Светач зямлі Полацкай: да 900-годдзя заснавання Полацкага Спаса-Еўфрасіньеўскага жаночага манастыра
У 2025 г. спаўняецца 900 год з дня заснавання Полацкага Спаса-Еўфрасіньеўскага манастыра – аднаго з найстаражытнейшых цэнтраў праваслаўя на беларускай зямлі.
Гісторыя ўзнікнення манастыра адлюстравана ў «Жыціі» Еўфрасінні Полацкай. Тройчы ў сне прападобнай з’явіўся анёл, які ўказаў ёй новае месца манаскага подзвігу – Сяльцо: «Подобает тебе здесь пребывать, потому что Бог через тебя на этом месте многих приведет ко спасению». У гэты час там знаходзілася драўляная царква Спаса і храм-пахавальня полацкіх епіскапаў. Анёл з’явіўся і полацкаму епіскапу Ільі са словамі: «Введи рабу Божию Евфросинию в церковку святого Спаса, что на Сельце, ибо место то святое, а она достойна Царства Небесного». Атрымаўшы блаславенне ад епіскапа Ільі, святая Еўфрасіння прыйшла ў Сяльцо, што адбылося прыкладна ў 1125 г., дзе і заснавала жаночы манастыр. Па ініцыятыве прападобнай дойлідам Іаанам пачалося будаўніцтва каменнага Спаскага храма. Яно завяршылася ў рэкордна кароткі час – праз 30 тыдняў. У 1161 г. прападобная Еўфрасіння ахвяравала ў храм створаны ювелірам Лазарам Богшам унікальны крыж-каўчэг, у якім утрымліваліся вялікія хрысціянскія святыні. Пры манастыры была створана жаночая школа па навучанні грамаце, майстэрні па перапісе кніг. Прападобная Еўфрасіння ўзначальвала манастыр амаль пяцьдзясят гадоў.
Закончыла святая свой зямны шлях у 1173 г. (па іншых меркаваннях 1167 г) у Іерусаліме, куды ўжо ў сталым узросце адправілася ў паломніцтва, і пакоілася ў манастыры Феадосія Вялікага. Калі ў 1187 г. Іерусалім захапілі мусульмане, яе мошчы былі перанесены ў Кіева-Пячорскую Успенскую лаўру.
З сярэдзіны XVI ст. для Спаскага манастыра пачынаецца перыяд цяжкіх выпрабаванняў, звязаных з Лівонскай вайной (1558–1583). У 1563 г. горад Полацк захоплены войскамі рускага цара Івана ІV. Кароль Стафан Баторый у 1579 г. вярнуў горад Рэчы Паспалітай, а ў 1582 г. перадаў манастыр разам з усёй маёмасцю і зямельнымі ўладаннямі ордэну езуітаў. Падчас вайны Расійскай дзяржавы і Рэчы Паспалітай 1654–1667 гг., у выніку заняцця Полацка рускімі войскамі, манастыр на непрацяглы час быў вернуты праваслаўным. Згодна з умовамі Андрусаўскага перамір’я полацкія землі адышлі Рэчы Паспалітай і манастыр зноў аказаўся ва ўладанні езуітаў з 1667 па 1820 гг. Пасля выгнання апошніх з Расійскай імперыі (1820), ён перайшоў да ордэна піяраў. У 1832 г. дзейнасць піяраў на тэрыторыі Беларусі была забаронена і Спаса-Праабражэнскі храм быў перададзены праваслаўным, аднак ён знаходзіўся ў запусценні і меў патрэбу ў рамонце.
Апісанне выпраўленняў, зробленых у царкве Уселітасцівага Спаса каля г. Полацка ў казённым паезуіцкім маёнтку. 10.09.1832.
Манастыр з усімі ўладаннямі перайшоў да казны і атрымаў назву казённы паезуіцкі маёнтак «Спас». У 1841 г. імператарскім указам манастыр быў адроджаны, а ў наступны год у Спаскі храм з Сафійскага сабора быў перанесены крыж Еўфрасінні Полацкай.
Прашэнне архіепіскапа полацкага і віцебскага віцебскаму віцэ-губернатару Велікапольскаму аб арганізацыі ўрачыстасцей з нагоды перанясення Крыжа прападобнай Еўфрасінні Полацкай з Полацкага Сафійскага сабора ў Спаскую царкву. 05.05.1842.
Паступова колькасць сясцёр у манастыры павялічвалася, што выклікала неабходнасць пабудовы яшчэ аднаго храма. Так, у 1842 г. з паўднёвага боку ад Спаскай царквы была ўзведзена цёплая царква ў імя святой Еўфрасінні Полацкай.
Паведамленне архіепіскапу полацкаму і віцебскаму Васілію аб гатоўнасці для асвячэння цёплай царквы Полацкага Спаса-Еўфрасіньеўскаму жаночага манастыра. 11.12.1842.
У 1844 г. пры манастыры было заснавана вучылішча для дзяўчат духоўнага звання, якое стала епархіяльным.
