Бібліяграфія зборніка «Архіварыус»

У 2022 г. Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі быў выдадзены ўжо дваццаты выпуск зборніка «Архіварыус». Гэта хоць і невялікі юбілей, але ён усё ж дае нагоду азірнуцца назад і падвесці пэўныя вынікі – падсумаваць зробленыя дасягненні і задумацца над задачамі на будучыню.

Першы выпуск «Архіварыуса» выйшаў у свет у 2001 г. У той час ён меў падтытул «зборнік навукова-папулярных паведамленняў і артыкулаў» і планаваўся як неперыядычны бюлетэнь архіва, пераважна інфармацыйнага і папулярызарскага характару. Аднак ужо з наступнага – другога – выпуску, які з’явіўся ў 2004 г., стаўленне саміх архівістаў да свайго выдання змянілася – яно пачало пазіцыянавацца як «зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў» і набыло стабільную перыядычнасць, стаўшы штогоднікам. З таго чаго гэтая традыцыя захоўваецца бяззменна.

Спецыфіка тэматычнай скіраванасці «Архіварыуса» была вызначана спецыфікай ініцыятара яго выпуску – Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. Інакш кажучы, у яго склад павінны былі ўваходзіць публікацыі, прысвечаныя шырокаму колу пытанняў архівазнаўства, крыніцазнаўства, выяўлення і археаграфічнай апрацоўкі дакументаў, а таксама ўласна навукова-гістарычныя артыкулы, напісаныя на падставе архіўных матэрыялаў і прысвечаныя дэрэвалюцыйнаму перыяду.

З самага пачатку выхаду «Архіварыуса» ад выпуску да выпуску павышаўся яго навуковы ўзровень. Кола аўтараў няўхільна расшыралася, на яго старонках усё часцей пачалі з’яўляцца публікацыі даследчыкаў са ступенямі кандыдатаў і дактароў навук, прычым не толькі з Беларусі, але і з-за мяжы. Гэта стала падствай для юрыдычнага павышэння яго статусу – загадам старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь ад 1 лютага 2012 г. пад № 21 «Архіварыус» уключаны ў Пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў па гістарычных навуках. У гэтым пераліку зборнік застаецца да цяперашняга часу.

«Архіварыус» застаецца дастаткова ўнікальным выданнем – да нядаўняга часу ён быў адзіным у Беларусі перыёдыкам, які цалкам рыхтаваўся і выпускаўся ўласна архівам.

За час выхаду «Архіварыуса» на яго старонках з’явілася больш за паўтысячы публікацый. Гэта – дзясяткі апублікаваных каштоўных дакументаў па гісторыі Беларусі, сотні аналітычных артыкулаў, крыніцазнаўчых аглядаў, біяграфічных нарысаў і іншых прац самай рознай формы і тэматычнай скіраванасці. Безумоўна, арыентавацца ў такім вялікім масіве матэрыялу дасткова цяжка не толькі непадрыхтаванаму чытачу, але і прафесійнаму даследчыку. Менавіта для гэтага супрацоўнікамі архіва быў складзены ніжэй прыведзены бібліяграфічны спіс публікацый, якія з’явіліся на старонках зборніка ад самага пачатку яго выхаду і да апошняга выпуску.

У спісе публікацыі размешчаны ў алфавітным парадку ў адпаведнасці з прозвішчамі іх аўтараў. У ім змешчаны ўсе публікацыі без выключэння ў незалежнасці ад іх якасці, тэматыкі, аб’ёму ці нейкіх іншых крытэрыяў. Складальнікі зыходзілі з таго, што ўсе артыкулы так ці інакш, больш ці менш, але робяць свой унёсак ва ўзбагачэнне айчыннай гістарычнай навукі, і таму павінны быць змешчаны ў спісе. Цяперашнім жа супрацоўнікам архіва не застаецца нічога іншага, як працягваць справу, пачатую іх папярэднікамі больш за 20 гадоў таму, і імкнуцца рабіць яе як мага лепей.

«Архіварыус: зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў» Частка 1, літары А–Г

«Архіварыус: зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў» Частка 2, літары Д–К

«Архіварыус: зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў» Частка 3, літары Л–Н

«Архіварыус: зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў» Частка 4, літары П–Т

«Архіварыус: зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў» Частка 5, літары У–Я

Уся бібліяграфія ў адным файле