З берагоў Вілейкі: да 150-годдзя з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца (1870 – 1936) - Частка 1

Мастак, графік, тэатральны дэкаратар, педагог і грамадскі дзеяч Фердынанд-Эмануэль Рушчыц (1870—1936) нарадзіўся ў маёнтку Багданава Ашмянскага павета Віленскай губерні (цяпер Валожынскі раён Мінскай вобласці) 10 снежня 1870 г. ў сям’і прафесійнага вайскоўца Эдварда Рушчыца.


Партрэт Фердынанда Рушчыца (1870—1936). Фота Ядвігі Гольч. Нацыянальны музей у Варшаве.

Продкі Фердынанда Рушчыца герба “Ліс” паходзілі з Брэсцкага павета Вялікага Княства Літоўскага. Рошчычы (Рушчыцы) ў XV стагоддзі валодалі маёнткам Кодань у Брэсцкім павеце на рацэ Буг (цяпер вёска ў Люблінскім ваяводстве, Рэспубліка Польшча). У канцы XV—пачатку XVI стагоддзя браты Нацка і Апанас Рошчычы прадалі свой маёнтак Кодань Івашку Сапегу. У XVI стагоддзі Рошчычы валодалі маёнткам Збірагі каля Брэста, ад назвы якога атрымалі мянушку Збірагоўскія (цяпер вёска Збірагі ў Брэсцкім раёне Брэсцкай вобласці). У гістарычных крыніцах XVI стагоддзя сустракаюцца звесткі пра яшчэ адзін маёнтак Рошчычаў — Макраны.

Дзед мастака Фердынанд Рушчыц (1786—1848) валодаў фальваркам Бакаўшчына недалёка ад Кобрына. У XIX стагоддзі ён служыў у якасці юрыста і займаўся рознымі маёмаснымі справамі, у тым ліку з 1817 па 1829 гг. засядаў у Радзівілаўскай камісіі (Радзівілаўская маса) у Вільні. У 1825 г. Фердынанд Рушчыц ажаніўся з Ганнай з Чаховічаў (1800—1874). У якасці пасага ён атрымаў фальварак Вайганы ў Ашмянскім павеце Віленскай губерні. У 1836 г. Фердынанд Рушчыц выкупіў маёнтак Багданава, які таксама знаходзіўся ў Ашмянскім павеце, недалёка ад фальварка Вайганы і належаў Чаховічам.

Будучы бацька мастака Эдвард Рушчыц (1840—1910) скончыў Аляксандраўскі Брэсцкі кадэцкі корпус. У час службы ў Лібаве (цяпер г. Ліепая ў Латвіі), ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Ганнай Маргарытай Альбінай Мюнх (1837—1918), якая паходзіла з Даніі. Яна нарадзілася ў мястэчку Нексё на выспе Борнхольм. Яе бацька Маркус Мюнх быў мараком і судаўладальнікам. Эдвард Рушчыц і Ганна Мюнх ажаніліся ў Лібаве 22 лістапада 1858 г. Пасля выхада ўадстаўку ў чыне штабс-капітана Эдвард Рушчыц некаторы час працаваў у дырэкцыі будаўніцтва Лібаўскай чыгункі.

Напрыканцы 1870-х гг. сям’я Эдварда Рушчыца пераехала з Лібавы ў Мінск. Яны пасяліліся ў вялікай двухпавярховай камяніцы на рагу Магазіннай і Губернатарскай вуліц. Праз некаторы час Эдвард Рушчыц уладкаваўся на службу ва Упраўленне Лібава-Роменскай чыгункі, дзе да канца XIX стагоддзя праслужыў на пасадзе бухгалтара.


Сядзіба ў Багданаве. 1925 г. Фота Яна Булгака. Архіў сям’і Рушчыцаў.

Дзяцінства і юнацтва будучага мастака Фердынанда Рушчыца прайшло ў Мінску. У 1883 г. ён паступіў у Мінскую мужчынскую гімназію, якую скончыў у 1890 г. з залатым медалём. Першапачатковую мастацкую адукацыю ён атрымаў у Мінску, дзе браў урокі ў выпускніка Пецярбургскай акадэміі мастацтваў Кузьмы Ермакова.

