Паўстанне 1863-1864 гг.: крыніцы з Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (агульны агляд)

Паўстанне 1863 1864 гг., якое таксама ў гістарыяграфіі атрымала назву “студзеньскае” (ад месяцу яго пачатку) з’яўляецца да гэтага часу адной з найбольш вядомых, але пры гэтым адной з недастаткова даследаванных падзей гісторыі Беларусі ХІХ ст. Шматлікія беларускія даследчыкі ХХ—пачатку ХХІ стст. звярталіся да падобнай тэматыкі ў сваіх працах, аднак да гэтага часу комплекснае манаграфічнае даследаванне па гэтай праблематыцы, выдадзенае на тэрыторыі Беларусі, адсутнічае. Прычын гэтага магчыма ўбачыць некалькі. З аднаго боку даследаванне паўстання патрабуе прапрацоўкі велізарнага масіву гістарычных крыніц, што захоўваюцца ў абсалютна розных сховішчах у розных дзяржавах, а з другога – неадназначнасць і складанасць самой падзеі патрабуюць асцярожнасці і карэктнасці ў падыходах, ацэнках і высновах. Пры гэтым да гэтага часу застаецца актуальным уцягнутасць у даследаванні факталагічнага матэрыялу з дакументаў, што захоўваюцца ў архівасховішчах Беларусі – Нацыянальных гістарычных архівах у Мінску і Гродне. Тым больш важным і абавязковым вырашэнне гэтага пытання з’яўляецца для беларускага даследчыка.

Нельга сказаць, што крыніцы з Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (далей – НГАБ) заставаліся да гэтага часу па-за ўвагай беларускіх гісторыкаў. Напрыклад, яны з’явіліся базай для напісання артыкулаў А.А. Лашкевіча [1; 2; і інш.], В.В. Гарбачовай [3; 4; і інш.], таксама былі выкарыстаны В.В. Грыгор’евай (Яноўскай) [5]. У апошнія некалькі гадоў яны актыўна выкарыстоўваюцца ў даследаваннях і публікацыях А. Фірыновіч [7; 8; і інш.]. Матэрыялы з НГАБ былі выкарыстаны пры падрыхтоўцы выдадзенага ў 1965 г. зборніка дакументаў «Паўстанне ў Беларусі і Літве 1863 1864 гг.» [6]. В. Хурсікам былі апублікаваны некалькі спісаў паўстанцаў з фондаў НГАБ [9]. Выкарыстоўваюцца крыніцы з НГАБ і шмат якімі іншымі даследчыкамі. У самім архіве праводзілася яшчэ ў савецкі час распрацоўка дакументаў па гісторыі паўстання 1863 1864 гг., вынікам чаго стала стварэнне іменнага і тэматычная каталогаў, у якія ўключаны некалькі соцень спраў [гл.: 10]. Аднак варта канстатаваць недастатковасць уцягення крыніц з НГАБ у навуковы ўжытак. У доказ гэтага варта прывесці наступныя факты. У 2003 г. на у Брэсце адбылася канферэнцыя пад назвай «Паўстанне 1863 года і яго гістарычнае значэнне». З 31 го даклада, прадстаўленага на канферэнцыі, толькі ў двух былі выкарыстаны для падрыхтоўкі матэрыялы з НГАБ [11]. У манаграфіі А.Ф. Смірнова, якая да гэтага часу застаецца адзіным комплексным манаграфічным даследаваннем па паўстанні 1863 1864 гг., выдадзеным на прасторы СНД, матэрыялы з Цэнтральнага Дзяржаўнага гістарычнага архіва БССР (г. Магілёў) і Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці (г. Мінск) не падаюцца ў аглядзе выкарыстаных крыніц і ні разу не згаданы ў тэксце, а апісанне дзейнасці паўстанціх атрадаў у Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях базуецца пераважна на крыніцах з Цэнтральнага дзяржаўнага архіва Літоўскай ССР (г. Вільня) і Цэнтральнага дзяржаўнага архіва Кастрычніцкай рэвалюцыі (г. Масква) [12]. У тэматычным нумары часопіса «ARCHE», што прысвечаны паўстанню і з’явіўся ў 2010 г., з 18 ці толькі ў 5 артыкулах (З. Антановіч, В. Гарбачовай, В. Шаўкапляс і А. Серак) былі выкарыстаны крыніцы з фондаў НГАБ [13].

