ПАЭТ. НАВУКОВЕЦ. ГРАМАДЗЯНІН: ДА 225-ГОДДЗЯ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ ТАМАША ЗАНА - ЧАСТКА 3
«Няўжо ж, пакуль жывы буду, буду вечным выгнаннікам і пілігрымам?»
Тамаш Зан, 1854 год
Грамадска-палітычны дзеяч, літаратар, паэт, геолаг, даследчык прыроды Урала, музеязнаўца Тамаш Зан (1796—1855) нарадзіўся ў фальварку Халецкаўшчына побач з вёскай Аляхновічы Вілейскага павета Мінскай губерні (цяпер вёска Аляхновічы Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці). У некаторых публікацыях у якасці яго месца нараджэння згадваецца фальварак Мясата непадалёк ад мястэчка Краснае Сяло Вілейскага павета (цяпер вёска Краснае Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці). Паводле запісу ў метрычнай кнізе Краснасельскага рымска-каталіцкага касцёла, Тамаш Зан быў першапачаткова ахрышчаны 12 (23) снежня 1796 года краснасельскім уніяцкім святаром. 26 студзеня 1798 года ў Краснасельскім рымска-каталіцкім касцёле адбылося мірапамазанне Тамаша Зана разам з хрышчэннем яго брата Ігната.
Партрэт Тамаша Зана. Мастак Валенці Ваньковіч. 1837 год
Бацькі Тамаша Зана Караль-Станіслаў-Костка Зан і Кацярына з роду Дылеўскіх паходзілі з незаможнай шляхты, а некаторыя прадстаўнікі роду Занаў у дакументах XVIII стагоддзя былі запісаны як мяшчане і не мелі сваёй нерухомай маёмасці. Таму сям’я Занаў у канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў неаднаразова мяняла месца жыхарства. У дакументах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Караль Зан і яго брат Антоній у 1795 годзе згадваюцца як арандатары фальварка Селішча ў Вілейскім павеце, а ў 1816 годзе яны мелі ў застаўным валоданні фальварак Выверы таксама ў Вілейскім павеце. 5 ліпеня 1802 года Заны атрымалі пасведчанне чыноўнікаў і шляхты Мінскай губерні аб іх шляхецкім паходжанні.
У сям’і Караля Зана акрамя Тамаша былі і іншыя дзеці: Вінцэнт (1795), Ігнат (1798), Стэфан (1802), Антоні-Банавентура (1809), Альжбета (1819), Ян (?—1828), Схаластыка, Бенедыкта, Эвеліна.
Пачынаючы з 1832 года, бацька Тамаша Зана Караль Зан жыў у фальварку Запалякі Вілейскага павета, атрыманым ў выніку эксдывізіі маёнткаў князёў Агінскіх.
Тамаш Зан. Літаграфія. 1832—1836 год
У 1807 годзе Тамаш Зан паступіў у Мінскую мужчынскую гімназію, дзе правучыўся да 1812 года, аб чым ёсць цікавыя звесткі ў яго ўспамінах. У гімназіі лёс звёў Зана з братамі Верашчакамі — Міхалам і Юзафам. Ён пазнаёміўся з іх сястрой Марыляй. А ўжо праз пасярэдніцтва Зана з ёй пазнаёміўся Адам Міцкевіч.
Пасля 1812 года бацькі перавялі Тамаша Зана ў Маладзечанскае павятовае вучылішча. Існуе версія, што гэта адбылося ў выніку яго слабога здароўя. Гэты перыяд жыцця Тамаша Зана падрабязна асветлены ў дакументах камісіі, якая ў 1823 годзе праводзіла следства па справе філаматаў.
У 1815 годзе Тамаш Зан паступіў ў Віленскі ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт, дзе падчас уступных іспытаў пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам. Акрамя асноўнага курса лекцый на факультэце ён меў магчымасць дадаткова вывучаць гісторыю, статыстыку, польскую, лацінскую, французкую і нямецкую літаратуры. Падчас вучобы, каб мець сродкі для існавання, быў вымушаны працаваць гувернёрам. У 1820 годзе Тамаш Зан атрымаў ступень магістра філасофіі.
