Школа Для Дзяцей Пры Мазалаўскім Манастыры Ў Хіх Ст. (Па Матэрыялах Нацыянальнага Гістарычнага Архіва Беларусі).

Школа Для Дзяцей Пры Мазалаўскім Манастыры Ў Хіх Ст. (Па Матэрыялах Нацыянальнага Гістарычнага Архіва Беларусі)

Манастыры заўсёды былі не толькі месцам духоўнага адасаблення манахаў, але і цэнтрам асветніцкай дзейнасці. Так знакаміты Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр адзін з першых на тэрыторыі сучаснай Беларусі адчыніў школу для дзяцей, у ім была арганізавана праца па перапісванні кніг дзякуючы намаганням святой Еўфрасінні Полацкай.

Тое ж адбывалася і ў іншых манастырах. У прыватнасці, пры Мазалаўскім манастыры, які знаходзіўся ў 12 вярстах (13 км) ад горада Мсціслава Магілёўскай губерні, таксама былі заснаваны ў розныя гады ХІХ ст. дзве школы, а пасля аб’яднання Мазалаўскага манастыра з Тупічэўскім манастыром – і трэцяя. Сам манастыр быў заснаваны ў 1665 г. дачкой мсціслаўскага стольніка Мікалая Сухадольскага Мар’янай. З 1743 па 1795 гг. ён знаходзіўся ў руках базыльянаў, меў сваю святыню – Балыкінскую ікону Божай Маці, якую прынесла туды графіня Чарнышова з Чарнігаўскай губерні [1, с. 127]. Прыкладна з 20-ых гадоў ХХ ст. манастыр не дзейнічае. Аднак захаваўся архіўны фонд Мазалаўскага манастыра (НГАБ, ф.2314), які ўтрымлівае ў сабе дакументы ХІХ ст. Менавіта гэты фонд дае магчымасць даволі глыбока пазнаёміцца з рознымі бакамі дзейнасці манастыра, ў тым ліку і з адукацыйным. Наша даследванне абапіраецца на справы гэтага фонду № 65 (“Ведамасць аб прыходзе і расходзе грошай за 1888 г.”) [2] і № 99 (“Ведамасць аб царкоўна-прыходскай жаночай школе, якая знаходзілася пры Мазалаўскім манастыры, за 1884 г.”) [3]. Мэта даследвання – вызначыць, што сабой уяўляла дзіцячая школа пры Мазалаўскім манастыры. Пры напісанні працы былі выкарыстаны апісальны, параўнальны і гісторыка-генетычны метад.

“Ведамасць аб царкоўна-прыходскай жаночай школе, якая знаходзілася пры Мазалаўскім манастыры, за 1884 г.” [3] прадстаўлена ў выглядзе пытанняў і адказаў для справаздачнасці манастыра вышэйстаячым органам. Адсюль мы даведваемся, што першая школа была заснавана на сродкі манастыра ў 1871 г. Таксама ў справе 99 узгадваецца і мясцовая дабрадзейка Алімпіяда Піліпаўна, якая паклала ў Дзяржаўны банк 500 рублёў для бедных вучаніц школы, хаця за навучанне грошы вучнямі не плаціліся. Для школы быў спецыльна абсталяваны будынак, дзе жылі ігумення і яшчэ адна манашка. У школе, як адзначалася ў гэтай ведамасці, падручнікаў хапала, але ў недастатковай колькасці былі часасловы, пропісы і псалтыры [3, Арк. 2].

Колькасць вучаніц была прыкладна 29 (прыкладна, таму што першапачатковая лічба ў дакуменце 23, але потым яна закрэслена і выпраўлена на 29). Хлопцы там не вучыліся на момант складання дакумента, але гэта не выключае факт іх навучання ў школе ў які-небудзь іншы перыяд. Са справы 65 мы даведваемся, што навучальны год працягваўся з 1 кастрычніка па 1 траўня, а заняткі па часе доўжыліся з 10 раніцы да 14 гадзінаў дня і з 16 да 17.30 гадзін вечара [2, Арк.52].

Школа падзялялася на 2 аддзяленні. У першым вучылі першапачатковым малітвам, чытанню, пісанню ў пропісах, па арыфметыцы знаёміліся з лічбамі, рашалі вусныя задачы. У другім аддзяленні вывучалі гісторыю Старога і Новага запаветаў, чыталі па-царкоўнаславянску Псалтыр, пісалі дыктоўкі, па арыфметыцы вучыліся памнажаць, дзяліць, складаць і адымаць. Асобным прадметам былі царкоўныя спевы. Безкаштоўна дзяцей навучаў святар Мазалаўскага манастыра Міхаіл Вялічка, які скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю. А яшчэ была настаўніца – манахіня Арсенія, якой за працу ў школе плацілі грошы. Яна скончыла Буйніцкае жаночае вучылішча [3, арк. 2 адв.].

У 1886 г. пры манастыры і на яго сродкі была адчынена школа пісьменнасці, дзе вучыліся хлопцы. У іх навучальны год працягваўся з 1 лістапада да 1 траўня, а заняткі доўжыліся з 11 да 14 гадзінаў дня. Тут выкладаў селянін, які скончыў Тупічэўчкую царкоўна-прыходскую школу. За працу яму плаціліся грошы. На момант складання дакумента колькасць навучэнцаў складала 11 [2, Арк. 52-53].

Такім чынам, мы можам прыйсці да высновы, што дзеці ў школах пры манастыры атрымоўвалі якасную пачатковую адукацыю пра дамапозе кваліфікаваных настаўнікаў. Калі звярнуцца да колькасьці гадзінаў навучання ў дзень у школах для дзяўчынак і хлопцаў, то можна заўважыць, што дзяўчынкі вучыліся амаль увесь дзень, а хлопцы толькі да 14 гадзінаў. Гэта можна патлумачыць вялікай патрэбай мужчынскай сілы ў сялянскай гаспадарцы. Але, на наш погляд, і дзяўчынкі далёка не ўсе маглі вучыцца з-за абавязкаў па гаспадарцы, таму мы бачым адносна невялікую колькасць навучэнцаў у школах. Вялікім плюсам для навучэнцаў быў факт, што за заняткі ў школе не трэба было плаціць грошы. Але, як мы адзначылі вышэй, ў школы былі свае ахвярнікі на яе патрэбы. Варта адзначыць нераспрацаванасць архіўнага фонду гэтага манастыра, звесткі пра які могуць быць карысныя не толькі пры вывучэнні гісторыі царквы, але і гісторыі Беларусі, і ўсходнеславянскай культуры увогуле.

Літаратура і крыніцы

  1. Православные монастыри Беларуси / сост. С.Э. Сомов. – Минск: Четыре четверти, 2003. – 200 с.
  2. Ведомость о приходе и расходе денежных средств за 1888 г. // Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). – Ф. 2314. – Воп. 1. – Спр. 65.
  3. Ведомость о церковно-приходской женской школе, находящейся при Мозоловском монастыре, за 1884 г. // Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). – Ф. 2314. – Воп. 1. – Спр. 99.

 

Автор статьи: 
Пастанкевіч Т.С.
Должность: 
архівіст ІІ кваліфікацыйнай катэгорыі аддзела забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў