Уладзiслаў Плятэр супраць Адама Мiцкевiча: гiсторыя адной эмiгранцкай сваркi

Вялiкая эмiграцыя дала нямала прыкладаў дыскусiй, спрэчак, якiя часам набывалi настолькi востры характар, што iх з упэўненасцю магчыма назваць сваркамi. Не мiналi яны i людзей, якiя знаходзiлiся ў той час у цэнтры грамадскай увагi — паэтаў, выдаўцоў, палiтыкаў i да т. п. Хiба што не найбольшы шум у эмiграцыi набыла сварка памiж Уладзiславам Плятэрам i Адамам Мiцкевiчам, што адбылася ў 40-я гг. ХIХ ст. Своеасаблiвым яблыкам раздору памiж iмi стала асоба Андрэя Тавянскага.

Калi Адам Мiцкевiч i Андрэй Тавянскi [1] добра вядомыя ў айчыннай i польскай гiстарыяграфii, то асоба Уладзiслава Плятэра значна радзей трапляла ў поле ўвагi гiсторыкаў. У сувязi з гэтым неабходна падаць невялiкi бiяграфiчны нарыс гэтага вядомага ў эмiграцыi чалавека.

* * *

Граф Уладзiслаў Эварыст Плятэр (Броэль-Плятэр) паходзiў са старажытнага роду, вядомага на Беларусi, у Лiтве i Польшчы. Ён нарадзiўся 7 лiстапада 1808 г. у Вiльнi i быў сынам Казiмiра, уладальнiка маёнтка Дусяты Дзiсенскага павета; вучыўся ў Вiленскiм унiверсiтэце. Пачатак паўстання 1830–1831 гг. заспеў яго ў Англii. Хутка вярнуўшыся на радзiму, ён далучыўся да выступлення i спачатку служыў у аддзеле замежных спраў Нацыянальнага ўрада ў Варшаве, затым — афiцэрам у вайсковых корпусах генералаў Мацея Ружыцкага i Генрыка Дэмбiнскага, з апошнiм iзноў вярнуўся ў Варшаву. Ураджэнцамi Мiнскай губернi, што ўгэты час знаходзiлiся ўсталiцы паўстання, у лiпенi ён быў абраны паслом на сейм Каралеўства Польскага ад Вiлейскага павета. Быў ён таксама сябрам Камiтэта лiтоўска-рускiх зямель, якi апекаваўся выхадцамi з гэтых тэрыторый, што апынулiся ў час паўстання ў Варшаве.

Пасля паражэння Плятэр эмiграваў у Францыю, дзе працягваў сваю актыўную дзейнасць. Разам з малодшым братам Цэзарам [2] i некалькiмi iншымi пасламi з беларуска- лiтоўскiх зямель 10 снежня 1831 г. ён выступiў заснавальнiкам у Парыжы Таварыства лiтоўскага i рускiх зямель (ТЛРЗ). Цэзар стаў старшынёй таварыства, а Уладзiслаў кароткi час быў яго сакратаром. У траўнi 1832 г. ён адправiўся ў Англiю, дзе аб’ехаў шмат гарадоў i паўсюль быў добра прыняты ангельскай грамадскасцю. Вярнуўшыся ў Францыю на пачатку 1833 г., ён прывёз з сабой адрас да польскага народа, пад якiм было пастаўлена каля ста тысяч подпiсаў.

Што тычыцца палiтычных поглядаў i схiльнасцяў Плятэра ў эмiграцыi, то ён належаў да кансерватыўнага (манархiчнага, арыстакратычнага) лагера, на чале якога стаяў князь Адам Чартарыскi. Але ён не падтрымлiваў цалкам дзеяннi Чартарыскага, з канца 1830-х гг. ён, хутчэй, належаўда апазiцыйнай плынi ўгэтым лагеры, прадстаўнiкi якой прызнавалi несумненны аўтарытэт i нават права на пяршынства князя Чартарыскага ў эмiграцыi, згаджалiся ў асноўным з яго поглядамi, але адмаўлялiся прызнаваць яго каралём у эмiграцыi. Аднак на пачатку i ў сярэдзiне 1830-х гг. Плятэр уваходзiў у кола найблiжэйшых знаёмых князя, якi не раз запрашаў яго на сцiплыя сяброўскiя прыёмы [3].

Падчас жыцця за межамi радзiмы Плятэр набыў вядомасць не толькi як палiтычны дзеяч, але i як выдавец. У 1833 г., разгарнуўшы шырокую дзейнасць, ён пачаў выпускаць газету «Паляк (Le Polonais)» (пазней да яго была дададзеная другая частка назвы — «Journal des Intérêt de la Pologne (Газета пра справы Польшчы)». Яна выходзiла на французскай мове, каб быць больш даступнай для шырокiх колаў Францыi i ўсёй Еўропы. Першы нумар «Паляка» выйшаў 1 лiпеня 1833 г. У iм абвяшчалася, што газета будзе займацца польскай i замежнай палiтыкай у адносiнах да Польшчы, яе ранейшым i сучасным станам, айчыннай лiтаратурай i навукай, а таксама бягучымi навiнамi з радзiмы. У французскай грамадскасцi гэты штомесячнiк успрымаўся часта як орган усёй эмiграцыi з зямель былой Рэчы Паспалiтай, якiм ён, аднак, не быў. З iм супрацоўнiчалi шматлiкiя грамадскiя дзеячы Францыi, на яго старонках з’явiлася нямала лiтаратурных твораў. Аднак амбiцыi i звязаная з iмi рэдакцыйная палiтыка Плятэра вялi да таго, што «Паляк» ператварыўся ў орган яго рэдактара, праз што шмат якiя вядомыя дзеячы адыходзiлi ад супрацоўнiцтва з iм. Змены ў рэдакцыйнай палiтыцы, супярэчнасцi Плятэра з А. Чартарыскiм (якi ў значнай ступенi дапамагаў газеце матэрыяльна) i шматлiкiя iншыя аб’ектыўныя i суб’ектыўныя фактары прывялi да знiжэння накладу выдання, а потым i да яго закрыцця. Апошнi нумар «Паляка» выйшаў у чэрвенi 1836 г.

У канцы 1840 г. Плятэр пачаў працу па рэалiзацыi новага праекта, i 1 красавiка 1841 г. выйшаў першы нумар выдання «Нацыянальная газета (Dziennik Narodowy)». Яна выходзiла штосуботу на чатырох старонках. Плятэр быў яе адзiным уладальнiкам i выдаўцом. Першым рэдактарам газеты быў прызначаны Фелiкс Уратноўскi (да 1843 г.) — выдавец збору ўспамiнаў пра паўстанне на землях былога ВКЛ. Газета змяшчала палiтычныя навiны, лiтаратурныя творы, перадрукi з еўрапейскай прэсы, а таксама некралогi i лiсты ў рэдакцыю. Профiль выдання можна ацанiць як клерыкальна манархiчны; у першым нумары газеты абвяшчалася: «Моцную манархiчную ўладу мы лiчым самым важным знакам сiлы народа, абавязковай умовай яго развiцця i жыцця». З выданнем «Нацыянальнай газеты» звязаны некалькi скандальных выпадкаў, пра адзiн з якiх i пойдзе гаворка нiжэй. Рэвалюцыйныя падзеi 1848–1849 гг. паклалi канец iснаванню газеты. Амаль уся яе рэдакцыя прыняла ўдзел у дапамозе рэвалюцыйнаму руху ў Польшчы. На той момант выйшлi ў свет 364 нумары.

Падчас паўстання 1863–1864 гг. Плятэр, якi ў той час жыў ужо ў Швейцарыi, выступiў з праектам выпуску на яе тэрыторыi перыядычнага выдання для павышэння цiкавасцi Еўропы да падзей на землях былой Рэчы Паспалiтай. У гэтым, як нi дзiўна, ён не знайшоў падтрымкi ў вышэйшых колах эмiграцыi, а Уладзiслаў Чартарыскi, сын А. Чартарыскага, адмовiў яму ў супрацоўнiцтве. Тым не менш Плятэр у лютым 1864 г. пачаў выпускаць у Цюрыху нямецкамоўную газету «Белы Арол (Der Weisse Adler)». Ён хацеў выставiць яе органам паўстанцкага Нацыянальнага ўрада ў Швейцарыi, але пацярпеў у гэтым няўдачу. У сваiм першым нумары, якi выйшаў 6 лютага 1864 г., газета абвяшчала, што будзе прытрымлiвацца прынцыпаў, дэклараваных Нацыянальным урадам, абараняючы палiтычную i рэлiгiйную роўнасць, i дзейнiчаць у духу шчыра лiберальным. «Белы Арол» лiчыў сябе органам мiжнародным i падкрэслiваў сваё служэнне вызваленчым iдэям па ўсёй Еўропе. У iм закраналiся падзеi нямецка-дацкай вайны, сiтуацыя ў прыдунайскiх княствах, дзейнасць Дж. Гарыбальдзi, друкавалiся манiфесты парыжскiх рабочых i iнш. Незалежнiцкая пазiцыя газеты прывяла да таго, што яна была забароненая на тэрыторыi Прусii. «Белы Арол» займаў значнае месца ў тагачаснай швейцарскай прэсе, маючы наклад ад адной да шасцi тысяч асобнiкаў. З яе чэрпалi iнфармацыю вядучыя швейцарскiя выданнi. У чэрвенi 1865 г. яна была вымушаная спынiць свой выхад з-за фiнансавых праблем. Плятэр не знайшоў матэрыяльнай падтрымкi газеты i таму сам яе фiнансаваў; на яе выхад ён выдаткаваў з уласнай кiшэнi 30 тысяч франкаў.

Апрача сваiх выдавецкiх праектаў Плятэр браў удзел у дзейнасцi шматлiкiх эмiграцыйных арганiзацый, аднак амаль нiдзе не дасягнуў значных вышыняў. Найбольш жа ўдалым рэалiзаваным праектам Плятэра з упэўненасцю магчыма лiчыць стварэнне Польскага нацыянальнага музея ў швейцарскiм горадзе Раперсвiль. Пачатак гэтаму быў пакладзены ў 1868 г. адкрыццём недалёка ад Раперсвiля так званай Барскай калоны, прысвечанай стагоддзю нацыянальна-вызваленчай барацьбы на землях былой Рэчы Паспалiтай. У 1870 г. быў урачыста адкрыты ўласна музей, якi на той час займаў толькi некалькi пакояў на першым паверсе Расперсвiльскага замка. З цягам часу музей развiўся i заняў увесь замак. Апрача экспазiцыйнай i фондавай частак, пры музеi быў сабраны найбагацейшы архiў — дзённікi ўдзельнiкаў паўстання, прыватная карэспандэнцыя эмiгрантаў, дакументы фамiльных архiваў, урадавыя пастановы, дыпламатычныя ноты, улёткi, паперы генералаў Антонiя Гелгуда i Генрыка Дэмбiнскага, апiсаннi паўстання яго ўдзельнiкамi, паперы Таварыства лiтоўскага i рускiх зямель, матэрыялы Леанарда Ходзькi да напiсання бiяграфiй некалькiх соцень асоб, матэрыялы Фелiкса Уратноўскага да напiсання гiстарычных твораў i велiзарная колькасць iншых гiстарычных крынiц. Наяўнасць у музеi вялiкай колькасцi матэрыялаў па эмiграцыi з зямель былой Рэчы Паспалiтай вызначыла iснаванне музея як асноўнага цэнтра даследавання дзейнасцi эмiгрантаў. Музей надоўга перажыў свайго заснавальнiка, якi памёр у 1889 г. У 1927 г. урад незалежнай Польшчы прыняў, як гэта абвяшчалася ўтастаменце Плятэра, музей у сваю ўласнасць i перавёз усе зборы ў Варшаву [4]. На няшчасце, амаль усе яны загiнулi падчас Другой сусветнай вайны. Пасля яе заканчэння i з усталяваннем у Польшчы камунiстычнага ўрада музей у Раперсвiлi ўзнавiўся i дзейнiчае да сёння [5].

Пры ўсiх поспехах цi няўдачах Плятэра варта падрабязней спынiцца на яго рэпутацыi сярод суайчыннiкаў у эмiграцыi. Чалавек дастаткова амбiцыёзны, прамы ў выказваннях, часам рэзкi i нетактычны, Плятэр заўсёды выклiкаў супярэчлiвыя адносiны да сябе з боку сучаснiкаў. Караль Барталамей Гофман у сваiм дзённiку настойлiва клеiў яму ярлык фанфарона, але тым не менш i ўказваў на яго заслугi ў эмiграцыi [6]. Дзённiк Пятра Капчынскага, сябра Таварыства лiтоўскага i рускiх зямель, паказвае эвалюцыю стаўлення аўтара да братоў Уладзiслава i Цэзара Плятэраў ад нейтральных да рэзка негатыўных. 2 сакавiка 1832 г. Капчынскi напiсаў: «Прызнаюся, я не маю вялiкага жадання хадзiць у Лiтоўска-Рускае Таварыства, бо паседжаннi адбываюцца ў Плятэраў, якiя абодва — плоскiя галовы, а апрача гэтага, панiчы задзiраюць нос, бо Графы, i таму не бываюць на нацыянальных паседжаннях. Я сам бачу, як гэтыя cалоннiкi дзеля ўласнай вядомасцi грэбуюць працамi i нават ачарняюць iх перад чужымi, i таму я сам цяпер прызнаю, што мноства людзей слушна iх лае i выстаўляе дурнымi, бо так ёсць на самай справе» [7]. I запiс ад 4 сакавiка: «…я быў на Лiтоўска-Рускiм паседжаннi… Плятэры, як заўжды, цёмныя галовы i непачцiвыя» [8]. У межах ТЛРЗ браты Плятэры заслужылi моцную крытыку яго сябраў i ў iншым выпадку. На ўрачыстым паседжаннi святкавання другой гадавiны паўстання на землях былога ВКЛ 25 сакавiка 1833 г., як i за год да гэтага, некалькi сябраў сказалi свае прамовы, у тым ліку i Уладзiслаў Плятэр. Аднак гэта былi ў пэўнай ступенi не тыя асобы, якiх таварыства вызначыла i ўхваліла на падрыхтоўчых паседжаннях. Апрача таго, пад крытыку патрапіла прамова У. Плятэра, якая разыходзiлася з мэтамi таварыства. Iгнат Дамейка вiнавацiў братоў Плятэраў у тым, што «на першым сходзе сябраў камiсii [9] Уладзiслаў Плятэр не быў змешчаны ў спiсе тых, хто павiнен быў прамаўляць, пазней яго прамова не была прачытана, i, нарэшце, старшыня [Цэзар Плятэр] нягодна зрабiў, даючы яму слова нават раней за iншых» [10].

Паэт Юльян Урсын-Нямцэвiч пакiнуў Плятэру яшчэ больш негатыўную характарыстыку. У сваiм дзённiку 8 студзеня 1839 г. ён запiсаў: «Уладзiслаў Плятэр — гэта ўвасобленая ў глупстве пустата» [11].

Такiм чынам, Уладзiслаў Плятэр з’яўляецца адным з найбольш актыўных прадстаўнiкоў Вялiкай эмiграцыi. Яму належыць немалая заслуга як у папулярызацыi польскай справы ў Еўропе, так i ў фармiраваннi, так бы мовiць, культурнага асяроддзя эмiграцыi. Аднак на працягу ўсяго часу жыцця за межамi радзiмы адносiны да яго сучаснiкаў-землякоў былi неадназначнымi i супярэчлiвымi. Прычына гэтага ляжыць, хутчэй, у своеасаблiвасцi яго характару.

* * *

Узаемаадносiны памiж Плятэрам i Мiцкевiчам у пачатковы перыяд эмiграцыi не былi нiколi сяброўскiмi, але яны абодва ўваходзiлi ў склад адных арганiзацый i не раз супрацоўнiчалi ў агульных справах. Першай арганiзацыяй, у складзе якой апынулiся абодва дзеяча, было ТЛРЗ. Iмя Уладзiслава Плятэра, якi выступiў адным з заснавальнiкаў таварыства, у спiсе яго сябраў змешчана пад нумарам 2, пасля яго брата Цэзара. Мiцкевiч быў пададзены да ўступлення ў яго склад Яўстахам Янушкевiчам [12] 30 лiпеня 1832 г., прыняты 6 жнiўня i 13 жнiўня ўпершыню ўдзельнiчаў у паседжаннi [13]. Але варта зазначыць, што ў межах гэтага таварыства Плятэр i Мiцкевiч сустракалiся рэдка. У канцы 1832 — пачатку 1833 г. Плятэр знаходзiўся ў Вялiкабрытанii, а неўзабаве пасля яго вяртання арганiзацыя практычна перастала дзейнiчаць. Адзiнае вядомае паседжанне, на якiм прысутнiчалi яны абодва, гэта было святкаванне другой гадавiны паўстання ў Лiтве [14].

Наступнай арганiзацыяй, у складзе якой знаходзiлiся абодва дзеячы, з’яўлялася Гiсторыка-лiтаратурнае таварыства — найбольш аўтарытэтная арганiзацыя эмiграцыйных кансерватараў у 1830–1840-я гг. I Плятэр, i Мiцкевiч у 1832 г. уступiлi ў яго склад [15].

Пачатак непасрэднага супрацоўнiцтва памiж двумя дзеячамi магчыма аднесцi да 1833 г. — часу, калi Плятэр з’яўляўся рэдактарам газеты «Паляк» i намагаўся прыцягнуць да супрацоўнiцтва з ёй вядомых эмiграцыйных аўтараў. На яе старонках у лютым — сакавiку 1834 г. быў апублiкаваны пераклад уступу да чацвёртай часткi «Дзядоў». Аднак яшчэ ў канцы лiстапада 1833 г. Мiцкевiч выказваў Плятэру сваё незадавальненне планаванай публiкацыяй [16]. Да гэтага ж часу адносiцца адно скептычнае выказванне паэта пра выдаўца. У лiсце да Клаўдыны Патоцкай, напiсаным памiж 16 i 20 лiстапада 1833 г., Мiцкевiч зазначаў, што ён «закаханы ў сябе, як Нарцыз цi як Уладзiслаў Плятэр, якi менавiта цяпер сядзiць у мяне на шыi i перашкаджае пiсаць» [17].

Скептычныя i нават у пэўнай ступенi негатыўныя выказваннi не перашкаджалi Мiцкевiчу прызнаваць аўтарытэт Плятэра. Адзiн з лiстоў да яго ён пачынаў словамi: «Па ўсёй эмiграцыi чуткi, што Вы з пэўнага часу знайшлi ва ўрадзе вялiкую падатлiвасць у просьбах, якiя падаеце». Гэта дазваляла Мiцкевiчу звяртацца да Плятэра па дапамогу, i ён неаднаразова пiсаў Плятэру, просячы пратэкцыi да сваiх знаёмых, калi справа тычылася ўзаемаадносiнаў з французскiмi ўладамi. Напрыклад, 19 чэрвеня 1838 г. ён прасiў такога заступнiцтва для эмiгранта-лiцвiна Яна Вайткевiча, а 29 сакавiка 1842 г. — для ўраджэнца Ваўкавышчыны Мiхала Бабянскага [18].

Апрача гэтага, яшчэ з дапаўстанцкiх часоў Мiцкевiч i Плятэр мелi адзiных знаёмых, якiя цяпер знаходзiлiся ў эмiграцыi, i ў сувязi з гэтым часта круцiлiся ў аднолькавых колах у Парыжы. Адным з арганiзатараў свецкага жыцця эмiграцыi быў згаданы Я. Янушкевiч, у якога часта ладзiлiся святочныя прыёмы з той цi iншай нагоды. Хiба што не найбольш вядомая з iх — велiкодная вячэра (25 снежня) 1840 г., пераважную большасць прысутных на якой складалі лiцвiны i русiны. Плятэр i Мiцкевiч таксама ўдзельнiчалi ў ёй. У гiсторыю лiтаратуры гэтая вячэра ўвайшла славутай паэтычнай iмправiзацыяй Мiцкевiча, якая была ацэнена ўжо ў момант яе стварэння. Уражанне прысутных было настолькi моцным, што яе апiсанне засталосяў шматлiкiх лiстах i мемуарах. Плятэр таксама не застаўся ўбаку ад усеагульнага захаплення. Паэт Стэфан Вiтвiцкi 26 снежня так апiсаў яго эмоцыi: «Уладзiслаў [Плятэр] гаворыць, што ён [Мiцкевiч] зрабiў несказанае ўражанне — плакалi, абдымалiся…». Падобнае апiсанне ў лiсце ад 28 снежня: «Гэтая iмправiзацыя — гэта было штосьцi вельмi вялiкае, незвычайнае, надпрыроднае. …Уладзiслаў Плятэр рыдаў. Мiкульскi Iзыдар лiчыць, што бачыў свячэнне над галавой Адама». На хвалi ўсеагульнага ўздыму Плятэр разам з астатнiмi ўдзельнiкамi вячэры падпiсаў на наступны пасля яе дзень адрас да Мiцкевiча са словамi: «Палякi ў колькасцi трыццацi сямi, сабраныя ў адно кола з Адамам Мiцкевiчам дня дваццаць пятага снежня тысяча васямсот саракавога года, захоўваюць у сваiх сэрцах дарагую памяць узнёсла перажытай хвiлiны, а свае iмёны запiсваюць тут як данiну захаплення i любовi» [19].

Найбольш актыўнае супрацоўнiцтва Плятэра з Мiцкевiчам пачалося з 1841 г., калi Плятэр пачаў выпускаць «Нацыянальную газету». Падставай для супрацоўнiцтва з’явiлiся лекцыi па славянскай лiтаратуры, якiя Мiцкевiч чытаў у Французскiм каледжы (Collége de France). Лекцыi мелi шырокi грамадскi рэзананс, асаблiва сярод эмiграцыi, у сувязi з чым друк iх тэкстаў у патэнцыяле абяцаў прыцягненне ўвагi да новай газеты i фiнансавы прыбытак. Перамовы памiж дзеячамi вялiся прынамсi з першых дзён 1841 г., пры гэтым Плятэр наняў таксама стэнографа для пiсання лекцый [20]. Паведамленне пра тое, што «Газета» будзе друкаваць тэксты лекцый з’явiлася ўжо ў першым яе нумары ад 1 красавiка 1841 г.: «Мы маем у жывой памяцi i на паперы больш за дваццаць лекцый, з якiмi мы аддана пазнаёмiм нашых чытачоў такiм спосабам, якiм мы найлепей маглi iх прыстасаваць да сцiпласцi гэтых калонак. Выплацiўшы гэты доўг, якi абцяжарвае эмiграцыйную журналiстыку, мы будзем iсцi ўслед за Прафесарам (Адамам Мiцкевiчам. — Д. М.), i кожны нумар Газеты дасць справаздачу з абедзвюх гадзiн на тыдзень» [21].

Выконваючы гэтае абяцанне, «Газета» ў першых нумарах падавала агляды i вытрымкi з лекцый, якiя часам займалi да трэцi i нават да паловы аб’ёму ўсяго нумара. Аднак гэтага было вiдавочна недастаткова, таму як патрэба была ў выданнi ўсяго курса цалкам. Выйсце было знойдзенае ўвыглядзе публiкацыi дадаткаўда кожнага нумара, дзе змяшчалiся тэксты лекцый. У № 45 (5 лютага 1842 г.) з’явiлася паведамленне, што «да кожнага нумара газеты выходзiць Дадатак, прысвечаны выключна курсу Славянскай Лiтаратуры, што выкладаецца ў Французскiм Каледжы ў Парыжы спадаром Мiцкевiчам» [22]. Такое паведамленне з’яўляецца ва ўсiх нумарах «Газеты» да канца года. Пра тое, наколькi гэты факт лiчыўся важным i цяжкiм, а таксама, што немалаважна, фiнансава клаўся на плечы выключна Плятэра, пiсаў 12 студзеня 1842 г. Фелiкс Уратноўскi [23].

Увогуле, карэспандэнцыя Мiцкевiча за 1841–1842 гг. малюе яго ўзаемаадносiны з Плятэрам як дастаткова спакойныя i канструктыўныя. У ёй прысутнiчаюць у асноўным дробныя справы, якiя характэрны для людзей, што добра ведаюць адзiн аднаго i чаго чакаць адзiн ад аднаго [24].

На 1841 г. прыпадае пачатак новага этапу ў жыццi Мiцкевiча — яго далучэнне да секты Андрэя Тавянскага. Першая сустрэча памiж iмi адбылася 30 лiпеня 1841 г., i паэт адразу стаў гарачым прыхiльнiкам «радаснай навiны», якую нёс Тавянскi. Прычын такога хуткага перавароту ў Мiцкевiчу магчыма назваць некалькi. Па-першае, Тавянскi прыбыў да яго ў час цяжкага псiхалагiчнага крызiсу. Тады абвастрылася псiхiчная хвароба жонкi Мiцкевiча Цалiны Шыманоўскай, i яна была змешчаная ў адмысловую клiнiку для лячэння. Сам паэт вельмi цяжка перажываў гэты момант. Па-другое, на псiхiчны крызiс Мiцкевiча ўплывала таксама безвыходнасць жыцця эмiграцыi, намаганнi якой iстотна паўплываць на развiццё сiтуацыi на землях былой Рэчы Паспалiтай да 1841 г. скончылiся няўдачамi. Таму прапаганда чалавека, якi абяцаў хуткае вяртанне на радзiму праз самаўдасканаленне, трапляла на ўрадлiвую глебу. Па-трэцяе, Тавянскаму з часу жыцця ў Пецярбургу i Вiльнi былi вядомы шмат якiя падрабязнасцi асабiстага жыцця як Адама, так i Цалiны Мiцкевiчаў, таму ў размове з паэтам ён, будучы, як адзначаюць шмат якiя яго сучаснiкi, тонкiм псiхолагам, мог апеляваць гэтымi фактамi для стварэння ў Мiцкевiча ўражання ўсёведання i магчымасцi дапамогi. Па-чацвёртае, праз непрацяглы час хвароба Цалiны часова адступiла, што паўплывала на ўспрыманне Мiцкевiчам Тавянскага як асобы з надзвычайнымi здольнасцямi [25]. Якая б з гэтых прычын нi была асноўнай, а якая б другараднай, але факт застаецца — на мяжы лiпеня — жнiўня 1841 г. Мiцкевiч стаў гарачым прыхiльнiкам вучэння Тавянскага. Менавiта дзякуючы яго аўтарытэту, у коле Тавянскага ў хуткiм часе апынулася вялiкая колькасць лiцвiнаў з лiку яго блiзкiх знаёмых — Стафан Зан, браты Яўстах i Рамуальд Янушкевічы, Iгнат Хадкевiч, Аляксандр Рыпiнскi, Люцыян Стыпулкоўскi, Iгнат Клюкоўскi i iнш. [26].

Супрацоўнiцтва Мiцкевiча i Плятэра ў межах «Нацыянальнай газеты» працягвалася на працягу ўсяго 1842 г. У № 70 ад 30 лiпеня 1842 г. з’явiлася паведамленне пра тое, што, скончыўшы друк другагадовага курса «Лекцый», яна прыступае да друку першагадовага курса [27]. У № 89 ад 10 снежня 1842 г. у раздзеле «Лiтаратура» выйшла паведамленне пра пачатак трэцягадовага курса Мiцкевiча з падрабязным апiсаннем у хвалебных тонах першай лекцыi 9 снежня [28].

Асоба першага галоўнага рэдактара «Нацыянальнай газеты» — Фелiкса Уратноўскага — таксама ў пэўнай ступенi паўплывала на тую сварку, пра якую пойдзе гаворка нiжэй. Уратноўскi таксама, як i Мiцкевiч, з’яўляўся з 1841 г. палымяным прыхiльнiкам iдэй Тавянскага. Мала-памалу на працягу 1841–1842 гг. ён надаў «Газеце» кiрунак, схiльны да яго вучэння. За першыя 2 гады выдання на яе старонках не раз з’яўлялiся артыкулы пад назвамi нашталт «Пра маральныя схiльнасцi польскiх эмiгрантаў», «Разумовае iмкненне ў Польшчы да рэлiгii i фiласофii», «Пра хрысцiянскую палiтыку» i да т. п., у якiх выразна дамiнуе хрысціянска-маралiзатарская скiраванасць i iмкненне прапагандаваць (хоць i не адкрыта) iдэi Тавянскага сярод эмiгрантаў. Апрача таго, на яе старонках друкавалiся лiсты Тавянскага, лiтаратурныя творы тавянчыкаў (напрыклад, верш Юльюша Славацкага «Так дапамажы мне, Божа (Tak mi Boże dopomóż) ») i да т.п. [29].

I ўвогуле, прапаганда справы Тавянскага пачалася ў «Нацыянальнай газеце» з самага пачатку яго публiчнай дзейнасцi. У № 28 ад 9 кастрычнiка 1841 г. цэлая паласа ў раздзеле «Хронiка» была аддадзеная апiсанню першага публiчнага выступлення Тавянскага ў Парыжы перад эмiграцыяй 25 верасня 1841 г. Пры гэтым апiсанне набажэнства, што адбывалася ў саборы Парыжскай Божай Мацi, было папярэджанае аб’ёмным артыкулам Мiцкевiча, у якiм Тавянскi называецца не iнакш, як «Пасланнiк (вялiкая лiтара ў арыгiнале. — Д. М.) са словам радасцi, што Усёмагутны i Мiласэрны без межаў злiтаваўся над бедным светам i найбяднейшай у iм нашай айчынай». Увесь артыкул паказвае Тавянскага як прарока на зямлi. Тут жа была надрукаваная яго прамова на гэтым мерапрыемстве (хоць i са скарачэннямi), якая заканчвалася апiсаннем сцэны пасля яе: «Пры гэтых словах, прамоўленых узнёслым, поўным узрушання голасам, прамоўца, залiты слязьмi, апусцiў галаву, а калi праз хвiлiну ўзняўся i падняў вочы дагары, яго аблiчча свяцiлася радасцю падзякi Найлiсцiвейшаму Госпаду». Адразу трэба зазначыць, што «Нацыянальная газета» была адзiнай, што апiсвала Тавянскага ў такiх узнёслых тонах. Усе астатнiя аўтарытэтныя выданнi эмiграцыi («Белы Арол (Orzeł Biały), «Трэцi Травень (Trzeci Maj)», «Польскi Дэмакрат (Demokrta Polski)») ацэньвалi ўсё мерапрыемства i заключную сцэну значна больш скептычна [30].

Аднак пратавянiсцкая скiраванасць «Нацыянальнай газеты», закладзеная яго галоўным рэдактарам, з’яўлялася своеасаблiвай бомбай запаволенага дзеяння, якая ранней цi пазней павiнна была выбухнуць. Падстаўдля гэтага было некалькi. Па-першае, сам Плятэр заўжды быў схiльны да традыцыйнага каталiцтва. Нават у першым нумары «Газеты» ў раздзеле, дзе абвяшчалася палiтычная праграма новага выдання, сцвярджалася: «Каталiцкую рэлiгiю мы лiчым самай галоўнай падставай польскай нацыi, стойкасць у ёй — гарантыяй нацыянальнага iснавання» [31]. Тавянскi жа з самых першых сваiх выступленняў пачаў разыходзiцца па некаторых пазiцыях з каталiцкай традыцыяй i ў эмiграцыi разам са сваiмi прыхiльнiкамi заслужыў сабе сталую рэпутацыю «ерэтыка» [32]. Па-другое, Плятэр на працягу ўсяго часу эмiграцыi з’яўляўся не толькi выдаўцом, але i палiтычным дзеячам. Таму сувязь, хоць i ўсяго толькi праз тон яго газеты, з сектай Тавянскага, якая пераважнай большасцю эмiгрантаў успрымалася негатыўна i ўвесь час служыла аб’ектам для крытыкi i насмешак, кiдала цень на яго палiтычную рэпутацыю. Усё гэта вымусiла Плятэра вырашыць двухсэнсоўнасць сiтуацыi праз змену рэдактара «Газеты» i кардынальнае змяненне яе адносiнаў да тавянiзму. Як пiсаў шмат гадоў пазней сын Мiцкевiча Уладзiслаў, «Уладзiслаў Плятэр i гэтае выданне зацягнуў у хор, што праклiнаў Мiцкевiча» [33].

1 красавiка 1843 г. у Плятэра адбыўся сход, прысвечаны абмеркаванню ўчынка Тэафiла Мiрскага [34] i напiсанню пратэстацыйнага адраса, у якiм удзельнiчаў i Мiцкевiч [35]. Ён выступiў з эмацыйнай прамовай, у якой абараняў вучэнне Тавянскага. Усё мерапрыемства было апiсанае ў другiм нумары за трэцi год выхаду «Газеты» (№ 105 ад 6 красавiка 1843 г.), i змяненне яе тону ўжо становiцца вiдавочным. Артыкул «Пра цяперашнi рух розумаў» прысвечаны амаль выключна крытыцы вучэння Тавянскага. Пачынаючы з гэтага часу i да канца выхаду «Газеты» на яе старонках у светлых тонах будзе малявацца iншы прэтэндэнт на лiдарства ў духоўным жыццi эмiграцыi — Згуртаванне ўваскрэшанцаў (Zgromadzenie Zmartwychwstańców), якое свята трымалася каталiцкай традыцыi i за сваю адданасць каталiцтву нават заслужыла рэпутацыю «польскiх езуiтаў» [36]. У згаданым артыкуле пiсалася, што адзiн з уваскрэшанцаў, ксёндз Пётр Семяненка [37], якi азнаёмiўся з праграмным творам Тавянскага «Бяседа (Biesiada)», дзе ён выклаў асноўныя палажэннi свайго вучэння, i асабiста паразмаўляў з iм, «пераканаўся, што вучэнне Тавянскага цалкам супярэчыць вучэнню каталiцкай рэлiгii, што супярэчыць ад пачатку i да канца ўсiм догматам, ад першароднага граху i аж да вечных пакутаў. Супярэчыць Выкупленню, Таямнiцы Увасаблення, Боскасцi Хрыста, Уваскрэшанню целаў i Апошняму Суду». Таксама ў артыкуле згаданы i Мiцкевiч, якi публiчна «скардзiўся на тое, што “На цыянальная газета” лiчыць “ерэтыкамi” прыхiльнiкаў спадара Тавянскага» [38]. З гэтага часу адносiны памiж Плятэрам i Мiцкевiчам змяняюцца на непрыхаваную непрыязнасць, i адкрытая сварка памiж iмi застаецца толькi пытаннем часу.

Да гэтага спрычынiўся i яшчэ адзiн крок Плятэра. У красавiку 1843 г. у двух нумарах «Газеты» выйшла «Бяседа» Тавянскага [39]. Тады яна ўжо мела факсiмiльнае выданне, аднак была прызначаная выключна для прыхiльнiкаў Тавянскага i распаўсюджання iм асабiста. Нi сам Тавянскi, нi хто-небудзь з яго секты нiколi не меў намеру выдаваць яе для ўсеагульнага азнаямлення. З пункту ж гледжання Плятэра, такая публiкацыя рабiлася не для прапаганды новага вучэння, а з зусiм адваротнымi мэтамi. Як пiсаў гiсторык Станiслаў Шпатанскi, «твор, настолькi цяжкi, як “Бяседа”, што ўводзiць думку ў зусiм iншыя сферы, пададзены сурова, без уступу i тлумачэнняў, назаўжды адвярнуў эмiграцыю ад Тавянскага» [40]. Безумоўна, падобныя дзеяннi Плятэра не маглi не выклiкаць у Мiцкевiча самую негатыўную рэакцыю. Паэт быў вядомы сваёй эмацыянальнасцю, як негатыўнай, так i пазiтыўнай, i для канчатковага разрыву памiж амбiцыйнымi дзеячамi неабходны быў толькi штуршок.

3 траўня 1843 г. Гiсторыка-лiтаратурнае таварыства, як заўжды ў гэты дзень, святкавала чарговую гадавiну прыняцця Канстытуцыi 3 траўня 1791 г. На ўрачыстым паседжаннi з гэтай нагоды ў Польскай бiблiятэцы прысутнiчалi i Плятэр, i Мiцкевiч, i менавiта тады адбылася сварка памiж iмi. Але адразу варта зазначыць, што яе апiсаннi ў розных крынiцах маюць адрозненнi. Валерыян Халхоўскi [41] ў лiсце да Iгната Дамейкі ад 9 траўня 1843 г. паказвае выпадак наступным чынам: «Нядаўна здарыўся скандал на святкаваннi 3-га траўня ў Польскай бiблiятэцы пад старшынствам Князя [Адама] Чартарыскага. Уладзiслаў Плятэр, сустрэўшы Мiцкевiча, падаў яму руку для прывiтання, але той рукi не падаў, пад нос пагразiў Плятэру, сцiснуў тросць i аблаяў, Плятэр адвярнуўся, таму як была вялiкая таўканiна ў зале i было немагчыма схавацца, але нiчога не адказваў» [42]. Аднак да апiсання Халхоўскiм акалiчнасцяў сваркi трэба ставіцца асцярожна, таму як ён сам не ўдзельнiчаў у святкаваннi i пiсаў, верагодна, атрымоўваючы звесткi з другiх цi трэцiх рук. Газета «Польскi дэмакрат» абмежавалася толькi некалькiрадковым сказам пра тое, што «ў дзень 3-га траўня на публiчным паседжаннi Лiтаратурнага Таварыства спадар Мiцкевiч зусiм неэстэтычна пакрыўдзiў спадара Уладзiслава Плятэра i пагражаў яму кулаком» [43]. «Нацыянальная газета, выдавец якой удзельнiчаў непасрэдна ў гэтых падзеях, таксама не магла прамаўчаць пра здарэнне. 6 траўня выйшла падрабязнае апiсанне паседжання, дзе крытыкаваўся не толькi Мiцкевiч, але i Адам Чартарыскi [44]. Артыкул падаваў змест выступлення Мiцкевiча, у якiм пераважалi, безумоўна, матывы вучэння Тавянскага, i заканчваўся фразай: «Скончыўшы сваё выступленне, спадар Мiцкевiч адразу пакiнуў сход». I нi слова пра лаянку Мiцкевiча i пагрозы. Праз пяцьдзясят гадоў пасля падзей Уладзiслаў Мiцкевiч, якi ствараў бiяграфiю бацькi, у значнай ступенi абапiраючыся на сведчанні сучаснiкаў, пiсаў, што пасля свайго выступлення, калi Мiцкевiч пакiдаў паседжанне, «Граф Уладзiслаў Плятэр стаў перад дзвярыма, жадаючы абавязкова ўцягнуць яго ў дыскусiю. Мiцкевiч, адсоўваючы яго, прамовiў: “Прэч мне з дарогi!”», i дадаваў, што «некаторыя са сведкаў гэтай сцэны ручалiся, што ў нецярплiвага Мiцкевiча вырвалася слова “блазан”» [45].

Як бы ні адрознiвалiся памiж сабой апiсаннi згаданага здарэння, усiх iх яднае адно: памiж Плятэрам i Мiцкевiчам адбыўся разрыў адносiнаў. Безумоўна, Плятэр, як абражаны, не мог не адказаць на абразы. У згаданым артыкуле «Нацыянальнай газеты» разам з апiсаннем паседжання значная частка прысвечана крытыцы тавянiзму ў цэлым i Мiцкевiча, як яго прыхiльнiка, у прыватнасцi. «Газета» не асаблiва стрымлiвала сябе ў выразах: «Гэтая прамова спадара Мiцкевiча пераконвае нас у думцы пра яго сённяшнюю памылковую веру… Дастаткова прывесцi некалькi думак, каб пераканацца ў iлжывым i згубным кiрунку, якi ўяўляны майстар надаў Мiцкевiчу: з каталiка i паляка зрабiў з яго ерэтыка i славянiна [46]. У гэтай акалiчнасцi мы бачым новы доказ, наколькi слабая ў некаторых земляках каталiцкая вера, калi любы сакратар [47] можа вывярнуць яе» [48].

Пасля разрыву адносiнаў Плятэр i Мiцкевiч яшчэ доўга працягвалi ўзаемную перапалку. «Нацыянальная газета» ўвесь час i нават у апошнi год працягвала вострую крытыку як тавянiзму, так i Мiцкевiча. Асаблiва актыўна яна публiкавала падобныя артыкулы ў першыя некалькi месяцаў пасля сваркi — вiдавочна, словы Мiцкевiча балюча закранулi самалюбства графа Плятэра. Аднак потым публiкацыi на гэтую тэму з’яўляліся на яе старонках эпiзадычна. Пры гэтым Тавянскi i ўсе тавянчыкi выразна шаржуюцца, найбольшая ўвага аддаецца ўсялякiм iх дзiвацтвам i кур’ёзам, якiх, варта зазначыць, было нямала. Напрыклад, у артыкуле «Пра Тавянскага», перадрукаваным 3 чэрвеня 1843 г. з пазнанскай «Хатняй газеты (Gazety Domowej)», падрабязна апiсаны выпадак з адыходам ад вучэння Тавянскага аднаго з першых яго прыхiльнiкаў — паэта Антонiя Гарэцкага [49], якому прыпiсвалiся словы «д’ябальская справа» ў дачыненні да яго [50], а ў артыкуле «Дэкларацыя спрадара Мiцкевiча. — Прысяга тавянчыкаў» ад 22 сакавiка 1844 г. Мiцкевiч i ўсе тавянчыкi выстаўлены дзiвакамi i сектантамi [51].

Артыкул «Тавяншчына» (№ 206 ад 15 сакавiка 1845 г.) на асобе Мiцкевiча спыняўся больш падрабязна: «Трэба ведаць, што Тавянскi ў сваiх навучаннях стараўся трапляць у слабы бок таго, каго хацеў перавярнуць, “казытаў” злы дух, якi лiчыў пануючым у кандыдаце. Злым духам Мiцкевiча была непараўнальная ганарлiвасць, у яе ўдарыў Тавянскi, яе “казытаў” i хутка зрабiў з яго свайго сляпога прыхiльнiка, а хутчэй асацыянта i сумайстра. Так, Мiцкевiч з гэтага часу не размаўляў iнакш як тонам загадным, сцвярджальным, усёведным; дактрыну Тавянскага ён узяў у сваю апеку i сваiм iмём прыцягнуў да яе шмат людзей цiкаўных, што не маюць анiякай веры, анiякiх прынцыпаў нi ў рэлiгii, нi ў палiтыцы» [52].

Мiцкевiч, са свайго боку, таксама адказваў Плятэру, вобраз якога ў словах паэта далёкi ад станоўчага. Сярод эмiгрантаў у Парыжы было вядома яго выказаванне: «Чаму ж наракаюць на нязгоду эмiграцыi? Хiба ж уся эмiграцыя не згаджаецца, што Пац [53] дабрасумленны, а Плятэр дурны?» [54].

Пасля ўсяго сказанага варта зрабiць адну агаворку. Хоць вобраз Мiцкевiча на старонках «Нацыянальнай газеты» амаль заўжды негатыўны, але ёсць i пэўныя выключэннi. Мiцкевiч па-ранейшаму застаецца жывым класiкам польскай лiтаратуры, i гэтая заслуга за iм безумоўна прызнаецца. Нават самая негатыўная крытыка часта суправаджаецца спачуваннем, што вялiкi паэт трапiў пад дрэнны ўплыў. Напрыклад, у № 204 «Газеты» ад 12 красавiка 1845 г. пiсалася: «…асуджаючы цяпершнiя iмкненнi i дзеяннi аўтара “Валенрода”, мы вельмi любiм ранейшага паэта». У гэтым жа артыкуле «Газета» нават у пэўнай ступенi выступiла ў абарону Мiцкевiча. Разбiраючы памфлет супраць яго «Мiцкевiч — Пра польскую лiтаратуру (Mickiewicz — De la litterature slave)», «Газета», у цэлым негатыўна ставячыся да ананiмнага памфлетыста, на яго абвiнавачанне «Мiцкевiч цяпер молiцца, на каленях слухае iмшу…» адказвае: «Яшчэ нiкому не прыходзiла да галавы, нават французскiм энцыклапедыстам, абвiнавачваць каго-небудзь у тым, что ён молiцца» [55].

Варта таксама згадаць i яшчэ адзiн цiкавы факт. Нягледзячы на сварку i ўзаемную непрыязнасць памiж паэтам i выдаўцом, на працягу 1843 г. у «Нацыянальнай газеце» ў якасцi дадатка да кожнага нумара працягвалi выходзiць тэксты лекцый Мiцкевiча курса першага года. Растлумачыць гэта можна абавязкамi газеты перад сваiмi чытачамi. Як у канцы другога года выхаду, так i на працягу трэцяга (канец 1842 — пачатак 1843 г.) яна рэгулярна друкавала паведамленнi пра намер выдаваць лекцыi i збiрала падпiску на iх. У выпадку спынення друку лекцый давялося б вяртаць грошы падпiсчыкам.

Магчыма выказаць меркаванне, што i пасля разрыву адносiнаў Плятэр i Мiцкевiч маглi бачыць адзiн аднаго на розных публiчных эмiграцыйных мерапрыемствах: яны абодва ўваходзiлі ў склад Гiсторыка-лiтаратурнага таварыства i мелi нямала агульных знаёмых. Аднак невядома нiводнага выпадку, калi б яны сустракалiся сам-насам дзе-небудзь i калi-небудзь. Падобныя сваркi ў эмiграцыi не былi рэдкасцю, тым больш у Мiцкевiча. Напрыклад, у 1848 г. былi разарваны часова адносiны з яго шматгадовым выдаўцом i сябрам Яўстахам Янушкевiчам [56], а ў 1851 г., на гэты раз стала, з сябрам i калегам па стварэннi Польскага легiёна ў Iталii Мiхалам Ходзькам [57]. Аднак рэдка калi сваркi набывалi настолькi востры характар, што станавiлiся

прадметам для доўгачасовых публiкацый, а iх удзельнiкi публiчна сыходзiлi да непрыкрытых абраз. Гэтая сварка можа таксама паслужыць прыкладам таго, у наколькi складаных маральных умовах знаходзiлiся эмiгранты, калi эстэтычныя канцэпцыi i догмы з лёгкасцю разбiвалi плён доўгагадовага супрацоўнiцтва.


Дадатак

I
Лiст Валерыяна Халхоўскага да Iгната Дамейкi
ад 15 лiстапада 1841 г.
[58]

Парыж, 15 лiстапада 1841 г., rue du Foin St. Jacques 22 [59]

Любiмы спадар Iгнат, я пiсаў табе 9га мiнулага кастрычнiка, я хацеў бы, каб ты гэты лiст атрымаў ужо пасля прачытання першага, таму як гэты быў бы для цябе больш зразумелым. У тым лiсце я даносiў табе, што ў першых днях жнiўня Тавянскi, што прыбыў у Парыж, з’явiўся да Мiцкевiча, старэйшага Сабанскага [60] i Антонiя Гарэцкага [61], гаворачы, што атрымаў мiсiю да Эмiграцыi ад Бога i што па яго загадзе з’яўляецца да iх, каб яны дзейнiчалi сумесна. Гэтыя спадары паверылi, пачалi, беручы на сябе адказнасць, запэўнiваць, што хутка мы вяртаемся ў Польшчу, не гаворачы адразу ўсiм эмiгрантам, на якiм абапiраюцца фундаменце, сцвярджаючы гэта. Аднак хутка i крынiца гэтай навiны разышлася, а Мiцкевiч нарэшце друкаваным лiстом заклiкаў палякаў, што знаходзiлiся ў Парыжы, на падзячнае набажэнства за гэтую абвешчаную Богам ласку [62]. На iмшы сакраментальна прамаўлялi Мiцкевiч i Тавянскi, а пасля набажэнства Тавянскi публiчна абвясцiў пра сваю мiсiю сабраным у касцёле палякам. Некаторыя паверылi ў гэта, а асаблiва рэлiгiйныя людзi, але не ўсе, напрыклад, Цэзар Плятэр [63] не паверыў, таксама засталася з недаверам маса арыстакратаў i дэмакратаў, а гэтыя апошнiя ў сваiх газетах здзеквалiся i абуралiся гэтым. У Мiцкевiча ж, аднак, вера была настолькi моцнай, што ён ездзiў у Цэнтральны Камiтэт Дэмакратычнага Таварыства, якi цяпер з Пуацье пераехаў у Версаль [64], каб з iм дамовiцца наконт гэтага, але нiчога ў iх не дабiўся. Прыкладна ў гэты час Гарэцкi адышоў ад гэтай справы, таму як перастаў верыць у праўдзiвасць гэтай мiсii пры абмеркаваннi брашуры, якую Тавянскi пасля iмшы ў касцёле паабяцаў хутка надрукаваць. Пры гэтым абмеркаваннi Тавянскi саступiў са свайго паводле заўвагi, зробленай Мiцкевiчам, — размова была пра рэдакцыю гэтага твора, — што прымусiла Гарэцкага зрабiць заўвагу пра тое, што калi Тавянскi мае мiсiю ад Бога, то тое, што ён раней напiсаў, павiнна застацца i не змяняцца паводле жадання Мiцкевiча, таму як Гасподзь Бог не памыляецца i не папраўляецца; а таму як Тавянскi прыняў прапанаваную змену, то Гарэцкi зрабiў выснову, што Тавянскi не мае мiсii ад Бога, i адышоў ад усёй справы, пра што таксама сказаў усiм знаёмым [65]. У той час, калi ўсё гэта адбывалася, Вiтвiцкi [66] быў на поўднi на мiнеральных водах, яму Мiцкевiч пiсаў адразу пра гэта, таксама як i табе пра гэтую навiну. Вiтвiцкi паверыў, пайшоў на споведзь там, дзе быў, i на гэтую iмшу запрасiў знаёмых рэлiгiйных палякаў, i праз некалькi тыдняў прыбыў у Парыж. Прыбыўшы сюды, ён заўважыў у размовах з Мiцкевiчам, што той аддаляецца ад вучэння касцёла, а на зробленыя заўвагi Вiтвiцкага Мiцкевiч адказваў, што перакананы, што тое, што гаворыць, беспамылковае. Гэтыя пункты, як мне распавядаў Вiтвiцкi, наступныя: што Хрыстос да Бога Айца знаходзiцца ў такiх жа адносiнах, як губернатар да Караля; таму гэта супярэчыць вучэнню касцёла, паводле якога асобы Троiцы з’яўляюцца цалкам роўныя памiж сабой. Апрача гэтага, яны лiчаць, што сярод святых, прызнаных касцёлам, ёсць некаторыя праклятыя, гэтыя найбольш сурова катуюцца малiтвамi, якiя да iх звяртаюць людзi на зямлi; гэта таксама працiўна традыцыi, бо Бог даў беспамылковасць свайму касцёлу, i таму ён не мог памылiцца i праклятых прызнаць святымi. Таксама Вiтвiцкi гаворыць, што з размовы з Мiцкевiчам бачыць, што той прытрымлiваецца думкi, як быццам душы дзяцей, што памiраюць без хросту, могуць быць збаўленыя, яшчэ што Найсвяцейшая Панна не была ўзята на неба, а да гэтага часу жыве на зямлi. Вiтвiцкi мяркуе, што Мiцкевiч i Тавянскi ашуканыя гэтым духам, i перастаў верыць ва ўсё гэта. Калi я заўважыў яму, што, спадар Iгнат, будучы аднабакова i няпоўна паведамлены Мiцкевiчам, ты можаш зрабiць крокi, якiя цяжка было б выправiць, Вiтвiцкi заявiў, што трэба паведамiць табе пра ўсё. Я заклiкаў яго, каб ён зрабiў гэта сам, але ён не хацеў зрабiць гэтага, тлумачачы гэта прычынай, што лiст, якi ты пiсаў яму, пасылаючы Разважаннi Святой Тарэзы над малiтвай «Ойча Наш», быў дзесьцi згублены Мiцкевiчам падчас яго знаходжання на поўднi, i што ён не ведае, на што павiнен адказваць, i таму на мяне, любiмы спадар Iгнат, ён усклаў гэты абавязак, дазваляючы яго крэдытам запэўнiць цябе ў гэтым. Канечне, я сам Мiцкевiча не бачыў амаль тры месяцы i пакуль у размове я яшчэ не заўважаў нiчога ерэтычнага. Я ў гэтай справе толькi справаздатчык таго, што мне паведамiў Вiтвiцкi. Учора я бачыў Махвiца [67], казаў яму, што пiшу табе, ён прасiў кланяцца. У яго ёсць хворы калега Палубiнскi [68], той, хоць незнаёмы, таксама абдымае цябе, што i я раблю ад усяго сэрца. Валерыян Халхоўскi.

II
Лiст Фелiкса Уратноўскага да Юзафа Багдана Залескага
[69]
ад 12 студзеня 1842 г. [70]

Парыж, 12 студзеня 1842
8. passage des Beaux Arts

Любiмы Багдане! Адам увесь час са сваёй кафедры прамаўляе незвычайна прыгожыя i мудрыя рэчы [71], а ўсё гэта амаль на вецер перад малой групкай слухачоў. Шкада гэтых словаў! Мы ўвесь час думаем над тым, як бы хоць урывак з iх замкнуць у друку i данесцi непрысутным землякам. Нашыя жаданнi шмат з якiх старон падахвочваюцца лiстамi да рэдакцыi Нацыянальнай Газеты, але нiхто не з’яўляецца з так патрэбнай дапамогай. Уладзiслаў [Плятэр] адважыўся, урэшце, сваёй кiшэняй пакрыць увесь кошт, а я за ўзнагароду, якая ледзьве вяртае выдаткi на свечы, дрэва i тытунь падчас гэтай працы. Мы будзем даваць да кожнага нумара газеты паўаркушавы дадатак, прысвечаны выключна курсу славянскай лiтаратуры. Ад Адама мы маем выразны i канчатковы дазвол. Таму справядлiва, каб землякi, якiя могуць, хоць бы часткова прынеслi нам палёгку. Усяго Яўстах [Янушкевiч] налiчыў 1200 франкаў на ўвесь гэты намер, але можна спадзявацца на вяртанне ледзьве чвэрцi накладу ад падпiсчыкаў i продажу. Таму як Ты выказваў спадзяванне, што мог бы назбiраць якую-небудзь складку, я звяртаюся да Цябе з просьбай, каб Ты паварушыў свае спружыны i ў меры, як Табе дапаможа Бог, аблегчыў цяжар, якi цяпер нясе толькi Уладзiслаў Плятэр. Варта падтрымлiваць яго шляхетную гатоўнасць да падобных ахвяр. Няхай у яго будзе хоць бы тая радасць, што iншыя гатовыя ацэньваць яго добрыя памкненнi i спяшацца яму на дапамогу. Што здолееш назбiраць, прышлi альбо проста яму, альбо на рукi Яўстаха. Мяне ж заўжды захоўвай у сяброўскай памяцi, ад чаго я буду багатым i рады наймацней. Цябе i Юзафа [72] сардэчна абдымаю.

Ваш
Фелiкс Уратноўскi

III
Артыкул
«Курс славянскай лiтаратуры. Лекцыя 19 сакавiка [1844 г.].
Дэкларацыя Спадара Мiцкевiча. — Прысяга тавянчыкаў»
[73]

На мiнулай лекцыi, 12 бягучага месяца, Спадар Мiцкевiч паабяцаў, што будзе размаўляць пра Слова (du Verbe), таму ўсё, што паабяцаў, схiлялася да тлумачэння таго, што ёсць слова i хто ёсць словам цяперашняй эпохi. Лекцыя скончылася дэкларацыяй Спадара Мiцкевiча i прысягай прыхiльнiкаў Тавянскага [74]. «…На мяжы дзвюх эпох, я казаў, з’яўляюцца людзi, абвяшчальнiкi, якiя агалошваюць заняпад таго, што ёсць, разрыў са старым жыццём, са старым парадкам, якi памiрае, i смелае ўступленне ў новае жыццё. Гэтыя абвяшчальнiкi [75] церпяць звычайна пераслед ад людзей мiнуўшчыны, ад людзей нiзкiх i нікчэмных, якiя не могуць iх зразумець, цягнуць iх у мiнуўшчыну, якую бароняць, бо для iх важна тое, каб нiчога не перашкаджала спакойнаму выкарыстанню таго, што iснуе, што яны лiчаць сваёй уласнасцю i сваiм шчасцем. Не для iх абвяшчальнiкi разносяць свае вучэннi, не да iх звяртаюцца. Iiсус Хрыстос не абвяшчаў сваё вучэнне нi грэцкiм навукоўцам, нi рымскiм сафiстам, нi шчаслiвым людзям; ён абраў для яго народ нешчаслiвы, якi не меў свайго iснавання i цярпеў рымскую няволю. Хрыстос шукаў сваiх вучняў сярод пакутнiкаў, бо толькi пакутнiкi ў стане зразумець тыя iсцiны, якiя iм абвяшчаюць пра лепшую будучыню. Сярод народаў славянскi народ пакутуе сёння найбольш, а сярод славянаў — польскi народ. Польшча, сцертая з карты Еўропы, не мае сёння анiчога, у яе адабралi ўсё. Польшча не з’яўлялася вам [76] нi ў выглядзе кнiг, нi сiстэм. Вы бачылi яе сярод сябе цi ў выглядзе легiёнаў, цi саюзных палкоў [77]. У апошнiя часы частка польскага народа прыйшла да вас, не несучы нi кнiг, нi сiстэм; прыйшла да вас у пакутах, з болем i ў выглядзе жабрака, так, як прыходзiць на свет кожная вялiкая iсцiна. Эмiграцыя нiчога не мае, яе нiчога не прывязвае да зямлi, менавiта таму спачатку сярод яе расквiтнее абвешчаная iсцiна i ад яе разыдзецца сярод iншых пакутнiкаў. Я, што паходжу з яе i што прамаўляю да вас, не тлумачу вам нiякiх нi кнiг, нi сiстэм, але агалошваю вам новае жыццё, абвешчаную iсцiну. Калi мне даручылi яе агалошанне, я адчуў у сябе тое шчасце, пра якое нiколi не забудуся, якое не выдзярэ з мне анiякая людская моц, яно захаваецца на ўсё маё жыццё, на ўсе мае жыццi. Калi б iскра, агонь якой той жа прыроды, што i агонь сонца, хацела спазнаць велiч яго таямнiцы, унiкнуць у прадметы i ўласцiвасць яго вышэйшага прызначэння, чаго б яна дасягнула, калi б не выйшла з нікчэмнага стану? Але калi гэтая iскра, увесь час павялiчваючыся, стане святлом, новай зоркай i заблiшчыць на небе, о! тады ёй будзе дазволена зiрнуць у твар сонцу i ўнiкнуць у яго натуру. Я — адна з гэтых iскр, — тут прафесар прыняў урачыстую позу, — iншаму пакiнута ўзнясенне да святла сонца, маё прызначэнне — агалошваць вам абвешчаную iсцiну i рабiць тое, што ў маёй моцы. Таму я заклiкаю ўсiх маiх землякоў добрай волi, хай скажуць, цi прызнаюць гэтую абвешчаную iсцiну? Так цi не?». — Усе тавянчыкi i некалькi маладых французаў, устаўшчы, закрычалi з узнятымi рукамi, як мы гэта бачым на карцiнах прысягi Гарацыяў: «Так, так, прызнаем». — «Цi прызнаеце мяне сведкам гэтага абвешчання?» — «Прызнаем, прызнаем», — закрычалi хорам з найвышэйшым энтузiязмам, i адзiн з iх штосьцi казаў з запалам Мiцкевiчу, чаго мы не маглi пачуць. Усе селi. Падчас гэтага некаторыя жанчыны прыглушана плакалi. Адна маладая францужанка, што сядзела каля кафедры, устала i, склаўшы рукi, як для малiтвы, i трымаючы iх на вышынi галавы, стаяла, павярнуўшыся да прафесара, якi далей прамаўляў цiшэй, чым да гэтага, з-за чаго мы пачулi толькi гэтыя заключныя выразы: «Браты мае! Вы бачылi сярод вас гэтага абвяшчальнiка. Прысягаеце мне, што пойдзеце за iм?» — «Так, так, пойдзем, хоць на раскрыжаванне!» — «Маё прызначэнне выканана», —дадаў прафесар, якi таксама кожны раз, калi тавянчыкi прысягалi, трымаў руку выкiнутай наперад. Палякi i iншаземцы, якiя не былi падрыхтаваны да гэтай сцэны, глядзелi на ўсё гэта здзiўленыя i ў аслупяненнi, i калi Спадар Мiцкевiч пакiнуў залу, адныя пачалi выходзiць натоўпам, iншыя атачылi аднаго з нашых землякоў, не тавянчыка, якi, выходзячы ва ўзрушэннi, упаў, i тую маладую францужанку, якая да гэтага стаяла, усхлiпваючы пацiху, а цяпер упала на лаву i пачала гучна рыдаць. Мы расцягнулiся з апiсаннем гэтай лекцыi з-за яе важнасцi. Секта Тавянскага, якая да гэтага часу вычваралася сваiмi дзiвацтвамi прыватна, выразна выступiла перад французскай публiкай з усiм сектанскiм запалам. З «Бяседы», пераклад якой на французскую мову выйшаў, а таксама з таго, што Спадар Мiцкевiч прамаўляў да гэтага часу з кафедры, iншаземцы пераканаюцца, чым ёсць новая секта. Што будзе далей i чым усё гэта скончыцца, мы хутка ўбачым.


Спасылкі:

  1. Пра бiяграфiю Андрэя Тавянскага i сэнс яго вучэння гл.: Szpotański S. Andrzej Towiański: Jego życie i nauka. Warszawa: Wydawnictwo Kasy im. Mianowskiego, 1938. 295 s.; Kalembka S. Wielka Emigracja. 1831–1863. Wyd. II. Toruń, 2003. S. 271–286; i iнш. На беларускай мове ў агульных рысах пра яго вучэнне гл.: Матвейчык Дз. Мiхал Ходзька (1808–1879): паўстанец, эмiгрант, лiтаратар // …Пачуць, як лёсу валяцца муры: Памяцi Генадзя Кiсялёва. Мінск: Лiмарыус, 2010. С. 232–233.
  2. Гл. нiжэй.
  3. Гл.: Skowronek J. Adam Jerzy Czartoryski. Warszawa, 1994. S. 344. Пра крытыку Плятэрам А. Чартарыскага гл. зноску 44.
  4. Пра багацце сабраных у музеi матэрыялаў сведчаць каталогi расперсвiльскiх збораў: Katalog zbiorów Mickiewiczowskich znajdujących się w Muzeum Narodowem w Rapperswylu. Kraków, 1898; Lewak A. Zbiory biblioteki rapperswilskiej. T. 1–2. Warszawa, 1929. Пра пасляваенныя страты гл.: Lewak A. Straty biblioteki rapperswilskiej w zbiorach rękopiśmiennych // Straty bibliotek i archiwów warszawskich w zakresie rękopiśmiennych źródeł historycznych. T. 3. Warszawa, 1955.
  5. Падрабязней пра бiяграфiю Уладзiслава Плятэра i Польскi Нацыянальны музей у Раперсвiлi гл.: Мацвейчык З. Уладзiслаў Плятар i Раперсвiльскi музей // Спадчына. 2003. № 4–5. С. 29–38.
  6. Hoffman K.-B. Pamiętnik z emigracji / wyd. E.-H. Nieciowa // Rocznik biblioteki Polskiej Akademii Nauk w Krakowie. 1966. R. 12. S. 258, 318, 332.
  7. Kopczyński P. Dziennik z lat 1831–1834 // Biblioteka Polska w Paryżu (далей — BPP). Rkps. 413. S. 181.
  8. Ibid. S. 183.
  9. Невядома, што за «камiсiя» маецца на ўвазе. У пратаколах паседжанняў ТЛРЗ адсутнiчаюць звесткi пра якую-небудзь камiсiю, якая павiнна была займацца складаннем спiса прамоўцаў i адборам iх прамоў. У пратаколе ад 1 лютага 1832 г. маецца толькi наступная фраза: «…большасцю галасоў складанне парадку святкавання пакiнута ў распараджэнне двух старшыняў i двух радцаў аддзелаў». Тут жа варта дадаць, што напярэдаднi святкавання на паседжаннi 24 сакавiка 1833 г. старшыня называў Уладзiслава Плятэра як планаванага выступоўцу, i нi ў кога з прысутных пратэстаў гэта не выклiкала [Biblioteka Narodowa (далей — BN). Rkps II.7871. Odpisy dokumentów Towarzystwa Litewskiego i Ziem Ruskich z lat 1831–1836. K. 201, 202].
  10. Ibid. S. 202. Вынiкам гэтай дыскусii стала тое, што прамовы, сказаныя на гэтым паседжаннi, так i не былi надрукаваны, з-за чаго iх змест да гэтага часу невядомы.
  11. Niemcewicz-Ursyn J. Dzienniki. 1839–1841 / red. nauk. Rusinowa I. Pułtusk: ASPRA-JR, 2008. S. 19.
  12. Пра жыццё i дзейнасць Я. Янушкевiча гл.: Матвейчык Д. Ч. Браты Янушкевiчы i тавянiзм: складаныя шляхi эмiграцыi // Асоба i час: Беларускi бiяграфiчны альманах. Вып. 2. Мінск: Лiмарыус, 2010. С. 115–129; Янушкевiч Я. Успамiны (1805–1831) / уклад., пер. з пол. мовы, уступ. арт., камент., паказ. В. В. Гарбачовай. Мінск: Лiмарыус, 2011; Lewak A. Januszkiewicz Eustachy // Polski słownik biograficzny. T. 10. Wrocław, etc., 1963. S. 595–597.
  13. BN. Rkps. II.7871. K. 1, 33, 134–136.
  14. Ibid. K. 202–203. Мiцкевiч пасля гэтага паседжання ў газеце «Польскi пiлiгрым» змясцiў свой артыкул «Пра паседжанне Таварыства Лiтоўскага i Рускiх Зямель i пра канстытуцыю паўстанцаў» [Mickiewicz A. O posiedzeniu Towarzystwa Litewskiego i Ziem Ruskich i o konstytucji powstańców // Mickiewicz A. Dzieła wszystkie / wyd. T. Pini i M. Reyter. T. 9. B.d. S. 11–14]. Пра паседжанне 25 сакавiка 1833 г. гл. таксама вышэй.
  15. Gadon L. Z życia Polaków we Francji. Rzut oka na 50-letnie koleje Towarzystwa Historyczno-Literackiego w Paryżu. 1832–1882. Paryż, 1883. S. 121, 123.
  16. Mickiewicz A. Dzieła. T. 15. Listy. Cz. II / opr. S. Pigoń. Warszawa, 1955. S. 107.
  17. Ibid. S. 106.
  18. Ibid. S. 220, 477.
  19. Цыт. паводле: Mickiewicz W. Żywot Adama Mickiewicza podług zebranych przez siebie materyałów oraz z własnych wspomnień. T. 3. Poznań: W drukarni Dziennika Poznańskiego, 1894. S. 34–36.
  20. Гл.: Mickiewicz A. Dzieła. T. 15. S. 385.
  21. Dziennik Narodowy. № 1. 4 kwietnia 1841. S. 3. Курс, якi чытаў Мiцкевiч, будучы прафесарам i загадчыкам кафедры славянскай лiтаратуры ў Французскiм каледжы, меў дзве лекцыi на тыдзень — у аўторак i пятнiцу.
  22. Dziennik Narodowy. № 45. 5 lutego 1842. S. 182.
  23. Гл. дадатак II.
  24. Mickiewicz A. Dzieła. T. 15. S. 385–386, 394, 463, 469.
  25. Гл.: Sudolski Z. Mickiewicz: opowieść biograficzna. Warszawa: Ancher, 1998. S. 505–507.
  26. Паводле сцверджання біёграфа Мiцкевiча Збiгнева Судольскага са спасылкай на сведчанне Яна Казьмяна, Плятэр у 1841 г. таксама стаў адэптам Тавянскага [Sudolski Z. Mickiewicz… S. 510], аднак гэта выклiкае вялiкiя сумневы. Нi ў якiх успамiнах i карэспандэнцыi тавянчыкаў i сучаснiкаў Плятэр не выступае як прыхiльнiк новага вучэння [гл., напрыклад, дзённiк Севярына Гашчынскага цi карэспандэнцыю Мiцкевiча: Goszczyński S. Dziennik Sprawy Bożej / opr. Z. Sudolski i in. T. 1–2. Warszawa: Instytut Wydawniczy Pax, 1984; Mickiewicz A. Dzieła. T. 15. Warszawa, 1955].
  27. Dziennik Narodowy. № 70. 30 lipca 1842. S. 282.
  28. Dziennik Narodowy. № 89. 10 grudnia 1842. S. 358.
  29. Dziennik Narodowy. T. 1–2. 1841–1843. №№ 28, 37, 65–68, 70, 78–79, 82, 94 i iнш.
  30. Orzeł Biały. № 45. 25 września 1841; Demokrata Polski. 30 września 1841. S. 89–91; Trzeci Maj. 29 września 1841.
  31. Dziennik Narodowy. № 1. 1 kwietnia 1841. S. 1.
  32. Dziennik Narodowy. № 105. 6 kwietnia 1843. S. 423. Гл. таксама дадатак I.
  33. Mickiewicz W. Żywot Adama Mickiewicza… T. 3. S. 178.
  34. Пра ўчынак Т. Мiрскага гл. нiжэй.
  35. Гэта апошняе вядомае знаходжанне Мiцкевiча ў жытле У. Плятэра. Гл.: Goszczyński S. Dziennik Sprawy Bożej… T. 1. S. 59. Падобны сход 27 сакавiка 1843 г. адбыўся ў жытле Мiцкевiча. На iм прысутнiчалi пераважна прыхiльнiкi Тавянскага, аднак былi i некалькi пабочных асоб. На гэтым сходзе ў Мiцкевiча быў падпiсаны адрас, якi асуджаў учынак Мiрскага. Плятэр, якi там прысутнiчаў, адрас не падпiсаў i як своеасаблiвы адказ склiкаў сход у сябе [гл.: Mickiewicz A. Dzieła. T. 15. S. 541].
  36. Падрабязней пра Згуртаванне ўваскрэшанцаў гл.: Smolikowski P. Historia Zgromadzenia Zmartwychwstania Pańskiego. T. 1–4. Kraków, 1892–1896.
  37. Семяненка Пётр (1814–1886) — удзельнiк лiстападаўскага паўстання, эмiгрант у Францыi, адзiн з першых сябраў ПДТ. У 1837 г. распачаў тэалагiчную адукацыю ў Рыме, прыняў сан. У 1842 г. выступiў сузаснавальнiкам Згуртавання ўваскрэшанцаў. Рэлiгiйны пiсьменнiк, гарачы працiўнiк тавянiзму [гл.: Goszczyński S. Dziennik Sprawy Bożej… T. 2. S. 481].
  38. Dziennik Narodowy. № 106. 6 kwietnia 1843. S. 423.
  39. Dziennik Narodowy. № 107. 15 kwietnia 1843; № 109. 29 kwietnia 1843.
  40. Szpotański S. Andrzej Towiański… S. 188.
  41. Халхоўскi Валерыян (1811–1872) — ураджэнец Барысаўскага пав., удзельнiк паўстання 1830–1831 гг. у складзе 13-га палка ўланаў, эмiгрант; дзякуючы веданню 10 моў шматгадовы чыноўнiк у Францыi; адзiн з заснавальнiкаў Падатковага згуртавання [гл.: Bielecki R. Słownik biograficzny oficerów powstania listopadowego. T. 3. Warszawa, 1998. T. 1. S. 285]. У эмiграцыi 30 гадоў лiставаўся з Iгнатам Дамейкам, яго 40 лiстоў за 1841–1871 гг. захоўваюцца ў зборах Iгната Дамейкi ў Музеi Адама Мiцкевiча ў Парыжы [Muzeum Adama Mickiewicza (далей — MAM). Rkps. 1018. Rękopisy z lat 1831–1888. Pisma i listy do Ignacego Domeyki. Walerian Chełchowski. (у рукапiсе адсутнiчае нумарацыя аркушаў)].
  42. List Waleriana Chełchowskiego do Ignacego Domeyki z 9 maja 1843 // MAM. Rkps. 1018. Rękopisy z lat 1831–1888. Pisma i listy do Ignacego Domeyki.
  43. Demokrata Polski. — 7 сzerwca 1843.
  44. Плятэр хоць i належаў да кансерватыўнага лагера ў эмiграцыi, аднак быў сярод апазiцыйных А. Чартарыскаму яго прадстаўнiкоў. Дайшло нават да таго, што ў адным са сваiх нумароў «Нацыянальная газета» абрынулася з вялiкай крытыкай на князя i яго прыхiльнiкаў. У артыкуле «Становiшча дынастычнай партыi — Вераадступнiцтва некаторых дынастытчыкаў» напiсана: «На чале яе (кансерватыўнай партыi. — Д. М.) стаiць палiтычна памерлы старац (А. Чартарыскi. — Д. М.), якiм кiруюць некалькi авантурных i пыхлiвых чалавек» [гл.: Dziennik Narodowy. № 105. 1 kwietnia 1843. S. 419].
  45. Mickiewicz W. Żywot Adama Mickiewicza… T. 3. S. 232.
  46. Тэрмiн «славянiн» набывае ў эмiграцыi негатыўны сэнс пасля ўчынку Тэафiла Мiрскага, якi ў 1842 г. у эмiграцыi публiчна абвясцiў, што прымае праваслаўе i царскую амнiстыю, а таксама выказаўся за iдэю панславiзму, дзе павiнна мець пяршынства Расiя. Гэта быў хiба што не адзiны выпадак, калi ўсе без выключэння палiтычныя лагеры i групы эмiграцыi выступілі з глыбока негатыўнай крытыкай.
  47. Да таго як адправiцца ў эмiграцыю, Тавянскi служыў сакратаром Вiленскага земскага суда.
  48. Dziennik Narodowy. № 110. 6 maja 1843. S. 441.
  49. Пра гэты ж выпадак гл. дадатак I.
  50. Dziennik Narodowy. № 114. 3 czerwca 1843. S. 456.
  51. Гл. дадатак III.
  52. Dziennik Narodowy. № 206. 15 marca 1845. S. 826.
  53. Пац Людвiк (1778–1835) — генерал, удзельнiк напалеонаўскiх войнаў i паўстання 1830–1831 гг., эмiгрант у Францыi [Bielecki R. Słowbik… T. 3. S. 256].
  54. Ibid.
  55. Dziennik Narodowy. № 210. 12 kwietnia 1845. S. 844.
  56. Гл.: Матвейчык Д. Браты Янушкевiчы i тавянiзм: складаныя шляхi Вялiкай эмiграцыi // Асоба i час: беларускi бiяграфiчны альманах. Мінск: Лiмарыус, 2010. С. 60–61.
  57. Гл.: Матвейчык Д. Мiхал Ходзька… С. 238–239.
  58. MAM. Rkps. 1018. Rękopisy z lat 1831–1888. Pisma i listy do Ignacego Domeyki. Walerian Chełchowski.
  59. Падкрэслена ў арыгiнале.
  60. Сабанскi Iзыдар (1796–1847) — памешчык з Падолля, у паўстаннi падпаручнiк 5-га палка ўланаў, у эмiграцыi жыў у Францыi, добры знаёмы Мiцкевiча; адзiн з першых прыхiльнiкаў вучэння Тавянскага, аднак заставаўся iм нядоўга [Goszczyński S. Dziennik Sprawy Bożej… T. 2. S. 484].
  61. Гарэцкi Антонi (1787–1861) — ураджэнец Вiльнi, удзельнiк напалеонаўскiх войнаў i паўстання 1830–1831 гг., у эмiграцыi жыў у Францыi; найбольш вядомы ў эмiграцыi паэт i байкапiсец з Лiтвы, аўтар больш як 10 зборнiкаў паэтычных твораў [Ciechanowska Z. Gorecki Antoni // Polski słownik biograficzny. T. 8. Warszawa, etc, 1952. S. 306–309].
  62. Iмша адбывалася ў саборы Парыжскай Божай Мацi 27 верасня 1841 г. Яе апiсанне гл.: Szpotański S. Andrzej Towiański… S. 162–163; Sudolski Z. Mickiewicz… S. 512–513.
  63. Плятэр Цэзар Аўгустын (1810–1862) — ураджэнец Вiльнi, студэнт Вiленскага i Берлiнскага ўнiверсiтэтаў, актыўны ўдзельнiк паўстання 1830–1831 гг., эмiгрант, адзiн з заснавальнiкаў ТЛРЗ, сябра Таварыства навуковай дапамогi, Гiсторыка-лiтаратурнага таварыства i шматлiкiх iнш. У эмiграцыi вядомы сваёй рэлiгiйнасцю, меў дачыненне да пачаткаў Згуртавання ўваскрэшанцаў. У 1838–1840 гг. з’яўляўся прадстаўнiком кн. А. Чартарыскага ў Рыме [Bielecki R. Słownik… T. 3. S. 302; Kieniewicz S. Plater Cezary Augustyn // Polski słownik biograficzny. T. 26. S. 649–652; Żywczyński M. Watykan wobec powstania listopadowego. Wyd. II. Kraków, 1995. S. 123–124].
  64. Маецца на ўвазе Цэнтралiзацыя Польскага дэмакратычнага таварыства, якая ў 1841 г. змянiла месца свайго сталага знаходжання i пераехала з мяст. Пуацье дэп. В’ен пад Парыж у Версаль [гл.: Janowski J. N. Notatki autobiograficzne. 1803–1853 / wyd. M. Tyrowicz. Wrocław, 1950. S. 570]. Факт спробаў Мiцкевiча схiлiць яе да супрацоўнiцтва з Тавянскiм не згадваецца ў бiяграфii Мiцкевiча аўтарства З. Судольскага.
  65. Выпадак з адыходам Антонiя Гарэцкага ад вучэння Тавянскага быў апiсаны таксама ў № 114 «Нацыянальнай газеты» ад 3 чэрвеня 1843 г. (с. 456).
  66. Вiтвiцкi Стэфан (1801–1847) — паэт, сябра Мiцкевiча, з 1832 г. добраахвотна жыў у эмiграцыi ў Францыi [Goszczyński S. Dziennik Sprawy Bożej… T. 2. S. 496].
  67. Вiдавочна, маецца на ўвазе Махвiц Адам (1811–1842) — ураджэнец Вiлькамiрскага пав., студэнт Вiленскага ўнiверсiтэта, удзельнiк паўстання 1830–1831 гг., эмiгрант у Францыi, сябра ПДТ, якi ў апошнi перыяд жыцця жыў у Парыжы [Bielecki R. Słownik… T. 3. Warszawa, 1998. S. 83].
  68. Вiдавочна, маецца на ўвазе Палубiнскi Францiшак — падпаручнiк 13-га палка ўланаў, якi пасля паўстання апынуўся ў Прусii [Bielecki R. Słownik… T. 3. S. 318].
  69. Залескi Юзаф Багдан (1802–1886) — паэт, удзельнiк паўстання 1830–1831 гг., сурэдактар газеты «Новая Польшча»; з 1832 г. жыў у эмiграцыi, сузаснавальнiк i дзеяч Славянскага таварыства, арганiзацыi «Маладая Польшча», уваходзiў у склад Польскага дэмакратычнага таварыства, сябра А. Мiцкевiча [Goszczyński S. Dziennik Sprawy Bożej… T. 2. S. 498].
  70. Biblioteka Jagiełłońska. Rkps. 9232 II. Korespondencja Józefa Bohdana Zaleskiego z lat 1823–1886. Odpisy listów. XIX–XX w. K. 135–136.
  71. Маюцца на ўвазе лекцыi па славянскай лiтаратуры.
  72. Залескi Юзаф (1789–1864) — названы брат Юзафа Багдана Залескага, удзельнiк напалеонаўскiх войнаў, паўстання 1830–1831 гг., канспiрацыйных арганiзацый у Галiцыi, экспедыцыi Залiўскага i паўстання ў Велiкапольшчы ў 1848 г.; у эмiграцыi жыў у Францыi [Goszczyński S. Dziennik Sprawy Bożej… T. 2. S. 498–499].
  73. Dziennik Narodowy. № 155. 23 marca 1844. S. 621–622.
  74. Увесь артыкул, за выключэннем першых двух i апошнiх трох абзацаў, складаецца з цытаты, якую яго аўтар укладае ў вусны Мiцкевiча i якая напiсана ад яго iмя.
  75. Выразная паралель з А. Тавянскiм.
  76. Зварот да французскай публiкi, якая пераважна наведвала лекцыi.
  77. Маюцца на ўвазе польскiя легiёны на службе ў французскiм войску падчас напалеонаўскiх войнаў i палкi Княства Варшаўскага, што таксама ваявалi на баку Напалеона ў 1807–1814 гг.

Апублікавана ў: Асоба і час. Беларускі біяграфічны альманах. – Вып. 4. – Мінск: Лімарыус, 2011. – С. 41–57.

Автор статьи: 
Матвейчык Дзмітрый Часлававіч
Ученая степень и звание: 
кандыдат гістарычных навук
Должность: 
загадчык аддзела публікацыі дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі