Крыніцазнаўчы патэнцыял матэрыялаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў вывучэнні гісторыі ссылкі пасля паўстання 1863–1864 гг. і працэсу вяртання на радзіму

Крыніцазнаўчы патэнцыял матэрыялаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў вывучэнні гісторыі ссылкі пасля паўстання 1863–1864 гг. і працэсу вяртання на радзіму.

Паўстанне 1863—1864 гг. — адна з найбольш вядомых падзей у гісторыі Беларусі ХІХ ст.
Яно стала зыходным пунктам для значнай колькасці рэформ, праведзеных расійскімі ўладамі на ахопленых ім тэрыторыях у галіне палітыкі, эканомікі, адукацыі і культуры ў цэлым, а таксама паўплывала на ўсё далейшае развіццё беларускіх зямель.
У сувязі з неадназначнасцю самога паўстання і яго наступстваў, а таксама ролі ў ім асобных дзеячаў і розных сацыяльных слаёў да гэтага часу яно застаецца адной з самых дыскусійных тэм у ацэнках гісторыкаў. Сярод прычын — недастатковае выкарыстанне наяўнай крыніцавай базы. Нярэдка публікацыі даследчыкаў застаюцца няпоўнымі нават у параўнанні з пастаўленымі ў іх задачамі, а гучныя высновы робяцца на падставе фрагментарных звестак, запазычаных з адзінкавых крыніц (мемуараў, актавых дакументаў, перапіскі розных устаноў і дзеячаў і г. д.).

Ссылка ўдзельнікаў паўстання ў Сібір і ўнутраныя губерні Еўрапейскай Расіі — адно з найбольш відавоч- ных яго наступстваў. Гэта была не першая хваля высыл- кі жыхароў зямель былой Рэчы Паспалітай за палітыч- ныя выступленні супраць Расійскай Імперыі, але самая масавая падобная акцыя. Пад яе трапілі дзясяткі тысяч людзей (пераважна нашчадкаў шляхецкага саслоўя бы- лой Рэчы Паспалітай), і яна паўплывала самым непа- срэдным чынам на лёсы членаў іх сямей. Сама ссыл- ка, метады яе правядзення, мэтазгоднасць у палітыч- ным і эканамічным плане, шырыня патэнцыяльнага кола ахопу і іншыя падобныя аспекты выклікалі самыя розныя, часам дыяметральна супрацьлеглыя ацэнкі як у часы яе правядзення, так і пазней у публіцыстыч- ных творах і навуковых працах. Да гэтага часу даслед- чыкі не змаглі прыйсці да адзінай думкі: ці былі дасяг- нуты пастаўленыя мэты і ці адпавядалі яны наяўнай на той час сітуацыі? Для пошуку адказу на згаданыя і ін- шыя пытанні гэтай складанай навуковай праблемы не- абходна прыцягненне самага шырокага кола крыніц.

Матэрыялы па гісторыі ссылкі ўдзельнікаў паў- стання 1863—1864 гг. ніколі не складалі агульна- га масіву, а ў выніку палітычных падзей ХХ ст. яшчэ больш былі раскіданыя па свеце. У цяперашні час яны знаходзяцца ў дзяржаўных сховішчах і прыватных ка- лекцыях па ўсім свеце, дзе воляй лёсу апынуліся бы- лыя паўстанцы і іх нашчадкі. Аднак асноўнае кола ру- капісных крыніц захоўваецца ў дзяржаўных архівах некалькіх краін: Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны і Расіі. Толькі правядзенне міжнароднага даследа- вання з шырокім ахопам здольнае даць хаця б пры- блізны адказ на пытанне, колькі ж было саслана ўд- зельнікаў паўстання і асоб, якія былі да іх прыраўна- ваныя, у Сібір і губерні Еўрапейскай Расіі. Для гэта- га неабходна правесці пошукавыя работы ў кожным сховішчы, дзе маюцца неабходныя матэрыялы, і па- даць да ведама грамадскасці хаця б агульны агляд атрыманых вынікаў.

Геаграфія распаўсюджання паўстання ўключае практычна ўсе тэрыторыі сучаснай Беларусі. Ад- паведна, у беларускіх архівах захоўваецца значная колькасць дакументаў па яго гісторыі, у тым ліку тых, якія тычацца ссылкі яго ўдзельнікаў. Паводле існу- ючай сістэмы камплектавання, мэтанакіравана даку- менты, якія паходзяць з перыяду да 1917 г. уключна, сканцэнтраваныя ў дзвюх установах — Нацыяналь- ным гістарычным архіве Беларусі (у Мінску) і Нацы- янальным гістарычным архіве Беларусі ў г. Гродна. Ніжэй змешчаны агляд адпаведных дакументаў, што маюцца на захаванні ў першым з іх.

На сённяшні дзень у фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (далей — НГАБ) выяўлена каля 3 тысяч спраў, якія ў той ці іншай ступені адлюстроўваюць розныя бакі паўстання. Найбольшая іх колькасць захоўваецца у, так бы мовіць, "вялікіх" фондах — губернскіх праўленняў (Мінскае — ф. 295, Віцебскае — ф. 1416, Магілёўскае — ф. 2003), упраўленняў дзяржаўных маёмасцяў (Мінскае — ф. 27, Віцебскае — ф. 2514 2 ) і канцылярый губернатараў (мінскага — ф. 295, віцебскага — ф. 1430, магілёўскага — ф. 2001) 3 . Напрыклад, другі вопіс фонду канцылярыі магілёўскага цывільнага губернатара (каля 200 спраў) прысвечаны выключна паўстанню 1863—1864 гг., пераважна — канфіскацыі маёмасці яго ўдзельнікаў.

Aсобна варта звярнуць увагу на фонд Віцебскага губернскага праўлення, у якім матэрыялы пра паўстанне захоўваюцца пераважна ў трэцім, чацвёртым і шостым вопісах. Асаблівую цікавасць выклікае шосты вопіс, у які ўключана значная частка матэрыялаў, што выходзяць па-за межы трох губерняў (Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай). На працягу 1863—1864 гг. вялася перапіска паміж рознымі губернскімі праўленнямі (упраўленнямі) наконт секвестру і канфіскацыі маёмасці розных асоб, якія ўдзельнічалі ў паўстанні ці ў гэтым падазраваліся. Менавіта такім чынам у гэты фонд трапіла вялікая колькасць дакументаў, дзе згадваюцца тысячы асоб з Ковенскай, Віленскай, Гродзенскай і Валынскай губерняў. Напрыклад, у адным з пошукавых артыкулаў згаданыя больш за тысячу жыхароў Валынскай губерні, якія падазраваліся ва ўдзеле ў паўстанні.