Амаль адразу пасля паступлення ва ўніверсітэт Зан быў прыняты ў студэнцкае літаратурна-грамадскае таварыства шубраўцаў (існавала ў 1816—1822), якое выдавала сваю газету «Вулічныя навіны» («Wiadomości Вrukowe»). 1 кастрычніка 1817 года па ініцыятыве студэнтаў універсітэта Тамаша Зана, Францішка Малеўскага, Адама Міцкевіча, Эразма Палюшынскага, Ануфрыя Петрашкевіча, Бруна Сухецкага і Юзафа Яжоўскага было створана таемнае студэнцкае Таварыста Філаматаў. Тамаш Зан быў абраны кіраўніком гэтага таварыства на фізіка-матэматычным факультэце. Сябрамі таварыства былі студэнты — Ян Чачот, Ігнат Дамейка, Аляксандр Ходзька, Адам Сузін і іншыя. Мэтамі таварыства было самаўдасканаленне яго сябраў, узаемадапамога і падрыхтоўка да нацыянальна-вызваленчай барацьбы. У 1820 годзе Тамаш Зан стаў ініцыятарам стварэння студэнцкага Таварыства Прамяністых. У гэты ж час было створана Таварыства Філарэтаў, якое ў 1820—1823 гадах узначальваў Тамаш Зан.
Тамаш Зан. Літаграфія. 1839 год.
Увосень 1823 года віленскія таемныя студэнцкія таварыства былі раскрыты ўладамі, найбольш актыўныя іх удзельнікі, у тым ліку, Антоні Адынец, Ігнат Дамейка, Тамаш Зан, Адам Міцкевіч, Ануфрый Петрашкевіч, Аляксандр Ходзька, Ян Чачот. Адным з першых быў арыштаваны Тамаш Зан. Па выніках следства Тамаш Зан, Ян Чачот і Адам Сузін, якія ўзялі асноўную адказнасць за дзейнасць таварыстваў на сябе, былі прысуджаны да высылкі ўглыб Расійскай імперыі і турэмнага зняволення (Зан атрымаў год турмы ў Арэнбургскай крэпасці, Чачот—паўгода ў Кізільскай, Сузін— паўгода ў Орскай). У кастрычніку 1824 года пад аховай Тамаша Зана адправілі з Вільні на Урал у Арэнбург. Дзякуючы таму, што Тамаш Зан змог схаваць палітычны характар дзейнасці таварыстваў, пакаранне для астатніх сябраў таемных студэнцкіх арганізацый было адносна лагодным.
Пасля вызвалення з турмы Зан працаваў хатнім настаўнікам, шмат чытаў і займаўся перакладамі філосафскіх твораў Канта, Тэафраста, Ірвінга. Лёс выгнанца змяніўся ў 1829 годзе, калі сусветна вядомы нямецкі вучоны Аляксандр фон Гумбальт арганізаваў навуковую экспедыцыю на Урал і узяў Тамаша Зана сваім асістэнтам, у абавязкі якога ўваходзіла весці метэаралагічныя назіранні. Пад уплывам Гумбальта Зан пачаў цікавіцца геалогіяй і батанікай. Тамашу Зану была даручана арганізацыя навуковай эспедыцыі па даследанні Прыўралля і Тургайскага стэпу. Па выніках гэтай экспедыцыі Тамашом Занам былі складзены падрабязныя геалагічныя карты. Па прапанове арэнбургскага генерал-губернатара Паўла Сухцелена Зан падрыхтаваў падрабязную тлумачальную запіску аб неабходнасці стварэння музея ў Арэнбургу пад назвай «Аб мэтах і спосабах утрымання прапанаванага Музеума ў Арэнбургу». У выніку гэтай працы быў атрыманы дазвол на арганізацыю прыродна–гістарычнага музея з калекцыяй геалагічных экспанатаў, які быў створаны Тамашом Занам разам з Аляксандрам Ходзькам. За гэтую працу Зан атрымаў чын калежскага рэгістратара. У 1834 годзе Зан праводзіў даследаванні кіргізскага стэпу, у выніку якіх выявіў радовішчы золата, а таксама меднай руды на поўдні ад Троіцкай крэпасці. За сваю навуковую і даследчую дзейнасць Тамаш Зан атрымаў чын калежскага сакратара і грашовую ўзнагароду ў 1500 рублёў. Падчас высылкі Зан актыўна цікавіўся гісторыяй і фальклорам мясцовых жыхароў – башкіраў. Гэта знайшло адлюстраванне і ў музейных зборах, і ў яго паэтычнай творчасці.
