Браты Янушкевічы і тавянізм: складаныя шляхі Вялікай эміграцыі

Жыццё і дзейнасць па-за межамі радзімы ўдзельнікаў паўстання 1830–1831 гг. усё часцей у апошні час трапляе ў поле ўвагі беларускіх даследчыкаў, і гэта невыпадкова. Практычна забытая ў савецкі час эміграцыя з Беларусі ХІХ ст. уяўляе практычна бязмежнае поле для даследаванняў, асабліва калі прыняць пад увагу, што ў яе складзе апынуўся самы вядомы польскамоўны паэт усіх часоў — Адам Міцкевіч.

Хваля эміграцыі з зямель былой Рэчы Паспалітай пасля паўстання 1830–1831 гг. не была першай. Кожны з яе падзелаў, затым паражэнне Напалеона І у 1812 г. таксама як вынік выклікалі эміграцыю пэўнай колькасці ўраджэнцаў Беларусі і Літвы. Аднак паслялістападаўская хваля вылучалася шэрагам паказчыкаў сярод іншых. Па-першае, яна была найбольш шматколькаснай — радзіму пакінула ад 8 да 10 тыс. былых паўстанцаў, з якіх 1500–1700 чал. паходзілі з беларуска-літоўскіх губерняў (Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская). Па-другое, яна была вельмі прадстаўнічай — у яе шэрагах апынуліся дэпутаты паўстанцкага Сейму і сябры Нацыянальнага ўрада, прадстаўнікі буйных магнацкіх і заможных шляхецкіх родаў, вядомыя дзеячы культуры, навукі і мастацтва і да т.п. Апрача таго, эмігранты вылучаліся сваёй актыўнасцю — імі былі створаны дзесяткі арганізацый з самымі рознымі мэтамі, выдадзены сотні перыядычных выданняў, літаратурных твораў і навуковых прац. Усяго стала падставай для таго, што гісторыкамі гэтая хваля была названа Вялікай эміграцыяй.

З самага пачатку эміграцыі сярод былых паўстанцаў адбыўся раскол паводле прыкметы палітычных схільнасцяў. Гэты падзел быў закладзены яшчэ ў час паўстання, але не мог быць канчаткова аформлены з-за неабходнасці сумеснага вядзення барацьбы супраць расійскіх уладаў. У эміграцыі ж нішто не перашкаджала выкрышталізацыі супярэчнасцяў паміж асобамі з рознымі палітычнымі поглядамі. У выніку сярод эмігрантаў утварыліся два вялікія лагеры: дэмакратычны і кансерватыўны (арыстакратычны, манархічны, Атэль Ламбэр). Прадстаўнікі кожнага з іх вінавацілі сваіх апанентаў у паражэнні паўстання, вялі актыўную прапаганду, арганізоўвалі выпуск перыядычнай прэсы з мэтай зрабіць як мага большы ўплыў на сваіх суайчыннікаў і такім чынам павялічыць свой патэнцыял [1]. Але ніводная з эміграцыйных з’яў не выклікала такой вялікай увагі і не была так востра крытыкаваная як тавянізм і яго стваральнік Андрэй Тавянскі.

* * *

Андрэй Тамаш Міхал Караль Тавянскі (21.12.1798 ці 01.01.1799, маёнтак Анташвінец Віленскай губ. (пасля 1921 г. — у Літоўскай дзяржаве) – 13 траўня 1878 г., Швейцарыя), сын Якуба, памешчыка і чыноўніка, пісара Віленскага земскага суда, і Ізабэлы Памарнацкай, у канцы 1830-х гг. распрацаваў уласнае філасофска-сацыяльнае вучэнне ў межах каталіцтва, якое вылучалася містыцызмам і маральнасцю. У агульных рысах вядомы рэлігійны дзяяч Зыгмунт Шчэнсны Фялінскі акрэсліваў яго наступнымі словамі: «Польшча атрымала высокае прызначэнне ў сям’і хрысціянскіх народаў, але адышла ад яго, страціўшы хрысціянскі дух, з-за чаго сышла з наканаваных ёй Вышэйшай воляй гістарычных дарог. Як кару за нявернасць Бог аддаў яе ў ярмо няволі, якое не скінуць аніякія яе адчайныя кіданні, пакуль не апамятаецца, не папросіць прабачэння ў Бога і не вернецца на пакінутыя шляхі свайго нацыянальнага прызначэння» [2].

У 1840 г. Тавянскі пакінуў Літву і праз Познань прыбыў у Парыж. Тут ён пачаў распаўсюджваць свае ідэі сярод эмігрантаў. Адным з першых і самым аўтарытэтным чалавекам, якога яму ўдалося далучыць да сваёй справы, быў А. Міцкевіч. Менавіта дзякуючы гэтаму сярод яго прыхільнікаў у далейшым была вялікая колькасць ураджэнцаў беларуска-літоўскіх зямель — Стэфан Зан (брат Тамаша), Фелікс Уратноўскі, Рамуальд Гедройць, браты Яўстах і Рамуальд Янушкевічы і інш. Свае асноўныя ідэі А. Тавянскі публічна абвясціў 27 верасня 1841 г. на набажэнстве ў саборы Парыжскай Божай Маці, а затым у сваёй брашуры «Размова» (пол. — «Biesiada»).

У 1842 г. са сваіх прыхільнікаў Тавянскі заснаваў у Парыжы Кола Божай Справы. Структурна яно падзялілася на сямёркі, на чале кожнай з іх стаяў вартаўнік (stroz). Усе прыхільнікі тавянізму называлі адзін аднаго братам ці сёстрой (у залежнасці ад полу) і маглі збірацца як асобнымі сямёркамі, так і ўсе разам. У 1842 г. французскія ўлады выдалі распараджэнне аб выдаленні Тавянскага з тэрыторыі Францыі. Кароткі час ён жыў у Брусэлі, а затым перабраўся ў Швейцарыю, адкуль кіраваў Колам. Яго намеснікам у Парыжы застаўся А. Міцкевіч. З таго часу тавянчыкі пачалі называць Тавянскага Майстрам, а яго вучэнне Справай. З цягам часу дэспатычны спосаб кіравання Колам пачаў выклікаць у яго сябраў незадавальненне. У выніку 21 траўня 1846 г. у ім адбыўся раскол. Група з больш чым дваццаці сябраў на чале з Міцкевічам напісала лісты кожны асобна да Тавянскага, у якіх абвясцілі сваё непадпарадкаванне яму, а 30 лістапада гэтага ж года яны сабраліся ў месцы жыхарства Міцкевіча, дзе падпісалі Акт заснавання асобнага Кола. Пераважную большасць гэтай групы складалі ўраджэнцы беларуска-літоўскіх зямель, сярод якіх бясспрэчным аўтарытэтам генія і настаўніка карыстаўся Міцкевіч. Яе апошняе паседжанне адбылося ў сярэдзіне снежня 1847 г. Група прыхільнікаў Тавянскага заставалася адданай Майстру да канца жыцця, але не мела ўжо ўплыву на эміграцыю і рэзанансу сярод яе [3].

* * *

Янушкевічы (Мерла-Янушкевічы) (Januszkiewicz ці Merło-Januszkiewicz) гербу «Любіч» — небагаты шляхецкі род Мінскай губ. Міхал (нар. 26.01.1772, хр. у Пружанскім касцёле — пам. 14.02.1826, маёнт. Дзягільна Мінскага пав.) сын Тамаша (нар. 28.02.1733) Янушкевіч служыў генеральным рахункаводам валоданняў князёў Міхала, віленскага ваяводы, і Дамініка, падкаморага літоўскага, Радзівілаў. 14 ліпеня 1794 г. ад Тадэвуша Касцюшкі ён атрымаў патэнт на чын падпалкоўніка войскаў Рэчы Паспалітай. 23 снежня 1802 г. у Віленскім дваранскім дэпутацкім сходзе (далей — ДДС) ён атрымаў прызнанне ў правах расійскага дваранства. На пачатку ХІХ ст. ён ажаніўся з Тэкляй Сакалоўскай (нар. каля 1788, пам. 11/23.10.1860), у шлюбе з якой нарадзілася чацвёра сыноў: Адольф Міхал Валерыян (03.04.1804–06.06.1857), Яўстах Напалеон Северын(ці Станіслаў) (нар. 19.11.1805), Рамуальд Цэзар Міхал (нар. 30.05.1812), Януары Ян Фердынанд (нар. 30.01.1816), і дзе дачкі — Зоф’я, у шлюбе Пясецкая, і Касільда, у шлюбе Канткоўская. 20 жніўня 1820 г. у Віленскім ДДС Міхал дамогся пацверджання ў дваранстве сваіх сыноў. 26 красавіка 1821 г. у Вільні Міхал разам з жонкай ад Міхала Залескага, пракуратара Масы княгіні Стэфаніі Радзівіл, атрымаў дакумент на права спадчыннага валодання маёнткам Дзягільна Мінскага павета, а праз некалькі гадоў быў абраны межавым суддзёй Мінскага павета.

20 лістапада 1828 г. Яўстах падаў у Мінскі ДДС дакументы на пацверджанне далучэння да роду сябе і братоў. З іх вынікае, што ў 1828 г. Адольф жыў у Камянец-Падольскай губ., дзе быў абраны дэпутатам 2-га Дэпартамента Галоўнага Суду; Яўстах, скончыўшы Віленскі універсітэт са ступенню кандыдата абодвух правоў, служыў у канцылярыі Віленскага грамадзянскага губернатара і там атрымаў чын калежскага сакратара; Рамуальд, скончыўшы Віленскі універсітэт са ступенем актуальнага студэнта абодвух правоў, служыў у 1-ым Дэпартаменце Галоўнага Суда Мінскай губ. і атрымаў там чын чыноўніка 12 класа; Януары, які пачаткова вучыўся ў Слуцкай гімназіі, працягваў вучобу ў Віленскай гімназіі [4]. Практычна ў такім стане браты Янушкевічы сустрэлі паўстанне 1830–1831 гг., якое перавярнула ўсё іх папярэдняе жыццё.

Адольф прымаў удзел у паўстанні 1830–1831 гг. у якасці сябра камітэта Літоўска-Валынскага легіёна, затым атрымаў чын падпаручніка і служыў у конным легіёне. У адным з баёў ён быў шматразова паранены і трапіў у палон да расійскіх войскаў. Рашэннем ваеннага суду ён быў прысуджаны да смяротнага пакарання, але паводле канфірмацыі ад 27 лютага 1832 г. яно было заменена на ссылку ў Сібір. З 1832 па 1856 г. ён жыў у розных месцах Сібіры і Сярэдняй Азіі; у 1856 г. атрымаў дазвол і вярнуўся на радзіму, аднак, ужо будучы смяротна хворым. Менш чым праз год пасля вяртання ён памер у маёнтку сваёй маці [5].

Януары з прычыны малых гадоў не ўдзельнічаў у паўстанні. У выніку з усіх братоў ён быў адзіным, хто застаўся пасля паўстання на радзіме. Намаганнямі яго, а таксама маці і сясцёр, маёнтак Дзягільна так і не быў канфіскаваны расійскімі ўладамі і застаўся ў валоданні Янушкевічаў. Яго нашчадкі атрымалі пацверджанне дваранства ў Герольдыі Сената і шырока рассяліліся па Мінскім павеце [6].

Яўстах і Рамуальд пасля паўстання назаўжды пакінулі радзіму.

* * *

Яўстах (Eustachy) Янушкевіч нарадзіўся ў в. Прусы Слуцкага пав. Мінскай губ. Апрача вышэй пададзеных звестак, варта дадаць, што пачаткова ён вучыўся ў дамініканскім вучылішчы ў Нясвіжы, адкуль перавёўся ў Віленскую гімназію. У Віленскім ўніверсітэце ён вывучаў права, слухаючы сярод іншага лекцыі па гісторыі Іаахіма Лялевеля. Пасля яго заканчэння, з 1825 г. распачаў юрыдычную практыку, а з 1829 г. працаваў у Камісіі Радзівілаўскай масы, якая займалася ўпарадкаваннем спадчыны Дамініка Радзівіла. У гэты ж час ён рэдагаваў «Віленскую Газету» («Dziennik Wileński»).

Пад час паўстання 1830–1831 гг. ён звязваецца са змоўшчыкамі ў Вільні і з інструкцыямі ад Цэнтральнага Віленскага камітэта быў высланы ў Ашмяны да мясцовых арганізатараў выступлення. Пасля пачатковых удач паўстанцаў і захопу імі Ашмянаў, ён праз Навагрудскі пав. і палескія балоты прыбыў у Валынскую губ. з пашпартам на імя Антона Прыбоўскага. З-за пагрозы арышту ён вымушаны быў перабрацца ў аўстрыйскую Галіцыю, адкуль яму ўдалося прыбыць у Варшаву. Тут 24 ліпеня 1831 г. ён паступіў падпаручнікам у 2 полк кракавянаў, затым выконваў абавязкі кіраўніка штабу корпуса генерала Самюэля Ружыцкага. Ратуючыся ад пагрозы поўнага разгрому, гэты корпус 26 верасня 1831 г. перайшоў Галіцыю [7]. З гэтага часу ў жыцці былога чыноўніка пачаўся эміграцыйны перыяд, які расцягнуўся да самай яго смерці. Для самога Я. Янушкевіча развітанне з радзімай мела таксама і адзін прыемны момант — у Галіцыі ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай — Яўгеніяй Лярыш, якой на працягу доўгіх гадоў эміграцыі ён будзе пісаць лісты [8].

