Кніга актавых пратаколаў 1674-1680 гг. мінскага магістрата як крыніца па гісторыі горада др. паловы XVII ст.

Нягледзячы на ўзрастаючую цікавасць да мінулага сённяшняй сталіцы, пастаяннае з’яўленне артыкулаў і даследаванняў, а таксама правядзенне штогадовых канферэнцый, прысвечаных мінуламу Мінска (Менска), шэраг пытанняў па яго гісторыі да гэтага часу застаецца недастаткова асветленым.

На сённяшні дзень асаблівай увагі і дэталёвага вывучэння патрабуе пытанне аб арганізацыі і дзейнасці органаў самакіравання. Асноўнай крыніцай для даследчыкаў у такім выпадку будуць з’яўляцца дакументы кніг канцылярыі мінскага магістрата.

Самыя раннія актавыя кнігі па гісторыі самакіравання Мінска захоўваюцца ў НГАБ у ф. 1816 “Мінскі магістрат” і датуюцца другой паловай XVII ст. За гэты перыяд захавалася тры справы № 1, 33, 54. Дзве з іх (№ 1 і № 54) з’яўляюцца часткамі актавай кнігі “спраў вячыстых” за 1663-1680 гг., якая была штучна падзеленая падчас рэстаўрацыі ці перадачы спраў з Гродна ў Мінск. Акрамя гэтага, дзевяць дакументаў з гэтай кнігі на пятнаццаці аркушах падшытыя ў Т.2 ф. 1706 “Бельскі гродскі суд”, адкуль яшчэ ў 1977 г. была перададзеная ўзгаданая справа № 54 (яна памылкова захоўвалася ў гэтым фондзе як справа № 2 Т. 4). Справа № 33 з’яўляецца кнігай актавых пратаколаў за 1674-1680 гг., куды ўносіліся запісы здзелак, якія разглядаліся на кожным пасяджэнні магістрата.

Каб мець добрае ўяўленне аб ступені каштоўнасці для даследчыка названых кніг, неабходна ведаць, якія разнавіднасці дакументаў актыкаваліся ў іх пісарамі. У кнігу “спраў вячыстых” унесены прадажныя, дароўныя, застаўныя, вяноўныя, дзельныя, квітацыйныя лісты, некалькі каралеўскіх грамат. Патрэбна адзначыць, што больш чым палову запісаў складаюць менавіта сазнанні лістоў на продаж нерухомай маёмасці. Наступнымі па колькасці з’яўляюцца запісы квітацыйных і ўліўковых лістоў. Такім чынам, інфармацыя, змешчаная ў гэтай кнізе, мае пераважна сацыяльна-эканамічны характар.

У кнігу актавых пратаколаў рабіліся запісы сціслых пераказаў актаў, якія пазней уносіліся ў вызначаныя кнігі канцылярыі магістрата. Яны маюць рознабаковы характар, бо гэта сціслыя нататкі ўсіх спраў, якія разглядаліся на пасяджэннях. Улічваючы іх разнастайны характар, менавіта кніга актавых пратаколаў з’яўляецца найбольш змястоўнай крыніцай па гісторыі самакіравання Мінска другой паловы XVII ст. Такім чынам, пры параўнанні зместа запісаў абедзьвух кніг, апошняя прадстаўляецца найбольш цікавай, а яе апісанне будзе карысным для даследчыкаў.

У кнігу ўнесеныя запісы за 7 красавіка 1674 – 17 чэрвеня 1680 гг. на 156 аркушах. Нумарацыя захавана старая, сучаснымі архівістамі пранумераныя толькі адвароты старонак. Кніга пераплеценая прыблізна ў першай палове ХІХ ст. і да гэтага часу знаходзіцца ў выдатным стане, рэстаўрацыя не праводзілася. Вокладка картонная, на карэнчыку наклеены ярлык з друкаваным надпісам “Минского городового магистрата 1674 – 1681 гг. № 36. Протокол актовый” (пазначэнне даты “1681 г.” спраўлена чарнілам на “1680 г.”). Такую назву кніга, хутчэй за ўсё, атрымала ў Віленскім цэнтральным архіве, дзе таксама мела № 12307 (алоўкам падпісаны яшчэ “№ 12296” на карэнчыку знізу і “№ 96001” сінім алоўнам збоку). Акрамя гэтага, на вокладцы па цэнтры змешчаны надпіс: “Ksiega 2 ga. Protokol przyznan y roznych tranzaktow poczynaiacy od roku 1674 jun,5 d. Kaczy sie roku 1680 meca juny 15. Kart 156” (як бачна, гэта датаванне крыху розніцца з тымі запісамі, якія прысутнічаюць у кнізе на сённяшні дзень). На першым аркушы з левага боку на палях зроблены запіс: „Ta xiega bardzo jest zbawienna dla miasta Minska Pro (верагодна, скарот ад слова “przeciwko”) xx (скарот ад слова “xsiezat”) Bazylianow”. Слова “zbawienna” перапраўлена пісарам са слова „рotrzebna”.

Запісы спраў у кнізе даволі сціслыя, часта аддзяляюцца адзін ад аднаго невялікімі прабеламі ці рысамі ў 1-1,5 см. і пачынаюцца часцей з выразаў „rzekl”, „donosil”, „skarzyl” і г.д.. У тэксце шмат закрэсленняў і выпраўленняў, трапляюцца пакінутыя пустыя месцы для дапісак, почыркі дрэнныя і перыядычна мяняюцца, чытаюцца з цяжкасцю. Ёсць рэдкія спасылкі на запісы спраў з першай часткі кнігі, якая да гэтага часу на захавалася. Напрыклад, “ze czesci 1 cуtowal list 58” [1]. Памер аркушаў 37,5?19,5, усе яны звязаныя шнуром, замацаваным чырвонай сургучнай пячаткай мінскага гарадавога магістрата ХІХ ст. з выявай двухгаловага арла, якая добра захавалася. На ніжняй вокладцы ёсць паметка архіварыуса: “В сей книге переномерованных и перепечатанных сто пятьдесят шесть полулистов” за подпісамі бурмістра і ратманаў.

Запісы ў кнігу ўносіліся па ходу разбора спраў на пасяджэннях магістрата ў вызначаныя дні. У адзначаны перыяд гэта былі панядзелак, аўторак, чацвер і субота, што таксама можна ўстанавіць толькі дзякуючы нататкам кнігі актавых пратаколаў. Часам былі выключэнні, калі ўраднікі збіраліся ў іншыя дні “па справе гасціннай”. Акрамя гэтага, асобная традыцыя склалася ў дачыненні да правядзення “енеральнай сесіі” ў першы дзень новага года. Збор тады адбываўся ў той дзень, на які выпадала гэта дата. Напрыклад, “енеральная сесія” 1 студзеня 1677 г. была ў пятніцу, бо ў наступным запісе адзначана, што 7 студзеня праводзіліся “суды ў чацвер”. Дні пасяджэнняў мінскага магістрата падзяліліся яшчэ па характару разглядаемых у кожны з іх спраў. Па запісах кнігі актавых пратаколаў вынікае, што судовыя справы вырашаліся магістратам у панядзелак і суботу, а ў аўтарак праходзілі так званыя “сесіі” ўраднікаў. Чацвер быў днём, калі адбываліся як “суды”, так і “сесіі”, але часцей у гэты час праходзілі ўсё ж “суды”. Былі таксама выпадкі, калі па сканчэнні судовага пасяджэння вырашаліся пытанні іншага характару, і праводзілася “сесія” ўраднікаў, пра што пісарам абавязкова пазначалася пры актыкацыі спраў.

На пачатку кожнага пасяджэння абавязковай працэдурай для пісара быў запіс усіх прысутных членаў магістрата, а часам і “мужоў гмінных”, майстраў цэхаў і “народу паспольнага”. Акрамя прозвішча і імя ўказвалася пасада з адзначэннем “рочных” (гадавых) ці ўраднікаў “старой рады”, якія іх замянялі. Адзначэнні аб замяшчэнні на некаторы час з прычыны адсутнасці аднаго з “рочных” членамі “старой рады” было абавязковым у кнізе актавых пратаколаў. У такім выпадку ўказвалася імя ўрадніка, які згадзіўся замяняць і часам прычына “нябытнасці”. Разам з тым можна прасачыць і іх веравызванне, аб чым таксама нярэдка паведамлялася. Напрыклад, у лютым 1677 г. перад ад’ездам па справах горада ў Варшаву, ураднік Фурс Уласовіч “упрашаў” пана Адама Сапатковіча, каб “засядаў на каталіцкім месцы” [2]. У 1678 г. “славетны пан Яўмен Пятровіч Астроўскі сам упрашаў лаўніка Афанаса Нядзвецкага з рэлігіі ўніяцкай на сваім месцы і пасадзіў яго да прыезду з Масквы” [3]. Такім чынам, кніга актавых пратаколаў з’яўляецца каштоўнай крыніцай для даследавання складу членаў мінскага магістрата за 1674-1680 гг. У ёй змешчаны таксама і чарнавыя запісы двух “енеральных” сесій магістрата за 1675 г. і 1678 г., на якіх звычайна вырашаліся найбольш важныя пытанні грамадска-палітычнага жыцця горада і праходзіла абранне ўраднікаў на наступныя тры гады.

Улічваючы тое, што тры з чатырох устаноўленых дзён пасяджэнняў членаў магістрата былі прысвечаны разбору спраў судовага характару, у кнігу ўключана вялікая колькасць запісаў па адпаведнай тэматыцы. У сваю чаргу іх умоўна можна падзяліць на кароткія нататкі аб ужо вырашаных пытаннях (у такім выпадку фіксавалася толькі канчатковае рашэнне ўраднікаў) і запісы непасрэднага разгляду справы на пасяджэнні (калі рабіліся сціслыя ўказанні аб працэсе прыняцця дэкрэта па гэтаму пытанню). Цікава, што ў кнізе амаль няма звестак аб разглядзе спраў па цяжкіх злачынствах, такіх як, напрыклад, забойствы. Хутчэй яны, як і позвы, фіксаваліся ў спецыяльныя “войтаўскія кнігі”. У запісе ад 1680 г. у кнізе актавых пратаколаў цытаваўся каралеўскі прывілей 1591 г., у якім войт нагадваў, каб “пратэстацыі і позвы ніадкуль акрамя канцэлярыі войтаўскай не выходзілі, каб без лантвойта нічога не судзілі” [4]. Згадкі аб такіх кнігах прысутнічаюць як у кнізе “спраў вячыстых”, так і актавых пратаколаў. Напрыклад, у кнізе “спраў вячыстых” у актыкацыі ліста перадачы мінскага мешчаніна часткі спадчыны яго памерлай жонкі да яе сястры, пазначана, што запіс зроблены і ў “кнігі войтаўскія” разам з пазначэннем у іх пасля агляду ран прычыны смерці жанчыны [5].

Шмат запісаў датычыцца працэсу кантроля за зборам і выплатай мяшчанамі розных падаткаў на карысць горада і ў дзяржаўную скарбніцу. Цікавымі прадстаўляюцца справаздачы на “вальных” сесіях і пасяджэннях, на якіх выслухоўваліся шафары і “рочныя” ураднікі аб суме і часе выплаты падаткаў, звесткі аб іх пагашэнні не толькі “людзьмі юрыдыкі ратушнай”, але і мяшчанамі іншых адміністрацыйных цэнтраў у Мінску.

Апроч таго, будзе карыснай інфармацыя аб арэндзе мяшчанамі гарадскіх млыноў на р. Свіслачы і Пярэспе, бровараў, піўніц, паперні на р. Крупец і інш. У сціслых запісах прысутнічаюць звесткі аб асобах і часе, на які заключалася арэнда. Для параўнання, у кнізе “спраў вячыстых” маецца толькі адзін дакумент па гэтаму пытанню.

Даволі шмат звестак сустракаецца па гісторыі грамадска-палітычнага жыцця горада, узаемаадносінах розных сацыяльных і нацыянальных груп насельніцтва, як уласна “ратушнай” так і іншых юрыдык. Частымі з’яўляюцца запісы аб мінскіх габрэях, выплаце іх абшчынай падаткаў, канфрантацыі з органамі ўлады і ўзаемаадносінах з іншымі жыхарамі. Напрыклад, у 1676 г. у кнігу актавых пратаколаў занатаваны запіс, дзе загадана, каб “з гарадской юрыдыкі жыдоў выправадзілі” [6]. У 1680 г. на судовым пасяджэнні “за згодай усёй рады жыдоў за нявыплату падворных грошай за год цяперашні, грабіць наказана” [7].