Да пачатку ХХ ст. на тэрыторыі манастыра ідзе актыўнае будаўніцтва. У 1882 г. пабудавана каменная званіца, пад якой знаходзіліся жылыя келлі і манастырская кніжная лаўка. У 1893 г. пачалося будаўніцтва Свята-Крыжаўзвіжанскага сабора па праекце віцебскага губернскага архітэктара У.Ф. Коршыкава. Праз чатыры гады храм адчыніў свае дзверы для насельніц манастыра і вернікаў. У памяць узыходжання на прастол імператара Мікалая ІІ у 1897 г. была ўзведзена і асвечана капліца, таксама пабудаваны дом для настаяцельніцы і манахінь, вучылішчныя дамы, бальніца і г. д.
Данясенне настаяцельніцы Спаса-Еўфрасіньеўскаму жаночага манастыра ігуменні Яўгеніі аб будаўніцтве капліцы ў гонар каранацыі Мікалая ІІ. 19.10.1898.
Пасля вяртання ў 1832 г. Спаса-Праабражэнскага храма ў Полацку праваслаўным вернікам, пачаліся хадайніцтвы аб перанясенні святых мошчаў прападобнай Еўфрасінні на радзіму. Але шматлікія прашэнні духавенства і праваслаўных жыхароў Полацка, мясцовай адміністрацыі былі адхілены Кіеўскай мітраполіяй і Сінодам. Толькі ў 1909 г. Сінод даў згоду на перанясенне святыні і гэта рашэнне падтрымаў імператар Мікалай ІІ. Царкоўныя ўрачыстасці з гэтай нагоды пачаліся 2 мая (19 красавіка) 1910 г. у Кіева-Пячорскай Успенскай лаўры. Ад Кіева да Оршы рака з мошчамі святой Еўфрасінні напраўлялася па Дняпру, затым хрэсным ходам да Полацка, куды святыня прыбыла 2 чэрвеня (20 мая) 1910 г. і была размечана ў Мікалаеўскім саборы. 4 чэрвеня мошчы прападобнай Еўфрасінні былі перанесены ў заснаваны святой Спаса-Еўфрасіньеўскі манастыр, у галоўны манастырскі храм, а на наступны дзень змешчаны ў срэбную раку і пастаўлены «в основанный преподобною храм на вечное здесь пребывание».
Зварот віцебскага губернатара Б. Б. Гершау-Флотава да праваслаўнага насельніцтва. 2 мая 1910 г.
Спаса-Еўфрасіньеўскі манастыр меў у сваім ўладанні зямельныя ўгоддзі, хатнюю жывёлу, цагляны завод, млын, возера, лес. Прадукцыя, атрыманая ад гаспадаркі, ішла на задавальненне патрэб манастыра, лішкі прадаваліся. Таксама манастыр фінансаваўся з дзяржаўнай казны і прымаў ахвяраванні ад прыватных асоб. Значная частка атрыманых сродкаў накіроўвалася на будаўніцтва, рамонт і падтрыманне ў парадку манастырскага комплексу, правядзенне рэлігійных свят, утрыманне вучылішча, аказанне дапамогі абяздоленым і хворым прыхаджанам.
Спакойнае жыццё манастыра было перапынена Першай сусветнай вайной. У 1915 г. манахіні былі эвакуіравана ў растоўскі Аўраміеўскі манастыр, туды перавезлі і мошчы прападобнай Еўфрасінні. Вярнулі святыню ў Полацк, як мяркуюць, толькі ў 1921 г. Аднак актыўная антырэлігійная палітыка савецкай улады прывяла да закрыцця манастыра, рэквізіцыі яго маёмасці, праследавання ігуменні і сясцёр.
Рашэнне аб адраджэнні манастыра было прынята толькі ў 1989 г., а ў 1990 г. сюды вярнуліся першыя сёстры. Пачалася старанная праца па рамонту і рэстаўрацыі манастырскага комплексу. Былі адноўлены крыж Еўфрасінні Полацкай і срэбная рака.
Сёння Полацкі Спаса-Еўфрасіньеўскі манастыр – духоўная праваслаўная святыня, месца паломніцтва тысяч веруючых, а таксама значны культурна-асветніцкі і адукацыйны цэнтр, дзе штодзённа адчуваецца духоўная сувязь з нябеснай заступніцай Беларусі.
Літаратура
1. Архиепископ Антоний (Мельников). Преподобная Евфросиния Полоцкая / Архиепископ Антоний (Мельников) // Богословские труды. – 1972. – Сб. 9. – С. 5–14.
2. Митроцкий, М. Торжественное перенесение святых мощей преподобной Евфросинии, княжны Полоцкой, из Киева в Полоцк (19 апреля – 22 мая 1910 года) / М. Митроцкий. – Киев : тип. Киево-Печерской Успенской лавры, 1913. – 69 с.
3. Спасо-Евфросиниевский монастырь в Полоцке / Р. М. Платонова, М. А. Платонова // Вестник Полоцкого государственного университета : научно-теоретический журнал. – 2011. – № 8.
4. Полоцкий Спасо-Евфросиниевский женский монастырь [Электронный ресурс]. – Режим доступа: https://spas-monastery.by/. – Дата доступа: 07.07.2025.