За сваю прыналежнасць да паўстання Яўстах, «які прымаў актыўны ўдзел у распаўсюджанні бунту і служыў у мяцежніцкім апалчэнні», 21 жніўня 1833 г. пастановай Мінскай губернскай следчай камісіі па справах паўстання быў аднесены ў 2 разрад злачынцаў. Гэта азначала, што ў выпадку з’яўлення ў межах Расійскай імперыі яго павінны былі арыштаваць і аддаць пад суд. Яго маёмасць, якая належала асабіста яму на момант паўстання, а таксама якая магла адысці яму ў спадчыну пасля бацькоў, прысуджалася да канфіскацыі [9].

У Галіцыі Яўстах прабыў нядоўга. Ужо 6 студзеня 1832 г. ён прыбыў у Францыю і пасяліўся ў Парыжы. Гэта ўказвае на яго адносную матэрыяльную забяспечанасць, бо пры пасяленні ў сталіцы французскі ўрад патрабаваў адмовіцца ад грашовай дапамогі з яго боку і ўтрымліваць сябе сваімі сродкамі.

Першай арганізацыяй, у склад якой уступіў Яўстах, стала Таварыства Літоўскае і Рускіх Зямель (ТЛРЗ). Яно было ўтворана ў Парыжы 10 снежня 1831 г. групай з 10-ці актыўных удзельнікаў паўстання на ўсходніх частках былой Рэчы Паспалітай, пераважна, паходжаннем з Беларусі і Літвы, на чале з Цэзарам Плятэрам, які затым быў абраны яго старшынёй. Яго мэтамі ў яго статуце называліся, «па-першае, збор матэрыялаў, якія тычацца паўстання Літвы і Рускіх Зямель, а таксама апісанне гэтага паўстання, па-другое, апісанне гэтых краёў статыстычна ці гістарычна, па-трэцяе, даследаванне іх насельніцтва» [10]. У далейшым, ТЛРЗ расшырыла поле сваёй дзейнасці, уключыўшы ў яго дапамогу ліцвінам і русінам, якія знаходзіліся ў эміграцыі ў складаным становішчы. Гэта рабілася ў форме дапамогі пры прызнанні вайсковых чыноў французскімі ўладамі, пры залічэнні на вучобу і інш. Рэалізуючы свае мэты Таварыства сабрала найбольшы комплекс мемуарных крыніц па гісторыі паўстання 1830–1831 гг., які апісваў розныя бакі выступлення на Беларусі, Літве і Украіне. На працягу 30-х гг. яго выданнем займаўся ураджэнец Троцкага пав. Фелікс Уратноўскі [11], некаторыя матэрыялы былі выдадзены ў 40-х гг. Ксаверыем Бранікоўскім [12].

Пачынаючы з другой паловы 1832 г. дзейнасць Таварыства запавольвалася, а яно само ўвайшло ў стадыю крызісу, які быў выкліканы глыбокімі ўнутранымі супярэчнасцямі ў яго складзе. Не знайшоўшы выйсця, ТЛРЗ спыніла свае паседжанні — апошняе адбылося 7 ліпеня 1833 г., хаця некаторыя закладзеныя ім традыцыі, напрыклад, святкаванне гадавіны паўстання ў Літве, працягваліся прыкладна да 1839 г. [13].

Яўстах Янушкевіч уступіў у шэрагі ТЛРЗ крыху больш чым праз 2 тыдні пасля прыбыцця ў Парыж — 22 студзеня 1832 г. і, прысутнічаючы на паседжанні ў гэты дзень, падпісаў яго Статут. Пратаколы пасяджэнняў ТЛРЗ сведчаць, што Янушкевіч актыўна ўключыўся ў яго дзейнасць. 27 лютага 1832 г. яму было даверана напісанне статута Літоўскага Вайсковага Камітэта, створанага пры ТЛРЗ для зацвярджэння вайсковых чыноў былых паўстанцаў, і 4 сакавіка ён зачытаў свой праект [14]. У траўні 1832 г. ён быў высланы ў калоніі ў гарадах Авіньён і Люнэль з мэтамі, так бы мовіць, палітычнай разведкі настрояў сярод эмігрантаў і высвятлення прычын супярэчнасцяў паміж выхадцамі з Каралеўства Польскага (караняжамі) і беларуска-літоўскімі зямель (ліцвінамі). Вярнуўшыся, на паседжанні 24 траўня 1832 г. ён выказаў меркаванне, што гэтыя супярэчнасці не з’яўляюцца вынікам выключна эміграцыйных спрэчак. Ён бачыў прычыну ў пазіцыі прадстаўнікоў арыстакратыі, якая, на яго думку, «адрозніла інтарэсы Літвы і нават сёння, як здаецца, падтрымлівае гэтую справу». З гэтай прычыны Янушкевіч апасаўся, што ліцвіны могуць правесці ў эміграцыі больш часу, чым караняжы [15]. Як аўтарытэтнай асобе часам яму давяралася вядзенне пратаколаў пасяджэнняў пад час адсутнасці сакратара, як гэта было, напрыклад, 29 траўня 1832 г. [16]. Да канца дзейнасці таварыства ён заставаўся адным з найбольш актыўных яго сябраў, нават калі большая палова заснавальнікаў адышла ў дзейнасці ў яго межах. Аднак, не ва ўсіх сябраў ён выклікаў заўжды толькі станоўчыя ўражанні. Ураджэнец Украіны Пётр Капчынскі у сваім дзённіку негатыўна выказваецца пра яго пад час дыскусіі па пытанні сімволікі ТЛРЗ, абвінавачваючы яго ў неаб’ектыўнасці і непавазе [17].

З дзейнасцю ТЛРЗ звязаны адныя з першых выдавецкіх праектаў і апублікаваных твораў Яўстаха Янушкевіча ў Францыі. Ён прыняў на сябе абавязак напісання твору пад назвай «Экспедыцыя Ружыцкага ў Літву» [18] і часткова рэалізаваў гэты праект — 27 ліпеня 1832 г. выйшла брашура «Мечыслаў І», выдаўцом якой быў сябра ТЛРЗ Міхал Падчашынскі. Сярод іншага ў ёй быў змешчаны твор «Урывак з успамінаў ваенных дзеянняў генерала Ружыцкага» [19]. У ліпені 1833 г. ён выступіў складальнікам брашуры «Палякі ў Апорта», якая была накіравана супраць планаў генерала Юзафа Бэма па стварэнні Легіёна з польскіх эмігрантаў у Партугаліі, праект чаго пачаткова падтрымліваўся французскім урадам [20]. Апрача таго, менавіта Я. Янушкевіч паспрыяў уваходжанню ў склад Таварыства А. Міцкевіча пасля яго прыбыцця ў Парыж, падаўшы неабходныя, паводле працэдуры прыняцця, рэкамендацыю і біяграфію паэта на паседжанні 30 ліпеня 1832 г. (на наступным паседжанні — 6 жніўня — Міцкевіч быў прыняты) [21].

У першы час свайго жыцця ў Парыжы Я. Янушкевіч праявіў сябе як прыхільнік дэмакратычных ідэй — ён далучыўся да створанага І. Лялевелем Польскага Нацыянальнага Камітэта (ПНК). Інструкцыі Камітэта па высвятленні настрояў эмігрантаў былі дадзены яму пры паездцы ў гг. Авіньён і Люнэль. 18 лютага 1832 г. ён быў абраны у камісію, мэтай якой было правесці аналіз дзейнасці ПНК і падаць справаздачу на агульным сходзе [22]. Пасля роспуску ПНК французскімі ўладамі ў 1833 г. Я. Янушкевіч захаваў кантакты з яго кіраўніком І. Лялевелем, які надоўга пасяліўся ў Брусэлі, а таксама пэўны час падтрымліваў кантакты з вядомым дзеячам дэмакратычнага руху ў эміграцыі Янам Непамуцэнам Яноўскім [23].

З 1832 г. Яўстах Янушкевіч пачаў займацца дзейнасцю, якая ў далейшым стане яго асноўнай у эміграцыі — выдавецтвам. У лістападзе гэтага года ім было заснавана перыядычнае выданне «Польскі Пілігрым» («Pielgrzym Polski») (лістапад 1832 г. – снежань 1833 г.). Выкарыстоўваючы свае шырокія (ужо на той час) кантакты, яму ўдалося прыцягнуць да супрацоўніцтва некаторых вядомых літаратараў — у 1833 г. сярод яго рэдактараў і аўтараў былі А. Міцкевіч і паэт Багдан Янскі [24]. Менавіта ў ім быў апублікаваны шэраг артыкулаў А. Міцкевіча, у якіх ён сярод іншага супрацьпастаўляў вышыню духу паўстанцаў, якія да яго былі грамадзянскімі асобамі, і халоднасць прафесійных вайскоўцаў з рэгулярнага польскага войска [25].

У наступным годзе Я. Янушкевіч працягваў рэалізоўваць свае выдавецкія праекты. У студзені ці лютым ён заключыў дамову з парыжскім выдаўцом Гектарам Басанжам наконт заснавання першай у Францыі кнігарні для друку польскамоўных твораў пад назвай «Г. Басанж і Кампанія і Янушкевіч». Кнігарня павінна была займацца не толькі друкам твораў, але і дастаўленнем іх на землі былой Рэчы Паспалітай, а таксама ў адваротным накірунку твораў, якія выходзяць на радзіме і якія б маглі зацікавіць эміграцыю — г.зн. яна выконвала функцыі камісійнага дома. Гэтая фірма, а таксама іншыя праекты Я. Янушкевіча патрабавалі ад яго вялікай колькасці часу і намаганняў. 10 лютага ён пісаў: «…я з’яўляюся кніжным антэрпрэнёрам у самым шырокім значэнні пад назвамі: рэдактара, выдаўца, кіраўніка, кнігара, камісанта але мне абсалютна няважна, што мяне назавуць, Бог ведае, ўрэшце, якой назвай, абы б толькі я, якую толькі мог, прыносіў карысць агулу і быў здольны зарабіць для сябе…» [26].

У 1833 г. яму давялося спыніць на пэўны час свае выдавецкія праекты. 31 ліпеня 1833 г., паводле загаду французскіх уладаў, ён быў выдалены з Парыжа ў Бельгію. Прычыны гэтага могуць быць рознымі. Сам Я. Янушкевіч называў іх некалькі: па-першае, выданне ў 14-м нумары Пілігрыма артыкула А. Міцкевіча супраць міністра ўнутраных спраў Францыі Апалінарыя Антуана д’Аргу; па-другое, выданне брашуры Палякі ў Апорта [27]. Гісторык Адам Левак выказвае меракаванне, што да выдалення прывяло падпісанне Я. Янушкевічам адозвы Польскага Нацыянальнага Камітэта Да Рускіх [28]. Аднак, што б ні было нагодай для выдалення, час да восені 1833 г. ён вымушаны быў правесці ў Бельгіі. Жадаючы як мага хутчэй вярнуцца ў Францыю, Я. Янушкевіч распачаў шматхадовую інтрыгу, мэтай якой было здабыць кампрамітуючы матэрыял на бельгійскага віцэ-адмірала Турнона і з дапамогай яго атрымаць пашпарт у Францыю. Інтрыга ў цэлым скончылася паспяхова, і пад выглядам адваката, сябра Польска-Бельгійскага камітэта Мэрсмана ён у кастрычніку вярнуўся ў Парыж. Пасля выхаду А. д’Аргу ў адстаўку з пасады міністра ён атрымаў легальны дазвол на знаходжанне ў Парыжы [29].