Для даследчыкаў Мінска таксама будуць цікавымі матэрыялы аб гісторыі архітэктуры і планіроўкі горада. Сустракаюцца звесткі аб старых забудовах і новых дабудаваннях, а таксама асобах, адказных за выкананне будаўнічай працы. Напрыклад, у сярэдзіне 70-х гг. было праведзена асобнае пасяджэнне ўраднікаў, на якім ставілася пытанне аб рэстаўрацыі ратушы. Адбылося галасаванне, дзе члены магістрата выказваліся як за рэстаўрацыю, так і за тое, “каб даць пакой рэстаўрацыі” будынка з-за вялікіх выдаткаў [8]. На працягу некалькіх месяцаў разглядалася ўраднікамі справа ігумена манастыра Св. Пятра і Паўла. Ён скардзіўся на майстра мулярскага цэха Дзям’яна Міхайлавіча, які ўзяў у яго 11 тыс. грошай і не скончыў будоўлю [9].

Даволі шмат данных аб продажы і падзеле нерухомай маёмасці, па пытаннях атрымання спадчыны. Але ў гэтым выпадку кніга актавых пратаколаў значна саступае кнігі “спраў вячыстых”. У апошняй прысутнічае шмат апісанняў месцазнаходжання зямельных уладанняў, якія былі прызначаны на продаж. У кнізе актавых пратаколаў гэтыя запісы вельмі сціслыя, займаюць усяго некалькі радкоў з указаннем імёнаў удзельнікаў куплі-продажу. Большасць такіх запісаў пасля ўносіліся ў кнігу “спраў вячыстых”, бо пры параўнанні супадаюць не толькі запісы, але і дата іх актыкацыі ў абедзьве кнігі. Аднак у кнігу “спраў вячыстых” яны ўносіліся ў разгорнутым выглядзе з падрабязным абазначэннем усіх дэталяў здзелкі.

Ускосныя дадзеныя ёсць аб працэсе ўсталяванні кошту прадукцыі, а таксама месцах размяшчэння ятак, гандлёвых радоў і інш. Напрыклад, прысутнічае запіс ад 1674 г., калі “да юрыдык было загадана паслаць ўраднікаў да гандляроў, каб тыя не прадавалі дорага напоі і мелі ў крамах справядлівыя прылады для вымярэння” [10].

У залежнасці ад разнавіднасці актыкаваных дакументаў, адпаведна будзе рознай і ступень іх інфарматыўнасці. Так як матэрыялы кнігі актавых пратаколаў даволі разнабаковага характару, гэтыя запісы патрабуюць дэталёвага іх аналізу. Яны адлюстроўваюць сацыяльна-эканамічную і грамадска-палітычную гісторыю горада, дазваляюць стварыць разгорнутую карціну жыцця Мінска 70-х гг. XVII ст., таму для гісторыкаў і краязнаўцаў гэта будзе даволі цікавы матэрыял для даследавання.


Cпасылкi:

* Н.М. Статкевіч “Кніга актавых пратаколаў 1674-1680 гг. мінскага магістрата як крыніца па гісторыі горада другой паловы XVII ст.”// Мінск і мінчане: 10 стагоддзяў гісторыі (канферэнцыя да 150-годдзя атрымання Мінскам магдэбургскага права) Мінск, 4-5 верасня 2009 г. (у друку)

1. НГАБ. Ф. 1816. Воп. 1. Адз. зах. 33. Л. 86 адв.

2. Там жа. Л. 64 адв.

3. Там жа. Л. 82.

4. Там жа. Л. 139 адв.

5. НГАБ. Ф. 1816. Воп. 1. Адз. зах. 1. Л. 922.

6. НГАБ. Ф. 1816. Воп. 1. Адз. зах. 33. Л. 50 адв.

7. Там жа. Л. 148.

8. Там жа. Л. 15.

9. Там жа. Л. 2 адв.

10. Там жа. Л. 1 адв.

Автор статьи: 
Палтаржыцкая (Статкевіч) Надзея Мікалаеўна
Должность: 
вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытных актаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі