Мінскія гімназісты пачатку ХХ стагоддзя ў фотаздымках (да 955-годдзя горада Мінска)

Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі з’яўляецца адным з самых значных архіўных сховішчаў нашай краіны. У яго фондах захоўваецца больш за 1 мільён спраў самай рознай відавай прыналежнасці за перыяд з канца XIV па сярэдзіну ХХ ст. Адным з самых цікавых пластоў матэрыялаў у яго фондах з’яўляюцца фотаздымкі. Іх планамернае выяўленне было пачата некалькі гадоў таму ў межах асобнай навуковай тэмы, і на сённяшні дзень гэтая дзейнасць ужо прыносіць своё плён – выяўлена каля 3 тысяч фотаздымкаў. Пераважную іх большасць складаюць партрэтныя выявы людзей, якія жылі на беларускіх землях у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст.

Адным з самых першых комплексаў, які быў распрацаваны на прадмет выяўлення фатаграфічных матэрыялаў, стаў фонд Мінскай мужчынскай гімназіі. Як вядома, гэтая навучальная ўстанова з’яўляецца адной з самых старых на беларускіх землях. Яна была заснавана ў 1803 г. на базе свецкай 6-класнай школы сярэдняга ўзроўню адукацыі (функцыянавала з 1773 г.), якая ў сваю чаргу з’яўлялася пераемнікам Мінскага езуіцкага калегіума, адчыненага яшчэ ў XVІІ ст. У хуткім часе пасля свайго адкрыцця яна пераехала ў рэканструяваны корпус былога базыльянскага манастыра на Саборнай плошчы (у цяперашні час адрас будынка – пл. Свабоды, 23), адкуль у 1844 г. – у адмыслова для яе збудаваны корпус на вуліцы Францысканскай (з канца ХІХ ст. называлася Губернатарскай). Там яна дзейнічала да 1915 г., калі была эвакуявана ўглыб Расіі ў сувязі з адступленнем расійскай арміі і набліжэннем фронту да г. Мінска. З 1919 па 1941 г. у будынку дзейнічала 2-я савецкая працоўная школа 2-й ступені. Падчас Другой сусветнай вайны будынак моцна пацярпеў і пасля вызвалення Мінска быў канчаткова разабраны.

Пачаткова ў гімназіі моглі вучыцца толькі дзеці з сямей дваранскага паходжання, але з цягам часу доля прадстаўнікоў непрывілеяваных саслоўяў няспынна расла, і на 1914 г. яны ўжо складалі большую палову навучэнцаў.

Изображение
Мінская мужчынская гімназія

* * *

У фондзе Мінскай мужчынскай гімназіі захоўваюцца дакументы за 1846–1920-я гг. Гэта цыркуляры папячыцеля Віленскай навучальнай акругі, пратаколы пасяджэнняў педагагічнай рады, справаздачы пра стан гімназіі, класныя журналы, ведамасці аб паспяховасці, навучэнцаў, прашэнні прыватных асоб, фармулярныя спісы супрацоўнікаў і іншыя дакументы багатай відавай прыналежнасці. Сярод іх вылучаюцца, безумоўна, фотаматэрыялы.

У працэсе распрацоўкі фонду ў яго складзе было выяўлена 356 фотаздымкаў. Усе яны – партрэтныя фотадакументы, і сярод іх няма ніводнай выявы выкладчыка альбо службоўцы гімназіі. На 88-мі фотаздымках змешчаны выявы вучняў гімназіі альбо абітурыентаў, на астатніх – партрэты людзей, якія здавалі ў гімназіі іспыты на розныя званні (настаўнікаў народных вучылішчаў, аптэкарскіх вучняў, вольнаслужылых другога разраду і інш.). Менавіта гэтым тлумачцца той факт, што ў фондзе мужчынскай гімназіі захоўваюцца 59 жаночых фотапартрэтаў, на якіх змешчаны ў сваёй пераважнай большасці маладыя жанчыны яўрэйскага паходжання, якія здавалі іспыты на атрыманне звання аптэкарскай вучаніцы ці атэстата сталасці альбо на паступленне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Усе выяўленыя ў гэтым фондзе фотаматэрыялы ўжо апублікаваны НГА Беларусі ў асобным выданні, выхад якога адбыўся ў пачатку гэтага года (больш падрабязна азнаёміцца з ім магчыма па спасылцы: https://niab.by/newsite/by/minskaja-muzhskaja-gimanzija).

Изображение

Мінская мужчынская гімназія

На гэтай выставе, якая прымеркавана да святкавання 955-годдзя горада Мінска, увазе наведвальнікаў прапануецца азнаёміцца з выявамі больш чым 30-ці дарэвалюцыйных фотаздымкаў, на якіх паказаны навучэнцы альбо абітурыенты Мінскай мужчынскай гімназіі.

Аўтары-складальнікі: 
Д.Ч. Матвейчык
Год выставы: 
2022