К 200-летию со дня рождения Евстафия Тышкевича

Яўстафій Піевіч Тышкевіч (1814–1873) - беларускі гісторык, археолаг, краязнаўца, музеязнаўца, адзін з заснавальнікаў беларускай навуковай археалогіі, ганаровы член Пецярбургскай акадэміі навук, член карэспандэнт Стакгольмскай Каралеўскай Акадэміі выяўленчага мастацтва, гісторыі і старажытнасцей, член Дацкага Каралеўскага таварыства аматараў старажытнасцей, Лонданскага археалагічнага інстытута.

Нарадзіўся 18 красавіка 1814 г. у родавым маёнтку Лагойск Барысаўскага павета Мінскай губерні ў сям’і графа Пія Тышкевіча (1776–1842) і графіні Аўгусты-Марыі Плятэр (1782–1834). У 1824 г. паступіў у Віленскую гімназію, потым перавёўся ў Мінскую мужчынскую гімназію, якую скончыў у 1831 г. Пасля гэтага ў 1832–1835 гг. Я. Тышкевіч самастойна працаваў у бібліятэках Пецярбурга і Масквы, каб удасканаліць свае веды.

З 1835 па 1840 г. знаходзіўся на службе ў розных дзяржаўных установах Віленскай, Харкаўскай і Мінскай губерняў. 4 верасня 1840 г. Тышкевіч пакінуў дзяржаўную службу і па ўласным прашэнні быў звольнены са службы ў Канцылярыі генерал-губернатара Чарнігаўскага, Палтаўскага і Харкаўскага.

З 1842 г. Я. Тышкевіч з’яўляўся ганаровым апекуном школ Барысаўскага павета, у 1844 г. быў абраны на пасаду барысаўскага павятовага маршалка, на якой знаходзіўся да 1847 г., з 1848 па 1854 г. з’яўляўся куратарам Мінскай мужчынскай гімназіі.

Пачынаючы з 1837 г. Я. Тышкевіч праводзіў археалагічныя раскопкі на тэрыторыі Мінскай і Віленскай губерняў. У 1843 г. з мэтай археалагічных і гістарычных даследаванняў наведаў Данію і Швецыю, а таксама пабываў у Фінляндыі. Вынікам гэтага падарожжа стала кніга «Лісты пра Швецыю» («Listy o Szwecji», 1846, т. 1–2).

У 1845 г. у Мінску была створана Часовая археаграфічная камісія для выдання старажытных актаў Мінскай губерні. Я. Тышкевіч быў абраны членам гэтай камісіі і прыняў актыўны ўдзел у пошуках старажытных дакументаў, а таксама для падрыхтоўкі іх да выдання. Вынікам працы гэтай камісіі стала выданне ў 1848 г. у Мінскай губернскай друкарні зборніка дакументаў «Собрание древних актов и грамот Минской губернии, православных монастырей, церквей и по разным предметам». На думку гісторыка Мікалая Улашчыка, Я. Тышкевіч быў адзіны з членаў гэтай камісіі, які меў уяўленне аб археаграфіі і фактычна з’яўляўся галоўным рэдактарам гэтага выдання.

Разам з братам Канстанцінам ён стварыў у Лагойску ў 1842 г. адзін з першых у Беларусі гісторыка-археалагічных музеяў. Ён праіснаваў да 1855 г.

Я. Тышкевіч з’яўляўся заснавальнікам Віленскага музея старажытнасцяў, які і быў створаны менавіта на падставе калекцый Лагойскага археалагічнага музея. Спачатку ў 1845 г. у Вільню была перавезена частка лагойскіх экспанатаў, што дало магчымасць арганізаваць невялікі прыватны музей. У 1855 г. гэты музей атрымаў афіцыйны статус і быў размешчаны ў памяшканнях былога Віленскага ўніверсітэта. Тышкевіч ахвяраваў новаму музею сваю археалагічную калекцыю, якая налічвала больш за 2000 адзінак захавання, а таксама бібліятэку, што змяшчала каля 3000 тамоў.

У 1855 г. Я. Тышкевіч быў прызначаны папячыцелем Віленскага музея старажытнасцяў. У хуткім часе фонды музея дасягнулі больш за 10000 экспанатаў. З музеем актыўна супрацоўнічалі гісторык Тэадор Нарбут, пісьменнікі Юзаф-Ігнат Крашэўскі, Ігнат Ходзька, Адам Кіркор. Першая экспазіцыя была адчынена 1 снежня 1856 г. у будынку былой універсітэцкай бібліятэкі Музей меў аддзелы археалогіі, этнаграфіі, зброі, мінералогіі і арніталогіі.

Апрача вышэй згаданага Я. Тышкевіч з’яўляўся заснавальнікам і старшынёй Віленскай археалагічнай камісіі.

Пасля паўстання 1863–1864 гг. Віленскі музей старажытнасцяў і Віленская археалагічная камісія былі ліквідаваны, а Я. Тышкевіч пазбаўлены ўсіх сваіх ганаровых пасад.

У сваёй археалагічнай дзейнасці Я. Тышкевіч пераймаў досвед навукоўцаў Заходняй Еўропы. Упершыню ён дэталёва абследаваў пахавальны інвентар крывіцкіх курганоў і першы ўказаў на іх асаблівасць - скроневыя кольцы ў жанчын. Ён вывучаў гарадзішчы ў Гальшанах, Друцку, Заслаўі, Крэве, Лідзе, Міры, Слуцку і інш.

Адначасова з археалагічнымі раскопкамі Я. Тышкевіч збіраў матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі, тапаніміцы, вуснай народнай творчасці роднага краю. Вынікам шматгадовых пошукаў стала праца «Апісанне Барысаўскага павета», якую сучаснікі назвалі здабыткам беларускай даследчай думкі XIX стагоддзя. У кнізе адлюстравана шырокая палітра краязнаўчых звестак ? геаграфія, гістарычны ракурс у шырокім дыяпазоне, уключаючы апісанне войнаў, побыт гараджан, сялянскае жыццё, апісанне храмаў, мясцовы фальклор. Грунтоўна займаючыся фальклорам, Я. Тышкевіч сабраў больш за 450 прымавак і прыказак.

Разам са сваім братам Канстанцінам ён актыўна супрацоўнічаў з газетай «Виленский вестник» («Kurier Wileński»), якую рэдагаваў Адам-Ганорый Кіркор.

Я. Тышкевіч з’яўляецца аўтарам шматлікіх прац археалагічнага, этнаграфічнага і краязнаўчага характару, у тым ліку ён пакінуў пасля сябе ўспаміны пра Валенція Ваньковіча, Яна Рустэма, Ігната Ходзьку і інш. У канцы жыцця ён стварыў альбом «Магілы сямейства Тышкевічаў», выдадзены асобнай кнігай у 1873 г.

Я. Тышкевіч памёр 27 жніўня 1873 г. у Вільні і быў пахаваны на знакамітых віленскіх могілках Росa.


Літаратура:

Караў Д. Тышкевіч Яўстафій Піевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Кн. 1. – Мн., 2001. – С. 551; Каратынскі В. Яўстафій Тышкевіч // Творы. – Мн., 1984; Каханоўскі Г.А., Каханоўскі А.Г. Руплівец нашай старасветчыны : Яўстах Тышкевіч. – Мн., 1991.


Творы:

  • Rzut oka na źródła archeologii krajowej, czyli opisanie niektórych zabytków starożytności odkrytych w zachodnich guberniach Cesarstwa Rosyjskiego. – Wilno, 1842.
  • Listy o Szwecji. – T. 1–2. – Wilno, 1846.
  • Opisanie powiatu Borysowskiego pod względem statystycznym, geognostycznym, historycznym, gospodarczym, przemysłowo-handlowym i lerarskim, z dodaniem wiadomości o obyczajach, spiewach, przysłowiach i ubiorach ludu, gusłach, zabobonach i t.d. – Wilno: Drukarnia Ant. Marcinowskiego, 1847.
  • Badania archeologiczne nad zabytkami przedmiotów sztuk i rzemiosł w dawnej Litwie i Rusi Litewskiej. – Wilno, 1850.
  • Rachunki podskarbstwa litewskiego. – Wilno, 1855.
  • Obrazy domowego pożycia na Litwie. – Warszawa, 1865.
  • Źródła do dziejów Kurlandii i Semigalii z czasów Karola Królewicza Polskiego, księcia saskiego, z autentycznych korespondencji ogłoszone. – Wilno, 1870.
  • Groby rodziny Tyszkiewiczów. – Warszawa, 1873.
Аўтары-складальнікі: 
Дзянісаў Уладзімір Мікалаевіч
Год выставы: 
2015