Тамаш Зан у сталым веку. Літаграфія паводле малюнка Ю. І. Крашэўскага. 1852 год
У 1837 годзе за добранадзейнасць і вылікія заслугі ў вывучэнні Урала Тамашу Зану дазволілі вольна абраць месца жыхарства. Перахаўшы ў Санкт-Пецярбург, з 1837 да 1841 года Зан працаваў на пасадзе бібліятэкара ў Горным інстытуце. У 1839 годзе ён здаў экзамены на атрыманне кваліфікацыі горнага інжынера. Падчас працы ў інстытуце рыхтаваў да публікацыі вялікую працу, якая была вынікам сямігадовых даследванняў прыродных багаццяў Уралу. Але кніга выдадзена не была, а лёс самаго рукапіса невядомы. У 1841 годзе Тамаш Зан пераехаў у Вільню, дзе быў залічаны на дзяржаўную службу, потым працаваў у Аршанскім павеце Магілёўскай губерні, а з 1844 года ў Лепельскім павеце Віцебскай губерні. У 1845 годзе Тамаш Зан выйшаў у адстаўку.
Пасля вяртання на радзіму Тамаш Зан шмат часу праводзіў у дарозе, наведваючы старых знаёмых, раскіданых на абшары ад Віленшчыны да Магілёўшчыны. На гэты час прыйшлося яго знаёмства з Брыгідай Свентарэцкай, дачкой Станіслава Свентарэцкага (уласніка маёнтка Лебедзева ў Вілейскім павеце Віленскай губерні), якая 29 кастрычніка (9 лістапада) 1846 года стала яго жонкай. У тым жа 1846 годзе Зан набыў маёнтак Какоўчын (Кахачын) у Сенненскім павеце Магілёўскай губерні. У Тамаша і Брыгіды Занаў нарадзілася чатыры сыны: Віктарын-Серафін-Тамаш-Ігнат-Казімір (1848), Абдон-Севярын-Ігнат-Рох (1849), Клеменс-Саба (1851) і Станіслаў (1854). У апошнія гады свайго жыцця Тамаш Зан актыўна займаўся літаратурнай і краязнаўчай дзейнасцю.
Смаляны. Малюнак Н. Орды. 1877 год
Тамаш Зан памёр 7 (19) ліпеня 1855 годзе у выніку працяглай хваробы. Ён быў пахаваны на парафіяльных каталіцкіх могілках у мястэчку Смаляны Аршанскага павета Магілёўскай губерні. Побач з мужам ў 1900 годзе была пахавана і яго жонка Брыгіда Свентарэцкая, якая пражыла 81 год.
На камяні, які паставіў на магіле Зана яго сябра ксёндз Уладзіслаў Любамірскі, выбіты запіс «Мілы Богу і людзям Тамаш Зан, памяць пра якога блаславёная…».
Літаратурная спадчына Тамаша Зана, які пачаў пісаць з 1816 года, ўключае у сябе вялікую колькасць балад, элегій, трыялетаў, паэмаў, вершаў, сатырычных твораў, сярод якіх найбольш вядомая паэмы «Кошачка», «Мёд». У героікамічнай паэме «Смерць табакеркі» («Zgon tabakiery») (1817—1818), апісаў беларускае вяселле, свята Купалле, звычаі і абрады беларусаў.
Тамаш Зан таксама аўтар заснаваных на беларускім фальклоры паэтычных твораў на польскай мове. У камедыі «Грэчаскія піражкі» (1817; пастаўлена ў Арэнбургу 11 лютага 1830) выкарыстаў беларускі фальклор. Ім напісаныя балады «Цыганка», «Свіцязь-возера» (абедзве 1820), «Твардоўскі», «Бекеш» і лірычныя вершы, у прыватнасці, верш «Мінчук» (1836) і «Сабіраемся з-над Урала на Літву» (1838). Ва ўральскім дзённіку «З выгнання…» паэт выказаў намер пісаць на беларускай мове, аднак ні адзін з яго беларускіх твораў не захаваўся..
Магіла Тамаша Зана ў Смалянах. Малюнак Н. Орды. 1877 год
У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваецца значная колькасць дакументаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю Тамаша Зана. У першую чаргу, гэта справа Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу аб дваранскім паходжанні роду Занаў герба «Ястрабец». Захаваліся пратаколы паседжанняў дваранскага сходу аб прызнанні ў дваранскай годнасці роду Занаў, а таксама арыгінальныя генеалагічныя табліцы. У метрычных кнігах з архіўнага фонду Мінскай рымска-каталіцкай кансісторыі 2-й паловы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў удалося выявіць метрычныя запісы аб нараджэнні і хрышчэнні як Тамаша Зана, так і яго сваякоў. Былі выяўлены дакументы па гісторыі маёнтка Кахачын у Сенненскім павеце Магілёўскай губерні, які ў XIX стагоддзі належаў Тамашу Зану і яго нашчадкам. У пачатку XX стагоддзя было зроблена падрабязнае апісанне надмагілля Тамаша Зана і яго жонкі Брыгіды Свентарэцкай на парафіяльных могілках у мястэчку Смаляны Аршанскага павета Магілёўскай губерні, а таксама памятных дошак у Смалянскім рымска-каталіцкім касцёле і інш. Большасць з прадстаўленых на выставе дакументаў і матэрыялаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю Тамаша Зана, уводзіцца ў навуковы ўжытак упершыню.
Літаратура:
Грицкевич В.П. От Немана к берегам Тихого океана. Минск, 1986.
Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу: Гісторыка-літаратурныя нарысы. Мінск, 1984.
Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX стагоддзе: 3 гісторыі беларускай літаратуры, мастацтва і культуры. Навукова-папулярныя нарысы. Мінск, 1969.
Цвірка К. Дарогамі Тамаша Зана / Кастусь Цвірка // Камяні тых сядзібаў: шляхі паэтаў XIX стагоддзя. Мінск, 2004. С. 82—125.
Філаматы і філарэты: Зборнік. Мінск, 1998.
Dunajówna Maria, Dzieciństwo i lata szkolne Tomasza Zana. Wilno, 1932.
Dunajowna Marja, Tomasz Zan. Lata uniwersyteckie 1815—1824. Wilno, 1933.
Jankowski Czeslaw, Czeczott i Zan w Leplu: notatka biograficzna. Warszawa, 1899.
Listy z zesłania. Krąg Tomasza Zana, Jana Czeczota i Adama Suzina, t.2, red. Z. Sudolski. Warszawa, 1999.
Wiśniewski Wojciech, Pani na Berżenikach: Rozmowy z Heleną z Zanów Stankewiczową. Londyn, 1991.
Zan Tomasz, Z wygnania: Dziennik z lat 1824—1832.Wilno, 1929.
Żywot i korespondencye Tomasza Zana. Kraków, 1863.