У НГАБ захоўваюцца таксама асобныя фонды некалькіх камісій, што былі створаны для правядзення следства ў дачыненні да ўдзельнікаў паўстання. Дзве з іх дзейнічалі ў Мінскай губерні — у Мінску (ф. 1418) і Слуцку (ф. 1524); адна ў Віцебскай — у Віцебску (ф. 3046); чатыры ў Магілёўскай — у Магілёве (ф. 3257), Оршы (ф. 3255), Чэрыкаве (ф. 3366) і Горках (ф. 3286). Паводле колькасці спраў гэтыя фонды невялікія. Найбольшы — Магілёўскай следчай камісіі — уключае толькі 65 спраў, а агульная колькасць спраў ва ўсіх названых фондах — 118. Відавочна, што матэрыялы згаданых камісій захаваліся да нашага часу фрагментарна. Фонды ж іншых камісій, напрыклад Навагрудскай, Барысаўскай, Бабруйскай (Мінскай губерні), у НГАБ не захаваліся.

Асобна варта згадаць пра фонд Мінскага павятовага суда (ф. 159), у складзе якога маюцца ўнікальныя матэрыялы Мінскага паліцэйскага суда за 1861— 1862 гг. — г. зв. перыяд маніфестацый, што з’явіўся часам ідэалагічнай і матэрыяльнай падрыхтоўкі да паўстання. У фондзе захавалася каля 30 спраў (воп. 1, спр. 6672—6699), якія адлюстроўваюць як гісторыю стварэння і функцыянавання самога суда, так і яго дзейнасць па барацьбе з антыўрадавымі выступленнямі.

Наступную групу фондаў, дзе захоўваюцца матэрыялы пра паўстанне, складаюць фонды ваенных начальнікаў — часовых ваенных губернатараў
Мінскай (ф. 296) і Магілёўскай (ф. 3256) губерняў, павятовых начальнікаў Пінскага (ф. 1521) і Слуцкага (ф. 1525) паветаў Мінскай губерні, Дрысенскага (ф. 2601), Веліжскага і Суражскага (ф. 2569) паветаў Віцебскай губерні, ваенных начальнікаў другога (ф. 1528) і трэцяга (ф. 1527) станаў Мінскага павета. Як правіла, гэтыя фонды таксама нешматлікія, колькасць спраў пра паўстанне ў іх не перавышае дваццаці. Выключэнне складаюць толькі фонды часовых ваенных губернатараў Мінскай (204 справы) і Магілёўскай (69 спраў) губерняў.

Яшчэ адну групу складаюць фонды павятовых паліцэйскіх упраўленняў — Віцебскага (ф. 2500), Полацкага (ф. 2633), Лепельскага (ф. 2532) і Суражскага (ф. 2586) Віцебскай губерні, Горацкага (ф. 2005) і
Аршанскага (ф. 2009) Магілёўскай губерні, — у кожным з якіх маюцца ад некалькіх да некалькіх дзясяткаў спраў, што тычацца гісторыі паўстання.

Спіс фондаў, у якіх захоўваюцца матэрыялы пра паўстанне, не абмяжоўваецца вышэйзгаданымі. У НГАБ маюцца таксама некалькі малаколькасных фондаў (да 9 спраў) з неабходнымі матэрыяламі, а адзінкавыя справы, якія не складаюць суцэльнага комплексу, трапляюцца ў некалькіх дзясятках фондаў. Неабходна згадаць пра фонды каталіцкіх (Магілёўскай (ф. 1718) і Мінскай (ф. 937)) і праваслаўнай (Мінскай (ф. 136)) кансісторый, у якіх адлюстраваныя ўзаемаадносіны паміж святарствам розных канфесій і расійскімі ўладамі падчас і пасля паўстання.

Спецыфіка дакументаў ХІХ ст., якія захоўваюцца ў НГАБ, заключаецца ў тым, што ў сваёй пераважнай большасці яны створаны органамі расійскай дзяржаўнай адміністрацыі, якія дзейнічалі ў Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях. Адпаведна, у поле іх цікавасці ў першую чаргу траплялі падзеі, што адбываліся непасрэдна "на месцах". Гэта азначае, што ў дачыненні да ссылкі ўдзельнікаў паўстання дакументы НГАБ з’яўляюцца найбольш карыснымі для даследавання вынясення адпаведных прысудаў судовымі органамі, арганізацыі працэсу высылкі і вяртання часткі сасланых на радзіму ў больш позні перыяд. Аднак такія аспекты, як абставіны жыцця былых паўстанцаў непасрэдна ў ссылцы, іх узаемаадносіны з мясцовым насельніцтвам і ўладамі, матэрыяльнае забеспячэнне, арганізацыя побыту, і ў дакументах НГАБ адлюстраваныя нашмат слабей.

Працэс высылкі ўдзельнікаў антырасійскіх выступленняў распачаўся яшчэ да пачатку паўстання — падчас "маніфестацыйнага" перыяду 1861—1862 гг.
Выступленні ў той час мелі пераважна мірны характар — гэта былі вулічныя дэманстрацыі і шэсці, касцельныя спевы, рэлігійна-палітычныя працэсіі і г. д.
Толькі невялікая частка іх удзельнікаў трапляла ў поле ўвагі расійскіх паліцэйскіх і судовых органаў. Аднак улады Расійскай Імперыі ўжо пачалі рэагаваць на сітуацыю. У губернскіх гарадах адкрываліся камісіі для правядзення следства па фактах "палітычных злачынстваў". Паводле распараджэння міністра ўнутраных спраў Пятра Валуева ад 5 жніўня 1861 г. такая камісія была створана ў Мінску 6 . 22 жніўня 1861 г. на тэрыторыі Віленскага генерал-губернатарства было ўведзена ваеннае становішча. Услед за гэтым ствараліся паліцэйскія суды, у кампетэнцыю якіх уваходзіў разбор спраў абвінавачаных у "палітычных злачынствах" і вынясенне прысуду. У Мінску адпаведны паліцэйскі суд быў створаны на базе Мінскага павятовага суда.

Неабходна заўважыць, што ў 1861—1862 гг. ссылка была дастаткова рэдкім відам пакарання. Так, Мінскі паліцэйскі суд за гэты перыяд не вынес ніводнай пастановы аб ссылцы падсудных. У якасці пакарання выкарыстоўваліся грашовыя штрафы і арышты, а большая частка падсудных увогуле была вызваленая паводле яго рашэнняў.