Пачаткова пасля вяртання Я. Яшушкевіч супрацоўнічаў з выдаўцом, эмігрантам з Віленскай губ. Юзафам Страшэвічам, бо выдаленне ў Бельгію паклала канец яго суполцы з Г. Басанжам. Аднак, 1 ліпеня 1835 г. ён заключыў дамову з эмігранцкім выдаўцом Аляксандрам Елавіцкім і Стэфанам Дэмбоўскім, у выніку чаго была заснавана фірма «Польская кнігарня і друкарня А. Елавіцкага і Суполкі». Частка Янушкевіча ў ёй складала 7500 франкаў. А. Елавіцкі ў сваіх успамінах двойчы згадваў гэтую падзею, пры чым абодва разы ў светлых танах: 1) «… аб’яднаўшыся з Яўстахам Янушкевічам, які працаваў у гэтай жа прафесіі, у 1835 г. мы заснавалі польскую друкарню і кнігарню, дай, Божа, на славу Табе і на карысць нашай Айчыне; 2) Таму як сумесныя намаганні могуць даць больш, чым паасобныя, у 1835 годзе мы дамовіліся з Яўстахам Янушкевічам, які служыў радзіме на тым жа шляху, і са Стэфанам Дэмбоўскім і заснавалі польскую друкарню і кнігарню ў Парыжы на вуліцы Marais St. Germain Nr. 17 bis. З таго часу павялічыліся магчымасці выдання, павялічыліся нашыя адносіны з эміграцыяй, з радзімай і з пісьменнікамі і з гэтага часу літаратура эміграцыі набыла больш моцны рух» [30]. Сам жа Я. Янушкевіч падрабязна апісаў стварэнне суполкі і ў сваіх успамінах, і ў лістах да нявесты [31]. Гэта лёгка зразумець, бо менавіта яму як асобе, якая з трох заснавальнікаў мела найбольшыя вопыт і здольнасці, было даручана займацца ўсімі бягучымі справамі фірмы. Ён пісаў пра А. Елавіцкага: «Мы ўзаемна давяраем адзін аднаму ён даверыў мне усё на мяне, на мой вопыт і мой розум спадзяецца і ні ўва што не ўмешваецца. …мая праца шануецца, як і іх грошы» [32].

З дзейнасцю кнігарні звязаны скандал, які адбыўся ў эміграцыі ў 1835 г. У лістападзе гэтага года ў Я. Янушкевіча з’явіліся супярэчнасці са сваімі працаўнікамі на глебе аплаты працы. Гэтыя звесткі дайшлі да радыкальнай дэмакратычнай арганізацыі эмігрантаў у Англіі Польскі Народ. На фірму пасыпаліся абвінавачанні ў прыгнятанні сваіх працаўнікоў і расколе эміграцыі. Каб апраўдацца, Я. Янушкевіч выдаў брашуру «Некалькі слоў Польскай друкарні», дзе паспрабаваў растлумачыць свае дзеянні неабходнасцю зніжэння сабекошту выданняў, што ў сваю чаргу аблягчыла б іх распаўсюджанне ў Еўропе і на радзіме [33]. Падобныя довады не былі прыняты сябрамі Польскага Народу, і 19 лістапада 1835 г. яны выдалі «Прысуд на Аляксандра Елавіцкага і Яўстаха Янушкевіча», дзе ўладальнікі фірмы былі абвешчаны «ворагамі народаў, а менавіта польскага народу, а таму пазбаўлены ўсялякіх правоў польскага грамадзянства» [34]. Варта, тым не менш, адзначыць, што ў хуткім часе супярэчнасці былі ўрэгуляваны, а сам скандал не надта паўплываў на рэпутацыю фірмы. У ёй працягвала друкавацца вялікая колькасць вядомых літаратараў. Сам Я. Янушкевіч апісваў гэтую падзею як непаразуменне і неінфармаванасць сябраў Польскага Люду [35]. Суполка займалася продажам кніг, выдадзеных не толькі яе намаганнямі, але і іншых, а таксама медальёнаў і медалёў на памяць пра паўстанне 1830–1831 гг. ці пра вядомых дзеячоў. Напрыклад, менавіта тут у 1835 г. магчыма было набыць памятны медаль пра паўстанне на ўсходніх землях былой Рэчы Паспалітай, адбіты Таварыствам Літоўскім [36].

Праіснавала суполка да 1841 г., аднак яшчэ раней — у 1839 г. — з яе выступіў А. Елавіцкі, які ў гэтым годзе паступіў у Версальскую семінарыю, а яго месца заняў эмігрант Юльюш Марыльскі [37]. Да 1841 г. друкарняй былі выпушчаны ў свет 97 твораў і 15 перыядычных выданняў, у т.л. 29 твораў і 3 перыядычныя выданні за яе кошт. Галоўным чынам, выдаваліся літаратурныя творы і гістарычныя працы. У 1841 г. выдавецтва перайшло ў рукі Людвіка Крулікоўскага [38].

Добрая матэрыяльная сітуацыя не пазбаўляла ад складанасцяў маральных, звязаных з жыццём далёка ад радзімы. У сваіх лістах да нявесты Я. Янушкевіч некалькі разоў апісвае сваю настальгію. 18 чэрвеня 1834 г. ён пісаў: «Я маю партрэт маёй мамы, які дайшоў да мяне з Варшавы некалькі дзён таму і з якім я ўвесь дзень пешчуся раніцай я жадаю яму добрага дня, развітваюся з ім, калі выходжу з дому, і з вяртаннем ізноў вітаюся, і мне так здаецца, што я на радзіме, у Літве…». Падобны тон гучыць і ў лісце ад 31 траўня 1835 г.: «У трыццаць гадоў я дзіцё! І колькі тут такіх, якія смяюцца з мяне, што я прывез літоўскую зямлю і літоўскія кветкі і поўна вазонаў на акне ў кошыку, на коміне панастаўляў, і калі я ўвечары вяртаюся да сябе, кожны з іх вітаю асобна, і мне лягчэй на сэрцы, бо мне здаецца, што я ў сваёй Айчыне» [39].

У канцы 1830-х гг. сярод іншых сваіх праектаў Я. Янушкевіч займаўся выпускам перыядычнага выдання пад назвай Маладая Польшча, рэдактарам і выдаўцом якой быў ён сам. Яе першы нумар выйшаў 8 студзеня 1838 г. і кожны чарговы ў далейшым на працягу трох гадоў з’яўляўся раз на дзесяць дзён. Яе накірунак сучаснікі, а часам і сам выдавец, называлі ультрамантанскім. У першым нумары сцвярджалася: «Грамадства засноўвае рэлігія». Аднак, тэма каталіцтва не была адзінай у газеце. У ёй меліся асобныя раздзелы «Бібліяграфічныя (затым — Літаратурныя) навіны» і «Навуковыя данясенні», а да кожнага нумары выходзіў чатырохстаронкавы дадатак, куды выносілася частка звестак: прамовы, лісты, артыкулы і інш. Існаванне газеты суправаджалася шматлікімі арганізацыйнымі і фінансавымі складанасцямі, што прыводзіла да таго, што Я. Янушкевіч планаваў спыніць яе выхад. Як ён пісаў 8 сакавіка 1839 г., «служба мая Касцёлу і Папе, здаецца, скончыцца з 1 ліпеня і Маладая Польшча з апасення, як бы не састарэла, перастане выходзіць. Прысвечаная выключна рэлігійнай справе, каталіцтву, не магла знайсці лёгкага доступу да ўсіх. Той, хто піша газету, хоча перш за ўсё, каб яна чыталася, а тут не адзін пры выглядзе тыяры палохаецца і лае выданне, не чытаючы…» [40]. Яму ўдалося, аднак, утрымаць газету, якая выходзіла да канца 1840 г., апошні нумар з’явіўся ў свет 31 снежня 1840 г. [41].

Апрача гэтага Я. Янушкевіч уваходзіў у 30-х гг. у склад некаторых эміграцыйных арганізацый, адныя з якіх карысталіся пэўным аўтарытэтам, другія часам абмяжоўваліся толькі актам заснавання — Славянскае таварыства (1834 г.), Польскі клуб (з 1836 г.) і інш.

З 1841 г. Я. Янушкевіч супрацоўнічаў з «Нацыянальнай Газетай», якая выходзіла ў Парыжы, і яе выдаўцом Уладзіславам Плятэрам. Уваходзячы ў склад рэдакцыі газеты, ён адначасова яе адміністрацыяй [42]. У 1843 г. з выдаленнем з рэдакцыі Фелікса Уратноўскага і наданнем газеце выразна антытавяніскага накірунку Я. Янушкевіч не мог не адысці ад працы ў ёй.

Асобнае месца ў жыцці Яўстаха Янушкевіча займаюць яго ўзаемаадносіны з Адама Міцкевічам, да кола блізкіх сяброў якога ён належаў на працягу ўсяго часу эміграцыі. У сваіх успамінах да сына Адама Уладзіслава сам Я. Янушкевіч падрабязна апісаў шмат кур’ёзных выпадкаў з жыцця яго бацькі, у якіх ён прымаў удзел. Напрыклад, на вяселлі паэта з-за яго няўважлівасці, Я. Янушкевіч быў вымушаны аддаць яму свой фрак і не паехаць у касцёл. Таксама менавіта ад свайго выдаўца А. Міцкевіч у 30-я гады не раз атрымоўваў грашовую дапамогу ў моманты складанага матэрыяльнага стану, але пры гэтым Я. Янушкевічу даводзілася ўжываць некаторыя хітрасці, бо прымаць грошы ў выглядзе простай пазыкі паэт адмаўляўся [43]. Прычыну падобных сваіх паводзінаў сам Я. Янушкевіч тлумачыў наступным чынам: «Мая любоў да яго з’яўляецца практычна фанатызмам. Ён для мяне нейкая істота, да якой я падступаюся са святым страхам» [44].

Як асоба аўтарытэтная, Я. Янушкевіч часта ладзіў у сябе дома вячэры з той ці іншай нагоды. Як пісаў Ю. Клячка пра яго ролю ў публічным жыцці эміграцыі, ён «належаў таксама да хатніх, унутраных эміграцыйных урачыстасцяў і святкаванняў, часта ладзіў іх, станавіўся іх душой» [45]. 25 сакавіка 1835 г. ён ладзіў у сябе прыём з нагоды чарговай гадавіны паўстання ў Літве, у 1836 г. на каляды разам з А. Елавіцкім ладзіў сустрэчу польскіх паэтаў, што жылі ў Парыжы [46]. 25 снежня 1840 г. у яго праведзена вядомая вячэра, на якой адбылася, так бы мовіць, імправізацыйная дуэль паміж А. Міцкевічам і Юльюшам Славацкім, апісаная ў шматлікіх лістах і мемуарах. З наступнага дня ён пачаў актыўна рыхтаваць у сябе чарговую вячэру, прызначаную на 1 студзеня 1841 г., спадзеючыся на працяг паэтычных заняткаў, аднак паўтарыць поспех не ўдалося [47].

У 1840-я гг. Я. Янушкевіч стаў крэдыторам Міцкевіча ў поўнай ступені. На пачатку 1844 г. ён адкрыў крэдыт спачатку для яго жонкі Цэліны з Шыманоўскіх, а затым і для яго. На 1 чэрвеня 1844 г. сума крэдыту складала 1219,15 франкаў, але пры яго закрыцці 20 снежня 1847 г. сальда рахунку складала 1350,60 франкаў на карысць паэта [48].

Менавіта дзякуючы аўтарытэту Міцкевіча Я. Янушкевіч далучыўся адным з першых да Кола А. Тавянскага. У сваіх нататках ён так апісвае 14 верасня 1841 г. гэтую падзею: «Мінае тыдзень, як прыйшоў да мяне Міцкевіч і сказаў: “я прыношу табе радасную навіну, пакуты нашыя і радзімы хутка скончацца і надыдзе новае выкупленне свету. Дух пакажа сваю моц над людзьмі і толькі тады мы спазнаем сапраўдную весялосць і шчасце…”. Я адразу падумаў, што Адам пакутуе ад новага няшчасця, страціў розум, і я горача заплакаў над яго нядоляй. Але пасля трохгадзіннай размовы я пераканаўся, што ён цалкам здаровы целам і розумам, і больш за тое, як доказ праўды сваіх слоў спасылаецца на Антонія Гарэцкага[49] і Ізыдара Сабанскага[50], якія адначасова атрымалі загад распавядаць пра хуткі прыход гэтых дзён весялосці, радзячы ўсім ачышчэнне духу, узаемную любоў, не казаць тое, што чуюць, іншаземцам» [51].

У Коле Я. Янушкевіч знаходзіўcя пад выразным уплывам Міцкевіча (а не Тавянскага). Разам з ім 13 студзеня 1843 г. ён выступае з Польскага Клуба [52] — арганізацыі эміграцыйнага арыстакратычнага лагера, праціўнага тавянізму [53]. 4 лютага 1846 г. сумесна з паэтам ён выехаў у Швейцарыю для сустрэчы з Тавянскім. Гэтае падарожжа, якое цягнулася да 8 лютага, стала нагодай для працяглых размоў паміж сябрамі. Іх вынікам стаў запіс Я. Янушкевічам некаторых успамінаў Міцкевіча пра свае дзяцінства і маладосць пад назвай «Нататкі, сабраныя ў размове з Адамам Міцкевічам пад час падарожжа з Парыжа ў Цюрых з 4 па 8 лютага 1846 г.» [54]. 4 красавіка 1846 г. Я. Янушкевіч вярнуўся ў Парыж.

У сваіх лістах Я. Янушкевіч апраўдвае паводзіны Міцкевіча як пад час прыняцця і прапаганды вучэння Тавянскага, так і ў разрыве з ім: «… хаця я і падзяляю шмат праўдаў, прынесеных нам ім [Тавянскім аўт.], але накірункам, якім яны чатыры гады прыводзіліся ў жыццё, і плёнам, які прынеслі, я незадаволены; можа гэта віна кожнага з нас, больш за ўсё Адама, але вялікая яго заслуга, што ён прызнае яе і што ранейшай дарогай далей ісці не будзе» [55]. Пасля разрыву паміж Міцкевічам і Тавянскім ён застаўся на баку паэта і 21 траўня 1846 г. таксама напісаў ліст Тавянскаму, а затым падпісаў Акт заснавання асобнага Кола. Прыняцце Я. Янушкевічам боку Міцкевіча і прывяло да рэзкага выказвання ў яго адрас з боку брата [гл. ліст ад 21.06.1846].

Аднак, кантакты паміж Міцкевічам і Я. Янушкевічам базаваліся не толькі на глебе агульнай прыхільнасці тавянізму. Немалой іх складовай часткай з’яўлялася супрацоўніцтва ў галіне выдання твораў. У канцы кастрычніка 1843 г. паміж імі (Міцкевіча прадстаўляў Аляксандр Ходзька) была заключана дамова аб выданні поўнага збору твораў паэта за выключэннем курсу лекцый па славянскай літаратуры. Паводле гэтай дамовы, наклад збору павінен быў складаць 1500 тысяч асобнікаў, за што Міцкевічу выплачвалася сума ў 15 тыс. франкаў. У траўні 1844 г. за кошт Я. Янушкевіча выйшаў у свет міцкевічаўскі «Курс трэцягадовы (1842–1843) славянскай літаратуры», а ў канцы 1845 г. яго намаганнямі з’явіўся «IV kurs literatury słowiańskiej (1843–1844) » [56].

У лістападзе 1846 г. паміж Міцкевічам з аднаго боку і Я. Янушкевічам і былым старшынёй ТЛРЗ Ц. Плятэрам з другога была заключана дамова. Паводле яе Міцкевіч абавязваўся напісаць працу пад назвай Гісторыя Польшчы узамен за 4000 франкаў і правы на друк 1500 яе асобнікаў і выключны продаж на працягу 4 гадоў. Прынамсі частку грошай паэт атрымаў у той жа дзень. Для Міцкевіча гэта стала своеасаблівым стымулам для напісання. Ён актыўна ўзяўся за работу, але ў 1848 ці 1849 г. знішчыў рукапіс практычна скончанай працы [57].

Падчас Вясны Народаў Я. Янушкевіч, як і шмат іншых эмігрантаў, не застаўся ў баку ад рэвалюцыйных падзей. У 1848 г. ён супрацоўнічаў з Міцкевічам пры стварэнні Польскага Легіёна ў Італіі, аднак, гэта ж прынесла ў іх адносіны раней невядомую плынь. Як і шматлікіх блізкіх да Міцкевіча асобаў, Я. Янушкевіча не мінуў разрыў адносінаў са сваім былым сябрам, калегам і кумірам [58]. Непаразуменні на глебе фарміравання Легіёна ў Італіі ў 1848 г. сталі падставай для таго, каб у сярэдзіне ліпеня гэтага года Міцкевіч выслаў ліст Я. Янушкевічу (які не захаваўся), у якім разрываў з ім усе адносіны і адмаўляў яму ў «сяброўскай прыхільнасці». Я. Янушкевіч адрэагаваў на гэты ліст таксама ў вельмі рэзкіх выразах [59]. Цяжка сказаць, наколькі глыбокім і працяглым было падобнае напружанне адносінаў, аднак, ужо ў наступным месяцы Я. Янушкевіч прыкладаў намаганні для здзяйснення чарговага выдання лекцый Міцкевіча пад назвай «Славяне» («Les Slaves») [60]. Ды і ў далейшым кантакты паміж імі ўсё ж захоўваліся, прычым як прыватнага, так і фінансавага характару. Так, напрыклад, 11 снежня 1850 г. Міцкевіч і Я. Янушкевіч знаходзіліся разам на абедзе ў Францішка Шэмёта, дзе паэт віншаваў выдаўца з атрыманнем згоды на шлюб ад бацькі Я. Лярыш, з сакавіка наступнага года яны абодва ўвайшлі ў склад камісіі па зборы ахвяраванняў на Польскую Бібліятэку ў Парыжы, і ў тым жа 1851 г., дзякуючы менавіта Я. Янушкевічу, Міцкевіч заключыў кантракт на 9 тыс франкаў на выданне сваіх твораў з берлінскай кнігарняй Бяртольда Бэра [61]. Апрача таго, карэспандэнцыя паміж таксама працягвалася і выразна сведчыць пра далейшыя сталыя і блізкія кантакты [62].

Пасля паражэння Вясны Народаў Янушкевіч працягваў жыць у Парыжы. У гэты час у паляпшэнні яго матэрыяльнага стану яму дапамагла яго юрыдычная адукацыя. Праз свае былыя сувязі з часоў працы ў Камісіі Радзівілаўскай масы ён атрымаў вядзенне замежных спраў князя Вітгенштэйна. Для гэтага яму неабходна было бываць у нямецкіх дзяржавах, дзе ён не мог з’явіцца пад уласным прозвішчам. Аднак, яму ўдалося атрымаць пашпарт на імя Любіч — назву свайго гербу. Гэта дало яму магчымасць бываць таксама ў Галіцыі і сустракацца са сваёй нявестай Я. Лярыш. 9 верасня 1851 г. у Кракаве паміж імі быў заключаны шлюб, а ў 1853 г. нарадзілася іх дачка Марыя [63]. У гэты ж час ён наблізіўся да арыстакратычных колаў эміграцыі і ў 1850 г. уступіў у шэрагі найбольш вядомай іх арганізацыі — Гісторыка-Літаратурнага таварыства [64]. Затым, дзякуючы свайму аўтарытэту, ён увайшоў у склад кіраўнічых органаў Польскай Бібліятэкі і Польскай школы ў Бацінёль у Парыжы.

Наконт актыўнасці і сувязяў Я. Янушкевіча паказальна характарыстыка эмігранта Юзафа Зялінскага, дадзеная яму прыкладна ў 1854–1856 гг.: «З дапамогай уплыву князя Напалеона, спадчынніка трону, шмат палякаў былі памешчаны чыноўнікамі, але кемлівыя заўжды бяруць месцы раней за іншых. Янушкевіч, спрытны Ліцвін, знаходзіцца тут у бюро асветы з добрай аплатай, а ў яго ж хапае сродкаў да жыцця і ад кнігарства, і ад ранейшых віленскіх спраў» [65].

У 1850-я гг. Я. Янушкевіч працягваў сваю выдавецкую дзейнасць. 1 лістапада 1856 г. паміж ім, Валерыянам Калінкам і Юльянам Клячкам была заключана дамова і заснавана Выдавецкая суполка пры Гісторыка-Літаратурным таварыстве для друку крыніц па гісторыі Польшчы і здзяйснення поўнага выдання твораў А. Міцкевіча. Я. Янушкевічу, паводле дамовы паміж кампаньёнамі, належала ўся матэрыяльная частка прадпрыемства: друк, продаж твораў, вядзенне рахункаў і да т.п. Суполка дзейнічала да 1863 г., калі новае паўстанне на землях былой Рэчы Паспалітай паклала канец яе дзейнасці [66].

Пад час паўстання 1863 г. Я. Янушкевіч уваходзіў у якасці сакратара ў склад створанага ў Парыжы Франка-польскага камітэта. Яго мэтай было пачаткова дамагчыся пазыкі ў французскага ўрада для Нацыянальнага ўрада ў Варшаве, а пасля паражэння паўстання — дапамога прадстаўнікам новай хвалі эміграцыі. Вынікам дзейнасці камітэта стала працаўладкаванне вялікай колькасці эмігрантаў [67].

Разам з А. Міцкевічам, Я. Янушкевіч на працягу ўсяго жыцця ў Заходняй Еўропе патрымліваў сталыя кантакты яшчэ з адным вялікім прадстаўніком беларускай і польскай культуры — Іаахімам Лялевелем. Падставай для іх узаемаадносінаў пасля ліквідацыі ПНК сталі навукова-выдавецкія справы. Жывучы ў Брусэлі, Лялевель меў патрэбу ў выдавецтве ў Парыжы для больш шырокага распаўсюджання сваіх твораў. Яго выдаўцом і стаў Я. Янушкевіч. Напрыклад, менавіта ён займаўся выданнем адной з асноўных гістарычных прац Лялевеля ў эміграцыі — «Гісторыі Літвы і Русі аж да уніі з Польшчай, заключанай у 1569 годзе ў Любліне» [68]. Можна сказаць, што Я. Янушкевіч з’яўляўся не толькі выдаўцом Лялевеля ў Парыжы, але і дэ-факта яго даверанай асобай. Не раз Лялевель прасіў яго аб выплаце каму-небудзь у Парыжы пэўнай сумы грошай, альбо рэкамендаваў каму-небудзь звяртацца да яго ў розных справах, звязаных з кнігамі [69]. Яго вобраз у лістах Лялевеля нязменна станоўчы. Напрыклад, Яўгеніі Лярыш ён пісаў у 1850 г.: «З яго [Яўстаха Янушкевіча — аўт.] маладых гадоў я быў усім сэрцам для яго, больш нас зблізіла эміграцыйная нядоля. Я не мог патрабаваць ад яго ўзаемнасці. Ён сам атачыў мяне сваёй дабразычлівасцю і сяброўствам, якой няма другой. Стакроць мой суцяшальнік» [70].

Пасля смерці гісторыка Я. Янушкевіч у Познані выдае невялікую брашуру «Апошнія хвіліны Іаахіма Лялевеля», аўтарам якой ён з’яўляўся сумесна з Северынам Галянзоўскім. У ёй апісаны некалькі апошніх дзён (за 22 па 29 траўня 1861 г.) яго жыцця, сведкам якіх Я. Янушкевіч з’яўляўся асабіста, а таксама надрукаваны прамовы некалькіх чалавек на яго пахаванні [71].

Заключны перыяд жыцця стаў для Я. Янушкевіча часам стварэння ўласнага пісьменніцкага здабытку. У 1861 г. сумесна з ураджэнцам Троцкага пав. і вядомым эміграцыйным выдаўцом Феліксам Уратноўскім ім было падрыхтавана «Жыццё Адольфа Янушкевіча і яго лісты з кіргізскіх стэпаў» [72]. Аб’ект кнігі — родны брат Я. Янушкевіча. Яго падрабязны жыццяпіс на 240 старонак дапаўняецца лістамі Адольфа да сям’і, у першую чаргу да маці, у якіх апісваюцца перыпетыі жыцця на чужыне.

Супрацоўніцтва Я. Янушкевіча з Ф. Уратноўскім працягвалася і далей. У 1866 г. імі быў выпушчаны, відавочна, для патрэбаў пакалення дзяцей прадстаўнікоў новай хвалі эміграцыі з зямель былой Рэчы Паспалітай «Кароткі выклад польскай гісторыі і геаграфіі» [73]. У ім на 70-ці старонках у форме пытанняў і адказаў падавалася ўся гісторыя Польшчы і ВКЛ да сяр. ХІХ ст. у антымаскоўскім накірунку.

У апошні перыяд свайго жыцця Я. Янушкевіч супрацоўнічаў таксама з кракаўскай газетай «Час» («Czas»), вынікам чаго сталі некалькі яго артыкулаў. Напрыклад, у артыкуле «Пярэдадзень куцці ў Парыжы 1834 года» ён найбольшую ўвагу сканцэнтраваў на прамове А. Міцкевіча ў адрас Ю. Урсын Нямцэвіча, сказанай у вельмі арыгінальнай форме — нібыта на яго пахаванні [74].

Да пісьменніцкай спадчыны Я. Янушкевіча належаць таксама некалькі яго мемуарных твораў, напісаных у 70-я гг. У 1871 г. у кракаўскім перыядычным выданні Польскі Агляд выйшлі ў свет яго мемуары пра падзеі франка-прускай вайны пад назвай «Успаміны з часу аблогі Парыжа (Урыўкі з дзённіка, пісанага бацькам для сваёй дачкі)» [75]. У іх звесткі пададзены не ў форме падзённых запісаў, а падзеленыя паводле тэматычнага прынцыпу на асобныя раздзелы: «Узбраенне Парыжа», «Бітва пад Шаційён», «Відовішчы і забавы» і г.д. Асобна Я. Янушкевіч вылучыў раздзел Польская эміграцыя, у якой апісаў яе ўклад у змаганне супраць немцаў, а ў «Эпілогу» выказаўся негатыўна ў адносінах да Парыжскай Камуны.

Найбольш значны мемуарны твор гэтага перыяду быў таксама напісаны Я. Янушкевічам для сваёй дачкі, але не быў выдадзены пры жыцці аўтара. Рукапіс успамінаў быў напісаны ў 1871 г., у ім апісаны падзеі ад нараджэння аўтара да ад’езду ў эміграцыю. Нягледзячы на вялікі часавы прамежак, абраны для апісання, твор не з’яўляецца аб’ёмным. Паводле В. Гарбачовай, «аўтар апісваў асноўныя падзеі жыцця, на засяроджваючыся на дробязях». Адзін з найбольш значных фрагментаў прысвечаны яго ўдзелу ў паўстанні 1830–1831 гг. [76].

У 1874 г., усяго за некалькі месяцаў да сваёй смерці, Я. Янушкевіч напісаў успаміны пра сваю дзейнасць у Польскай Кнігарні і Друкарні. Зроблена гэта было ў выглядзе аб’ёмнага ліста да сына А. Міцкевіча Уладзіслава, які валодаў у Парыжы на працягу 9 гадоў Люксембургскай Кнігарняй. Разам з апісаннем сваіх выдавецкіх справаў у ліст былі ўключаны і ягоныя ўспаміны пра супрацоўніцтва з А. Міцкевічам, што было зроблена, відавочна, паводле жадання У. Міцкевіча, які займаўся збіраннем усіх магчымых звестак пра свайго бацьку для напісання яго жыццяпісу [77].

Памер Я. Янушкевіч 27 верасня 1874 г. у Парыжы на руках жонкі, якая прыехала з Кракава. Перад смерцю яго спавядаў яго былы кампаньён па выдавецкай фірме А. Елавіцкі. Пахаваны ён на могілках у Мантмарэнсі [78].

* * *

У адрозненні ад брата Рамуальд Янушкевіч не пакінуў у гісторыі эміграцыі такога вялікага следу. Гэта тычыцца як удзелу ў грамадскім і палітычным жыцці, так і напісання публіцыстычных ці літаратурных твораў. Гэта ж паўплывала на колькасць звестак пра яго жыццё — яна нашмат меншая, чым пра Яўстаха.

Рамуальд нарадзіўся ў в. Усава Слуцкага пав. Вучоба ў Нясвіжскай школе дамініканцаў, Слуцкай гімназіі і Віленскім універсітэце выхавала ў ім патрыятычны і рэлігійны дух, які моцна паўплываў на яго далейшае жыццё. У паўстанні ён у сакавіку 1831 г. далучыўся да літоўскіх апалчэнцаў, пасля злучэння з польскімі рэгулярнымі войскамі 13 чэрвеня 1831 г. атрымаў чын паручніка ў штабе корпуса генерала Антонія Гелгуда, служыў таксама ад’ютантам палкоўніка Коса. 13 ліпеня 1831 г. з усім корпусам ён перайшоў у Прусію [79]. Мінская губернская следчая камісія практычна нічога не ведала пра яго ўдзел у паўстанні, апрача таго, што ён знаходзіўся ў невядомай адлучцы, а таму да якога-небудзь разраду злачынцаў яго не адносіла, але прысудзіла яго маёмасць да канфіскацыі [80].

З Прусіі Рамуальд у студзені 1832 г. прыбыў у Францыю, дзе, аднак, не змог адразу замацавацца ў Парыжы. Пачаткова ён быў паселены ў калоніі эмігрантаў у г. Авіньён, але ўжо ў красавіку з прычыны перанасялення горада быў пераведзены ў недалёкі г. Люнэль. Адсюль у жніўні ён падаваў да французскіх уладаў прашэнне аб дазволе на пасяленне ў Парыжы нібыта для працягу навучання і, відавочна, атрымаў яго. Ужо з лістапада 1832 г. (і да канца яго актыўнай арганізацыі — 4 ліпеня 1833 г.) пратаколы ТЛРЗ фіксуюць прысутнасць Рамуальда на яго пасяджэннях [81]. Аднак, яго сяброўства было больш намінальным — у тых жа пратаколах не зафіксаваны яго актыўны ўдзел у якім-небудзь значным мерапрыемстве.

Пра яго жыццё ў 1830-х гг. вядома дастаткова мала. Пад час вяртання свайго брата ў Парыж з Брусэля ў 1833 г. ён дапамагаў таму ўладкавацца ў першы час. Варта заўважыць, што ў эміграцыі браты Янушкевічы знаходзіліся, прынамсі ў першы яе час, у добрым матэрыяльным стане, і ў гэтым з’яўляліся выключэннем з агульнага стану эмігрантаў. Яўстах у 1874 г. успамінаў: «Нам хапала грошай, бо ў 1832, [183]3, [183]4 [гадах] мы мелі з дому ад маці па 5000 фр[анкаў] штогод. Продаж у Вільні маёй мэблі, а была дастаткова дарагая, бо я павінен быў прадстаўляць Паўнамоцнага Радзівілаўскай Масы більярд, бронза, верхавы конь коштам 400 руб[лёў] і да т.п. прынес 1500 рублёў» [82].

Пасля свайго ўступлення ў Кола Рамуальд увайшоў у склад чацвёртай сямёркі, на чале якой стаяў А. Міцкевіч [83]. Ён адразу стаў адным з найбольш адданых тавянчыкаў, які не раз спрабаваў загітаваць іншых да ўступлення ў яго склад. У шматлікіх лістах і мемуарах запісаны выпадак, калі 24 снежня 1842 г., на каляды, ён намагаўся прыцягнуць да тавянізму князя Адама Чартарыскага. Валерыян Халхоўскі так апісаў гэтую падзею: «Марна Ромушак с неналежнымі жэстамі і ўказваючы на алтар, ручаўся, што ён проста ад Госпада [84] мае місію да князя, князь ухіляўся і, каб пазбегнуць скандалу, стараўся выйсці з кола тавянчыкаў, якое абкружала яго. А Ромушак стаў на калені на дарозе князя паміж крэслаў і, выказаўшы пераконванне, уручыў ліст, у якім напісаў усё тое, што яму загадаў Госпад» [85]. На наступны дзень на паседжанні ў Аляксандра Ходзькі Рамуальд быў асуджаны Колам за самавольныя паводзіны напярэдадні і неатрыманне дазволу на падобную службу ад яго [86].

1844-ы год з’яўляўся часам вядзення Р. Янушкевічам вельмі актыўнай агітацыі. У самым канцы вясны ці самым пачатку лета ён намагаўся распаўсюдзіць вучэнне Тавянскага сярод французаў, выкарыстоўваючы пры гэтым вобраз Напалеона. С. Гашчынскі пісаў пра гэта ў сваім дзённіку: «З генералам Пёці, які ў Фантэнблё атрымаў апошні пацалунак Напалеона, Рамуальд Янушкевіч зрабіў у апошніх днях вельмі важную службу… Старац быў увесь у слязах, расчуленыя інваліды кідаліся Рамуальду на шыю» [87]. Улетку разам з Янам Скаваццы ён прапагандаваў тавянізм у кантоне Вале ў Швейцарыі [88].

У верасні гэтага ж года разам з Янам Андрэем (да хрышчэння — Гершанам) Рамам ён вёў агітацыю ў г. Валянсьен, дзе 12 жніўня кампаньёны атрымалі распараджэнне Міцкевіча накіравацца для прапаганды ў Сользуар дэп. Нор. Пры гэтым Рамуальду загадвалася падпарадкоўвацца Раму і адначасова весці дзённік службы. Аднак, ужо 15 верасня абодва знаходзіліся ў Парыжы [89]. Такая актыўная дзейнасць, якая магла патэнцыяльна прывесці да дадатковай напружанасці грамадстве, выклікала ўвагу да Р. Янушкевіча з боку французскіх уладаў. 15 верасня яны выдалі распараджэнне аб выдаленні з Францыі Р. Янушкевіча і Я. А. Рама [90]. 18 верасня яны пакінулі Парыж і накіраваліся ў Швейцарыю, дзе жыў іх Майстар [91].

Знаходзячыся ў Швейцарыі ў Бызылі, дзе жыў Тавянскі, Р. Янушкевіч працягваў займацца прапагандай Справы. Увосень 1844 г. Р. Янушкевіч займаўся аднаўленнем помніка Тадэвушу Касцюшку ў Цюхвіль у г. Швейцарыі, паралельна займаючыся прапагандай тавянізму сярод швейцарцаў. У канцы 1844 ці пачатку 1845 г. ён з тавянчыкам Янам Скаваццы наведваў кантон Вале, выкарыстоўваючы для агітацыі партрэты Напалеона і курс славянскай літаратуры А. Міцкевіча [92]. Пра сваю дзейнасць ён пісаў: «Я пачынаю жыць усё мацней, шмат працую і ажыўляю сябе падарожжамі, разносячы Слова Божае па наваколлі Базыля, што для мяне вялікае дабрадзейства, бо я б памер, седзячы без заняткаў у гэтым горадзе» [93]. Крыху пазней — у ліпені–кастрычніку 1845 г. — ён прапагандаваў тавянізм у Лазане і яе наваколлі [94]. Таксама ён навязаў кантакты з групай лазанскіх камуністаў з мэтай далучыць іх да Справы, што яму не ўдалося [95].

Апрача гэтага, Р. Янушкевіч на працягу ўсяго часу сваёй прыналежнасці да тавянізму выконваў сярод братоў, функцыю, так бы мовіць, аракула. Дзённік С. Гашчынскага шматразова фіксуе, што Рамуальд нібыта сніў сны, напоўненыя сэнсам, і перадаваў іх затым іншым тавянчыкам. У гэтых снах ён нібыта ад Бога атрымоўваў папярэджанні пра магчымыя перашкоды і небяспекі для Справы, неабходнасць той ці іншай службы і г.д. [96].

Жывучы ў Швейцарыі, Р. Янушкевіч падтрымліваў да расколу кантакты з А. Міцкевічам, які кіраваў парыжскімі братамі. Пры гэтым у адрозненні ад лістоў паэта да Я. Янушкевіча, якія ўяўляюць сабой кароткія нататкі, пераважна пра выдавецкія справы, лісты да яго брата значна большыя і інфармацыйныя паводле свайго аб’ёму і зместу [97].

Пад час расколу ў Коле Р. Янушкевіч жыў ў Базылі пры Тавянскім і, несумненна, знаходзіўся пад моцным яго ўплывам. У выніку гэтага ён не пайшоў за А. Міцкевічам, як яго брат, а застаўся адданым Майстру [98]. Аднак, ім таксама прыкладаліся пэўныя намаганні па ўз’яднанні Кола — яго подпіс маецца на лісце прыхільнікаў Тавянскага да жонкі А. Міцкевіча Цаліны, які з’яўляўся своеасаблівай спробай прымірэння двух частак з дапамогай жонкі паэта [99].

Мяркуючы паводле эмацыянальнасці яго ліста да Яўстаха [гл. ніжэй], разрыў паміж раскол ён перажываў вельмі цяжка. Тым не менш, немагчыма сказаць, як доўга захоўвалася напружанасць паміж братамі, але вядома, аднак, што ў 1852 г. іх адносіны былі нармалізаваны — пасля вяртання са Швейцарыі Рамуальд жыў у брата Яўстаха [100]. Нават больш — на думку С. Гашчынскага, у канцы 50-х гг. Яўстах трымаў у няволі Рамуальда [101].

Пра ролю Р. Янушкевіча ў Базылі ў якасці агітатара тавянізму цікавыя падрабязнасці пакінуў у сваіх успамінах былы ўдзельнік паўстання 1830–1831 гг. Юзаф Камяроўскі. Сваю сустрэчу з Тавянскім ён апісвае наступным чынам: «Прыбыўшы ў Базыль я са здзіўленнем даведаўся, што да Тавянскага нельга ўваходзіць, а трэба дапрашвацца пра гэта праз інстанцыі. Гэты род афіцыйнай арыстакратыі аказаў на мяне дрэннае ўражанне, аднак, я прасіў [Дамініка] Іваноўскага і Р[амуальда] Янушкевіча, каб дамагліся паслухання для мяне, якога я чакаў тры дні. На працягу гэтага часу Іваноўскі і Р. Янушкевіч стараліся абкружыць Тавянскага асаблівай чароўнасцю, прадстаўляючы яго як Бога. Урэшце […] Тавянскі прыняў нас у пакоі без аздоб. Ён распачаў размову з павагай, гаварыў ясна, з заўзятасцю, з запалам, але толькі ў агульных словах. На пытанні даваў такія адказы, як, напрыклад, што Бог ёсць добры, што ён паўсюль і г.д. […] Пад час усяе размовы Р[амуальд] Янушкевіч і Іваноўскі запісвалі словы Майстра, мармычучы і плачучы ад расчуленасці, каб такім спосабам стварыць на мяне ўражанне» [102]. Як відаць з гэтага апісання, Тавянскім была распрацавана цэлая сістэма аказання псіхалагічнага ўплыву на чалавека з удзелам набліжаных да яго асобаў і самога Майстра, якая павінна была заканчвацца яго далучэннем да Кола. Пры чым і ў далейшых сустрэчах Р. Янушкевіч працягваў выстаўляць Тавянскага ў нейкім магічным святле, сцвярджаючы, што «толькі ён адзін ведае ўсё і бачыць усё» [103].

У 1849 г., пасля перамогі чарговай рэвалюцыі ў Францыі і абвяшчэння рэспублікі, Р. Янушкевіч вярнуўся ў Парыж. Тут ён жыў, з рэдкімі выездамі ў Швейцарыю, да восені 1857 г. Яго заняткі ў гэты час вядомы фрагментарна. 30 жніўня 1854 г. у яго адбыўся вечар з нагоды развітання з Я. А. Рамам, які праз дзень выязджаў у Новую Гранаду. 18 снежня 1855 г. ён удзельнічаў у сходзе эмігрантаў, якія займаліся зборам грошай для дзяцей А. Міцкевіча [104]. Выданне ў 1856 г. амністыі ўсім палітычным зняволеным і эмігрантам у Расійскай імперыі выклікала ў прыхільніка Тавянскага негатыўную рэакцыю і з ліпеня гэтага ж года яны пачалі рыхтаваць ліст у адказ. У выніку быў падрыхтаваны твор назвай «Прычыны, з якіх амністыя не можа быць прынятая. Прадстаўленыя часткай польскай эміграцыі Яго Імператарскай Вялікасці Аляксандру ІІ». Сярод іншых братоў яго падпісаў і Р. Янушкевіч [105].

У першай палове 1857 г. Р. Янушкевіч ажаніўся з Марыяй Летрон — даўняй і адданай прыхільніцай Тавянскага. Пры гэтым шлюб адбыўся з дазволу Майстра, якому яны абодва пісалі ў Швейцарыю, просячы блаславення. 3 жніўня 1858 г. у іх нарадзілася дачка Караліна, а яшчэ праз 2 гады — сын Эдвард (пам. 02.11.1861) [106]. У гэты ж час матэрыяльная сітуацыя сям’і палепшылася, пры чым дзякуючы Яўстаху. На працягу некалькіх гадоў ён ужо займаўся фінансавымі справамі польскіх магнатаў у Еўропе і на пачатку 1857 г. прыцягнуў да гэтага свайго малодшага брата. У лісце да Майстра Р. Янушкевіч сцвярджаў, што гэтая праца прынясе яму каля 2000 франкаў штогод [107]. Аднак, праца патрабавала ад яго ўсяго яго часу. У 1859 г. ён некалькі разоў скардзіўся сябру С. Гашчынскаму на сваю вялікую занятасць [108].

У кастрычніку ці лістападзе 1857 г. Р. Янушкевіч пераехаў разам з жонкай у недалёкі ад Парыжа гарадок Нантэр. Тут частым госцем у яго бываў С. Гашчынскі, які так апісваў свае візіты да сям’і Янушкевічаў: «Наша таварыства звычайнае: Рамуальд Янушкевіч, яго жонка і я. Мы разам ядзім абед, пасля абеду Марыя грае нам на фартэпіяна. Марыя грае з незвычайнай бегласцю: яна нават лічылася вядомай салоннай артысткай. У Справе яна праславілася глыбокім адчуваннем музыкі, а таму яе музыка прыносіць нам сапраўдную карысць і нашыя музычныя вечары не раз з’яўляюцца для нас малітвай» [109].

Жыццё ў Нантэр не было, аднак, бязвыезным. Чацвер, пятніцу і суботу кожнага тыдня сям’я планавала праводзіць у Парыжы «дзеля больш блізкіх стасункаў з братамі» [110]. Увесну 1858 г. Р. Янушкевіч ездзіў у Швейцарыю для сустрэчы з Майстрам, і 8 траўня вярнуўся ў Нантэр. Падобнае падарожжа было здзейснена ў наступным годзе — 15 траўня 1859 г. Р. Янушкевіч ізноў выехаў у Швейцарыю, але ў гэтым жа годзе вярнуўся [111].

Паляпшэнне матэрыяльнага стану дало Р. Янушкевічу магчымасць падтрымліваць у некаторай ступені сваіх сяброў. 30 лістапада 1858 г. ён запрасіў пажыць у сваім жытле ў Нантэр С. Гашчынскага на некалькі тыдняў, а 15 студзеня 1859 г. пазычыў яму 80 франкаў. Аднак, пры гэтым паміж сябрамі здарылася сутычка. 28 лютага Р. Янушкевіч папрасіў Гашчынскага вызваліць яго памяшканне, якое той займаў ужо амаль 3 месяцы, што паэт і зрабіў, але 14 сакавіка ён быў абвінавачаны ў няўдзячнасці, бо не падаў «фармальнай падзякі за гасціннасць» Р. Янушкевічу. У выніку славеснай перапалкі, якая адбылася затым паміж братамі, Гашчынскі зрабіў для сябе выснову «з гэтага часу не прымаць ад яго ніякай міласці» і на наступны дзень доўга абдумваў гэты выпадак. Відавочна, пакрыўджанасць прывяла да таго, што ў сваім Дзённіку ён дае некалькі негатыўных характарыстык Р. Янушкевічу: «Учынак [Рамуальда] Янушкевіча, нізкі нават з зямнога пункту гледжання, з’яўляецца нехрысціянскім з пункту гледжання Божай Справы. […] Янушкевіч не спыняецца пры ўнутранай узнагародзе, за добрыя ўчынкі патрабуе бачнай, матэрыяльнай аплаты ад тых, якім робіць дабро; толькі пазычае і тое пад працэнты» [112]. І крыху ніжэй: «У Рамуальда [Янушкевіча] рогі шляхціца вылазяць, як шыла з мяшка, кожны раз, як гаворыць пра сваю сям’ю, напрыклад, маці, брата Адольфа і г.д. Марыю [Янушкевіч] трымае манія настаўлення, жаданне кіравання людзьмі і рэчамі прабіваецца часам спосабам смешным, калі б не быў хутчэй абуральным» [113].

У 1859 г. Р. Янушкевіч з жонкай падтрымлівалі маральна Стэфана Зана ў апошнія месяцы яго жыцця, нягледзячы на незаўжды прыхільныя адносіны таго да гэтай сям’і. Яны прысутнічалі таксама пры смерці брата вядомага філамата 3 красавіка 1859 г. у Нантэр [114].

Апошнія гады жыцця Р. Янушкевіча прайшлі ў адносным спакоі. Ён працягваў жыць разам з сям’ёй у Нантэр, часта прымаючы ў сябе землякоў, пераважна, аднадумцаў-тавянчыкаў. 22 снежня 1861 г. сям’я выехала праз Цюрых у г. Турын у Італіі, але ўжо ў наступным месяцы яны вярнуліся і распавядалі землякам пра падарожжа [115]. Звестак пра іншыя значныя падзеі яго жыцця не захавалася. Памер Рамуальд нашмат раней за свайго старэйшага брата — 31 сакавіка 1865 г. у Нантэр.

* * *

Публікаваны ніжэй ліст Рамуальда Янушкевіча да брата Яўстаха быў напісаны праз месяц пасля расколу ў Коле — 21 чэрвеня 1846 г. Эмацыянальная насычанасць сведчыць пра глыбокае перажыванне яго аўтарам разрыву паміж аднадумцамі і пра напісанне ў хвіліну душэўнага парыву, а не спакойнага халоднага разважання. Насычаны тэрміналогіяй тавянізму, ён складаны для разумення без ведання гісторыі Кола і ўзаемаадносінаў паміж братамі. Тым не менш ён паказвае напружанасць сітуацыі ў момант распаду, калі сваяцкія сувязі ставіліся ніжэй за ідэалагічныя дактрыны і маральна-этычныя перакананні.

Ліст не з’яўляецца невядомым для гістарыяграфіі. Яго згадвала і на яго спасылалася (з кароткай цытатай) у сваім даследаванні Зоф’я Макавецка [116]. Аднак, невядома ніводная публікацыя гэтага ліста ні на мове арыгінала, ні ў перакладзе на якую-небудзь мову, у т.л. сярод апублікаваных фрагментаў карэспандэнцыі Р. Янушкевіча [117].


Апошні ліст, пісаны да Брата Яўстаха — Базыль дня 21 чэрвеня 1846 [года] [118]

Твая смерць не ўразіла б мяне так, як смерць Твайго Духу. Я не перашкаджаў Твайму выспяванню, але калі Ты ўжо падаў поўныя вынікі, сёння я маю права як Хрысціянін, як Брат [119] думаць пра іх і казаць.

Ахвяры Уладара і мае растаптаныя, самыя Святыя абавязкі Слугі Справы Хрыста Табой першым былі падраныя. Твае апошнія словы пісаліся ўжо не Тваёй рукой, само пекла служыла Табе, а Ты ў сваім асляпленні толькі хлусню выліваў у напісаным мне лісце.

Тое, што сёння я пішу Табе, я пішу пры жывым Богу і пры крыніцы майго Уладара — з гэтым я стану перад Судом Найвышэйшэга, гэтым я Цябе заклiкаю і гэтым вінаваціць Цябе буду, бо я на ўласныя вочы бачыў, як Ты грэшна выказваўся, якую Ты меў удзячнасць да Сясцёр, якія выцягвалі Цябе з заняпаду, ратавалі, каб Ты не апаганьваў месца святога. Не фальшамі і дактрынамі яны пераўтваралі нашыя сэрцы, як Ты выказваешся ў сваім лісце, але ахвярамі нашага Духу кармілі абодвух нас, выдзяралі Цябе некалькі разоў з путаў злога. Ты быў ля іх стоп і ахвяроўваў ім вечную ўдзячнасць. У хвілінах нядолі і Твайго заняпаду Ты называў іх Анёламі-Вартаўнікамі, а цяпер кім іх лічыш у Тваёй душы? Толькі фальшывую ролю Ты граў перад імі. Людзей магчыма ашукаць, але ці зможаш Ты ашукаць Бога? Ліст, напісаны да сяcтры Ганны [120], будзе калі-небудзь доказам, бо ні яна, ні я пачуццяў у Цябе не выдзяралі. Ты страціў памяць пра ўсю мінуўшчыну і ўчынкі, я адчуваю сваім абавязкам прынесці Табе памяць пра іх.

Калі б Ты меў сапраўдную веру ва Уладара, то Ты б адчуваў, што нічога нячыстага ў Яго доме ўтрымацца не магло б. Я на хвілінку саграшыў у Бадэне, уласным сумленнем я адразу быў адкінуты ад крыніцы Ласкі і Міласэрнасці. [Калі б] Уладар, што бачыць таямніцы кожнага з нас, даў бы ашукаць сябе нагаворам ці плёткам, як Ты мяркуеш, альбо слухаў бы іх ад каго б гэта ні было, то не быў бы пакутнікам Божым. Для яго не важныя фамільныя і сваяцкія сувязі. Мы мелі шматлікія прыклады гэтага. Сваім плёнам, Браце, Ты сцвярджаеш, што калісьці сам казаў Уладару, “што калі б не адчуваў і не меў таго пераканання, што Ты, Уладару, бачыш і чуеш усе таямніцы нашых сэрцаў, я б не лічыў Цябе Майстрам”, як жа пагадзіць адно з другім? Трэба і на зямлі быць паслядоўным.

Ты парываеш мяне прыгадаць нашую мінуўшчыну, нашыя дзіцячыя гады — Нясвіж і сшыткі. Я ўсё гэта памятаю добра. Але Ты забыўся пра бліжэйшыя хвіліны, святыя хвіліны нашага сапраўднага шчасця, сапраўднай невінаватасці нашага духу, пра абяцанні Богу і Уладару, дадзеныя ў Нантэр, пра хвіліны, калі найсвяцейшая надзея асвяціла нас, нягодных, калі Уладар у Цюрыху 19 лютага [121] блаславіў нашае Братэрскае злучэнне, калі мы разам узнялі голас на Урад, што няволіў наш Дух [122]. Ці гэта не хвіліны, што патрабуюць больш годнай увагі? Такога нізкага тону я не чакаў. Пра гэта Ты павінен быў памятаць лепей, чым пра дробязі нашага дзіцячага веку.

Гаворыш мне, каб я ў хвіліну халоднага Суду агледзеўся, што робіцца вакол мяне, але прасякніся, і Бог дасць Табе ўбачыць, што за чатыры гады Справа ні на крок не зварухнулася, і чаму? ці Уладар вінаваты ў гэтым? ці Сёстры? Мы невінаватыя. Страшны Суд Ты выдаў у Тваім духу. Цяпер я пытаю Цябе, што Ты за 4 гады зрабіў для Справы? Трыманы і мацаваны толькі духам Уладара, што Ты зрабіў са святлом, чарпаным з крыніцы Ласкі і Міласэрнасці? У сённяшніх выніках Ты паказваеш свае 4-гадовыя працы.

Ах, Браце Яўстаху! Ці такім плёнам Ты плаціш свайму Уладару? Гэта нікчэмна і подла з Твайго боку. Бачыш, Браце, што мы не можам з Табой ісці па адной дарозе. Разрыў нашага Братэрскага ланцуга не мне, але хутчэй Табе прыпішы. Я прагну збаўлення Твайго Духу, але майго Бога і Уладара, дзеля супраціўлення і дрэннай волі Брата, які ўступіў у саюз з шатанам, я не стамляю. Не магу быць з Табой разам, бо клапачуся пра збаўленне свайго духу.

У міласці да Твайго Духу нагадваю Табе апошнія словы Уладара, сказаныя Табе, што калі не будзеш адданы свайму Духу, калі адрачэшся ад Тваёй місіі, калі пасля зробленага Каралеўствам [123], не пойдзеш па дарозе, указанай Табе ў дадзеным Табе лісце, прыйдзе хвіліна, калі як апошні валацуга будзеш валяцца па канавах парыжскіх вуліц.

Гэта моцна прыцісне Твой дух. Памятай, Браце, што ўсё пройдзе, але Слова Уладара не пройдзе. Ты меў шматлікія прыклады гэтага. Ратуйся, пакуль ёсць час, заклікаю і заклінаю яшчэ раз — не губі свой дух.

(Здрады любяць, але здраднікамі пагарджаюць).

Сёння я адчуваю сябе вольным перад Богам і перад Табой самім, і вер, што Бог дасць мне сілу і што тваё зло не абапрэцца на мяне, не знойдзе ў мяне падтрымкі ні тут, ні пасля смерці. Я прагну служыць Табе на дарозе Хрыста, але на Тваіх ілжывых шляхах з Табой не яднаюся, і Братам быць не хачу. Грошы [124] з пашпартам адсылаю.

Рамуальд


Спіс выкарыстаных крыніц і літаратуры

  1. Гл.: Kalembka S. Wielka Emigracja. 1831–1863. Wyd. II. Toruń: Wydawnictwo Adam Marszałek, 2003. 434 s.; Gadon L. Emigracja polska. Pierwsze lata po upadku powstania listopadowego. T. 1–3. Kraków, 1901–1902; і інш.
  2. Feliński Z. S. Pamiętniki / opr. E. Kozłowski. Warszawa: Instytut Wydawnictwa Pax, 2009. S. 229.
  3. Пра дзейнасць і вучэнне А. Тавянскага гл: Szpotański S. Andrzej Towiański: Jego życie i nauka. Warszawa: Wydawnictwo Kasy im. Mianowskiego, 1938. 295 s.; Makowiecka Z. Brat Adam // Kronika życia i twórczości Mickiewicza. Maj 1844 — grudzień 1847. Warszawa: Państwowy Instytut Wydawniczy, 1975. 519 s.; Kalembka S. Wielka Emigracja. 1831–1863. Wyd. II. Toruń: Wydawnictwo Adam Marszałek, 2003. S. 271–286; і інш.
  4. Радаводную справу роду Янушкевічаў гл.: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей — НГАБ). Ф. 319. Воп. 2. Спр. 3756.
  5. Januszkiewicz E., Wrotnowski F. Żywot Adolfa Januszkiewicza i jego listy ze stepów kirgizkich. Berlin; Poznań, 1861.
  6. НГАБ. Ф. 319. Воп. 2. Спр. 3756. Пра спробы канфіскацыі гл.: НГАБ. Ф. 295. Воп. 1. Спр. 591. Справа аб канфіскацыі часткі маёнтка Дзягільна Мінскага павета памешчыка Янушкевіча за ўдзел у польскім паўстанні 1831 г. 21.08.1837–23.06.1839.
  7. Lewak A. Januszkiewicz Eustachy // Polski słownik biograficzny (далей — PSB). T. 10. Wrocław, etc., 1963. S. 595–597.
  8. Januszkiewicz E. Listy do Egenii Larysz (Z epoki emigracyjnej) / wyd. J. Kallenbach // Lamus. № 3. Lwów, 1909. S. 440–470; Гарбачова В. Яўстафій Янушкевіч і яго ўспаміны пра падзеі 1831 г. // …Пачуць, як лёсу валяцца муры: Памяці Генадзя Кісялёва. Мн.: Лімарыус, 2009. С. 214.
  9. НГАБ. Ф. 561. Воп. 1. Спр. 5. Арк. 155 адв.
  10. Biblioteka Narodowa (далей — BN). Rkps. II.7871. Odpisy dokumentów Towarzystwa Litewskiego i Ziem Ruskich z lat 1831–1836. K. 9.
  11. Wrotnowski F. Pamiętniki o powstaniu Litwy i ziem ruskich w roku 1831. Sposzyty 1 5. Paryż: A. Pinard, 1833; Wrotnowski F. Powstanie na Wołyniu, Podolu i Ukrainie w roku 1831. T. 1–2. Paryż: Księgarnia i Drukarnia Polska, 1837–1838; Zbiór pamiętników o powstaniu Litwy w r. 1831 / Ukł. przez F. Wrotnow¬skiego. Paryż, 1835. 285 s.
  12. Pamiętniki polskie / Wyd. K. Bronikowski. T. 1–3. Paryż, 1844–1845.
  13. Падрабязней пра ТЛРЗ гл.: Матвєйчик Д. Створення і діяльність у Франції Товариства литовських і руських земель (1831–1833) // Український історичний збірник (2006). Вип. 10. К.: Інститут історії України НАН України, 2007. С. 79–87; Гарбачова В. Дзейнасць Таварыства літоўскага і рускіх зямель у межах Вялікай эміграцыі ў Францыі // Гістарычны альманах. Гародня-Беласток, 2005. С. 172–188; Barszczewska A. Rola Towarzystwa Litewskiego i Ziem Ruskich w popularyzacji wiedzy o Litwie i Białorusi na emigracji (1831–1836) // Zeszyty Naukowe Uniwersitetu Łodzkiego. Seria 1. Z. 53. Łodź, 1967. S. 45–67; і інш.
  14. BN. Rkps. II.7871. K. 78–79.
  15. Ibidem. K. 119.
  16. Ibidem. K. 123.
  17. Biblioteka Polska w Paryżu (далей — BPP). Rkps. 413. Piotr Kopczyński: Dziennik z lat 1831–1834. T. 3. S. 183.
  18. Упершыню праект твору Яўстаха Янушкевіча пра паход Ружыцкага ў Літву адзначаны ў пратаколах ТЛРЗ яшчэ 19 снежня 1831 г. — больш чым за месяц да яго прыняцця ў склад Таварыства. Гэта магчыма растлумачыць двума спосабамі: 1) Янушкевіч мог ведаць пра дзейнасць ТЛРЗ і выказаць жаданне падзяляць яго працы яшчэ да прыбыцця ў Парыж; 2) Арыгіналы пратаколаў ТЛРЗ не захаваліся, а засталіся толькі ў копіях; тэма твора Я. Янушкевіча ў арыгінале магла быць упісанай пазней, а розніца не адзначанай у копіях.
  19. Januszkiewicz E. Wyjątek z pamiętników działań wojennych jenerała Różyckiego // Pamiętnik Emigracji. 27.07.1832 (Mieczysław I); Potrykowski J.A. Tułactwo polaków we Francji. Dziennik emigranta. – Wyd. A. Owsińska. T. 1. Kraków, 1974. S. 171–172.
  20. Polacy w Oporto / wyd. E. Januszkiewicz. Paryż, 1833.
  21. BN. Rkps. II.7871. K. 134, 135.
  22. Janowski J. N. Notatki autobiograficzne 1803–1853 / Wyd. M. Tyrowicz. Wrocław: Ossolineum, 1950. S. 366.
  23. Ibid. S. 469.
  24. Я. Янушкевіч планаваў 1 красавіка прыцягнуць у рэдакцыю А. Міцкевіча і паэта Юзафа Залескага [гл.: Januszkiewicz E. Listy do Egenii Larysz… S. 445].
  25. Pielgrzym Polski. Pismo polityce i literaturze narodowej poświęcone. Paryż, 1832–1833.
  26. Januszkiewicz E. Listy do Egenii Larysz… S. 444.
  27. Kłossowski A. Historia księgarni Polskiej w Paryżu przez jej współwłaściciela Eustachego Januszkiewicza spisana // Roczniki Biblioteczne. 1966. Z. ¾. S. 513, 515.
  28. Lewak A. Januszkiewicz Eustachy // Polski słownik biograficzny. T. 10. Cz. 3. Wrocław, etc.: Ossolineum, 1963. S. 595–596.
  29. Kłossowski A. Historia księgarni Polskiej… S. 515 516.
  30. Jełowicki A. Moje wspomnienia. 1807–1831–1838. Lwów: Wydawnictwo Zakładu Narodowego im. Ossolińskich, 1933. S. 315, 370.
  31. Januszkiewicz E. Listy do Egenii Larysz… S. 454; Kłossowski A. Historia księgarni Polskiej… S. 518.
  32. Januszkiewicz E. Listy do Egenii Larysz… S. 454.
  33. Januszkiewicz E. Kilka słów Drukarni Polskiej. [Paryż: Księgarnia Polska, 1835]. 8 s.
  34. Wyrok na Aleksandra Jełłowickiego i Eustachego Januszkiewicza // Lud Polski. Wybór dokumentów / wyd. H. Temkinowa. Warszawa: Książka i Wiedza, 1957. S. 98 102.
  35. Kłossowski A. Historia księgarni Polskiej… S. 520–521.
  36. Extrait du catalogue de la Librairie Polonaise (1 Septembre 1835) // Jełowicki A. O powstaniu; Chrzanowski W. O wojnie partyzanckiej. Paryż: W Księgarni i Drukarni Polskiej, 1835. (у адной брашуры).
  37. Яшчэ раней — у 1835 ці 1836 гг. — С. Дамбоўскі памер у Канах ад цяжкай псіхічнай хваробы.
  38. Kłossowski A. Księgarstwo polskie na obczyźnie od powstania listopadowego // Księgarz. 1966. № 3. S. 22; Kłossowski A. Historia księgarni Polskiej… S. 525.
  39. Januszkiewicz E. Listy do Egenii Larysz… S. 450, 453.
  40. Januszkiewicz E. Listy do Egenii Larysz… S. 468.
  41. Młoda Polska. Wiadomości historyczne i literackie. Paryż, 1838–1840; Szostakowski S. Z kart Wielkiej Emigracji. Prasa obozu arystokratyczno-konserwatywnego w latach 1832–1848. Olsztyn, 1974. S. 130–133; Zienkowicz L. Przegląd polityczny pisarstwa emigracji polskiej. T. 1. Paryż: L. Martinet, 1848. S. 22.
  42. Szostakowski S. Z kart Wielkiej Emigracji… S. 135, 136.
  43. Kłossowski A. Historia księgarni Polskiej… S. 517–518, 525.
  44. Mickiewicz W. Żywot Adama Mickiewicza podług zebranych przez siebie materyałów oraz z własnych wspomnień. T. 2. Poznań: W drukarni Dziennika Poznańskiego, 1894. S. 371. Уладзіслаў Міцкевіч у жыццяпісе свайго бацькі спасылаецца на мемуары Я. Янушкевіча, называючы іх успаміны (pamiętnik) ці дзённік (dziennik) і адрозніваючы ад ліста Я. Янушкевіча да яго ад 27.07.1874 ці лістоў да Я. Ларыш. Аднак, спасылкі на яго месцазнаходжанне ў працы не зроблена. Тым не менш, У. Міцкевіч адзначаў, што гэтыя ўспаміны заслугоўваюць веры [T. 1. S. 13, 43].
  45. Zaleski B. Januszkiewicz Eustachy // Rocznik Towarzystwa Historyczno-Literackiego w Paryżu. R. 1870–1872. Poznań: Księgarnia Jana Konstantego Żupańskiego, 1872. S. 319.
  46. Sudolski Z. Mickiewicz… S. 415, 432–433.
  47. Mickiewicz W. Żywot Adama Mickiewicza… T. 3. S. 30–34, 43.
  48. Makowiecka Z. Brat Adam // Kronika życia i twórczości Mickiewicza. Maj 1844 — grudzień 1847. Warszawa: Państwowy Instytut Wydawniczy, 1975. S. 27, 438.
  49. Гарэцкі Антоні (Gorecki Antoni) (1787, Вільня — 18.09.1861, Парыж) — паэт, байкапісец. Удзельнічаў у напалеонаўскіх войнах, паўстанні 1830–1831 гг. У эміграцыі жыў у Францыі, дзе выдаў вялікую колькасць паэтычных зборнікаў. Пачаткова з энтузіязмам прыняў вычэнне А. Тавянскага, але вельмі хутка парваў з ім, што ў сваю чаргу пагоршыла яго адносіны з Міцкевічам [Bielecki R. Słownik biograficzny oficerów powstania listopadowego. T. 2. Warszawa, 1996. S. 98; Polski Słownik Biograficzny (далей — PSB). T. 8. Wrocław, etc.: Ossolineum, 1960. S. 306–307]. Разрыў яго з тавянізмам апісаны Валерыянам Халхоўскім у лісце да Ігната Дамейкі ад 15.11.1841 [Muzeum Adama Mickiewicza w Paryżu. Rkps. 1018. Rękopisy z lat 1831–1888. Pisma i listy do Ignacego Domeyki].
  50. Сабанскі Ізыдар (Sobański Izydor) (1796–1847) – буйны памешчык з Падолля; у паўстанні служыў падпаручнікам 5 палка ўланаў, пасля паўстання эміграваў, жыў у Парыжы. У эміграцыі быў адным са знаймых Міцкевіча, адзін з першых далучыўся да вучэння Тавянскага, але хутка адышоў ад яго [Goszczyński S. Dziennik Sprawy Bożej / opr. i wstęp Z. Sudolski i in. T. 2. Warszawa: Instatut Wydawniczy Pax, 1984. S. 484].
  51. Współudział Adama Mickiewicza w sprawie Andrzeja Towiańskiego. Listy i przemówienia. T. 2. Paryż: Księgarnia Luxemburgska, 1877. S. 165. Цытата ў: Zaleski B. Januszkiewicz Eustachy… S. 323.
  52. Sudolski Z. Mickiewicz… S. 545.
  53. Апрача ўсяго, Міцкевіч лічыў Я. Янушкевіча асобай, карыснай для ўладжвання канфліктаў з паліцыяй [гл.: Sudolski Z. Mickiewicz… S. 561], што было важным для тавянчыкаў, якім магло пагражаць выдаленне паводле прыкладу іх Майстра.
  54. Makowiecka Z. Brat Adam… S. 254.
  55. Współudział Adama Mickiewicza… S. 247. Цытата ў: Zaleski B. Januszkiewicz Eustachy… S. 323–324.
  56. Sudolski Z. Mickiewicz… S. 566, 582, 625.
  57. Makowiecka Z. Brat Adam… S. 330–331; Sudolski Z. Mickiewicz… S. 639.
  58. Напрыклад, у 1851 г. былі разарваны адносіны паміж Міцкевічам і яго даўнім знаёмым і калегам Міхалам Ходзькам. Найбольш актыўным часам іх супрацоўніцтва стала Вясна Народаў, калі Міцкевіч намагаўся стварыць у Італіі Легіён з эмігрантаў з былой Рэчы Паспалітай, а М. Ходзька выступаў яго даверанай асобай і адным з камандзіраў легіянераў. Прычынай разрыву сталі спрэчкі наконт грашовых сродкаў, выдаткаваных Ходзькам з уласнай кішэні на патрэбы Легіёна [гл.: Sudolski Z. Mickiewicz: Opowieść biograficzna. Warszawa: Ancher, 2004. S. 772, 780, 787, 883].
  59. Sudolski Z. Mickiewicz… S. 699–700.
  60. Ibid. S. 707.
  61. Ibid. S. 766, 769, 770 і інш.
  62. Гл.: Mickiewicz A. Dzieła… T. 16. S. 449, 557, 565.
  63. Zaleski B. Januszkiewicz Eustachy… S. 326–327.
  64. Gadon L. Z życia Polaków we Francji. Rzut oka na 50-letnie koleje Towarzystwa Historyczno-Literackiego w Paryżu 1832–1882. Paryż, 1883. S. 118.
  65. Zieliński J. F. Wspomnienia z tułactwa. Warszawa: Instytut Wydawniczy Pax, 1989. S. 583.
  66. Zaleski B. Januszkiewicz Eustachy… S. 327–328; Kłossowski A. Księgarstwo polskie na obczyźnie od powstania listopadowego // Księgarz. 1966. № 3. S. 23.
  67. Zaleski B. Januszkiewicz Eustachy… S. 328–329.
  68. Lelewel J. Historia Litwy i Rusi aż do unii z Polską w Lublinie w r. 1569 zawartej. Paryż: Drukarnia i Księgarnia Polska, 1838. 325 s.
  69. Lelewel J. Listy emigracyjne / Wyd. H. Więckowska. T. 1–5. Kraków, 1948–1956.
  70. Ibid. T. 5. S. 207.
  71. Januszkiewicz E. Ostatnie chwile Joachima Lelewela. Poznań, 1861. 20 s.
  72. Januszkiewicz E., Wrotnowski F. Żywot Adolfa Januszkiewicza i jego listy ze stepów kirgizkich. Berlin; Poznań, 1861.
  73. Januszkiewicz E., Wrotnowski F. Krótki wykład historii i jeografii polskiej. Paryż: Drukarnia E. Martinet, 1866. 70 s. + mapa.
  74. Januszkiewicz E. Wilia Wilii w Paryżu w 1834 r. // Czas. № 294. 24.12.1871.
  75. Januszkiewicz E. Wspomnienia z czasu obłężenia Paryża (Wyjątki z dziennika spisywanego przez ojca dla swej córki) // Przegląd Polski. R. 5. Z. 10. Kraków: W Drukarni Uniwersytetu Jagiełłońskiego, 1871. S. 240–275.
  76. Гарбачова В. Яўстафій Янушкевіч і яго ўспаміны пра падзеі 1831 г. … С. 196–214.
  77. Kłossowski A. Historia księgarni Polskiej… S. 509.
  78. Zaleski B. Januszkiewicz Eustachy… S. 330–331.
  79. Bielecki R. Słownik biograficzny… T. 2. S. 198–199.
  80. НГАБ. Ф. 561. Воп. 1. Спр. 5. Арк. 155 адв.
  81. Bielecki R. Słownik biograficzny… T. 2. S. 98; BN. Rkps. II.7871. K. 167–214.
  82. Kłossowski A. Historia księgarni Polskiej… S. 516.
  83. Sudolski Z. Mickiewicz… S. 546.
  84. Тэрмін Госпад з’яўляецца варыянтам перакладу ўжытага ў польскамоўным арыгінале тэрміна Pan, варыянтаў інтэрпрэтацыі якой магчымы два: 1) Pan Bóg — Гасподзь Бог; 2) Pan i Mistrz — Гаспадар і Майстар, у сэнсе –— А. Тавянскі. На гэтую варыянтыўнасць інтэрпэтацыі ўжо звяртаў увагу К. Руткоўскі [гл. наступную спасылку]. Аднак, мяркуючы паводле Дзённіка С. Гашчынскага, тут маецца на ўвазе першы варыянт — Гасподзь Бог [Goszczyński S. Dziennik Sprawy Bożej...S. 46–48].
  85. Ліст Валерыяна Халхоўскага да Ігната Дамейкі ад 09.05.1843 // Muzeum Adama Mickiewicza w Paryżu (MAM). Rkps. 1018. Апісанне ўсяго выпадку як прыкладу дэспатычных адносінаў кіраўніцтва Кола ў адносінах да сваіх сябраў з цытатай ліста В. Халхоўскага гл.: Rutkowski K. Braterswo albo śmierć: Zabijanie Mickiewicza w Kole Sprawy Bożej. Gdańsk: Słowo/Obraz Terytoria, 1999. S. 67–70. З цытатай з уручанага дакумента апісвае падзею З. Судольскі [Sudolski Z. Mickiewicz… S. 543].
  86. Goszczyński S. Dziennik Sprawy Bożej… T. 1. S. 47–48. К. Руткоўскі выказаў меркаванне, што Р. Янушкевіч дзейнічаў не самавольна, а з маўклівага ці гучнага дазволу Кола ці яго кіраўніцтва, а яго асуджэнне было выклікана не самавольствам, а тым фактам, што акцыя проста не ўдалася [Rutkowski K. Braterswo albo śmierć… S. 70].
  87. Goszczyński S. Listy (1823–1875) / wyd. S. Pigoń. – Kraków: Księgarni Debethnera i Wolfa, 1937. S. 179.
  88. Sudolski Z. Mickiewicz… S. 586.
  89. Mickiewicz A. Dzieła / pod. red. J. Krzyżanowskiego. T. 15. Listy, cz. 2. Warszawa, 1955. S. 646–648; Makowiecka Z. Brat Adam… S. 56; Sudolski Z. Mickiewicz… S. 590.
  90. С. Гашчынскі памылкова сцвярджаў, што загад тычыўся абодвух братоў Янушкевічаў [Goszczyński S. Dziennik Sprawy Bożej… T. 1. S. 197].
  91. Makowiecka Z. Brat Adam… S. 56–63; Goszczyński S. Listy... S. 196.
  92. Makowiecka Z. Brat Adam … S. 101; Begey A. Action et souvenirs de quelques serviteur de l’Oeuvre de Dieu. Cahier 1: Romuald Januszkiewicz. Turin, 1913. S. 1–4.
  93. Begey A. Action et souvenirs… P. 4.
  94. Ibid. – S. 14 37; Sudolski Z. Mickiewicz… S. 612.
  95. Sudolski Z. Mickiewicz… S. 616.
  96. Goszczyński S. Dziennik Sprawy Bożej… T. 1–2.
  97. Гл.: Mickiewicz A. Dzieła / pod. red. J. Krzyżanowskiego. T. 16. Listy, cz. 3. Warszawa, 1955. S. 49–51, 54–56.
  98. Прыклад братоў Янушкевічаў не быў адзіным, калі раскол Кола праходзіў праз блізкіх сваякоў. На баку Тавянскага застаўся брат-правадыр Караль Ружыцкі, а сярод прыхільнікаў Міцкевіча быў яго родны сын Станіслаў [Rutkowski K. Braterswo albo śmierć… S. 364].
  99. Sudolski Z. Mickiewicz… S. 639.
  100. Goszczyński S. Listy... S. 336.
  101. Goszczyński S. Dziennik Sprawy Bożej… T. 1. S. 636.
  102. Komierowski J. Moje stosunki z Towiańskim i Towiańczykami. Paryż: W Drukarni L. Martinet, 1856. S. 8–9.
  103. Ibid. S. 10.
  104. Goszczyński S. Dziennik Sprawy Bożej… T. 1. S. 502, 542.
  105. Powody dla których amnestia przyjętą być nie może. Przedstawione przez część emigracji polskiej Jego Cesarskiej Mości Aleksandrowi II. Paryż, 1857. Гл. таксама: Goszczyński S. Dziennik Sprawy Bożej… T. 1. S. 578, 584; Begey A. Action et souvenirs… P. 67–68.
  106. Begey A. Action et souvenirs… P. 71–73; Goszczyński S. Dziennik Sprawy Bożej… T. 1. S. 611.
  107. Begey A. Action et souvenirs… P. 70.
  108. BN. Rkps. 2955. Korespondencja Seweryna Goszczyńskiego z lat 1833–1875. K. 42–43.
  109. Goszczyński S. Dziennik Sprawy Bożej… T. 1. S. 586–587.
  110. Ibid. S. 587.
  111. BN. Rkps. 2955. K. 42–43.
  112. Goszczyński S. Dziennik Sprawy Bożej… T. 1. S. 630–632.
  113. Ibid.
  114. Ibid. S. 624, 629, 631 634.
  115. Goszczyński S. Dziennik Sprawy Bożej… T. 2. S. 121, 124.
  116. Makowiecka Z. Brat Adam… S. 292–294.
  117. Begey A. Action et souvenirs…; Begey A. André Towiański et Israёl. Actes et documents 1842–1864 avec une lettre de Ladislas Mickiewicz à l’auteur. Rome, 1912.
  118. Падкрэслена ў арыгінале.
  119. Ва ўсім лісце магчымая дваістая інтэрпрэтацыя тэрміну Брат: 1) як роднага брата, звязанага сваяцкімі сувязямі; 2) як брата духоўнага, прасякнутага вучэннем А. Тавянскага. На карысць другой версіі ўказвае напісанне тэрміна з вялікай літары, што было характэрна для карэспандэнцыі паміж тавянчыкамі.
  120. Гут, нар. Макса, Ганна (? – пам. 1878) — жонка Фердынанда Гута, паходзіла з сям’і віленскага рамесніка, сястра Караліны Тавянскай, жонкі Андрэя, актыўная тавянка [Goszczyński S. Dziennik Sprawy Bożej… T. 2. S. 432].
  121. Верагодна — 1846 года, калі Я. Янушкевіч разамз Міцкевічам прыбыў у Цюрых.
  122. Маецца на ўвазе падпісанне прыхільнікамі Тавянскага падпісанне акту пратэсту ад 7 жніўня 1842 г. супраць яго выдалення з Францыі французскімі ўладамі.
  123. Верагодна, маецца на ўвазе паўстанне 1830–1831 гг., якое пачалося ў Каралеўстве Польскім 29 лістапада 1830 г.
  124. Наконт гэтых грошай С. Гашчынскі пісаў у лісце да Людвіка Набэляка: Брат Рамуальд Янушкевіч уласнаму брату адаслаў грошы, хоць мае ў іх вялікую патрэбу, — а гэта таму, што, на няшчасце, Яўстах далёка сышоў са шляху Справы [Goszczyński S. Listy... S. 210].

Апублікавана ў: Асоба і час: Беларускі біяграфічны альманах. – Вып. 2 / уклад. А. Фядута; пад навук. рэд. Т.Я. Аўтуховіч, З.В. Шыбекі. – Мн.: Лімарыус, 2010. – С. 115–129.

Автор статьи: 
Матвейчык Дзмітрый Часлававіч
Ученая степень и звание: 
кандыдат гістарычных навук
Должность: 
загадчык аддзела публікацыі дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі