Родавыя легенды шляхты ўсходнеславянскага паходжання ў Вялікім Княстве Літоўскім: тэндэнцыі развіцця ў XVII ст.
Першыя па часе стварэння легенды аб паходжанні асобных арыстакратычных родаў фіксуюцца ў другім беларуска-літоўскім летапісным зводзе («Хроніка Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага»), створаным прыкладна ў 1520–1530-я гг. Яны мелі на мэце ўзвысіць паходжанне шэрагу фамілій, перадусім, паноў Гаштаўтаў і князёў Гальшанскіх.
У другой палове XVI ст. да мэтанакіраванай дзейнасці па стварэнні ўласных родавых легенд звярнуліся іншыя прадстаўнікі магнатэрыі ВКЛ, якія ў той час належалі да вузкага кола дзяржаўнай эліты. З’явілася легенда аб паходжанні Радзівілаў ад язычніцкага жраца і вешчуна Ліздзейкі, які параіў вялікаму князю Гедыміну збудаваць Вільню. Глябовічы і Дарагастайскія падкрэслівалі сваё паходжанне ад Манвіда Гедымінавіча і яго ўяўнага сына Манівіда, віленскага ваяводы часоў вялікага князя Вітаўта. Хадкевічы апелявалі да паходжання ад жамойцкага волата Ліздзейкі, які, паводле твораў М. Стрыйкоўскага, неаднойчы выратоўваў вялікіх князёў. Сапегі выводзілі свой род ад троцкага кашталяна Сунігайлы, які жыў у часы Вітаўта. Таксама ад літоўскага баярына Станіслава Вісігіна вялі сваё паходжанне Валовічы. Гэтыя легенды павінны былі падкрэсліць сталае, старадаўняе знаходжанне названых родаў у шэрагах дзяржаўнай эліты ВКЛ, што не заўсёды адпавядала рэчаіснасці. Гэтым тлумачыцца імкненне ўсходнеславянскіх па паходжанні родаў (Хадкевічы, Сапегі, Валовічы) «адшукаць» свае карані ў асяроддзі этнічна літоўскага баярства. Яно вынікала з грамадска-палітычнай практыкі, якая існавала ў ВКЛ ад Гарадзельскага сойма 1413 да 1563 г., у адпаведнасці з якой вышэйшыя дзяржаўныя пасады маглі займаць толькі прадстаўнікі каталіцкай, фактычна літоўскай паводле паходжання, арыстакратыі.
Такая стратэгія родавага ўслаўлення прывяла навукоўцаў да думкі аб паступовай змене «ўсходнеславянскай» на «літоўскую» ідэнтычнасць. Падобныя высновы грунтуюцца пераважна на матэрыяле з другой паловы XVI ст., таму падаецца неабходным прасачыць, ці захавалася тэндэнцыя да «літуанізацыі» мінулага ўсходнеславянскіх родаў у XVII ст. Пры такой даследчыцкай перспектыве належыць прааналізаваць тыя легенды аб паходжанні, якія аформіліся менавіта на працягу XVII ст., бо відавочна, што тыя фаміліі, якія раней прыпісалі сабе паходжанне ад літоўскай знаці ці вялікакняжацкай дынастыі, працягвалі карыстацца ім у наступным.
Адным з родаў, які стала замацаваўся ў дзяржаўнай эліце менавіта ў XVIІ ст., з’яўляліся Тышкевічы, дакладней, дзве іх наймагутнейшыя галіны – Скуміны-Тышкевічы і графы Тышкевічы. Яны паходзілі з ускраіннага ўсходнеславянскага (кіеўскага) баярства, да сярэдзіны XVI ст. здолелі стаць трымальнікамі вялікай зямельнай уласнасці. Але «сенатарскія» пасады род у сваёй малодшай («графскай») галіне атрымаў толькі з намінацыяй Васіля (з 1569 г. «графа на Лагойску і Бярдзічаве») на ваяводства падляшскае (1558 г.), а сярод прадстаўнікоў старэйшай галіны (Скуміны-Тышкевічы) першы ваявода з’явіцца яшчэ пазней – у 1590 г. навагрудскае ваяводства атрымае Фёдар СкумінТышкевіч.
