ПЯСНЯР З-НАД НЁМАНА І ДЗВІНЫ: ДА 225-ГОДДЗЯ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ ЯНА ЧАЧОТА - ЧАСТКА 1

Паэт-рамантык, этнограф, фалькларыст, драматург Ян-Антоній Чачот (1796—1847) нарадзіўся ў фальварку Малюшыцы Навагрудскага павета Слонімскай губерні (цяпер вёска Малюшычы Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці). Паводле запісу ў метрычнай кнізе Варанчанскага рымска-каталіцкага касцёла Ян Чачот быў першапачаткова ахрышчаны ўніяцкім святаром 6 (17) ліпеня 1796 года. Бацькі паэта — Тадэвуш Чачот і Клара з роду Гаціскіх — паходзілі з незаможнай шляхты, сваёй маёмасці не мелі. Таму сям’я Чачотаў часта мяняла месца жыхарства. Пасля нараджэння першага сына Яна Чачоты перабраліся ў маёнтак Новая Мыш, які належаў апошняму навагрудскаму ваяводзе Юзафу Несялоўскаму. Менавіта тут прайшлі дзіцячыя гады Яна Чачота, аб чым сведчаць дакументы, якія захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.



Ян Чачот. Медальён работы Рафала Слізня. 1844 г.

У 1808 годзе (па іншых звестках 1809) бацькі аддалі Яна ў Навагрудскую павятовую дамініканскую школу, якая мела статус сярэдняй навучальнай установы, выпускнікі якой мелі права паступаць у Віленскі універсітэт. У школе ён пазнаёміўся і пасябраваў з будучым паэтам і грамадскім дзеячам Адамам Міцкевічам. У 1816 годзе Ян Чачот паступіў на факультэт маральных і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта, але фінансавыя праблемы ў сям’і прымусілі Яна ў 1818 годзе пакінуць універсітэт. Цягам далейшых сямі гадоў Ян Чачот працаваў ў Радзівілаўскай пракураторыі, створанай у 1814 годзе для ўпарадкавання спадчыны Дамініка Радзівіла, апошняга прадстаўніка нясвіжскай галіны Радзівілаў. Там жа працаваў і яго бацька. Адначасова з працай Ян Чачот працягваў як вольны слухач наведваць лекцыі універсітэцкіх прафесароў Іяхіма Лялевеля, Ігната Даніловіча і інш.

16 красавіка 1818 года Ян Чачот быў прыняты ў таемнае студэнцкае таварыства філаматаў у Віленскім універсітэце. Садзейнічала гэтаму рэкамендацыя Адама Міцкевіча. Ад таго часу ён стаў неафіцыйным арганізатарам паседжанняў, для якіх пісаў песні і вершы “на народнай гаворцы”. Адным з такіх твораў стала песня “Што мы вашэці скажам”, якую філаматы спявалі на кожным паседжанні. 21 снежня 1818 года, у спаборніцтве паэтаў- філаматаў Ян Чачот быў прызнаны трэцім, пасля Адама Міцкевіча і Тамаша Зана.


Касцёл Святой Ганны ў Варончы, дзе быў ахрышчаны Ян Чачот

У 1820 годзе Ян Чачот стаў кіраўніком літаратурнага (т. зв.“Блакітнага”) аддзела таемнага таварыства філарэтаў, якое ўзначальваў Тамаш Зан. У гэты час Ян Чачот займаўся не толькі ўласнай творчасцю, але і рэдагаваннем першага паэтычнага зборніка Адама Міцкевіча.

10 кастрычніка 1823 года Ян Чачот быў арыштаваны па справе віленскіх тайных студэнцкіх згуртаванняў і зняволены ў Віленскую турму. Напрыканцы 1824 года пасля завяршэння следства тры галоўныя ўдзельнікі працэсу атрымалі прысуд: год турэмнага зняволення ў Арэнбургскай крэпасці Тамашу Зану, паўгады зняволення ў крэпасці Кізіл Яну Чачоту і Адаму Сузіну. У 1825 годзе пасля вызвалення Ян Чачот быў пераведзены ва Уфу, дзе пад паліцэйскім наглядам пражыў да 1830 года. У 1827—1830 гадах Чачот працаваў канцылярыстам ў бюро Уфімскага губернатара і займаўся зборам этнаграфічных і фальклорных матэрыялаў.