Усё гэта ўказвае на патрэбу прадстаўлення агляду крыніц, якія захоўваюцца ў фондах НГАБ і могуць быць выкарыстаны пры правядзенні даследавання па гісторыі паўстання 1863 1864 гг. на Беларусі. Тым больш актуальным гэта з’яўляецца падчас 150 гадовага юбілею паўстання, што ў сваю чаргу пацягне, варта чакаць, усплеск цікавасці да гэтай значнай гістарычнай падзеі ў навуковых колах і павелічэнне колькасці адпаведных навуковых прац. Варта адразу адзначыць, што дакументы па паўстанні 1863 1864 г. з фондаў НГАБ былі створаны расійскімі ўладнымі і карнымі органамі, таму ў першую чаргу ў іх адлюстравана палітыка расійскіх уладаў па падаўленні выступлення і правядзенні рэпрэсій у адносінах да яго ўдзельнікаў. Сярод органаў, якія займаліся правядзеннем у жыццё гэтай палітыкі, варта вылучыць камісіі, якія займаліся правядзеннем следства па справах асобных паўстанцаў і іх груп. У НГАБ захоўваюцца асобныя фонды дзвюх следчых камісій Мінскай губ. – у гг. Мінск (ф. 1418) і Слуцк (ф. 1524); адной – Віцебскай губ. – у г. Віцебску (ф. 3046); і чатырох у Магілёўскай губ. – у гг. Магілёў (ф. 3257), Орша (ф. 3255), Чэрыкаў (ф. 3366) і Горкі (ф. 3286). Гэтыя фонды з’яўляюцца нешматлікімі паводле колькасці спраў у іх. Найбольш вялікі з іх – Магілёўскай следчай камісіі – уключае толькі 65 спраў, а агульная колькасць спраў у іх – 118. Відавочна, што матэрыялы гэтых камісій захаваліся да нашага часу фрагментарна.

Дакументы, што захоўваюцца ў гэтых фондах, дазваляюць, сярод іншага, прасачыць уласна дзейнасць гэтых камісій. Тут захоўваюцца пастановы аб заснаванні, рэарганізацыі і закрыцці камісій, нарматыўныя дакументы, якімі яны кіраваліся ў сваёй працы, ведамасці аб прыходзе і разыходзе сум, выдаткаваных на фінансаванне іх працы, цыркуляры і загады камісіям і г.д. Найбольш цікавай групай матэрыялаў у гэтых фондах з’яўляюцца спісы паўстанцаў і асобаў, якія абвінавачваліся ва ўдзеле ў паўстанні. У гэтых спісах пазначаліся, як правіла, імя і прозвішча асобы, яго сацыяльнае паходжанне, веравызнанне, месца жыхарства, сутнасць абвінавачання, пастанова камісіі паводле яе справы, адсылка прысуду на канфірмацыю альбо перавод асобы ў іншае месца зняволення.

Наступную групу фондаў, дзе захоўваюцца матэрыялы па паўстанні 1863 1864 гг., складаюць фонды ваенных начальнікаў – часовых ваенных губернатараў Мінскай (ф. 296) і Магілёўскай (ф. 3256) губерняў, павятовых начальнікаў Пінскага (ф. 1521), Слуцкага (ф. 1525), Дрысенскага (ф. 2601), Веліжскага і Суражскага (ф. 2569) паветаў, ваенных начальнікаў другога (ф. 1528) і трэцяга (ф. 1527) станаў Мінскага пав. Як правіла, гэтыя фонды таксама з’яўляюцца нешматлікімі, у іх колькасць спраў па паўстанні не перавышае дваццаці. Выключэнне складаюць толькі фонды часовых ваенных губернатараў Мінскай (204 справы) і Магілёўскай (69 спраў) губерняў. Гэтыя фонды ўключаюць матэрыялы аб дзейнасці саміх ваенных начальнікаў: цыркуляры, распараджэнні, загады, рапарты і г.д. Тут жа змяшчаюцца ў вялікай колькасці справы аб абвінавачанні і прысуджэнні асобаў да розных відаў пакарання за ўдзел і падтрымку паўстання, а таксама за «спачуванне» паўстанцам. Сярод матэрыялаў гэтых фондаў знаходзяцца таксама некаторыя дакументы, якія выкарыстоўваліся паўстанцамі як агітацыйныя, напрыклад, ліст Джузэппэ Гарыбальдзі да Людвіка Мераслаўскага, адозва «Да дам і дзяўчын, полек, ліцвінак і русенак» і інш. [14].