У гербоўніках польскага геральдыка Барташа Папроцкага «Гняздо цноты» (1578 г.) і «Гербы рыцарства польскага» (1584 г.) Тышкевічы не згадваюцца наогул. Сітуацыя змянілася ў 1643 г., калі быў выдадзены другі том «Orbis Polonus» Шымана Акольскага, у якім Тышкевічам прысвечана нямала месца. Аповед Ш. Акольскага пра іх выяўляе спецыяльную цікавасць аўтара да мінулага гэтага роду і знаёмства з матэрыяламі, якія паходзілі непасрэдна ад Тышкевічаў. Так, звесткі пра тое, што Каленік Мішкавіч з’яўляўся «маршалкам вялікага князя літоўскага Свідрыгайлы, намеснікам пуціўльскім і звянігарадскім», падмацоўваюцца спасылкай на адпаведны прывілей, які, як сцвярджае геральдыст, знаходзіўся ў «архіве Тышкевічаў». Таксама ў гербоўніку прысутнічае інфармацыя пра Івана (Скуміна) Тышкевіча, узятая з «Тэратургімы» Афанасія Кальнафойскага. Нарэшце, Ш. Акольскі згадвае «Linea Tyskieuiciorum», пад якой выпадае разумець невядомы на дадзены момант радавод Тышкевічаў, які стаў асновай для разваг Ш. Акольскага.
Далей Ш. Акольскі называе двух сыноў Каленіка – Добра-Баніфацыя (сярод больш позніх генеалогаў Альберт Віюк-Каяловіч яго наогул не згадвае, а Каспер Нясецкі не ўключае ў свой радавод 2 ) і Цішку-Цімафея. Апошняга ён тытулуе «намеснікам пераяслаўскім», што нічым не пацвярджаецца. Характэрна, што ад пачатку Тышкевічы знітоўваюцца з землямі Русі, што выразна адрознівае іх радавод ад легендаў XVI ст. Наступныя звесткі пра невядомага іншым крыніцам Івана Цішкавіча, які апісваецца як «манах ордэну св. Васіля», «архімандрыт пячэрскі» 3 таксама злучаюць вобраз Тышкевічаў з Руссю. Верагодна, што ў апісанні «Івана Цішкавіча» адлюстроўваюцца рэаліі XVII ст., калі Скуміны-Тышкевічы былі аднымі з найбольш дзейных прыхільнікаў уніі, адсюль і згадка пра «манаха ордэну св. Васіля». Нарэшце, шэсць сыноў графа Юрыя Васільевіча Тышкевіча акрэсліваюцца як «слупы ВКЛ і абаронцы Валыні» 4 , што зноў апелюе да іх сувязі з Руссю.
Паказальна, што Тышкевічы і ў маёмасным плане былі шчыльна звязанымі з Руссю. Самыя першыя высокія годнасці роду былі пераважна звязаны «з усходнеславянскімі землямі Рэчы Паспалітай: Васіль Цішкавіч – ваявода смаленскі (зрэшты, і ваявода падляшскі), яго сыны Юрый – ваявода берасцейскі, Яўстах-Серафін – кашталян смаленскі; Скумін-Іван Львовіч – староста чарнобыльскі. Да сярэдзіны XVII ст. Тышкевічы набылі самыя высокія агульнадзяржаўныя пасады, але іх сувязь з Руссю не перарвалася. У прамове ў гонар ваяводы кіеўскага Януша Тышкевіча (1641 г.) Альберт Іздэбскі стварае вобраз непарыўнай прыналежнасці Тышкевічаў да вузкай эліты ВКЛ, пералічваючы займаныя імі пасады: занатоўвае паіменна ваяводаў, а потым проста называе меншыя ўрады – «кашталяны смаленскія, старосты пінскія, магілёўскія, слонімскія, мазырскія, старадубскія, пуціўльскія, пераяслаўскія, звянігарадскія» 5 . Як бачым, апрача Слоніма, усе гэтыя ўрады месціліся на землях гістарычнай Русі. А. Іздэбскі згадвае, што ў часы Казіміра менавіта Тышкевічы спрычыніліся да замацавання «Северскіх краёў» у складзе ВКЛ 6 . Тут назіраецца прынцыповае адрозненне ранейшых легенд ад уяўленняў пра мінулае Тышкевічаў (паколькі яны прымаюцца крытычнай гістарыяграфіяй, іх не выпадае называць легендай, хоць пацвярджэнняў многіх акалічнасцей з гісторыі першых пакаленняў роду не маецца). Тышкевічы распачалі сваё ўзвышэнне па грамадска-палітычнай лесвіцы з тэрыторый Русі, былі актыўна ўцягнуты ў яе справы ў першай трэці XVII ст., былі звязаны з ёй маёмасна і ўрадамі, таму яны імкнуліся падкрэсліць сваю даўнюю прысутнасць на Русі, займанне тут высокіх урадаў у часы Свідрыгайлы і Казіміра. Інакш выбудоўваючы свае палітычныя кар’еры (праз рускія землі), Тышкевічы не маглі забыцца на сваё русінскае паходжанне.
Такім чынам, на сярэдзіну XVII ст. русінскі радавод Тышкевічаў застаўся дамінуючым варыянтам успрымання іх мінуўшчыны. Зрэшты, ён не быў адзіным. Так, у панегірыку 1628 г. Ежы Тышкевічу яго аўтар Канстанцін Енджэеўскі пафасна сцвярджаў, што «Бог наканаваў вялікаму роду Тышкевічаў быць на чале Палемонава краю» 1 . Хоць у гэтым выпадку гаворка не ідзе непасрэдна пра паходжанне фаміліі, але звязваецца яна ўжо не з Руссю, а з усім Вялікім Княствам Літоўскім. Паказальна, што панегірык прысвечаны Ежы Тышкевічу, які ў той час быў жамойцкім каталіцкім біскупам, – гэта значыць, яго кар’ера ніякім чынам не была звязана ні з Руссю ў цэлым, ні з Кіеўшчынай у прыватнасці.
Іншы род усходнеславянскага паходжання – выхадцы з полацкага баярства – Слушкі ўвайшлі ў склад эліты Рэчы Паспалітай у першай палове XVII ст., калі Крыштаф Мікалаевіч займаў урад ваяводы вендэнскага (1609–1619), а яго брат Аляксандр быў паслядоўна кашталянам мінскім (1619–1628), жамойцкім (1628–1638), ваяводам навагрудскім (1638–1642), троцкім (1642–1647) 2 .
Першым да іх родавай гісторыі звярнуўся Ш. Акольскі, які распачынаў яе ад Яна Слушкі, які дзейнічаў у часы Ягайлы 3 . Верагоднай падставай для такога сцвярджэння сталі звесткі пра буркграфа ольштынскага Яна Слушку з Мірова, які быў вывезены з Кіева падчас нападу Свідрыгайлы, выхаваны ў Польшчы і ўганараваны шляхецтвам ад Уладзіслава ІІІ у 1436 г., але не меў нічога супольнага з полацкімі Слушкамі і, верагодна, не пакінуў мужчынскіх нашчадкаў 4 .
Наступным прадстаўніком роду названы безыменны Слушка, які акрэсліваецца як «прапрадзед» («abavus») сучасным Ш. Акольскаму Слушкам. Пра яго сказана, што ён быў пасланы вялікім князем Казімірам для абароны Кіева, Любеча і Лоева ад «туркаў і татар» 5 . У сапраўднасці сувязі Слушкаў з Кіеўшчынай у XV ст. не прасочваюцца. Першым членам фаміліі, які дзейнічаў на Кіеўшчыне, з’яўляўся Іван Рыгоравіч, які ў 1542–1553 гг. займаў урад гараднічага кіеўскага 1 . Магчыма, яго постаць была Ш. Акольскім папросту «падвоена», тым больш, Іван апісваецца ў геральдыста тымі ж азначэннямі – «староста любецкі і лоеўскі», абаронца Кіева 2 .