Ссылаць удзельнікаў палітычных выступленняў прапаноўвалася не толькі паводле судовых рашэнняў. Мінскі губернатар Эдуард Келер у сваім лісце П.Валуеву ад 24 кастрычніка 1861 г. выказваў пажаданне пашырыць кампетэнцыю губернатара для павелічэння эфектыўнасці дзейнасці расійскай адміністрацыі і, сярод іншых захадаў дазволіць яму выключна паводле свайго распараджэння высылаць "на Амур альбо ў такія аддаленыя губерні Расіі (Вяцкую, Іркуцкую, Пермскую)" любых асоб, "хто вядомы паводле дакладных звестак, што дайшлі да губернатара, як рухавік альбо гарачы прыхільнік мяцежнага накірунку, знаходжанне якога ў краі шкоднае, а адсутнасць — пазбаўляючы натоўп правадыра — бу-дзе карыснай" 8 . Аднак падобнай кампетэнцыі губернатары ў 1861—1862 гг. яшчэ не мелі. Права ссылаць ва ўнутраныя губерні заставалася ў руках П.Валуева і вышэйстаячых асоб.

Дакументы НГАБ паказваюць, што ў "маніфестацыйны перыяд" ссылаліся выключна найбольш актыўныя ўдзельнікі антырасійскіх выступленняў — як свецкія, так і духоўныя асобы. Напрыклад, 3 мая 1861 г. П.Валуеў накіраваў Э.Келеру распараджэнне аб ссылцы ў г. Петразаводск Аланецкай губерні пад "пільны паліцэйскі нагляд" былога выкладчыка Закону Божага Мазырскай гімназіі ксяндза Генрыка Кульваноўскага. Прычынай гэтага была яго актыўная публічная дзейнасць у канцы 1860 — пачатку 1861 г. З Мінскай губерні быў таксама высланы ў 1862 г. у Арэнбургскую губерню былы студэнт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта Віктар Вайніловіч за "дзёрзкія яго ўчынкі".

У дакументах НГАБ маюцца звесткі пра некаторых "палітычных зняволеных", якія праходзілі праз тэрыторыю Мінскай губерні па дарозе ў Сібір альбо ў Бабруйскую фартэцыю: асобныя імёны (Леан Фраловіч, Ян Бабовіч, Аляксандр Багуцкі і інш.), здарэнні ў дарозе, колькасць выдаткаваных грошай, атрыманне даравання і інш.  Аднак гэтыя звесткі з’яўляюцца фрагментарнымі.

Высылкі "нядобранадзейных" асоб адбываліся таксама з Віцебскай губерні. Так, паказальны выпадак з пробашчам касцёла ў мястэчку Краслаўка Дынабургскага павета ксяндзом Янам-Юзафам (Янісам-Язэпам) Ялавецкім. Ён трапіў у поле ўвагі паліцыі ў жніўні 1861 г. як западозраны ў захоўванні "адозвы падбухторваючага зместу". Распараджэннем П.Валуева ад 28 лістапада 1861 г. яго прызначылі да ссылкі ў Пермскую губерню. Ялавецкі 4 снежня быў высланы і 19 снежня прыбыў у г. Перм. Аднак ужо 23 студзеня 1862 г. яму дазволілі вярнуцца ў Віцебскую губерню.

Дакументы НГАБ паказваюць, што Дынабургская фартэцыя служыла месцам часовага зняволення за антырасійскую палітычную дзейнасць. Тут утрымліваўся манах-капуцын з г. Ломжы Каралеўства Польскага Ювеналіс Язвіцкі (Яжвец), затым сасланы ў Архангельскую губерню, куды прыбыў 25 лістапада 1861 г. 13 . Раней, у верасні, з фартэцыі быў высланы ў Вяцкую губерню ксёндз Ян Фалькоўскі, які таксама паходзіў з Каралеўства Польскага 14 . У 1862 г. зноў жа ў Вяцкую губерню быў адпраўлены засядальнік Віцебскай грамадзянскай палаты Антоні Корсак.

Неабходна адзначыць, што згаданымі выпадкамі практычна абмяжоўваецца працэс ссылкі ўдзельнікаў маніфестацыйнага руху ў 1861—1862 гг. У фондах канцылярый віцебскага і мінскага губернатараў не выяўлена якіх-небудзь матэрыялаў абагульняльнага характару, якія б маглі сведчыць пра адваротнае. Больш за тое, у іх не знойдзена нават агульнай статыстыкі адносна палітычных сасланых. Магчыма, яна нават не вялася з прычыны адсутнасці практычнай неабходнасці.

Верагодна, аналагічная сітуацыя склалася і ў Магілёўскай губерні, аднак адпаведныя матэрыялы ў фондзе Канцылярыі магілёўскага губернатара (ф. 2001) не захаваліся.

Сітуацыя кардынальна змянілася ў пачатку 1863 г., калі пачалося ўзброенае выступленне. З гэтага часу ссылка набывае масавы характар і становіцца адным з найбольш часта ўжываных спосабаў барацьбы ўладаў Расійскай Імперыі з паўстанцамі і тымі, хто быў западозраны ў іх падтрымцы ці хаця б у "спачуванні". Колькасць сасланых рэзка ўзрастае, адпаведна, колькасць дакументальных матэрыялаў, што адлюстроўваюць працэс ссылкі і захоўваюцца НГАБ, значна большая. Паводле спецыфікі абставінаў свайго стварэння і змешчаных звестак у іх вылучаецца шэраг тэматычных груп.

Па-першае, гэта следча-судовая дакументацыя. Як правіла, яе матэрыялы датуюцца перыядам 1863—1866 гг., калі расійскія органы па правядзенні следства і вынясенні прысудаў дзейнічалі найбольш актыўна. У агульных рысах гэты працэс адбываўся наступным чынам. Кожны чалавек, абвінавачаны ва ўдзеле ў паўстанні альбо яго падтрымцы ў любой форме, аддаваўся пад следства. Яго вялі масава створаныя ў 1863 г. следчыя камісіі 16 , што займаліся зборам звестак пра падзеі паўстання на пэўнай тэрыторыі і высвятленнем ролі ў іх тых ці іншых асоб. У кампетэнцыю камісій уваходзіла фармуляванне рэкамендацый пра ступень "віны" падследчай асобы, і калі такая мелася, дык, паводле сваёй думкі, камісія магла рэкамендаваць прымяніць у якасці пакарання ссылку на пэўных умовах.

У далейшым следчая справа паступала на разгляд цывільнага ці ваеннага губернатара, які вызначаў, ці ёсць падставы для судовага разбіральніцтва, і пры іх наяўнасці перадаваў справу ў судовую (ваенна-судовую) камісію. У яе кампетэнцыю ўваходзіла ацэнка дзеянняў канкрэтных асоб у адпаведнасці з расійскім ваенным заканадаўствам, а таксама з заканадаўчымі актамі, выдадзенымі на працягу падаўлення паўстання ў 1863—1864 гг. У сувязі з тым, што гэтыя акты часта супярэчылі адзін аднаму і палажэнням ваенна-крымінальнага статута, вынясенне прысудаў на гэтым этапе мае значную варыятыўнасць у інтэрпрэтацыі камісіямі наяўных звестак, у тым ліку і ў адносінах да вынясення рашэнняў аб ссылцы.

Пастановы судовых камісій у Беларусі паступалі на праверку (рэвізію) у Часовы палявы аўдытарыят Віленскай вайсковай акругі (размяшчаўся ў Вільні). Аўдытарыят часта ўносіў карэктывы ў рашэнні камісій, а нярэдка прызнаваў іх неадпаведнымі, самастойна разглядаў справу і выносіў прысуд. Пасля гэтага прысуд паступаў на зацвярджэнне (канфірмацыю) віленскаму генерал-губернатару альбо яго намеснікам, у некаторых выпадках — упаўнаважаным асобам. На гэтым этапе таксама маглі быць унесены пэўныя выпраўленні, аднак іх колькасць была ўжо меншай у параўнанні з аўдытарыятам. Пасля гэтага прысуд лічыўся канчатковым і паступаў на выкананне.

Прысуджэнне асобы да ссылкі на катаргу ці на пасяленне ў Сібір суправаджалася пазбаўленнем яе правоў стану і канфіскацыяй маёмасці. Апошні пункт з’яўляецца асабліва важным у крыніцазнаўчым плане, бо менавіта маёмасныя адносіны сасланых з дзяржавай выклікалі стварэнне новых крыніц. Тэксты такіх прысудаў уключаліся ў распараджэнні і загады генерал-губернатараў і губернатараў, масава друкаваліся і рассылаліся па адміністрацыйных установах рознага ўзроўню (губернскіх, павятовых, станавых, валасных) для пошуку рухомай і нерухомай маёмасці. Такім чынам, друкаванае распараджэнне аб канфіскацыі (і, адпаведна, ссылцы) можа захоўвацца ў некалькіх асобніках у розных фондах. Апрача гэтага, такія распараджэнні нярэдка друкаваліся ў губернскай прэсе ("губернскіх ведамасцях").

З гэтага правіла вынясення прысудаў выбіваецца прызначэнне да ссылкі так званым "адміністрацыйным парадкам" — без канфіскацыі маёмасці і пазбаўлення правоў стану. Такі варыянт ссылкі мог быць аформлены як у межах вышэйпрыведзенай схемы справаводства, так і прамым распараджэннем генерал-губернатара, ваенных альбо цывільных губернатараў, часам нават без завядзення асобнай справы ў следчай камісіі, а праз збор і разгляд звестак непасрэдна ў іх канцылярыях.

Вялікая колькасць копій падобных прысудаў і распараджэнняў аб ссылцы захоўваецца на цяперашні час у справах, дзе сабраны дакументы, прысвечаныя адной ці некалькім асобам. Як правіла, яны ўваходзяць у склад фондаў губернатараў, губернскіх праўленняў і следчых камісій.

Менавіта падобная шматступеньчатасць дазваляе прасачыць спецыфіку вынясення прысуду альбо распараджэння аб ссылцы і вызначыць, якія групы і ў якой ступені падлягалі ёй. Інакш кажучы, менавіта ў такіх дакументах неабходна шукаць адказы на пытанні: каго і за што ссылалі. Аднак для складання агульнай карціны вынясення прысудаў аб ссылцы выкарыстанне падобных матэрыялаў патрабуе значных намаганняў і, апрача таго, захаванасці поўнага комплексу адпаведных дакументаў. Матэрыялы ж следчых камісій у НГАБ, як ужо адзначалася вышэй, захаваліся да цяперашняга часу фрагментарна і не дазваляюць правесці дакладныя колькасныя падлікі.

Менавіта падобная шматступеньчатасць дазваляе прасачыць спецыфіку вынясення прысуду альбо распараджэння аб ссылцы і вызначыць, якія групы і ў якой ступені падлягалі ёй. Інакш кажучы, менавіта ў такіх дакументах неабходна шукаць адказы на пытанні: каго і за што ссылалі. Аднак для складання агульнай карціны вынясення прысудаў аб ссылцы выкарыстанне падобных матэрыялаў патрабуе значных намаганняў і, апрача таго, захаванасці поўнага комплексу адпаведных дакументаў. Матэрыялы ж следчых камісій у НГАБ, як ужо адзначалася вышэй, захаваліся да цяперашняга часу фрагментарна і не дазваляюць правесці дакладныя колькасныя падлікі.

Па-другое, гэта справаздачная і абагульняльная дакументацыя. Сюды ўваходзяць галоўным чынам разнастайныя справаздачы і спісы сасланых. Безумоўна, для ацэнкі паспяховасці сваіх дзеянняў расійская адміністрацыя мела патрэбу ў пэўных абагуленых дадзеных. Яны збіраліся ніжэйстаячымі ў іерархіі органамі, сістэматызаваліся і падаваліся ў вышэйстаячыя ў выглядзе рапартаў, справаздач, данясенняў і г. д.

Каштоўнай крыніцай па гісторыі ссылкі за ўдзел ці дачыненне да паўстання з’яўляюцца разнастайныя спісы. Іх складанне мела, як правіла, цалкам практычнае значэнне — пошук маёмасці для канфіскацыі ці секвестру альбо пазбаўленне правоў стану (у асноўным тычылася дваранства). Колькасць звестак, уключаных у розныя спісы, адрозніваецца, аднак яны ўсе змяшчаюць у асноўным наступныя структурныя элементы: імя і прозвішча асобы, яе саслоўная прыналежнасць, геаграфічнае паходжанне (губерня ці павет), пакаранне. Вельмі часта спісы афармляліся ў выглядзе табліц са слупкамі (графамі) і радкамі. Менавіта апошняя графа з’яўляецца найбольш важнай у кантэксце даследавання ссылкі, бо менавіта ў яе і ўключаліся адпаведныя звесткі, галоўным чынам пра месца і ўмовы ссылкі (напрыклад, "на пасяленне ў больш аддаленыя месцы Сібіры", "на жыхарства ў Арэнбургскую губерню" і да т. п.).

Адным з найбольш паказальных у гэтым плане з’яўляецца "Алфавітны спіс палітычных злачынцаў, пазбаўленых паводле суду правоў стану, маёмасці якіх падлягаюць канфіскацыі ў казну", што захоўваецца ў фондзе Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу 18 . У яго ўключаныя звесткі пра 2048 чалавек, у адносінах да якіх да 1 кастрычніка 1864 г. у шасці губернях, падначаленых віленскаму генерал-губернатару, былі вынесены і зацверджаны абвінаваўчыя судовыя прысуды за ўдзел ці дачыненне да паўстання. Не ўсе з іх былі прысуджаныя менавіта да ссылкі, аднак пад яе не падпадала толькі невялікая група (крыху больш за 100 чалавек), прысуджаная да смяротнага пакарання. Ствараліся і спісы меншых маштабаў. Яны часта друкаваліся, таму іх копіі можна знайсці ў розных справах і фондах.

Сасланыя "адміністрацыйным парадкам" таксама ўключаліся ў асобныя спісы і імянныя ведамасці. Хаця ў НГАБ не выяўлена да цяперашняга часу нейкага агульнага спісу ці ведамасці гэтай катэгорыі сасланых за працяглы перыяд (хаця б за асобны год), аднак тут масава захоўваюцца адпаведныя дакументы за невялікія прамежкі часу (за месяц ці некалькі месяцаў), напрыклад, у фондах Віцебскага губернскага праўлення 19 , віцебскага губернатара 20 , Полацкай дваранскай апекі 21 , мінскага губернскага маршалка 22 і інш. Іх з’яўленне было таксама выклікана практычнай фінансавай патрэбай — неабходнасцю накладання секвестру на маёмасць альбо спагнання з яе коштаў утрымання асобы на месцы ссылкі.

Хаця згаданыя спісы і ведамасці не з’яўляюцца поўнымі, а некаторыя асуджаныя проста не ўзгаданыя ў іх, аднак яны даюць прыкладнае ўяўленне пра маштабы ссылкі з пазбаўленнем правоў дваранства і канфіскацыяй маёмасці альбо "адміністрацыйным парадкам". Інакш кажучы, менавіта ў іх неабходна шукаць адказ на пытанне, колькі людзей было саслана.

У асобную тэматычную групу неабходна вылучыць матэрыялы аб спробах пазбегнуць ссылкі ўжо пасля вынясення адпаведнага прысуду. Існавала некалькі спосабаў дамагчыся гэтага, і асуджаныя на ссылку імкнуліся выкарыстаць свой шанц, аднак дасягнуць поспеху ўдалося толькі адзінкам. Увесь працэс афармляўся шляхам падачы адпаведных прашэнняў на імя вышэйстаячых інстанцый ці асоб з аргументацыяй, якая магла падмацоўвацца пэўнымі дакумента-мі. Так, напрыклад, мешчанін г. Копысь Васіль Літвінік і селянін Сенненскага павета Яўстах Хруцкі (абодва праваслаўныя) пасля вынясення канфірмацыі (13 красавіка 1864 г.) 13 мая 1864 г. падалі (сумесна) два прашэнні — на імя віленскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва аб пераглядзе справы, аргументуючы сваёй поўнай невінаватасцю, а таксама на імя камандуючага войскамі Магілёўскай губерні Міхаіла Ліхуціна аб адтэрміноўцы высылкі да вырашэння папярэдняга прашэння. Аднак гэтыя прашэнні былі адхілены, і ўжо 18 мая абодвух адправілі з Магілёва на месца ссылкі ў арыштанцкія роты — першы ў Тульскую губерню на тры гады, а другі ў Калужскую на два.

У некаторых (вельмі рэдкіх) выпадках прысуджаным удавалася дамагчыся кардынальнай змены прысуду, выкарыстоўваючы абставіны яго зацвярджэння і палітычныя акалічнасці. Паказальны выпадак з вучнем Мінскай гімназіі Отанам Чакатоўскім. Ён быў арыштаваны ў 1863 г., западозраны ва ўдзеле ў патаемным камітэце мінскіх гімназістаў з мэтай падтрымкі паўстання. На судзе не знайшлося доказаў гэтага, аднак канфірмацыяй М.Мураўёва ён быў "пакінуты ў падазрэнні" і прысуджаны да ссылкі на службу ў Арэнбургскі корпус. Бацькі падалі прашэнне аб вызваленні іх сына з прычыны дрэннага стану яго здароўя, у сувязі з чым служба была замененая на ссылку ў Арэнбургскую губерню на пасяленне. Падчас праезду праз Вільню О.Чакатоўскі быў ізноў затрыманы ў сувязі са справай яго брата Пятра (паўстанцкага цывільнага начальніка Мінска) і зняволены ў Віленскай фартэцыі. Гэта выкарысталі яго бацькі, якія ў траўні 1864 г. (у адсутнасць М.Мураўёва ў Вільні) ізноў падалі прашэнне аб вызваленні іх сына, і рашэннем памочніка камандуючага войскамі Віленскай вайсковай акругі Мікалая Крыжаноўскага (больш памяркоўнага ў вынясенні цяжкіх прысудаў) пакаранне было замененае на ссылку на жыхарства ў Гомель пад нагляд паліцыі на два гады. 7 ліпеня 1864 г. Чакатоўскі быў адпраўлены з Вільні ў Магілёў, адкуль 20 ліпеня — у Гомель. Такім чынам, яму ўдалося пазбегнуць высылкі ў Арэнбург.

У некаторых выпадках прысуд удавалася палегчыць праз змену месца ссылкі на больш блізкае. Так, памешчык Слуцкага павета Уладзіслаў Вэндарф за тое, што яго "прысутнасць <...> у краі прызнаецца шкоднай для грамадскага спакою", паводле загаду М.Мураўёва ад 13 снежня 1863 г. (альбо паводле яго ж канфірмацыі ад 2 лістапада 1864 г.), падлягаў ссылцы ў Пермскую губерню пад строгі нагляд паліцыі. Яму ўдалося зацягнуць з ад’ездам да адстаўкі М.Мураўёва, і пасля адпаведнага прашэння з аргументацыяй шкоднасці клімату на месцы ссылкі намеснікам віленскага генерал-губернатара Аляксандрам Патапавым 2 траўня 1865 г. яно заменена на значна больш блізкую Кастрамскую губерню.

Некаторыя асобы падавалі прашэнні аб адтэрміноўцы высылкі ў сувязі з неабходнасцю ўладкавання сямейных і фінансавых спраў, сустрэчы са сваякамі ці паляпшэння стану здароўя.

Па-трэцяе, гэта службовая перапіска мясцовых органаў з сасланымі і органамі ўлады на месцах ссылкі. Галоўнай тэмай такой перапіскі станавілася, як правіла, вырашэнне разнастайных арганізацыйных і фінансавых пытанняў. Паводле расійскага заканадаўства, утрыманне сасланых "адміністрацыйным парадкам" павінна было адбывацца за кошт саміх сасланых. У тым жа выпадку, калі ўласных сродкаў сасланы не меў, яму прызначалася ўтрыманне ад дзяржавы, якое выдавалася на месцы ссылкі мясцовымі органамі ўлады з іх бюджэтаў. Чыноўнікі сібірскіх і цэнтральнарасійскіх губерняў імкнуліся мінімізаваць нагрузку на бюджэты губерняў шляхам спагнання з сасланых альбо іх сваякоў грашовых сум. Менавіта гэты працэс даў штуршок да стварэння цэлага пласта матэрыялаў, якія дазваляюць пазнаёміцца з некаторымі бакамі жыцця ўдзельнікаў паўстання ў ссылцы.

Дакументацыйна працэс пошуку сродкаў адбываўся наступным чынам. Пасля прыбыцця паўстанца на месца ссылкі і высвятлення адсутнасці ў яго сродкаў на ўтрыманне мясцовыя органы ўлады афармлялі запыт па месцы яго ранейшага жыхарства — у канцылярыю віленскага генерал-губернатара ці непасрэдна ў цэнтр той ці іншай губерні (у канцылярыю губернатара ці ў губернскае праўленне). Адтуль запыт перасылаўся ніжэйстаячым органам — у павятовыя праўленні, казённую палату і інш. На месцы (праз павятовых спраўнікаў, станавых прыставаў, казначэяў і іншых чыноўнікаў) адбываўся пошук маёмасці сасланага альбо яго сваякоў. Пра вынікі пошукаў паведамлялася рапартамі вышэйстаячым органам. У сувязі з тым, што пераважная большасць сасланых паходзіла з небагатых сем’яў, маёмасці, з якой магчыма было б спагнаць грошы, альбо сваякоў, што пагадзіліся б іх высылаць, як правіла, не знаходзілася, пра што і паведамлялася органам на месцы ссылкі. Створаныя падчас гэтага працэсу запыты, рапарты, распараджэнні і іншая дакументацыя фарміруюць асобны пласт матэрыялаў. Напрыклад, згаданыя запыты з месца ссылкі ў мясцовыя органы ўлады часта з’яўляюцца адзінай крыніцай у НГАБ, з якой можна даведацца, куды канкрэтна сасланая асоба была паселена і ўвогуле пра факт яе жыцця. Гэта, напрыклад, тычыцца памешчыкаў Лепельскага павета Браніслава Спасоўскага, Полацкага павета Станіслава Умінскага, Дрысенскага павета Вінцэнта Шадурскага і інш.

Кантакты адносна распараджэння маёмасцю, што засталася на радзіме, маглі зыходзіць ад ссыльных напрасткі ў органы ўлады на радзіме. Як правіла, яны тычыліся выдачы сваякам часткі даходаў з секвестраваных маёнткаў, дазволу ім жыць у іх і г. д. Напрыклад, памешчык Сенненскага павета Альфонс Асяцімскі, знаходзячыся ў ссылцы ў г. Ядрын Казанскай губерні, 10 сакавіка 1865 г. звяртаўся да магілёўскага губернатара з прашэннем аб выдачы часткі даходаў з яго секвестраванага маёнтка тром маленькім дочкам, якія засталіся на радзіме.

Перад сасланымі "з пазбаўленнем правоў стану" і канфіскацыяй такія пытанні не стаялі, бо грошы на іх утрыманне, незалежна ад цяжкасці пакарання, паступалі непасрэдна ад дзяржавы. Да перапіскі праз мясцовыя органы іх пабуджалі кантакты са сваякамі на радзіме: перасылка лістоў з паведамленнямі пра свой лёс і свае навіны, падача прашэнняў аб адпраўцы жонак і дзяцей да іх на месца ссылкі і г. д. Напрыклад, дваранін Віцебскага (ці Лепельскага) павета Геранім Рэут, сасланы на пасяленне ў "больш аддаленыя месцы Сібіры", працаваў на жалезаробчым Мікалаеўскім заводзе Брацкай воласці Ніжневудзінскай акругі Іркуцкай губерні, адкуль 25 ліпеня 1866 г. падаў іркуцкаму губернатару прашэнне аб перасылцы да яго жонкі з дзецьмі 28 . Аналагічнае прашэнне падаў 8 лістапада 1868 г. селянін Навагрудскага павета Рыгор Гарэла, які жыў у ссылцы ў 1864—1869 гг. у сяле Урэз Усць-Тартарскай воласці Томскай губерні.

Перасылка лістоў сасланых асоб праз дзяржаўную пошту суправаджалася іх абавязковым цэнзураваннем на месцы адпраўлення ці прыбыцця альбо ў ІІІ Аддзяленні імператарскай канцылярыі. Некалькі спраў у фондах НГАБ паказваюць некаторыя фрагменты гэтага працэсу ў канцы 1860-х гг. Так, лісты ад сасланых паступалі спачатку ў канцылярыю губернатара на месцы ссылкі, адкуль адпраўляліся альбо непасрэдна ў канцылярыю губернатара той губерні, куды накіроўваўся ліст, альбо спачатку ў ІІІ аддзяленне і адтуль ужо губернатару па адрасе. На жаль, у НГАБ захаваліся пераважна суправаджальныя лісты да карэспандэнцыі сасланых, якія змяшчаюць вельмі абмежаваны набор звестак 30 . Часцей за ўсё ў іх не ўказвалася нават імя адрасанта ці адрасата, і яго магчыма сустрэць толькі ў рэдкіх выпадках, звычайна калі перадача ліста сутыкалася з нейкімі цяжкасцямі і патрабавала дадатковай перапіскі (напрыклад, у выпадку адсутнасці адрасата на месцы). Аднак нават такія матэрыялы дазваляюць прыкладна вызначыць мінімальны ўзровень інтэнсіўнасці карэспандэнцыі сасланых на радзіму. Таксама яны падаюць часам некаторыя звесткі пра сасланых. Так, напрыклад, з іх становіцца вядома, што памешчык Віцебскай губерні Вінцэнт Шадурскі, прысуджаны да ссылкі на жыхарства ў Казанскую губерню, па дарозе прыбыў у СанктПецярбург і адтуль быў накіраваны на жыхарства ў г. Старая Руса Наўгародскай губерні.

Усе вышэйзгаданыя матэрыялы закранаюць дастаткова вялікае кола пытанняў, звязаных са ссылкай удзельнікаў паўстання. Напрыклад, яны дазваляюць прасачыць паводзіны жонак сасланых. Дакументы выразна паказваюць розніцу пазіцыі ў кожным асобным выпадку і немагчымасць вызначыць выразную перавагу якога-небудзь варыянту. Інакш кажучы, кожная жанчына самастойна вырашала пытанне, ці адпраўляцца ўслед за мужам у ссылку, у залежнасці ад уласнай сітуацыі — матэрыяльнай і арганізацыйнай. Напрыклад, дваранка Ігуменскага павета Алена Брэская ў чэрвені 1864 г. падала прашэнне аб высыл-цы разам з мужам Генрыкам Брэскім у Кастрамскую губерню з наступнымі аргументамі: "<...> застаўшыся з дачкой Аленай 14-ці, сынам Мечыславам 17-ці гадоў і шасцю малагадовымі дзецьмі без найменшага прытулку, зусім не маю ніякіх сродкаў да пракармлення як сябе, так і іх" 32 . Жонка памешчыка Дынабургскага павета Станіслава Моля, сасланага ў 1863 г. "адміністрацыйным парадкам" у г. Уфа Арэнбургскай губерні, Фяліцыя добраахвотна адправілася за ім у ссылку, аднак ужо ў 1865 г. вярнулася на радзіму, аргументуючы неабходнасць "справамі кіравання яе маёнткам" 33 . Жонка вышэйзгаданага Р.Гарэлы ўвогуле адмовілася адправіцца да яго ў ссылку, калі ён паспрабаваў выклікаць яе да сябе, спаслаўшыся на слабае здароўе.

Карыснай крыніцай для даследавання паводзінаў жонак сасланых удзельнікаў паўстання ў вышэйзгаданай сітуацыі з’яўляюцца водпускі артыкульных спісаў, якімі забяспечваліся ссыланыя перад адпраўкай. У асобнай графе тут указваўся сямейны стан (халасты ці жанаты), запісваліся жонкі і дзеці (пры наяўнасці) і адзначалася, адпраўляецца сям’я ў ссылку ці застаецца на радзіме.

Звесткі пра паўсядзённае жыццё ў ссылцы трапляюць у матэрыялы НГАБ рэдка — іх наяўнасць з’яўляецца хутчэй выключэннем, чым правілам. Аднак некаторыя эпізоды яны дазваляюць зафіксаваць. Напрыклад, селянін Віцебскай губерні, былы пісар Абітоцкай сельскай грамады Полацкага павета Ян Варатынскі, у ссылцы прыпісаны да Кугаеўскай воласці Табольскай акругі Табольскай губерні, знаходзіўся ў вельмі цяжкай матэрыяльнай сітуацыі і ў 1866—1873 гг. намагаўся праз дзяржаўныя органы спагнаць 1000 рублёў з полацкіх купцоў Соры Зэйдэльсон і яе ўнука Янкеля Рыўкіна, аднак няўдала. У выніку, для таго каб утрымліваць сям’ю (жонку Эмілію і пяць дзяцей), якая адправілася з ім, вымушаны быў (паводле яго словаў) "жабраваць" .

У асобную тэматычную групу неабходна вылучыць матэрыялы аб амністыі і вяртанні ўдзельнікаў паўстання на радзіму. З 1866 г. у сувязі з аслабленнем хвалі рэпрэсій пасля паўстання пачалі выдавацца ўказы і маніфесты аб палягчэнні пакарання розным катэгорыям паўстанцаў — у 1867, 1868, 1871, 1873, 1874, 1883, 1894 гг. У выніку многія з іх атрымоўвалі магчымасць пакінуць Сібір, вярнуцца на радзіму альбо прылеглыя тэрыторыі, права вольнага пошуку заробку на месцы ссылкі альбо палягчэння перамяшчэння па тэрыторыі імперыі і г. д. Зразумела, што ў такіх умовах шмат хто са ссыльных пажадаў вярнуцца на радзіму альбо перасяліцца ў мясцовасці з блізкім сацыякультурным атачэннем (напрыклад, асобы з Беларусі і Літвы, якія атрымоўвалі права пакінуць Сібір у 1867—1869 гг., маглі перасяліцца амаль выключна ў Каралеўства Польскае). З гэтага часу пачынае стварацца комплекс дакументаў, што адлюстроўваюць працэс атрымання амністый і вяртання на радзіму.

У НГАБ справы аб вяртанні паўстанцаў на радзіму масава захоўваюцца ў фондах канцылярый мінскага і віцебскага губернатараў (у фондзе канцылярыі магілёўскага губернатара падобныя справы не захаваліся). У фондзе мінскага губернатара знаходзіцца больш за 100 спраў за 1869—1893 гг., якія тычацца вяртання на радзіму асобных паўстанцаў. У сваёй пераважнай большасці яны маюць невялікі аб’ём — да 10 аркушаў. Хаця ёсць выключэнні, і некаторыя справы налічваюць амаль 100 аркушаў. У іх утрымліваецца хоць і невялікі, але інфармацыйна насычаны набор звестак пра тое, дзе ссыльны жыў на момант атрымання амністыі, калі яе атрымаў, на якіх умовах, куды меў намер перасяліцца і інш.

У фондзе віцебскага губернатара падобныя матэрыялы сабраныя ў асобныя справы паводле тэматычнага прынцыпу, таму ў адной справе могуць фігураваць да некалькіх дзясяткаў асоб, якія дамагаліся атрымання амністыі 36 . Адным з найбольш часта сустракаемых дакументаў у такіх справах з’яўляецца паведамленне Дэпартамента паліцыі выканаўчай Міністэрства ўнутраных спраў мінскаму ці віцебскаму губернатару аб распаўсюджанні на канкрэтную асобу пэўнага маніфеста з наданнем яму права на прыбыццё на радзіму, перасялення ў іншую губерню, вольнага перамяшчэння па імперыі, пражывання на радзіме і да т. п. альбо запыт таго ж Дэпартамента тым жа губернатарам аб іх думцы наконт прашэння ссыльнага аб дазволе на вяртанне 37 . У НГАБ захоўваюцца матэрыялы, што тычацца не толькі ўраджэнцаў Беларусі, але і іншых зямель былой Рэчы Паспалітай. Напрыклад, у асобнай справе сабраныя матэрыялы пра ўраджэнцаў пераважна Царства Польскага ("Прывіслянскага краю"), якія пражывалі ў ссылцы ў Енісейскай губерні, у 1869 г. атрымалі амністыю з правам вярнуцца на радзіму і павінны былі праязджаць праз Віцебскую губерню.

У матэрыялах фонду таксама захаваліся некаторыя іншыя карысныя дакументы, што адлюстроўваюць працэс вяртання паўстанцаў на радзіму. Напрыклад, алфавітны спіс асоб, якія атрымалі амністыю на розных умовах за 1877—1886 гг. (захоўваецца ў фондзе канцылярыі віцебскага губернатара), уключае больш за тысячу прозвішчаў.

Перапіска паўстанцаў, якая вялася імі з расійскімі органамі ўлады пасля вяртання на радзіму, адлюстроўвае розныя сітуацыі матэрыяльнага і арганізацыйнага характару, у якіх яны апынуліся. Напрыклад, у Мінскі дваранскі дэпутацкі сход пачалі паступаць прашэнні аб выдачы пасведчанняў аб дваранскім паходжанні раней асуджаных дваран, якім былі вернутыя правы стану. Апрача таго пасля вяртання былыя паўстанцы траплялі на радзіме пад паліцэйскі нагляд і ўключаліся ў адпаведныя штогадовыя спісы. Гэтыя крыніцы паказваюць, дзе яны пасяляліся пасля вяртання, чым займаліся і г. д.

