Да 150-годдзя з дня нараджэння М.В. Доўнар-Запольскага

М.В.Доўнар-ЗапольскіМітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі, беларускі гісторык, эканаміст, этнограф, адзін з заснавальнікаў нацыянальнай гістарыяграфіі.

Нарадзіўся ў горадзе Рэчыцы Мінскай губерні 2(14) чэрвеня 1867 г. у сям’і калежскага сакратара, столаначальніка павятовага жандарскага ўпраўлення. Доўнар-Запольскія паходзілі са старажытнага шляхецкага роду і карысталіся гербам «Побуг». М. Доўнар-Запольскі спачатку паступіў у Мінскую гімназію, потым вучыўся у Мазырскай шасцікласнай прагімназіі, а ў 1885 г. стаў навучэнцам Першай кіеўскай класічнай мужчынскай гімназіі.

У 1894 г. ён скончыў Кіеўскі універсітэт, а ў 1905 г. абараніў доктарскую дысертацыю У 1895–1897 гг. М. Доўнар-Запольскі працаваў памочнікам архіварыуса Маскоўскага архіва Міністэрства юстыцыі, настаўнікам прыватнай гімназіі ў Маскве. 3 1896 гг. – заснавальнік і сакратар археаграфічнай камісіі пры Маскоўскім археалагічным таварыстве, з 1899 г. – прыват-дацэнт гісторыка-філалагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта.

3 1901 г. М. Доўнар-Запольскі працаваў у Кіеўскім універсітэце, спачатку прыват-дацэнтам, потым ардынарным прафесарам, загадчыкам кафедры рускай гісторыі. У 1905 г. ён заснаваў Вышэйшыя жаночыя курсы, якія ў 1906 г. былі ператвораныя ў прыватныя камерцыйныя курсы, затым у 1907 г. у Кіеўскі камерцыйны інстытут. Да 1917 г. М. Доўнар-Запольскі займаў пасаду дырэктара гэтай першай у Расіі эканамічна-адукацыйнай установы. Апрача таго ён з’яўляўся кіраўніком кафедры гісторыі народнай гаспадаркі, старшынёй гісторыка-этнаграфічнага, затым сацыялагічнага гуртка.

Публікаваць навуковыя працы і рэцэнзіі М. Доўнар-Запольскі пачаў у 1888 г. у газетах «Минский листок» і «Виленский вестник». У даследаванні «Беларускае мінулае» (1888) упершыню стварыў асноўнае ядро канцэпцыі гістарычнага развіцця беларускага народа, паставіў праблему неабходнасці нацыянальнага адраджэння Беларусі. У 1888 г. выйшаў яго фальклорна-этнаграфічны эцюд пра беларускае вяселле і вясельныя песні, надрукаваны нарысы, прысвечаныя насельніцтву і тэрыторыі Беларусі, пазямельным адносінам, сельскай гаспадарцы і фабрычна-заводскай прамысловасці, заснаваныя на багатых статыстычных даных. У канцы 1880-х гадоў разам з гісторыкам Аляксандрам Слупскім зрабіў рэальныя захады для асветы народа, адраджэння беларускай этнічнай самасвядомасці У кнігах-календарах «Каляндар Паўночна-Заходняга краю» за 1889 і 1890 гг. змешчана каля 10 яго матэрыялаў па беларускай мове і літаратуры, гісторыі, этнаграфіі і сацыялогіі, у т.л. «Беларуская гаворка», «Гапон», аповесць у вершах на беларускай мове Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча: (3 гісторыі беларускага пісьменства)», «Кароткі геаграфічны нарыс старажытнай Беларусі (у IX–XII стст.)», «Інстытут царкоўнага суда у Смаленскім княстве у XII ст.», «Вялік-дзень на Беларусі», «Нарысы па гісторыі Беларусі (ад пачатку да смерці Уладзіміра Манамаха)», «Статыстычныя звесткі аб Паўночна-Заходнім краі» і інш. У 1890–1895 гг. на матэрыялах этнаграфіі і фальклору вывучаў розныя аспекты духоўнага жыцця беларусаў. У часопісах «Этнографическое обозрение» і «Живая старина», газетах «Виленский вестник» і інш. надрукаваў серыю даследаванняў аб сямейным побыце, звычаёвым праве, вераваннях.

У 1891 г. выйшла першая буйная праца М. Доўнар-Запольскага «Нарыс гісторыі Крывіцкіх і Дрыгавіцкіх зямель да канца XII стагоддзя». У 1893–1895 гг. зрабіў практычныя захады, каб стварыць «Беларускі гурток», аб’яднаць даследчыкаў і аматараў беларушчыны.

У публікацыях М. Доўнар-Запольскага 2-й пал. 1890-х гадоў пераважае гістарычная тэматыка: сярэдневяковая, літоўска-беларуская і агульнаўсходне-славянская XI–XII стст. Доўнар-Запольскі апублікаваў тэкст «Баркулабаўскага летапісу», «Дакументы Маскоўскага архіва Міністэрства юстыцый» (т. 1), «Акты Літоўска-Рускай дзяржавы (XIV–XVI стст.)» (т. 2, вып. 1). З літаратурна-філалагічных прац выйшлі манаграфічнае даследаванне «В.М. Цяпінскі, перакладчык Евангелля на беларускую гаворку» і артыкул пра паэму «Тарас на Парнасе», аўтарства якой схільны быў аддаць В. Дуніну-Марцінкевічу. Напачатку ХХ ст. у буйных працах «Дзяржаўная гаспадарка Вялікага княства Літоўскага пры Ягелонах» (1901, магістэрская дысертацыя) і «Нарысы па арганізацыі заходнерускага сялянства ў XVI ст.» (1905, доктарская дысертацыя) на велізарным архіўным матэрыяле разглядаў праблемы фарміравання беларуска-літоўскай дзяржаўнасці, сацыяльна-эканамічнае развіццё і сацыяльна-эканамічныя адносіны ў ВКЛ XIV–XVI стст. Усе працы Доўнар-Запольскага па гісторыі вылучаліся менавіта сацыяльна-эканамічным падыходам.

Аўтары-складальнікі: 
В.Н.Денисов
Год выставы: 
2015