Бацька лічыў, што яго сын павінен стаць адвакатам, таму ў 1890 г. Фердынанд паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага універсітэта, дзе правучыўся 2 гады. Адначасова ў 1891 г. ён падаў прашэнне ў Пецярбургскую акадэмію мастацтваў з просьбай залічыць яго вольным слухачом на аддзяленне жывапісу. У 1892 г. ён пакінуў універсітэт і перайшоў у Акадэмію мастацтваў, дзе першапачаткова вучыўся жывапісу пад кіраўніцтвам Івана Шышкіна, а з 1890 г. у майстэрні прафесара Архіпа Куінджы. Падчас вучобы ў акадэміі Фердынанд Рушчыц атрымаў магчымасць наведаць Крым, а таксама падарожнічаць па Францыі, Германіі, Італіі. 4 лістапада 1897 г. Рушчыц скончыў акадэмію і атрымаў званне мастака. На дыпломнай выставе экспанаваліся 3 яго вялікія карціны, адну з якіх ”Вясна” набыў для сваёй калекцыі ў Маскве расійскі мецэнат Павел Траццякоў. У 1898 г. на вясенняй акадэмічнай выставе калекцыянер і мецэнат Сава Марозаў набыў карціну Рушчыца “Зімовы млын”.

Пасля заканчэння акадэміі ў 1898 г. Рушчыц пасяліўся ў сваёй родавай сядзібе Багданава ў Ашмянскім павеце, дзе жыў і працаваў да 1904 г. У 1898—1902 гг. Фердынанд Рушчыц здзейсніў некалькі падарожжаў па Заходняй Еўропе, дзе наведаў шэраг вялікіх мастацкіх і культурных цэнтраў, у тым ліку Манака, Берлін, Дрэздэн, Парыж, Мілан, Верону, Венецыю і інш. У гэты час бацька Фердынанда Эдвард Рушчыц, які ўканцы XIX стагоддзя пераехаў з Мінска ў Багданава, распачаў вялікую рэканструкцыю сядзібы. Была ўпарадкавана яе тэрыторыя і парк. Побач са старым драўляным сядзібным домам, які, як меркаваў Фердынанд Рушчыц, быў пабудаваны яшчэ ў XVII стагоддзі, знаходзілася мураваная двухпавярховая афіцына, якую Рушчыцы называлі “Мур”. У гэтай афіцыне мастак абсталяваў сваю творчую майстэрню. У час багданаўскага перыяду жыцця Фердынанда Рушчыца быў створаны шэраг яго найлепшых эпічных і пейзажных палотнаў, а таксама замалёвак мясцовых краявідаў, у тым ліку яго знакамітае эпічнае палатно “Зямля” (1898 г.), віды касцёлаў у Багданаве і Вішневе і інш.


Ля касцёла (Багданаўскі касцёл). 1899 г. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.

З 1904 г. Фердынанд Рушчыц з’яўляўся прафесарам Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве, а ў 1907 г. быў запрошаны на пасаду загадчыка кафедры пейзажнага жывапісу ў Кракаўскую акадэмію мастацтваў. У 1908 г. ён пераехаў у Вільню, дзе актыўна ўдзельнічаў у мастацкім і культурным жыцці.

Бацька мастака Эдвард Рушчыці памёр у 1910 г. і быў пахаваны ў Багданаве на родавых могілках. Маёнтак Багданава перайшоў у спадчыну да Фердынанда. У 1912 г. ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Рэгінай Рук, з якой узяў шлюб 25 лістапада 1913 г.

У 1919 г. Фердынанд Рушчыц быў абраны сябрам Камітэта аднаўлення Віленскага універсітэта імя Стэфана Баторыя і прыняў актыўны удзел у яго працы. Ён з’яўляўся адным са стваральнікаў факультэта прыгожых мастацтваў і яго першым дэканам. Гэту пасаду ён займаў з 1919 па 1926 гг.

У 1920—1930-я гады Фердынанд Рушчыц прымаў актыўны ўдзел у грамадскім і культурным жыцці Вільні, з’яўляўся ініцыятарам стварэння і старшынёй Таварыства аматараў Вільні. Адначасова працягваў займацца мастацкай творчасцю, быў арганізатарам і ўдзельнікам шматлікіх мастацкіх выстаў як на тэрыторыі тагачаснай Польшчы, так і ў іншых еўрапейскіх краінах. У Вільні ён удзельнічаў упрацы камісіі па ахове і рэстаўрацыі помнікаў старажытнасцяў, прымаў удзел у абследаванні шматлікіх архітэктурных аб’ектаў, у тым ліку замкаў у Крэве, Медніках, Лідзе, Міры і інш.