Неабходна адзначыць, што вяртанне на радзіму не абавязкова вяло да паляпшэння матэрыяльнага стану былых паўстанцаў. Паказальная ў гэтым пла-не сітуацыя склалася з аднадворцамі ваколіцы Новая Валадута Ігуменскага павета братамі Антоніем і Рыгорам Стэфанавічамі Лапкоўскімі. Яны былі высланыя ў 1864 г. "адміністрацыйным парадкам" на жыхарства ў Томскую губерню і ў 1875 г. вярнуліся на радзіму. Аднак тут яны не знайшлі сродкаў на ўтрыманне, што прымусіла іх 20 студзеня 1877 г. падаць прашэнне мінскаму губернатару аб высылцы іх назад у Сібір і выдачы грошай на дарогу. Дазвол і неабходныя дакументы ім былі выдадзены, але без грашовай дапамогі. Тым не менш яны згадзіліся ехаць у Томскую губерню за свой кошт.

У асобную спецыфічную групу крыніц у НГАБ неабходна вылучыць матэрыялы царкоўнага ўліку насельніцтва — метрычныя кнігі і спісы парафіян сібірскіх касцёлаў. Яны масава захоўваюцца ў фондзе "Магілёўскай рымска-каталіцкай духоўнай кансісторыі" (ф. 1781). Паводле сістэмы царкоўнага справаводства перыяду Расійскай Імперыі, падобныя матэрыялы захоўваліся ў трох асобніках — непасрэдна ў касцёле, у цэнтры дэканата і ў цэнтры кансісторыі. У НГАБ захоўваюцца тыя асобнікі, якія ў ХІХ ст. былі адасланыя ў Магілёўскую рымска-каталіцкую кансісторыю. У асноўным яны ўключаны ў склад 26-га (спісы парафіян) і 36-га вопісаў (метрычныя кнігі) фонду. Сярод сібірскіх касцёлаў тут фігуруюць дакументы Томскага, Омскага, Табольскага, Зластавусцкага, Нерчынскага, Краснаярскага і Іркуцкага касцёлаў; сярод цэнтральнарасійскіх — Казанскага, Пскоўскага, Ніжнегародскага і некаторых іншых. Ступень захаванасці дакументаў сібірскіх касцёлаў непараўнальна лепшая, бо дакументы цэнтральнарасійскіх касцёлаў захоўваюцца ў НГАБ толькі ў асобных фрагментах (метрычныя кнігі за асобныя гады).

Тут неабходна зрабіць агаворку, што ўласна гісторыі ссылкі гэтыя матэрыялы тычацца апасродкавана, бо іх галоўная мэта — не фіксацыя абставінаў адбывання пакарання, а рэгістрацыя нараджэнняў, шлюбаў і смерцяў парафіян, а таксама наведвання імі штогадовай споведзі. Тым не менш яны змяшчаюць значную колькасць звестак біяграфічнага характару наконт сасланых: даты і месцы іх шлюбаў і смерцяў, нараджэння іх дзяцей, месца пражывання на пэўны час, прафесійныя заняткі, склад сем’яў і г. д.

Так, з падобных матэрыялаў вядома, што былы паўстанцкі цывільны начальнік Брэсцкага ваяводства Апалон (Апалінары) Гафмэйстар у 1868 г. служыў на Іркуцкім (Усольскім) саляварным заводзе. Яго жонка Алаіза Курціуш, якая добраахвотна адправілася з ім у ссылку, 7 траўня 1868 г. памерла і 10 траўня была пахаваная на завадскіх могілках. На яе пахаванні прысутнічалі іншыя паўстанцы — Аляксандр Аскерка і паўстанцкі ваенны начальнік Навагрудскага ваяводства Станіслаў Алендскі. 12 лістапада гэтага ж года Гафмэйстар ажаніўся з дваранкай Юзэфай Янаўнай Падгурскай, а 15 ліпеня 1872 г. там жа, у Іркуцку, нарадзілася іх дачка Ядвіга-Генрыка-Марыя. Вышэйзгаданы Аляксандр Аскерка — ураджэнец Вілейскага павета, у паўстанні сябра белага Аддзела кіраван-ня правінцыямі Літвы — працаваў на тым жа заводзе і 18 чэрвеня 1866 г. ажаніўся з дваранкай Тэадозіяй Рафалаўнай Грабоўскай, а сведкамі пры яго шлюбе выступілі былы кіраўнік Аддзела Якуб Гейштар і памешчык Мінскай губерні, таксама былы сябра Аддзела Антоні Яленскі. Ксёндз Ян Дарынскі, які служыў вікарыем касцёла ў мястэчку Крэўна Новааляксандраўскага павета і быў сасланы за ўдзел у паўстанні, памёр 11 кастрычніка 1875 г. у г. Томску. Сасланы "адміністрацыйным парадкам" буйны памешчык Магілёўскай губерні Фелікс Ваўкавіцкі ў 1866 г. жыў у г. Табольску разам з жонкай Альжбетай і дачкой Марыяй.

Такім чынам, у НГАБ захоўваецца дастаткова багаты комплекс дакументаў, што адлюстроўваюць ссылку з тэрыторыі Беларусі ўдзельнікаў паўстання 1863—1864 гг. і асоб, якія мелі да яго "дачыненне". Яны найлепей паказваюць такія бакі, як асаблівасці ссылкі падчас "маніфестацыйнага перыяду", вынясенне прысуду аб ссылцы, намаганні па яго пераглядзе, колькасць сасланых з пэўнай тэрыторыі на пэўных умовах, кантакты ссыльных са сваякамі на радзіме, атрыманне амністыі і вяртанне на радзіму. У некаторых выпадках можна выявіць асобныя фрагменты паўсядзённага жыцця ссыльных. Спецыфічнай групай крыніц з’яўляюцца метрычныя кнігі і спісы парафіян сібірскіх і цэнтральнарасійскіх касцёлаў, якія адлюстроўваюць пэўныя аспекты асабістага жыцця ссыльных, а таксама даюць магчымасць прасачыць іх перамяшчэнні па тэрыторыі Сібіры. Пры гэтым у НГАБ захоўваецца адносна невялікая колькасць дакументаў, якія тычацца непасрэднага пражывання былых паўстанцаў на месцах іх ссылкі (штодзённае жыццё, узаемаадносіны з мясцовым насельніцтвам, матэрыяльнае забеспячэнне, прафесійныя заняткі і г. д.). Тым не менш, нягледзячы на непаўнату матэрыялаў НГАБ, іх выкарыстанне пры напісанні абагульняльнай навуковай працы па гісторыі ссылкі пасля паўстання 1863—1864 гг. з’яўляецца абавязковым.

 

Автор статьи: 
Матвейчык Дзмітрый Часлававіч
Ученая степень и звание: 
кандыдат гістарычных навук
Должность: 
загадчык аддзела публікацыі дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі
Опубликовано: 
Беларускі гістарычны часопіс. – 2018. – № 1. – С. 12–21.