Гербоўнік беларускай шляхты - Том 4
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі працягвае публікацыю шматтомнага выдання, якая была распачата яшчэ ў 2002 г. У чацвёрты том уключана 306 артыкулаў пра шляхецкія роды пераважна Мінскай губерні, чые прозвішчы пачыналіся (у беларускім напісанні) на літару Г. Як і ў папярэдніх тамах, асновай для яго напісання з’яўляюцца матэрыялы ўнікальнага фонду «Мінскі дваранскі дэпутацкі сход», які знаходзіцца на захаванні ў НГА Беларусі і актыўна выкарыстоўваецца даследчыкамі для правядзення распрацовак па самых розных навуковых праблемах.
Складанне «Гербоўніка беларускай шляхты» адбываецца ў межах планавай навуковай тэмы НГА Беларусі «Генеалогія і геральдыка шляхецкіх родаў Беларусі», распрацоўка якой вядецца ў архіве з пачатку 1996 г. Чацвёрты том стаў вынікам працы шэрагу супрацоўнікаў архіва – Яўгена Глінскага, Дзяніса Лісейчыкава, Юрыя Снапкоўскага і Вадзіма Урублеўскага. Кіраўніком аўтарскага калектыву выступіў кандыдат гістарычных навук Дзмітрый Матвейчык.
Выданне гэтага тома, як і папярэдняга, здзейснена ў партнёрстве з выдавецтвам «Беларусь».
Кніга разлічана як на прафесійных даследчыкаў гісторыі Беларусі перыяду да 1917 г., так і на спецыялістаў у дапаможных гістарычных дысцыплінах, аматараў-краязнаўцаў, навучэнцаў ВНУ і ўсіх, хто цікавіцца мінуўшчынай нашай краіны.