Яўстах Піевіч Тышкевіч (1814–1873)
Беларускі гісторык, археолаг, краязнаўца, музеязнаўца, адзін з заснавальнікаў беларускай навуковай археалогіі Яўстах Тышкевіч (1814–1873) нарадзіўся ў родавым маёнтку Лагойск Барысаўскага павета (па іншых звестках ў Мінску) Мінскай губерні ў сям’і графа Пія Тышкевіча (1776—1842) і графіні Аўгусты Марыі Плятэр (1782–1834). 6 (18) красавіка 1814 г. ён быў ахрышчаны ў Мінскім кафедральным рымска-каталіцкім касцёле.
У 1824 г. Я. Тышкевіч паступіў у Віленскую гімназію, але па невядомых прычынах затым перавёўся ў Мінскую мужчынскую гімназію, якую скончыў у 1831 г. Пасля гэтага, 1832–1835 гг., Я. Тышкевіч самастойна працаваў у бібліятэках Пецярбурга і Масквы, каб удасканаліць свае веды. У 1833–1835 гг. ён з’яўляўся канцылярыстам капітула расійскіх імператарскіх і царскіх ордэнаў.
У 1835 г. быў пераведзены ў штат канцылярыі віленскага генерал-губернатара. 6 мая 1840 г. граф Я. Тышкевіч атрымаў пасаду ў канцылярыі чарнігаўскага, палтаўскага і чаркаўскага генерал-губернатара. 4 верасня 1840 г. Тышкевіч пакінуў дзяржаўную службу і па ўласным прашэнні быў звольнены з пасады памочніка сакратара канцылярыі.
З 1842 г. Я. Тышкевіч з’яўляўся ганаровым папячыцелем школ Барысаўскага павета, у 1844 г. абраны на пасаду барысаўскага павятовага маршалка, на якой знаходзіўся да 1847 г. З 1847 па 1854 г. ён з’яўляўся ганаровым папячыцелем Мінскай мужчынскай гімназіі.
Пачынаючы з 1837 г., Я. Тышкевіч праводзіў археалагічныя раскопкі на тэрыторыі Мінскай і Віленскай губерняў. У 1843 г. з мэтай археалагічных і гістарычных даследаванняў наведаў Данію і Швецыю, а таксама пабываў у Фінляндыі. Вынікам гэтага падарожжа стала кніга «Лісты пра Швецыю» («Listy o Szwecji», 1846, т. 1–2).
У 1845 г. у Мінску была створана Часовая археаграфічная камісія для выдання старажытных актаў Мінскай губерні. Я. Тышкевіч быў абраны сябрам гэтай камісіі і прыняў актыўны ўдзел у пошуках старажытных дакументаў, а таксама ў падрыхтоўцы іх да выдання. Вынікам працы гэтай камісіі стала публікацыя ў 1848 г. у Мінскай губернскай друкарні зборніка дакументаў «Собрание древних актов и грамот Минской губернии, православных монастырей, церквей и по разным предметам». На думку гісторыка Мікалая Улашчыка, Я. Тышкевіч быў адзіным з сябраў камісіі, які меў уяўленне аб археаграфіі і фактычна з’яўляўся галоўным рэдактарам гэтага выдання.
Разам з братам Канстанцінам ён стварыў у Лагойску ў 1842 г. адзін з першых у Беларусі гісторыка-археалагічных музеяў, які праіснаваў да 1855 г.
Я. Тышкевіч з’яўляўся заснавальнікам Віленскага музея старажытнасцей, які быў створаны менавіта на падставе калекцый Лагойскага археалагічнага музея. Спачатку ў 1845 г. у Вільню была перавезена частка лагойскіх экспанатаў, што дало магчымасць арганізаваць невялікі прыватны музей. У 1855 г. гэты музей атрымаў афіцыйны статус і быў размешчаны ў памяшканнях былога Віленскага ўніверсітэта. Я. Тышкевіч ахвяраваў новаму музею сваю археалагічную калекцыю, якая налічвала больш за 2000 адзінак захавання, а таксама бібліятэку, што змяшчала каля 3000 тамоў.
У 1855 г. Я. Тышкевіч быў прызначаны папячыцелем Віленскага музея старажытнасцей. У хуткім часе фонды музея дасягнулі больш за 10000 экспанатаў. З музеем актыўна супрацоўнічалі гісторык Тэадор Нарбут, пісьменнікі Юзаф Ігнат Крашэўскі, Ігнат Ходзька, Адам Кіркор. Першая экспазіцыя была адчынена 1 снежня 1856 г. у будынку былой універсітэцкай бібліятэкі. Музей меў аддзелы археалогіі, этнаграфіі, зброі, мінералогіі і арніталогіі.
Апрача вышэйзгаданага, Я. Тышкевіч з’яўляўся заснавальнікам і старшынёй Віленскай археалагічнай камісіі.
Пасля паўстання 1863–1864 гг. Віленскі музей старажытнасцей і Віленская археалагічная камісія былі ліквідаваны, а Я. Тышкевіч пазбаўлены ўсіх сваіх ганаровых пасад.
У сваёй археалагічнай дзейнасці Я. Тышкевіч пераймаў досвед навукоўцаў Заходняй Еўропы. Упершыню ён дэталёва абследаваў пахавальны інвентар крывіцкіх курганоў і першым адзначаў іх асаблівасць – скроневыя кольцы ў жанчын. Ён вывучаў гарадзішчы ў Гальшанах, Друцку, Заслаўі, Крэве, Лідзе, Міры, Слуцку і іншых населеных пунктах.
Адначасова з археалагічнымі раскопкамі Я. Тышкевіч збіраў матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі, тапаніміцы, вуснай народнай творчасці роднага краю. У 1842 г. была выдадзена яго кніга «Погляд на крыніцы мясцовай археалогіі, або апісанне некаторых помнікаў старажытнасцей у Заходніх губенях Расійскай дзяржавы». Вынікам шматгадовых пошукаў стала праца «Апісанне Барысаўскага павета» (1847), якую сучаснікі назвалі здабыткам беларускай даследчай думкі XIX ст. У кнізе адлюстравана шырокая палітра краязнаўчых звестак – геаграфія, гістарычны ракурс у шырокім дыяпазоне, уключаючы апісанне войнаў, побыт гараджан, сялянскае жыццё, апісанне храмаў, мясцовы фальклор. Грунтоўна займаючыся фальклорам, Я. Тышкевіч сабраў больш за 450 прымавак і прыказак.
Разам са сваім братам Канстанцінам ён актыўна супрацоўнічаў з газетай «Виленский вестник» («Kurier Wileński»), якую рэдагаваў Адам Ганоры Кіркор.
Я. Тышкевіч з’яўляўся аўтарам шматлікіх прац археалагічнага, этнаграфічнага і краязнаўчага характару, у тым ліку ён пакінуў пасля сябе ўспаміны пра Валенція Ваньковіча, Яна Рустэма, Ігната Ходзьку і інш. У канцы жыцця ён стварыў альбом «Магілы роду Тышкевічаў», выдадзены асобнай кнігай у 1873 г.
У 1843 г Я. Тышкевіч быў абраны сябрам Дацкага Каралеўскага таварыства аматараў старажытнасцей, а таксама прызначаны сябрам і карэспандэнтам Стакгольмскай Каралеўскай Акадэміі выяўленчага мастацтва, гісторыі і старажытнасцей. Акрамя таго, ён з’яўляўся ганаровым членам Пецярбургскай акадэміі навук і Лонданскага археалагічнага інстытута.
Апошнія дні жыцця Яўстах Тышкевіч правёў у Вільні пад апекай сваёй роднай сястры, пры ёй і памёр 13 (25) жніўня 1873 г. у доме Агінскіх. Быў пахаваны 16 (28) жніўня 1873 г. на знакамітых віленскіх могілках Роса.
У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваецца значная колькасць дакументаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю Яўстаха Тышкевіча, а таксама яго сваякоў. У першую чаргу, гэта справа Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу аб дваранскім паходжанні графаў Тышкевічаў. Захаваліся пратаколы пасяджэнняў аб прызнанні ў дваранскай годнасці роду Тышкевічаў, а таксама арыгінальныя генеалагічныя табліцы. Былі выяўлены шматлікія дакументы па гісторыі Лагойскага графства і маёнтка Лагойск XVIII–XIX стст., што належалі Тышкевічам, а таксама матэрыялы па гісторыі маёнтка Антопаль Барысаўскага павета, уладальнікам якога непасрэдна з’яўляўся Яўстах Тышкевіч. Захавалася шмат дакументаў аб службовай, навуковай і грамадскай дзейнасці графа Яўстаха Тышкевіча.
Літаратура:
Караў Д. Тышкевіч Яўстафій Піевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Кн. 1. – Мінск, 2001. – С. 551.
Каратынскі В. Яўстафій Тышкевіч // Творы. – Мінск, 1984.
Каханоўскі Г. А. Археалогія і гістатарычнае краезнаўства Беларусі ў XVI–XIX стст. – Мінск, 1984.
Каханоўскі Г. А., Каханоўскі А. Г. Руплівец нашай старасветчыны: Яўстах Тышкевіч. – Мінск, 1991.
Творы Яўстаха Тышкевіча:
- Rzut oka na źródła archeologii krajowej, czyli opisanie niektórych zabytków starożytności odkrytych w zachodnich guberniach Cesarstwa Rosyjskiego. – Wilno, 1842.
- Listy o Szwecji. – T. 1–2. – Wilno, 1846.
- Opisanie powiatu Borysowskiego pod względem statystycznym, geognostycznym, historycznym, gospodarczym, przemysłowo-handlowym i lerarskim, z dodaniem wiadomości o obyczajach, spiewach, przysłowiach i ubiorach ludu, gusłach, zabobonach i t.d. – Wilno, 1847.
- Badania archeologiczne nad zabytkami przedmiotów sztuk i rzemiosł w dawnej Litwie i Rusi Litewskiej. – Wilno, 1850.
- Rachunki podskarbstwa litewskiego. – Wilno, 1855.
- Obrazy domowego pożycia na Litwie. – Warszawa, 1865.
- Źródła do dziejów Kurlandii i Semigalii z czasów Karola Królewicza Polskiego, księcia saskiego, z autentycznych korespondencji ogłoszone. – Wilno, 1870.
- Groby rodziny Tyszkiewiczów. – Warszawa, 1873.