К 175-летию начала издания газеты «Минские губернские ведомости»

Афіцыйная газета «МИНСКИЕ ГУБЕРНСКИЕ ВЕДОМОСТИ» выдавалася ў Мінску ў 1838–1917 гг. Мінскім губернскім праўленнем на рускай мове 1–2 разы на тыдзень. У сувязі з Першай сусветнай вайной з 10.9.1915 па 05.10.1916 гг. не выходзіла. Газета мела афіцыйны (1-ы) i неафіцыйны (2-i) аддзелы. У 1838–1844 гг. i з 1912 г. друкавалася толькі афіцыйная частка з дадаткамі, а ў 1845–1911 гг. — абедзве часткі. З 11(24).07 да 25.12.1911 (07.1.1912) гг. выходзіла толькі неафіцыйная частка пад назвай «Минские ведомости».

У афіцыйнай частцы змяшчаліся паведамленні і ўказы ўрада, распараджэнні губернскіх улад, аб’явы, а ў дадатках — спісы асоб, якіх шукалі ўлады, звесткі аб таргах і інш.

У неафіцыйнай частцы друкаваліся гicтарычныя, этнаграфічныя, статыстычныя матэрыялы, артыкулы, рэкламныя аб’явы і іншыя звесткі. Сярод іх змешчаны гістарычныя артыкулы: «Алена Іаанаўна», «Статыстычныя звесткі пра Пінскі павет» (абодва ў 1847); «Статыстычныя звесткі пра Мінскую губерню» (1850); успаміны архіепіскапа Антонія (Зубко) «Аб грэка-уніяцкай царкве ў Заходнім краі» (1864); «Гістарычны нарыс Мінскай губерні» (1866); «Гістарычна-статыстычныя нататкі аб г. Барысаве» (1868); «Нарысы Беларускага Палесся» (1868–1869); «Гістарычны нарыс мястэчка Турава, былой сталіцы Тураўскага княства» М.А. Гаўсмана, «Тураў і Тураўшчына» С.К. Лісіцкага, «Гістарычны нарыс Навагрудка», «Нарыс сяла Грабава Мазырскага павета» (усе ў 1877); «Мястэчка Заслаўль, ці Ізяслаў, горад нашчадкаў Рагнеды» Р.Г. Ігнацьева, «Знаходкі ў курганах Барысаўскага і Ігуменскага паветаў» Г.Х. Татура (усе ў 1878), «Мінская хроніка» (1879); «Рэчыца» (1880); «Мінск, яго мінулае і сучаснасць» (1891); «Нарыс археалагічных помнікаў на прасторы Мінскай губерні...» Г.Х. Татура (1891–1892); «Археалагічнае вывучэнне Мінскай губерні» М.В. Доўнар-Запольскага (1892) і інш.


Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. – Т. 5. – Мінск: БелЭн, 1999. – С. 197.

Аўтары-складальнікі: 
Дзянісаў Уладзімір Мікалаевіч
Год выставы: 
2015