Аб правядзенні навукова-практычнай канферэнцыі «Архівы і архівісты Беларусі: рух па шляху развіцця», прымеркаванай да 85-гадовага юбілею Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі

4 ліпеня 2023 г. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі правёў прадстаўнічую навукова-практычную канферэнцыю «Архівы і архівісты Беларусі: рух па шляху развіцця», у якой узялі ўдзел больш за 40 архівістаў і гісторыкаў з шэрагу архіўных і навуковых устаноў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі (з праграмай канферэнцыі магчыма азнаёміцца тут).

Пачатак працы канферэнцыі быў дадзены прывітальнымі словамі, выказанымі начальнікам аддзела справаводства, фарміравання і забеспячэння захаванасці Нацыянальнага архіўнага фонду Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Вольгай Заянчкоўскай і намеснікам дырэктара НГА Беларусі Ірынай Каўганавай На пленарным пасяджэнні былі заслуханы змястоўныя даклады намесніка дырэктара НГА Беларусі Максіма Макарава і прафесара, дацэнта кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Міхаіла Шумейкі. У іх выступленнях былі раскрыты як практычныя, так і тэарэтычныя аспекты развіцця архіўнай справы на сучасным этапе.

Праца канферэнцыі была арганізавана ў трох секцыях, на якіх былі прадстаўлены даследаванні, прысвечаныя асобным перыядам гісторыі Беларусі – адпаведна XIV–XVIII стст., ХІХ – пачатку ХХ ст. і ХХ – пачатку ХХІ ст. На першай з секцый «“Сівых стагоддзяў рэха”: перыяды Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай у архіўных дакументах» былі агучаны даклады, якія прадэманстравалі магчымасці выкарыстання архіўных матэрыялаў пры вывучэнні гісторыі асобных сацыяльных груп на беларускіх землях, рэканструкцыі складу архіўных комплексаў органаў улады і родавых збораў. На секцыі «“Доўгае ХІХ стагоддзе” ў гісторыі Беларусі і ў архіўных дакументах» былі прадстаўлены даследаванні інфармацыйнага патэнцыялу архіўных дакументаў, якія адлюстроўваюць найважнейшыя падзеі грамадска-палітычнага жыцця, функцыянаванне органаў кіравання, развіццё прамысловасці і сельскай гаспадаркі, становішча этнаканфесійных супольнасцей, узнікненне фізкультурна-спартыўнага руху на беларускіх землях у час іх знаходжання ў складзе Расійскай імперыі. Падчас працы трэцяй секцыі «Архівы і архівісты ў “кароткае ХХ стагоддзе” і на сучасным этапе» былі раскрыты асаблівасці функцыянавання беларускіх архіваў у савецкі перыяд, звернута асаблівая ўвага на пытанні выкарыстання ў дзейнасці архіваў найноўшых інфармацыйных тэхналогій.

Пры падвядзенні вынікаў канферэнцыі мадэратары секцый адзначылі высокі ўзровень агучаных дакладаў, шырокае выкарыстанне пры іх падрыхтоўцы дакументаў НГА Беларусі. Матэрыялы канферэнцыі будуць надрукаваны асобным зборнікам і, несумненна, зробяць значны ўнёсак у развіццё гістарычнай навукі і архівазнаўства.

ИзображениеИзображениеИзображениеИзображениеИзображениеИзображение