Новыя дакументы да біяграфіі і радавода Марка Шагала.
Нягледзячы на тое, што творчасці Марка Шагала прысвечана вялікая колькасць публікацый, яго жыццёвая біяграфія даследавана далёка не поўнасцю. У першую чаргу гэта тычыцца Віцебскага перыяду жыцця і творчасці мастака. Таксама вельмі мала звестак і пра яго продкаў.
Спроба абагульніць апублікаваныя матэрыялы па гісторыі сям’і бацькоў Марка Шагала была зроблена Юліяй Сцяпанец, якая ўпершыню ўвяла ў навуковы ўжытак цэлы шэраг невядомых архіўных крыніц (1).
У апошні час пры апроцоўцы дакументаў з фондаў розных утаноў былой Віцебской губерні і г. Віцебска, якія захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, быў выяўлены цэлы шэраг цікавых дакументаў, звязаных з радаводам М.Шагала і яго жыццём у Віцебску. Набольш ранні з дакументаў датуецца 1874 годам. Гэта “Общий список евреям мужеского пола, живущим в 1-й части г. Витебска”, дзе пад №374 быў запісаны дзед мастака Сагал Давід Іоселевіч, Бабінічскі мешчанін, Магілёўскай губерні, дамаўладальнік. Узрост яго быў вызначаны “па пашпарту” і складаў 50 год. У гэтым жа спісе былі запісаны яго сыны: Хацкель, які меў узрост 12 гадоў, Зіска – 8 гадоў і Абрам – 1 год. Прычым, узрост першых двух быў вызначаны “па вонкаваму выгляду”, а астатняга паводле метрыкі.
Акрамя таго сыны Давіда Сагала Хацкель і Зіска былі дадаткова ўключаны ў “Особый список евреям мужеского пола, которым определен возраст по наружному виду, живущим в Витебской губернии … ” (2). Пад асобным нумарам у спіс жыхароў першай часткі г. Віцебска быў унесены старэйшы сын Давіда Сегала Гірша Давідов, таксама бабінавічскі мешчанін. Але ён быў запісаны пад прозвішчам не Сегал, а Шагал. Яго ўзрост быў вызначаны “па пашпарту” – 26 гадоў. У яго быў сын Моўша, які меў “па вонкаваму выгляду” – 5 гадоў (3).
Гэтыя дакументы сведчаць, што продкі Марка Шагала пераехалі ў Віцебск з Бабінічаў, якія знаходзіліся ў Магілёўскай губерні. Дарэчы, у Магілёўскай губерні ў 19 стагоддзі было некалькі населеных пунктаў з назвай Бабінавічы альбо Бабінічы. Захаваліся звесткі пра тое, што адна сям’я Шагалаў у 19 стагоддзі жыла ў аколіцы Бабінічы Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні, але яны былі прыпісаны да Мсціслаўскай яўрэйскай грамады. Ёсць архіўныя дадзеныя, што асобы з прозвішчам Шагал жылі і ў горадзе Бабінавічы Аршанскага павета, які ў другой палове 18 – першай палове 19 стагоддзя быўш цэнтрам павета ў Магілёўскай губерні, а пасля 1840 года трапіў у склад Аршанскага павету. Зараз гэта вёска ў Лезненскім раёне. Найбольш верагодна, што продкі Марка Шагала паходзілі менавіта адтуль. На жаль, да нашых дзён дайшло вельмі мала архіўных крыніц па гісторыі яўрэйскіх абшчын Магілёўскай губерніі, і каб падцвердзіць гэтую гіпотэзу неабходны скрупулёзныя архіўныя пошукі.
Асобую групу дакументаў уяўляюць матэрыялы, звязаныя з маёмасцю, якая належала бацьку будучага мастака Хацкелю Шагалу ў г. Віцебску. Захаваліся дакументы пра дамаўладанне Х.Шагала ў г. Віцебску па Вялікай Пакроўскай вуліцы канца 19 пачатку 20 стагоддзяў. Найбольш падрабязныя звесткі ёсць у адным з дакументаў за 1904 год. Гэта “Сведения о городских недвижимых имуществах в 3-й части г. Витебска по Большой Покровской улице”, дзе ўказана: дамаўладальнік – Шагал Хацкель Мардухавіч (дарэчы, біеграфы М.Шагала лічаць, што яго дзед мастак меў падвойнае імя Давід-Мардух), мешчанін (4).
Ёсць і кароткае апісанне маёмасці. Гэта 1-павярховы жылы драўляны дом, 1-павярховы мураваны жылы дом, 1-павярховы жылы драўляны дом у двары, яшчэ 1-павярховы жылы драўляны дом у двары. Акрамя таго Х.Шагалу належала 130 квадратных саженяў уласнай зямлі (5).
На жаль, нам не ўдалося знайсці графічных матэрыялаў з выявай плана зямельнага пляца, які належаў Шагалам, а таксама чарцяжоў іх будынкаў. Вядома, што гэтыя матэрыялы ў свой час знаходзіліся ў архіве Віцебскай гарадской управы. Напрыклад, у “Алфавіце справам будаўнічага стала Віцебскай гарадской управы за 1894-1898 гады” ёсць звесткі, што 1 студзеня 1897 года пад №1 была зарэгістравана справа аб пабудове драўлянага дома ў 3-й частцы г. Віцебска па Пакроўскай вуліцы Хацкелем Мардухавым Шагалам і яго жонкай Фейгай Мендэлевай (6). Але гэтыя дакументы ў сучасным архіўным фондзе Віцебскай управы не захаваліся.
Асобную цікавасць уяўляюць дакументы пра вучобу Марка Шагала ў 1-м Віцебскім чатырохкласным гарадскім вучылішчы з 1898 па 1905 гг.
14 ліпеня 1898 года Х.Шагал звярнуўся да інспектара Віцебскага гарадскога вучылішча з прашэннем, дзе пісаў: “Желая определить сына моего «Мовши» в Витебское Городское училище, 1-ое отделение, честь имею покорнейше просить, Ваше Высокородие, допустить сына моего к приемным испытаниям в сем 1898 году. При сем представляю свидетельства: метрическое за №1403 и об оспопрививании… ” (7). У архіўным фондзе “Першае Віцебскае 4-х класнае гарадское вучылішча” захаваліся вельмі цікавыя дакументы пра вычобу М.Шагала. Напрыклад, у “Спісе асоб, якія жадалі паступіць у Віцебскае гарадское вучылішча ў 1898 годзе” пад №62 быў указаны Шагал Мовша Хацкелеў, мешчанін, веравызнання іўдзейскага, нарадзіўся 24 чэрвеня 1887 года (8). У класных і балавых журналах вучылішча за 1900-1905 гады ёсць звесткі аб поспехах у вучобе М.Шагала. Ёсць спісы вучняў, дзе маюцца адзнакі аб унясенні платы за навучанне М.Шагала. Захаваліся экзаменацыйныя спісы з адзнакамі М.Шагала. Ўдалося выявіць і аўтэнтычныя аўтографы вучня 2-га класа 2-га аддзялення М.Шагала. Гэта экзаменацыйная работа па рускай мове – дыктоўка, а таксама экзаменацыйная работа – перасказ на тэму “Кароткая гісторыя айчыннай вайны 1812 года”, якія датуюцца 7 мая 1902 года. За дыктоўку М.Шагал атрымаў 5, а за гістарычны пераказ – 4 з мінусам і 4 (9). На жаль, не захаваліся атэстаты вучняў аб заканчэнні вучылішча ў 1905 годзе (за другія гады яны ёсць). Не захавалася і асабовая справа вучня Шагала.
Такім чынам, перагорнута яшчэ адна старонка з жыцця славутага мастака. Выяўленыя дакументы дазволілі ўдакладніць некаторыя моманты біяграфіі М.Шагала і яго радавод. Хочацца спадзявацца, што далейшыя руплівыя архіўныя пошукі прывядуць да новых цікавых знаходак.
___________
Крыніцы:
1. Сцепанец Ю. Из истории семьи Шагала: Новые архивные документы. – Бюллетень музея Марка Шагала. 2000, №12.
2. НГАБ, ф.1416, воп.1, спр.2680, арк.60.
3. Там сама, арк. 96.
4. Там сама, арк. 113адв.
5. НГАБ, ф.2618, воп.1, спр.5, арк.26.
6. НГАБ, ф.2496, воп.1, спр.2546, арк.249.
7. НГАБ, ф.2670, воп.1, спр.44, арк.41.
8. Там сама, спр.24, арк.4.
9. Там сама, спр.266, арк.79-81.