Найбольш вялікая колькасць спраў па паўстанні 1863 1864 гг. захоўваецца у, так бы мовіць, «вялікіх» фондах – губернскіх праўленняў (мінскае – ф. 295, віцебскае – ф. 1416, магілёўскае – ф. 2003), упраўленняў дзяржаўных маёмасцяў (гл. ніжэй) і канцылярый губернатаў (мінскага – ф. 295, віцебскага – ф. 1430, магілёўскага – ф. 2001). Напрыклад, другі вопіс фонда канцылярыі магілёўскага грамадзянскага губернатара (каля 200 спраў) прысвечаны выключна паўстанню 1863 1864 гг., пераважна – канфіскацыі маёмасці яго ўдзельнікаў. Матэрыялы з «вялікіх фондаў» сярод іншага дазваляюць прасачыць царскую палітыку на Беларусі падчас паўстання ў адносінах да розных груп насельніцтва (аднадворцаў і шляхты, сялянства, старавераў і г.д.): накладанне грашовых спагнанняў і кантрыбуцый, фарміраванне вайсковых адзінак і грамадзянскай варты, перавядзенне з прывілеяванага ў падатковыя саслоўі і інш.

Абавязковым пры прапрацоўцы гэтых фондаў з’яўляецца зварот увагі не толькі на матэрыялы за 1863 1866 гг., калі адбываліся актыўныя рэпрэсіі супраць удзельнікаў паўстання і тых, хто ім спачуваў і дапамагаў, але і на справы за канец 60 х—80 я гг. ХІХ ст., калі ў выніку некалькіх амністый шмат якія катэгорыі сасланых атрымалі магчымасць вярнуцца на радзіму, перасяліцца ў Каралеўства Польскае, вызваліцца ад паліцэйскага нагляду, паступіць на дзяржаўную ці грамадзянскую службу ці розныя іншыя палёгкі пакарання. Падобныя справы, напрыклад, захоўваюцца ў масавым парадку ў фондах мінскага і віцебскага губернатараў [15].

Самай значнай групай спраў у «вялікіх» фондах з’яўляюцца дакументы аб маёмасці ўдзельнікаў паўстання і асобаў, якія абвінавачваліся ў прыналежнасці да яго, – накладанне секвестра і забароны, правядзенне канфіскацый, продаж канфіскаваных маёнткаў, спагнанне грашовых штрафаў і да т.п. Гэта з’яўляецца натуральным вынікам таго факта, што канфіскацыі і рознага кшталку грашовыя спагнанні былі адным з галоўных сродкаў рэпрэсій супраць удзельнікаў паўстання і тых, хто іх падтрымліваў ці спачуваў ім.

Асобна варта звярнуць увагу патэнцыяльных даследчыкаў на фонд Віцебскага губернскага праўлення, у якім матэрыялы па паўстанні захоўваюцца пераважна ў трэцім, чацвёртым і шостым вопісах. Асаблівую цікавасць выклікае шосты вопіс, у які ўключана значная частка матэрыялаў, што выходзяць па-за межы трох губерняў (Мінская, Магілёўская і Віцебская). На працягу 1863 1864 гг. вялася перапіска паміж рознымі губернскімі праўленнямі (упраўленнямі) наконт секвестра і канфіскацыі маёмасці розных удзельнікаў паўстання ці асобаў, якія ў гэтым падазраваліся. Менавіта такім чынам у гэты фонд трапіла немалая колькасць спісаў, пошуковых артыкулаў, копій канфірмацыі і да т.п. дакументаў, дзе згадваюцца тысячы асобаў, што паходзілі з Ковенскай, Віленскай, Гродзенскай і Валынскай губ. Напрыклад, у адным з пашуковых артыкулаў згаданы больш за тысячу жыхароў Валынскай губ., якія падазраваліся ва ўдзеле ў паўстанні і чыя маёмасць шукалася расійскімі ўладамі для накладання секвестра [16].

Справы пра секвестр і канфіскацыі маёнткаў масава захоўваюцца ў фондах Мінскага (ф. 27, каля 50 спраў) і Віцебскага (ф. 2514, больш за 150 спраў) ўпраўленняў дзяржаўных маёмасцяў. З іншага боку, у фондзе Магілёўскага ўпраўлення (ф. 2189) не знойдзена падобных матэрыялаў, і ўвогуле, за 60 я гг. у ім захоўваецца ўсяго некалькі спраў, што гаворыць пра дрэнную захаванасць дакументаў гэтага ўпраўлення ўвогуле. У сувязі з тым, што вядзеннем спраў маёмасці паўстанцаў займаліся менавіта ўпраўленні дзяржаных маёмасцяў, матэрыялы па паўстанні практычна цалкам адсутнічаюць у фондах губернскіх казённых палат. Дробнае выключэнне складае толькі фонд Мінскай казённай палаты, дзе выяўлены ўсяго дзве справы, якія змяшчаюць амаль выключна некалькі ўказаў Мінскага губернскага праўлення, што тычацца ўдзельнікаў паўстання [17].

Пры правядзенні даследавання неабходна таксама выкарыстанне матэрыялаў з фондаў павятовых паліцэйскіх упраўленняў – Віцебскага (ф. 2500), Полацкага (ф. 2633), Лепельскага (ф. 2532), Суражскага (ф. 2586), Горыцкага (ф. 2005), Аршанскага (ф. 2009) – у кожным з якіх маюцца ад некалькіх да некалькіх дзесяткаў спраў, якія тычацца гісторыі паўстання. Як правіла, гэта справы аб увядзенні ваеннага стану ў губерні і павеце, арганізацыі ваенна павятовага ўпраўлення, пошуках удзельнікаў паўстання, секвестры і канфіскацыі іх маёмасці, зборы звестак пра арыштаваных для следчых камісій і да т.п. Даследчыкамі гэтыя справы выкарыстоўваюцца слаба, магчыма, з прычыны іх няўключанасці ў агульны іменны каталог архіва.

Адносіны царскіх уладаў да каталіцкага духавенства падчас і пасля паўстання найлепей адлюстраваны ў фондзе Магілёўскай рыма-каталіцкай кансісторыі (ф. 1781). У прыватнасці, найлепей тут магчыма прасачыць правядзенне рэпрэсіўных мерапрыемстваў супраць ксяндзоў, якія прынялі ўдзел у паўстанні, спачувалі яму альбо трапілі пад суд па падазронасці ў гэтым. Варта таксама заўважыць, што дакументы з гэтага фонда не дазваляюць скласці поўную карціну адносінаў каталіцкага духавенства да паўстання і з’яўляюцца ўрыўкавымі. Тут прадстаўлены пераважна разнастайныя асабовыя спісы ксяндзоў, іх фармулярныя спісы, рапарты каталіцкіх іерархаў і г.д. .

Для даследчыка паўстання на тэрыторыі Магілёўскай губ. карыстным будзе таксама зварот да фонда магілёўскага турэмнага замка (ф. 2150), дзе ўтрымлівалася вялікая колькасць удзельнікі паўстання напрацягу 1863 1865 гг. Матэрыялы фонда паказваюць складаныя ўмовы ўтрымання паўстанцаў пад вартай, змяшчаюць іх спісы, дакументы аб іх перамяшчэнні, спробах уцёкаў са зняволення і да т.п.

У НГАБ захоўваюцца таксама некалькі малаколькасных фондаў, справы ў якіх тычацца выключна паўстання альбо яго наступстваў. Такімі з’яўляюцца фонды прыстава 3 га стану Горыцкага пав. (ф. 3288, 4 справы), паліцэйскага наглядчыка гор. Копысі Магілёўскай губ. (ф. 3253, 3 справы), паліцэйскага наглядчыка 2 га стану Мінскага пав. (ф. 1509, 9 спраў). З прычыны малой колькасці ўключаных у іх матэрыялаў гэтыя фонды дазваляюць скласці толькі павярхоўную ці фраментарную карціну паўстання на зададзеных у назвах тэрыторыях.

Вышэй згаданымі не абмяжоўваецца спіс фондаў, у якіх захоўваюцца матэрыялы па паўстанні 1863 1864 гг. Адзінкавыя справы, якія не складаюць суцэльнага комплекса, трапляюцца ў некалькіх дзесятках фондаў – Ігуменскага павятовага суда (ф. 160), ігуменскага павятовага страпчага (ф. 162), мінскага губернскага маршалка (ф. 320), Бабруйскага (ф. 609) і Барысаўскага (ф. 702) павятовых паліцэйскіх ўпраўленняў, Магілёўскай злучанай палаты крымінальнага і грамадзянскага суда (ф. 2111) і інш. Усяго ж на сённяшні дзень выяўлена каля 3 тыс. спраў, якія ў той ці іншай ступені асвятляюць розныя бакі гісторыі паўстання 1863 1864 гг. на Беларусі.

Неабходна таксама адзначыць наступныя тэрміналагічныя асаблівасці назваў спраў. Многія асобы, якія ў іх фігуруюць як «паўстанцы», на самой справе удзельнікамі паўстання не з’яўляліся, а, як гэта вынікае з саміх спраў, толькі абвінавачваліся ці падазраваліся ў прыналежнасці да яго. Напрыклад, у спісе «паўстанцаў» Ігуменскага пав., які складаецца з 447 прозвішчаў, прыкладна палова асобаў мае наступныя рэзалюцыі: «пададзены да вызвалення з пад арышту паводле ненаяўнасці ў справе фактаў аб абвінавачанні яго», «пакінуты ў падазронасці» і інш.; частка была адаслана ў Мінск «без вытворчасці справы» [18].

Такім чынам, у НГАБ захоўваецца вялікі масіў матэрыялаў па гісторыі паўстання 1863 1864 гг. на Беларусі. Наяўныя тут дакументы дазваляюць асвяціць як асобныя аспекты гэтай важнай для айчыннай гістарыяграфіі праблемы, так і павінны быць выкарыстаны для напісання комплекснай працы манаграфічнага характару. Без іх ужывання вырашэнне гэтай праблемы застанецца няпоўным.


Cпасылкі:

1. Лашкевіч, А.А. Аб дзейнасці следчых камісій па справах аб паўстанні 1863 1864 гг. у Мінскай губерні паводле архіўных крыніц НГАБ // Архіварыус: Зб. навук. паведамл. і арт. – Вып. 2. – Мн.: НГАБ, 2004. – С. 54 59.

2. Лашкевіч, А.А. Барацьба мясцовых уладаў з паўстанцкім рухам 1863 1864 гг. у Мінскай губерні (па матэрыялах фондаў «Вайскова-павятовыя начальнікі 60 х гадоў ХІХ ст.») // Архіварыус: Зб. навук. паведамл. і арт. – Вып. 2. – Мн.: НГАБ, 2004. – С. 59 71.

3. Горбачева, О.В. Восстание 1863 1864 гг. и репрессивные мероприятия царизма в Белоруссии // Powstanie styczniowe, 1863-1864: walka i uczestnicy. Represje i wygnanie. Historiografia i tradycja / pod redakcją Wiesława Cabana, Wiktorii Sliwowskiej. – Kielce: Wydawnictwo Akademii Swiętokrzyskiej, 2005. – S. 111 118.

4. Горбачева, О.В. Ссыльные 1863 1864 гг. // Архіварыус: Зб. навук. паведамл. і арт. – Вып. 5. – Мн.: НГАБ, 2007. – С. 85 114.

5. Грыгор’ева, В.В. Каталіцкае і праваслаўнае духавенства ў паўстанні 1863 г. // Беларускі гістарычны часопіс. – 1993. – № 3. – С. 46 50.

6. Восстание в Литве и Белоруссии 1863-1864 гг.: Сб. документов / [АН СССР, Ин-т славяноведения и др.]. – М.; Вроцлав: Наука, 1965. – 584 с.

7. Фірыновіч А.Э. Дакументальныя матэрыялы па гісторыі паўстання 1863 1864 гг. у архівасховішчах Беларусі: аўтарэферат дысертацыі на саісканне вучонай ступені кандыдата гістарычных навук: 07.00.09. – Мінск, 2011. – 24 с.

8. Фірыновіч А.Э. “Жаночы фактар” у паўстанні 1863 1864 гг.: інфармацыйны патэнцыял беларускіх архівасховішчаў // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук. – 2011. – № 2. – С. 59 65.

9. Хурсік, В.У. Трагедыя белай гвардыі: Бел. дваране ў паўстанні 1863-1864 гг.: Гіст. нарыс і спісы / Віктар Хурсік. – Мн.: Пейто, 2001. – 130, [1] с.

10. Матвейчык Дз.Ч. Прадстаўленасць дакументаў па гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху на Беларусі канца XVIII – 60 х гг. ХІХ ст. у каталогу НГАБ // Архіварыус: зб. навук. паведамл. і арт. – Вып. 6. – Мінск: НГАБ, 2008. – С. 271 277.

11. Паўстанне 1863 года і яго гістарычнае значэнне: Матэрыялы міжнар. навук. канф., 10 11 кастр. 2003 г. / Рэд. рада: М.Э. Часноўскі і інш. – Брэст: Лаўроў, 2004. – 139 с.

12. Смирнов, А.Ф. Восстание 1863 года в Литве и Белоруссии. – М.: Изд-во Акад. наук СССР, 1963. – 391 с.

13. ARCHE. – 2010. – № 12. (Паўстанне 1863 1864 гг. і лёсы Беларусі / укл. В. Гарбачова).

14. НГАБ. – Ф. 296. – Воп. 1. – Спр. 29а. – Справа па абвінавачанні і аддачы ваенна-палявому суду дваранаў Адольфа Міркялевіча, Канстанціна Пяроўскага, Маневіча, былых вучняў Мазырскай гімназіі Станіслава Галіцкага і Людвіка Сакалоўскага, землямера Нікадыма Галіцкага і іншых асоб за спачуванне паўстанню і прыналежнасць да рэвалюцыйнай арганізацыі Рэчыцкага павета. 18.02.1863 19.03.1868. – 860 арк.

15. НГАБ. – Ф. 295. – Воп. 1. – Спр. 1997, 1998, 1999, і інш.; Ф. 1430. – Воп. 1. – Спр. 35810, 35834, 35930, і інш.

16. НГАБ. – Ф. 1416. – Воп. 6. – Спр. 319. – Справа паводле адносіны Валынскага губернскага ўпраўлення пра пошукі маёмасці, што належыць Апалону Бялінскаму і іншым. 14.08.1863-27.08.1866. – 32 арк.

17. НГАБ. – Ф. 333. – Воп. 4. – Спр. 3400, 3601.

18. НГАБ. – Ф. 1418. – Воп. 3. – Спр. 1. – Алфавітны спіс удзельнікаў паўстання па Ігуменскім павеце. 1864 г.


Апублікавана ў: Архівы і справаводства. – 2013. – № 1. – С. 66 - 77.

Автор статьи: 
Матвейчык Дзмітрый Часлававіч
Ученая степень и звание: 
кандыдат гістарычных навук
Должность: 
загадчык аддзела публікацыі дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі