МАЛАДЗІК НАД СВІСЛАЧЧУ

Беларускія татары-мусульмане пранеслі праз стагоддзі ўласную самасвядомасць і пачуццё еднасці. Грунтуючыся на традыцыйных мусульманскіх каштоўнасцях яны выпрацавалі свае уласныя формы рэлігійнага кіраўніцтва, у аснове якіх ляжыць грамадская згода. Важнымі цэнтрамі духоўнага жыцця татараў з самага пачатку іх з’яўлення на беларускіх землях у XIV–XV стагоддзях былі мячэці.

Віртуальная выстава, якая з’явілася ў выніку супрацоўніцтва Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі і Мусульманскай рэлігійнай супольнасці Рэспублікі Беларусь з нагоды Года міру і стварэння, прысвечана дакументальнай спадчыне татараў-мусульман Мінска і Міншчыны.

Изображение

Найстарэйшыя дакументы, прадстаўленыя на выставе, датуюцца XVII стагоддзем. У адным з іх –  угодлівым лісце татарына Рэчыпа Яскавіча Машэнчуковіча свайму дзеду князю Ахмецю Абрагімавічу аб вызваленні яго ад грашовых абавязкаў, які датуецца 1628–1640 гадамі, згадваецца мінскі мална Абрагім Юсуфавіч.

Самы ранні план Мінска,  з фондаў  НГАБ, на якім была пазначана мячэць, датуеца 1752 годам, часамі кіравання ў Рэчы Паспалітай караля Аўгуста ІІІ. На ёй таксама пазначаны стары мінскі мізар. Таксама на выставе прадстаўлены планы зямельных участкаў і кварталаў, на якіх у пачатку ХХ стагоддзя, знаходзіліся “мінскія магаметанскія могілкі” і Мінская саборная мячэць разам з апісаннем нерухомай маёмасці на іх.

Изображение

Дакументы НГАБ таксама дазваляюць адсачыць, якім чынам змянялася рэлігійная сфрагістыка Мінскай Саборнай мячэці ад геральдычнай і сфрагістычнай традыціі Рэчы Паспалітай, звязнай з шляхецкімі гербамі да –заканадаўчых нормаў Расійскай імперыі. На выставе прадстаўлены пячаткі, якімі завяраліся дакументы ў часы мінскіх імамаў Якуба Мурзы-Ждановіча (да 1809 і пасля 1823), Ібрагіма Раецкага (да 1823 і пасля 1855), Мустафы Смайкевіча (1898–1914).

Асобную цікаваць прадстаўляюць дакументы, звязаныя з будаўніцтвам і рамонтам мячэцяў у Мінскай губерні. На сённяшні дзень вельмі мала вядома аб практыцы будаўніцтва мусульманскіх культавых будынкаў у XIX стагоддзяў.  Акрамя прадпісання Дэпартамента дзяржаўных маёмасцяў і будынкаў МУС аб правілах пабудовы татарскіх мячэцяў, прадстаўлены толькі асобныя пратаколы паседжанняў Мінскага губернскага праўлення аб пабудове мячэцяў ў Навагрудку, Ігумене, Капылі і Ляхавічах за розныя гады другой паловы XIX стагоддзя.

Изображение

Прэзентуюцца таксама некалькі ўнікальных дакументаў. Напрыклад, кніга метрычных запісаў пра народжаных, ажаніўшыхся і памерлых мусульман, якая найбольш верагодна вялася ў Наваградскай джаміі нават да пачатку будаўніцтва будынка мячэці. На сённяшні момант гэта не толькі адзіная кніга метрычных запісаў мусульманаў у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, але і самая старажытная з усіх захаваўшыхся на тэрыторыі Беларусі, Літвы і Польшы. Традыцыйна лічыцца, што кітабічнае пісьмо (запіс беларускамоўных тэкстаў арабскай графікай) уласцівае толькі рэлігійна-літаратурным тэкстам. Аднак у фондах НГАБ быўвыяўлены дакумент – шлюбная дамова паміж Мустафою Александровічам і ўдавою Зюгрою Хасіневіч з Шункевічаў, напісанае хаціпам Смілавіцкай мячэці Асанам Палтаржыцкім “па-татарску”, што датуецца 1850 годам. Дакументы прыватна-прававога характару, запісаныя такім чынам, сустракаюцца вельмі рэдка.

Изображение

На выставе прадстаўлены некалькі дакументаў, якія адлюстроўваюць спецыфіку публічнага жыцця мінскіх мусульман: прысягі дзяржаўных служачых Сцяпана Мурзы-Мурзіча і тытулярнага саветніка Якава Смольскага, з унесенымі выпраўленнямі, якія адпавядаюць мусульманскаму веравызнанню; дыплом аб заканчэнні юрыдычнага факультэта двараніна з татар Сцяпана Мурзы-Мурзіча.

Изображение

Дапоўнена выстава некалькімі выявамі да гісторыі мінскай татарскай грамады.

Аўтары-складальнікі: 
А.А. Любая
У.М. Дзянісаў
Год выставы: 
2023