нацыянальна-вызваленчае паўстанне. У снежні 1830 г. Янушкевіч перабіраецца ў Вільню, пасля чаго – у Коўна, адкуль – у сталіцу паўстання Варшаву. Тут ён увайшоў у склад Камітэта Літоўска-Валынскага легіёна, дзе выконваў абавязкі касіра. У сакавіку 1831 г. ён атрымаў чын падпаручніка і пасаду ад’ютанта камандзіра коннай часткі гэтага легіёна. У адным з баёў ён атрымаў 7 раненняў і трапіў у палон. На гэтым для яго ўдзел у паўстанні скончыўся. Пасля паланення ён быў вывезены ў Вятку, адкуль перавезены ў Кіеў. Рашэннем ваеннага суда першапачаткова быў прысуджаны да смяротнага пакарання, але канфірмацыяй камандуючага 1 й арміяй Фабіяна фон Остэн Сакена ад 27 лютага 1832 г. яно заменена на ссылку ў Сібір з канфіскацыяй маёмасці.

У паўстанні бралі ўдзел таксама двое яго братоў – Яўстах і Рамуальд, якія пасля паражэння адправіліся ў эміграцыю. Яўстах стаў вядомым выдаўцом і літаратарам, Рамуальд – адным з найбольш гарачых прыхільнікаў такога эміграцыйнага паўмістычнага вучэння як тавянізм. Ніводзін з іх больш не вярнуўся на радзіму і не бачыў Адольфа.

У 1832 г. Янушкевіч быў высланы ў Табольск, з чаго пачаўся яго больш чым 20 гадовы этап жыцця ў ссылцы. З 1833 г. ён жыў у г. Ішыме, дзе набыў дом і стварыў бібліятэку для ссыльных. У 1839–1840 гг. ён пераклаў «Гісторыю заваявання Англіі нарманамі» Агюстэна Цьеры. Са жніўня 1841 г. жыў у г. Омску, адкуль у 1846 г. адправіўся ў экспедыцыю ў Ала-Тулаў. У 1853 г. атрымаў дазвол і перасяліўся з Омска ў г. Ніжні Тагіл Пермскай губ., дзе служыў бібліятэкарам. Толькі ў 1856 г. ён атрымаў амністыю, паводле якой змог вярнуцца на радзіму, але ўжо з моцна падарваным здароўем – цяжка хворы на сухоты. Менш чым праз год – 6 чэрвеня 1857 г. – ён памер у маёнтку маці.

Са ссылкі Янушкевіч пісаў маці лісты, дзе апісваў сваё жыццё і свае ўражанні ад тых мясцовасцяў, дзе знаходзіўся. Ужо ў хуткім часе пасля яго смерці гэтыя лісты разам з яго дзённікавымі нататкамі былі перададзены за мяжу і трапілі да яго брата Яўстаха, які ў той час ужо меў сродкі і багаты вопыт для іх выдання. Сумесна з яшчэ адным эмігрантам – ураджэнцам Троцкага павета Феліксам Уратноўскім – ім было выпушчана ў свет аб’ёмнае выданне пад назвай «Жыццё Адольфа Янушкевіча і яго лісты з кіргізскіх стэпаў» («Żywot Adolfa Januszkiewicza i jego listy ze stepów kirgizkich»). Кніга складаецца з некалькіх частак – падрабязнага жыццяпісу Адольфа Янушкевіча на 240 старонак, уласна яго лістоў і дзённіка падарожжа па Сібіры (больш за 330 старонак). Пераклад яго нататак на рускую мову быў выдадзены яшчэ ў савецкі час. На беларускую яны былі перакладзены зусім нядаўна. Да гэтага часу кніга застаецца помнікам сасланым з Беларусі удзельнікам нацыянальна-вызваленчага руху, як гэта і задумвалася яе выдаўцамі.

* * *

У фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі захоўваюцца матэрыялы, якія асвятляюць гісторыю роду Янушкевічаў пасля іх прыбыцця і пасялення ў Мінскай губерні. Копіі дакументаў, прадстаўленыя на гэтай выставе, тычацца гісторыі сям’і Янушкевічаў ў ХІХ ст. і іх маёнтка Дзягільна, а таксама ўдзелу Адольфа Янушкевіча і яго братоў у паўстанні 1830–1831 гг. Найбольш каштоўныя дакументы па гісторыі роду захоўваюцца ў справе аб дваранскім паходжанні роду Янушкевічаў, якая вялася ў Мінскім дваранскім дэпутацкім сходзе. Сярод іншага на выставе прадстаўлены пастановы Мінскага і Віленскага дэпутацкіх сходаў аб прызнанні роду ў правах расійскага дваранства і копія ўказа Сената аб зацвярджэнні гэтых пастаноў, генеалагічная табліца роду, прашэнні прадстаўнікоў роду ў дэпутацкі сход і копіі атрыманых пасведчанняў. Да дакументаў, якія тычацца ўдзелу ў паўстанні Адольфа Янушкевічаў і наступстваў гэтага, адносяцца копіі запісаў у алфавітным спісе асоб, што фігуравалі ў перапісцы Мінскай следчай камісіі па справах паўстання 1830–1831 гг., пра ўдзел у паўстанні трох братоў Янушкевічаў (Адольфа, Рамуальда і Яўстаха), пастанова гэтай камісіі па справе братоў і пратакол пасяджэння Мінскага губернскага праўлення аб накладанні забароны на маёнтак Дзягільна. У архіве захавалася нямала матэрыялаў па гісторыі маёнтка падчас яго знаходжання ва ўласнасці Янушкевічаў. На выставе прадстаўлены дакументы пра пераход маёнтка да роду ў 1820 я гг. і продаж яго ў 1878 г., гаспадарчыя інвентары і вопісы пабудоў маёнтка, матэрыялы следчых і судовых спраў, якія вяліся наконт яго, і інш. Для папаўнення біяграфічных звестак на выставе прадстаўлены некалькі копій метрычных запісаў аб нараджэнні Адольфа Янушкевіча і смерці яго бацькоў.

Варта заўважыць, што фармат выставы не дазваляе падаць усе вядомыя дакументы, што тычацца роду Янушкевічаў, – тут прадстаўлена толькі іх невялікая частка. У фондах жа архіва захоўваецца яшчэ вялікая колькасць цікавых матэрыялаў, што асвятляюць самыя разнастайныя бакі яго гісторыі ў ХІХ ст.

Дзмітрый Матвейчык


Асноўная бібліяграфія:

  1. Гарбачова В.В. Удзельнiкi паўстання 1830–1831 гг. на Беларусi. Бiябiблiяграфiчны слоўнiк. – Мінск: БДУ, 2004. – С. 380–381.
  2. Жыцьцё Адольфа Янушкевіча і яго Лісты з кіргіскіх стэпаў. – Т. І / пер. з пол. мовы, прадм. і камэнт. Г. Суднік Матусэвіч. Мінск: Медисонт, 2008. – 208 с.
  3. Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX стагоддзе: 3 гісторыі беларускай літаратуры, мастацтва і культуры. Навукова-папулярныя нарысы. – Мн. Народная асвета, 1969.
  4. Мархель У. Янушкевіч Адольф Міхал Валерын Юльян // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. – Т. 6, кн. ІІ. – Мінск: БелЭн, 2003. – С. 298.
  5. Матвейчык Дз.Ч. Браты Янушкевічы і тавянізм: складаныя шляхі эміграцыі // Асоба і час: Беларускі біяграфічны альманах. – Вып. 2. – Мн.: Лімарыус, 2010. – С. 115–129.
  6. Матвейчык Дз.Ч. Выгнаныя з роднага краю: Паслялістападаўская эміграцыя з Беларусі і Літвы (1830–1870 я гады). – Мінск: Лімарыус, 2011. – 200 с. : іл.
  7. Янушкевич А. Дневники и письма из путешествия по казахским степям. – Алма-Ата, 1966.
  8. Янушкевіч Я. Успаміны (1805–1831) / уклад., пер. з пол. мовы, уступ. арт., камент., паказ. В.В. Гарбачовай. – Мінск: Лімарыус, 2011. – 256 с.: іл. – (Беларуская мемуарная бібліятэка).
  9. Januszkiewicz A. Listy z Syberii / Wybór, opracowanie i przypisy H. Geber, 2003.
  10. Odrowąż-Pieniążek J. Januszkiewicz Adolf Michał Walerian Julian // Polski Słownik Biograficzny. – T. 10. – Wrocław, etc.: Zakład Narodowy imienia Ossolińskich, 1962–1964. – S. 592–593.
  11. Śliwowska W. Zesłańcy polscy w Imperium Rossyjskim w pierwszej połowie XIX wieku: Słownik biograficzny. – Warszawa, 1998. – S. 235.
  12. Żywot Adolfa Januszkiewicza i jego listy ze stepów kirgizkich / oprac. i wyd. E. Januszkiewicz i F. Wrotnowski. – Berlin: B. Behr, 1861.
Аўтары-складальнікі: 
Дзмітрый Матвейчык
Год выставы: 
2015