У 1932 г. пасля інсульту Фердынанд Рушчыц адыйшоў ад выкладчыцкай і грамадскай дзейнасці і пачынаючы з 1935 г. стала жыў у Багданаве. У 1935 г. прэзідэнт Польшчы надаў яму званне ганаровага прафесара Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні. 30 кастрычніка 1936 г. Фердынанд Рушчыц памёр у сваім багданаўскім доме і 3 лістапада 1936 г. быў урачыста пахаваны на сямейных родавых могілках.


Касцёл у Вішневе. 1902 г. Нацыянальны музей у Варшаве.

Нягледзячы на тое, што асноўны комплекс дакументаў па гісторыі дваранскага роду Рушчыцаў і родавага маёнтка Багданава ў Ашмянскім павеце Віленскай губерні, а таксама матэрыялы аб жыцці і дзейнасці Фердынанда Рушчыца і яго продкаў захоўваюцца у Цэнтральным гістарычным архіве Літвы, а таксама іншых архіўных, навуковых і музейных установах Вільні і Варшавы, у фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ўдалося выявіць шэраг дакументальных матэрыялаў, якія дазволілі ўдакладніць некаторыя моманты біяграфіі выдатнага мастака.

У архіўным фондзе “Мінскі дваранскі дэпутацкі сход” захоўваюцца дакументальныя матэрыялы аб дваранскім паходжанні прадстаўнікоў роду Рушчыцаў (Рошчыцаў), якія ў XIX стагоддзі жылі на тэрыторыі Мінскай губерні. У метрычных кнігах Багданаўскага рымска-каталіцкага касцёла захаваліся арыгінальныя метрычныя запісы аб смерці і пахаванні Фердынанда-Эмануэля Рушчыца і яго бацькі Эдварда Рушчыца, а таксама метрычны запіс аб нараджэнні і хрышчэнні сына Фердынанда Рушчыца — Андрэя-Міхала. Удалося выявіць дакументы па гісторыі дома ў Мінску на рагу Магазіннай і Губернатарскайвуліц (сучасныя Кірава і Леніна), дзе ў 2-й палове XIX стагоддзя жыла сям’я Рушчыцаў.

Цікавыя звесткі былі выяўлены па гісторыі Багданаўскага і Вішнеўскага рымска-каталіцкіх касцёлаў. Нягледзячы на тое, што ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваецца фонд “Мінская мужчынская гімназія”, дакументы, звязаныя з вучобай будучага мастака за 1883—1890 гг. не захаваліся. Удалося ўдакладніць і гісторыю службы Эдварда Рушчыца ў Упраўленні Лібава-Роменскай чыгункі ў Мінску. У большасці публікацый сцвярджаееца, што Эдвард Рушчыц паступіў на службу адразу пасля пераезду ў Мінск у 1877 г. На самой справе, як сведчаць “Памятныя кніжкі Мінскай губерні”, упершыню Эдвард Рушчыц згадваецца як спецыяльны бухгалтар «па службе рамонта» Упраўлення Лібава-Роменскай чыгункі ў Мінску ў памятнай кніжцы на 1884 г., якая была надрукавана ў 1883 г. і апошні раз у памятнай кніжцы на 1895 г., надрукаванай у 1894 г.

150-гадовы юбілей з дня нараджэння мастака Фердынанда Рушчыца ўключаны ў спіс памятных дат ЮНЕСКА на 2020 г.

 

Крыніцы:

Ruszczyc Ferdynand: Dziennik. Cz. 1. Ku Wilnu 1894-1919. Warszawa, 1994;

Ruszczyc Ferdynand: Dziennik. Cz. 2. W Wilnie 1919-1932. Warszawa, 1996.

 

Спіс ілюстрацый:

  1. Партрэт Фердынанда Рушчыца (1870—1936). Фота Ядвігі Гольч. Нацыянальны музей у Варшаве.
  2. Сядзіба ў Багданаве. 1925 г. Фота Яна Булгака. Архіў сям’і Рушчыцаў.
  3. Ля касцёла (Багданаўскі касцёл). 1899 г. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.
  4. Касцёл у Вішневе. 1902 г. Нацыянальны музей у Варшаве.

Пры падрыхтоўцы выставы выкарыстаны матэрыялы з афіцыйнага сайта Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Вядучы навуковы супрацоўнік У. М. Дзянісаў

 

Аўтары-складальнікі: 
У. М. Дзянісаў
Год выставы: 
2020