Кляштар дамініканцаў і павятовая школа ў Навагрудку, дзе вучыўся Ян Чачот

13 мая 1830 года Ян Чачот быў вызвалены з-пад паліцэйскага нагляду і атрымаў дазвол на выезд у Маскву. Куды, згодна з паліцэйскім рапартам, прыехаў 3 лютага 1831 года. Спробы ўладкавацца на працу ў Маскве з дапамогай былога філамата Ануфрыя Петрашкевіча вынікаў не далі. У чэрвені 1831 года Петрашкевіч быў арыштаваны і высланы ў Сібір. Тады ж, у чэрвені, Ян Чачот выехаў у Цвер, дзе паводле загаду мясцовага губернатара быў арыштаваны ў сувязі з эпідэміяй халеры. Пасля яе заканчэння Ян Чачот быў накіраваны ў горад Таржок Цвярской губерні, адкуль у 1833 годзе пераехаў у Лепель Віцебскай губерні, дзе атрымаў пасаду ў дырэкцыі Бярэзінскага канала. У Лепелі Ян Чачот жыў і працаваў да 1839 года і адначасова актыўна працягваў збіраць фальклорны матэрыял, які быў надрукаваны ў выглядзе зборнікаў пад назвай “Сялянскія песенькі з-над Нёмана” (1837), “Сялянскія песенькі з-над Нёмана і Дзвіны” (1839). У 1839 годзе ён пакінуў дзяржаўную службу і вярнуўся на Навагрудчыну. У 1840—1844 гадах Ян Чачот працаваў бібліятэкарам ў маёнтку графа Адама Храптовіча ў Шчорсах, але пасля смерці яго быў вымушаны пакінуць Шчорсы. За гэты час Яну Чачоту ўдалося падрыхтваць і выдаць з дапамогай Храптовіча яшчэ тры зборнікі: “Сялянскія песенькі з-над Дзвіны” (1840), “Сялянскія песенькі з-над Нёмана і Дзвіны, з дадаткам арыгінальных на славяна-крывіцкай мове” (1844) і “Сялянскія песенькі з-над Нёмана, Дняпра і Днястра” (1845).


Касцёл Святога Яна і будынкі Віленскага ўніверсітэта, дзе у 1816—1817 гг. вучыўся Ян Чачот

Спробы знайсці працу ў графа Канстанціна Тышкевіча ў Лагойску плёну не мелі. Таму пачынаючы з 1844 года Ян Чачот папераменна жыў у сваіх сяброў: у Атона Слізня ў Бартніках (1844—1845), у Антона Вярбоўскага ў Далматаўшчыне (1845—1846) і ў Рафала Слізеня ў Вольнай (1846—вясна 1847). У Бартніках быў падрыхтаваны сёмы том пад назвай “Сялянскія песенькі з-над Нёмана і Дзвіны, некаторыя прыказкі на славяна-крывіцкай мове і яе самабытныя словы, з назіраннямі над гэтай мовай” (1846). У гэты самы час Ян Чачот супрацоўнічаў з кампазітарам Станіславам Манюшкам, які паклаў на музыку 22 песні Яна Чачота, больш, чым на словы іншых паэтаў.

Вясной 1847 года цяжка хворага Яна Чачота сябры адправілі на лячэнне ў Друскенікі, але хваробу пераламіць не ўдалося. 11 (23) жніўня 1847 года Ян Чачот памёр на руках сястры Тэклі. Пахавалі яго на парафіяльных рымска-каталіцкіх могілках ў Ротніцы побач з касцёлам. Пазней на магіле паэта клопатам сваякоў быў пастаўлены помнік, эпітафію для якога напісаў Антоній-Эдвард Адынец.


Магіла Яна Чачота ў Ротніцы (цяпер частка Друскенікаў, Літва)

Ян Чачот з’яўляецца аўтарам балад, вершаў і спеваў, лібрэта аперэты “Малгажата з Зембаціна”. Ім сабрана і апублікавана больш за тысячу беларускіх народных спеваў, выяўленых у розных этнаграфічных рэгіёнах Беларусі. Дзякуючы яму ў беларускім правапісе з’явілася літара “Ў”. На вялікі жаль не ўся творчая і эпісталярная спадчына Яна Чачота захавалася, а тое, што захавалася, яшчэ не цалкам перакладзена на беларускую мову і перавыдадзена.

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захавалася вялікая колькасць дакументаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю Яна Чачота. У архіўным фондзе “Мінскі дваранскі дэпутацкі сход” захоўваецца справа аб дваранскім паходжанні роду Чачотаў герба “Астоя“, у якой ёсць падрабязныя звесткі пра родных і сваякоў паэта, аўтентычныя аўтографы Яна Чачота, а таксама пратаколы паседжанняў Мінскага і Літоўскага дваранскіх дэпутацкіх сходаў аб прызнанні ў дваранскай годнасці роду Чачотаў і арыгінальныя генеалагічныя табліцы. У метрычных кнігах Навамышскага рымска-каталіцкага касцёла ёсць запісы аб нараджэнні і хрышчэнні сясцёр Яна Чачота Тэклі і Алаізы-Караліны, а таксама малодшага брата Пятра-Паўла.


Герб «Астоя», якім карыстаўся дваранскі род Чачотаў

 

Зміцер Юркевіч

Літаратура:
Мальдзіс А. Ян Чачот // Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX ст. Мн., 1969;
Каханоўскі Г. Уральская ссылка Яна Чачота // Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984;
Цвірка К. “Там возера Свіцязь, як шыбіна лёсу…” // Цвітка К. Той курган векавечны. Мн., 1985;
Цвірка К. Чачот Ян // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 2. Мн., 2003. С. 162—163;
Swirko St. Z Mickiewiczem pod rękę czyli życie i twórczość Jana Czeczota. Warszawa; 1989.

Аўтары-складальнікі: 
Уладзімір Дзянісаў, Зміцер Юркевіч
Год выставы: 
2021