У часы Ш. Акольскага Слушкі ўжо не былі шчыльна звязаны з Кіеўшчынай, хоць і захоўвалі там маёнткі (на памежжы з ВКЛ) 3 , таму паўстае пытанне, чым было абумоўлена падкрэсліванне «кіеўскага» следу ў іх радаводзе. На гэтае пытанне дапамагаюць адказаць прысвечаныя Слушкам панегірыкі, якія пачалі стварацца разам з прасоўваннем іх палітычных кар’ер у першай палове XVII ст. Належыць адзначыць, што самі прадстаўнікі роду не былі абыякавымі да прыгожых мастацтваў. Крыштаф Мікалаевіч збіраў кнігі і цікавіўся гісторыяй, а Аляксандр Мікалаевіч, выхаванец Віленскай езуіцкай акадэміі, у маладосці (1596 г.) напісаў прамову ў памяць падкаморыя брэсцкага Мікалая Дамінікавіча Паца 4 . Цікава, што ў гэтым творы Аляксандр называе Мікалая Пацам сваім «дзядзькам». Насамрэч, іх сваяцтва было даволі аддаленым. Маці Мікалая Паца была Ганна Андрэеўна Лозка (першы яе муж – Леў Пацеевіч Цішковіч, адзін з сыноў ад першага шлюбу – знакаміты ўніяцкі дзеяч Іпацій (Адам) Пацей 5 ), бабкай Аляксандра Слушкі (жонкай Івана Рыгоравіча) з’яўлялася Багдана Васільеўна Лозка 6 . Апошняя, у сваю чаргу, прыходзілася пляменніцай Ганне, маці Мікалая Паца 7 . Такім чынам, ужо ў пачатку сваёй кар’еры Аляксандр імкнуўся прадэманстраваць сваё сваяцтва (на самой справе, вельмі няблізкае) з магутнымі Пацамі.
Адным з першых панегірыкаў, прысвечаных непасрэдна Слушкам, з’яўлялася прамова стаўбцоўскага ксяндза-дамініканца Валерыяна Анджэёвіца на пахаванні памерлага ў пяцігадовым узросце сына Аляксандра – ДадзібогаУладзіслава Слушкі (1631 г.). Адсылак да родавага мінулага ў ёй не маецца, але цікавасць выклікае чатырохчасткавы герб, змешчаны ў пачатку твора 8 . Тры палі ў ім аформлены ў адпаведнасці з правіламі: 1-е – родавая «Астоя», 2-е – «Дэспат» маці Дадзібога-Уладзіслава Соф’і Зяновіч, 4-е – «Багорыя» бабкі па маці Тэадоры Валовіч. Пытанні выклікае 3-е поле, у якім змешчаны герб «Яліта». У гэтым полі мусіў месціцца герб бабкі па бацьку Гальшкі Янаўны Кміты. Пазнейшая традыцыя звязвала яе з родам вядомага Філона Сямёнавіча Кміты-Чарнобыльскага 9 , што прымаецца і ў гістарыяграфіі 10 . Але Кміты-Чарнобыльскія не карысталіся «Ялітай». Б. Папроцкі адносіў іх да супольнасці «Корчак», Ш. Акольскі сцвярджаў, што яны мелі ўласны герб, які знешне нагадваў «Радван», што, верагодна, дало падставы А. Віюку-Каяловічу аднесці іх да варыянта «Радвана» 1 . Найбольш дакладна іх герб вызначыў менавіта Ш. Акольскі, аднясенне Б. Папроцкім Кмітаў-Чарнобыльскіх да герба «Корчак» вынікала з выявы іх чатырохчасткавага герба, змешчанай у яго працы, дзе родавы знак быў перанесены ў 2-е поле, а ў 1-е пастаўлены «Корчак».
Такім чынам, выява ў 3-м полі герба Слушкаў магла не адпавядаць геральдычным правілам. Такая сітуацыя не была рэдкасцю ў тыя часы, у шматчасткавых гербах асобныя палі маглі запаўняцца не па правілах з мэтай дэманстрацыі сувязі роду (нават уяўнай) са знакамітымі фаміліямі 2 . «Яліта» не ўваходзіла ў спіс гербаў, папулярных у асяроддзі вузкай эліты ВКЛ, але ў маштабах усёй Рэчы Паспалітай ёй карысталіся такія знакамітыя роды, як Замойскія.
Нельга выключаць, аднак, магчымасці, што «Яліта» сапраўды быў гербам Гальшкі Янаўны Кміты. Ужо ў Ш. Акольскага занатавана, што Гальшка была дачкой маршалка ВКЛ, дзяржаўцы анікштынскага і вількамірскага 3 . Гэта адпавядае рэчаіснасці – у 1554–1563 гг. маршалкам гаспадарскім быў Ян Войцехавіч Кміта. Але ён належаў да іншага роду Кмітаў – Кмітаў-Сакаловічаў 4 , чый родавы герб невядомы. У такім выпадку прыпісванне Слушкам матрыманіяльных сувязей з Кмітамі-Чарнобыльскімі носіць штучны характар.
У 1647 г., пасля смерці ваяводы троцкага Аляксандра Мікалаевіча Слушкі, Адам Францішак Бачкоўскі стварыў прамову на яго пахаванне. У ёй выкладаецца не толькі радавод Слушкаў, але і кароткія жыццяпісы Кмітаў, якія акрэсліваюцца як продкі Аляксандра і яго братоў Мікалая і Крыштафа па матчынай лініі 5 . Сам аповед грунтуецца на родавай легендзе Кмітаў, паводле Б. Папроцкага і Ш. Акольскага. Б. Папроцкі адзначаў, што продак Кмітаў-Чарнобыльскіх Рыгор Варановіч выехаў з Падолля ў Літву «на службу каралю Уладзіславу Ягайлу», сын Рыгора Аляксандр быў гетманам у Свідрыгайлы, пабудаваў замак Вінніцу, дзе быў старостам. Сын Аляксандр Мацвей пасля смерці вялікага князя Казіміра абараняў Чаркасы ад нападу Менглі-Гірэя, за што атрымаў ад вялікага князя Аляксандра Чарнігаўскае і Любецкае староствы. Мацвей загінуў у маскоўскім палоне 6 . Тое ж паўтараецца ў «Orbis Polonus» Ш. Акольскага, але дадаецца яшчэ галіна Варанавіцкіх 1 . З гэтага комплексу звестак крыніцамі пацвярджаецца толькі намесніцтва Мацвея Кміты ў Чаркасах і яго барацьба супраць татар 2 .
Родавая легенда Кмітаў аформілася раней за легенду Слушкаў. Верагодна, яе можна звязаць з асобай Філона Кміты-Чарнобыльскага, вядомага вайсковага дзеяча, які падчас Інфлянцкай вайны адзначыўся ў вайсковых рэйдах на Чарнігаў і Старадуб, а з 1566 г. з’яўляўся дзяржаўцам чарнобыльскім. Яна замацоўвала рэальны статус Кмітаў як прадстаўнікоў лакальнай эліты Кіеўшчыны праз аднясенне іх знаходжання на высокіх урадах да часоў Свідрыгайлы. Няцяжка заўважыць, што легенда Слушкаў фарміравалася паводле таго ж прынцыпу. Сапраўдны факт займання Іванам Рыгоравічам Слушкам у сярэдзіне XVI ст. урадаў кіеўскага гараднічага і любецкага старосты быў перанесены на рэаліі XV ст., калі яго бацька быў абвешчаны абаронцам ВКЛ перад татарскай навалай. Нельга выключаць, што легенда Кмітаў стала ўзорам для стварэння легенды Слушкаў, чаму паспрыялі і іх сваяцкія сувязі з Кмітамі, праўда, з зусім іншай, верагодна, няроднаснай Чарнобыльскім галіны.
Паказальна, што родавая легенда Слушкаў, якія мелі ўсходнеславянскае паходжанне, звярталася менавіта да сюжэтаў, звязаных з усходнеславянскімі, а не літоўскімі землямі ВКЛ. Слушкі не імкнуліся вывесці сябе ад этнічна літоўскага баярства, як гэта назіралася ў створаных у 1560–1580-я гг. родавых легендах Сапегаў, Хадкевічаў і Валовічаў. Гэта абумоўлена больш познім часам фарміравання іх родавай легенды – у XVII ст. вузкая эліта ўжо не складалася амаль выключна з этнічна літоўскіх родаў, як гэта было яшчэ ў першай палове XVI ст. Каб паказаць сваё высокае даўняе агульнадзяржаўнае становішча, не патрабавалася выводзіць сябе ад старога літоўскага баярства, якое атрымала гербы падчас Гарадзельскага сойма 1413 г.
Паказальна, што родавая легенда Слушкаў, якія мелі ўсходнеславянскае паходжанне, звярталася менавіта да сюжэтаў, звязаных з усходнеславянскімі, а не літоўскімі землямі ВКЛ. Слушкі не імкнуліся вывесці сябе ад этнічна літоўскага баярства, як гэта назіралася ў створаных у 1560–1580-я гг. родавых легендах Сапегаў, Хадкевічаў і Валовічаў. Гэта абумоўлена больш познім часам фарміравання іх родавай легенды – у XVII ст. вузкая эліта ўжо не складалася амаль выключна з этнічна літоўскіх родаў, як гэта было яшчэ ў першай палове XVI ст. Каб паказаць сваё высокае даўняе агульнадзяржаўнае становішча, не патрабавалася выводзіць сябе ад старога літоўскага баярства, якое атрымала гербы падчас Гарадзельскага сойма 1413 г.
Слушкі не вялі свой радавод з Кіеўшчыны, яны паходзілі з Полаччыны, а нават у XVI–XVII стст. асноўная частка іх маёнткаў канцэнтравалася ў Менскім і Полацкім ваяводствах 3 . Пры гэтым менавіта «кіеўскі» радавод быў для іх найбольш прывабным. Гэта даволі празрыста тлумачыцца ў згаданым вышэй панегірыку А. Ф. Бачкоўскага, дзе Кіеў названы «найвялікшым горадам Русі». Далей сцвярджаецца, што «як Сіракузы [росквітам павінны] Марцэлу, так Кіеў павінен Слушкам» 4 . Прывабнасць звязвання свайго паходжання з Кіевам вынікала, такім чынам, як з яго высокага статусу «сталіцы Русі», так і з таго, што менавіта з Кіева (займанне Іванам Рыгоравічам урада кіеўскага гараднічага), а не з Полацка пачалося ўзвышэнне роду Слушкаў.
Як і ў выпадку з іншымі падобнымі наратывамі, легенда Слушкаў мела тэндэнцыю да далейшага разрастання. У тым жа панегірыку А. Ф. Бачкоўскага гаворыцца, што іх род быў слаўны вайсковымі подзвігамі «яшчэ перад [часамі] Уладзіслава Ягайлы» 1 , у той час у гербоўніках і Ш. Акольскага, і А. ВіюкаКаяловіча іх радавод раней за часы Ягайлы не сягае. У творы на шлюб старасты рэчыцкага Дамініка Слушкі з дачкой ваяводы смаленскага Рыгора-Казіміра Падбярэзскага Канстанцыяй (1677 г.) Крыштаф Зяновіч двухсэнсоўна называе Івана Слушку «gubernator Kiiowiensis» 2 , што можна зразумець як «намеснік» Кіева (Іван быў не намеснікам, а гараднічым кіеўскім). Зрэшты, у родавую гісторыю Слушкаў рабіліся і трапныя ўдакладненні. А. Віюк-Каяловіч у «Кампендыуме» апавядае, што невядомы па імені бацька Івана змагаўся не супраць «туркаў і татар» (як у Ш. Акольскага), а толькі «супраць татар» 3 , што больш адпавядала рэаліям XV ст.
Яшчэ адным усходнеславянскім родам, які ўвайшоў у XVII ст. у склад дзяржаўнай эліты былі Войны, да якіх належалі два віленскія каталіцкія біскупы – Бенядыкт і Абрагам. У іх родавай легендзе таксама не прасочваецца імкнення вывесці сябе з вялікакняжацкай дынастыі ці этнічна літоўскага баярства. Паводле гербоўнікаў А. Віюка-Каяловіча, Войны паходзілі ад князёў Загамыльскіх і Ілгавіцкіх 4 . Такі радавод у першай палове XVIIІ ст. прыняў Каспер Нясецкі, які адно дадаў, што гэта былі «рускія» князі» 5 , але ўжо крытычная гістарыяграфія ХІХ ст. разглядала яго як неверагодны 6 . Сам А. ВіюкКаяловіч, гаворачы пра княжацкае паходжанне Войнаў, спасылаўся на неназваныя крыніцы. Што ў гэты час рабіліся спробы устаражытніць і ўганараваць мінулае гэтага роду, паказвае панегірык аўтарства настаўнікаў і навучэнцаў Віленскай акадэміі (1649 г.), у якім пачаткі роду былі аднесены да часоў Вітаўта. У ім сцвярджалася, што іх прозвішча пайшло ад вялікай адвагі, праяўленай Войнамі падчас вайны «супраць татар Тамерлана» (маецца на ўвазе бітва на Ворскле 1399 г.), а таксама ў змаганні супраць крыжакоў у часы Свідрыгайлы і Казіміра 7 . Вытокі гэтай легенды, магчыма, трэба шукаць у апісанні бітвы на Ворскле ў «Хроніцы» Мацея Стрыйкоўскага, дзе пададзены пералік шматлікіх князёў «з Літвы і Русі», якія загінулі ў барацьбе з татарамі 8 , што магло паспрыяць далейшаму ўзнікненню «княжацкай» генеалогіі Войнаў.
Вонкава перайманнем узораў XVI ст., калі арыстакратычныя роды Русі імкнуліся падкрэсліць сваё паходжанне ад літоўскіх князёў ці баяраў, можа падацца легенда аб прыбыцці полацкага роду Корсакаў у часы вялікага князя Свідрыгайлы з міжземнаморскага вострава Корсіка, занатаваная А. ВіюкомКаяловічам 9 . У гістарыяграфіі яна разглядаецца як яскравы працэс адмовы полацкай шляхты ад «русінскай» ідэнтычнасці на карысць «літоўскай» 1 . Аднак змест легенды не дае падставы сцвярджаць аб яе залежнасці ад «рымскай легенды». Больш верагодна, што яна з’яўляецца тыповай легендай аб замежным паходжанні, якое ў дадзеным выпадку не нясе дадатковай сэнсавай нагрузкі. Паказальна, што, як і ў выпадку з іншымі легендамі, арыстакратыі ўсходнеславянскага паходжання, у аповядзе А. Віюка-Каяловіча пра Корсакаў робіцца націск на іх адданасці вялікакняжацкай і каралеўскай уладзе, абароне межаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай ад ворагаў. Геральдык адзначае, што на тэрыторыі, якая ў сярэдзіне XVII ст. ужо адышла Маскоўскай дзяржаве, знаходзіцца Корсакава Поле, на якім некалі Корсакі без старонняй дапамогі разбілі цэлае маскоўскае войска 2 . Такім чынам, легенда Корсакаў, у цэлым, упісваецца ў агульны напрамак развіцця ўяўленняў аб родавым мінулым усходнеславянскіх родаў ВКЛ у XVII ст.
У акрэслены перыяд назіраліся выпадкі, калі роды, якія паходзілі з «Літвы», уводзілі ў свае легенды ўсходнеславянскія матывы. Да «рускай» традыцыі пры выкладзе родавага мінулага звярнуліся Белазоры. У прамове на пахаванні кашталяна мсціслаўскага Станіслава Белазора і яго жонкі Ганны Календы (1668 г.) яе аўтар Цыпрыян Жахоўскі сцвярджаў, што Белазоры маюць супольнае паходжанне з Глябовічамі, Вяжэвічамі і Іжыковічамі, паходзяць ад Мантвіда (непасрэдна ад яго, акрамя Белазораў, нібыта паходзілі яшчэ Дарагастайскія і Галінскія) 3 . Такі варыянт легенды не ўяўляецца незвычайным: у тыя часы існавала распрацаваная легенда аб паходжанні шэрагу родаў (з Глябовічамі і Дарагастайскімі на чале) ад Манівіда, ваяводы віленскага, і яго ўяўнага бацькі Мантвіда Гедымінавіча. Далучэнне да Манівідавічаў давала падставы Белазорам лічыць сябе нашчадкамі князёў (пра гэта прама гаворыць Ц. Жахоўскі, тое ж сцвярджаецца і ў калектыўным панегірыку 1671 г. у гонар Ежы Белазора 4 , так сябе асэнсоўвалі Белазоры і ў больш познія часы 5 ). Большую цікавасць выклікаюць іншыя акалічнасці такога прачытання родавай гісторыі Белазораў. І Цыпрыян Жахоўскі, і аўтары калектыўнага панегірыка Е. Белазору сцвярджаюць, што ўяўны пачынальнік Белазораў Мантвід паходзіў з Валыні, што яўна супярэчыць і «літоўскаму» паходжанню роду ў А. Віюка-Каяловіча (ад баярына Сака, удзельніка Гарадзельскага сойма 1413 г.) 6 , і непасрэдна вывядзенню ад сына Гедыміна. Далей Ц. Жахоўскі пераходзіць да тлумачэння таго, чаму Белазоры не карысталіся «Лялівай», як іншыя «Манівідавічы», а належалі да «Вянявы». У «Мантвіда князя» нібыта быў сын Фёдар, ваявода чарнігаўскі, які выратаваў неназванага па імені рускага князя ад нападу буйвала, за што і атрымаў герб з выявай галавы буйвала («Вянява») 1 . Паказальна, што сын Мантвіда меў славянскае імя Фёдар, з’яўляўся чарнігаўскім ваяводам і выратаваў рускага князя 2 . Дадамо, што ў панегірыку 1671 г. сцвярджаецца, што Е. Белазор «злучыў у сваім радаводзе ўсю старажытнасць літоўскай і рускай крыві» 3 . Такім чынам, Белазоры асэнсоўваліся не толькі як літвіны, але адначасова як русіны, ніякай згадкі пра што няма ў А. Віюка-Каяловіча.
Тлумачэнне такой «рутэнізацыі» мінулага Белазораў выпадае шукаць у тым, што акурат у 1650–1670-я гг. адразу некалькі Белазораў былі тэрытарыяльна або ментальна звязаны з землямі Русі. Станіслаў Белазор (адзін з герояў панегірыка Ц. Жахоўскага) быў кашталянам мсціслаўскім, яго жонка Ганна – сястрой уніяцкага мітрапаліта Габрыэля Календы, Марцыян Белазор у гэты час быў уніяцкім епіскапам пінскім, а Ежы Белазор – каталіцкім біскупам смаленскім. Заўважым, што і сам аўтар панегірыка 1668 г. Ц. Жахоўскі быў вядомым уніяцкім дзеячам (пазней – мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі). Знітаванне лёсаў Белазораў з Руссю знайшло свой выраз і ў родавай легендзе, дзе яны не толькі выводзіліся з дынастыі вялікіх князёў літоўскіх, але выразна апелявалі да сваіх «рускіх» каранёў (паходжанне з Валыні, постаць Фёдара Мантвідавіча, займаная ім пасада на Русі). Прыклад Белазораў добра ілюструе залежнасць уяўленняў пра мінулае канкрэтнага арыстакратычнага роду ад яго наяўнага становішча – калі Белазоры сталі шчыльна звязаны з усходнеславянскім (канкрэтна – уніяцкім) асяроддзем іх родавая легенда трансфармавалася з вывядзення ад літоўскага баярына (як у А. Віюка-Каяловіча) да звароту да «рускіх» каранёў.
Падсумоўваючы, належыць адзначыць, што ў XVII ст., калі балцкія і ўсходнеславянскія эліты ВКЛ канчаткова аформіліся ў адзіны «палітычны народ», неабходнасць для «русінскіх» шляхецкіх родаў прыпісваць сабе паходжанне ад літоўскіх князёў ці знаці адпала. Роды, якія працягвалі быць шчыльна звязанымі з Руссю ў палітычным і сацыяльна-эканамічным аспектах, акцэнтавалі сваё паходжанне з усходнеславянскіх тэрыторый, імкнуліся падкрэсліць старажытнае і неперарванае займанне высокіх урадаў на землях Русі. Таксама легендам усходнеславянскай арыстакратыі ВКЛ у XVII ст. быў уласцівы акцэнт на адданасці родаў вялікакняжацкай уладзе, іх важнай ролі ў змаганні супраць знешніх ворагаў.