Канфірмацыя як спецыфічны від крыніцы па гісторыі паўстання 1863–1864 гг. (на падставе матэрыялаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі)

Паўстанне 1863–1864 гг. на землях Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны здаўна выклікае вялікую ўвагу айчынных і замежных даследчыкаў. Колькасць навуковых прац (артыкулаў і манаграфій) на дадзеную тэму на сённяшні дзень налічвае дзясяткі тысяч бібліяграфічных пазіцый. Вобразы і сімвалы паўстання застаюцца папулярнымі ў айчыннай публіцыстыцы, што яскрава праявілася ў сувязі са 150-гадовым юбілеем паўстання, які нядаўна шырока адзначаўся ў навуковых і грамадскіх колах. Аднак адзначаны юбілей разам з усімі дасягненнямі айчыннай гістарыяграфіі ў распрацоўцы праблематыкі паўстання прадэманстраваў недастатковую ўвагу менавіта да крыніц, як рукапісных, так і апублікаваных, на падставе якіх магчыма весці даследаванні. Гэта ў сваю чаргу вядзе да няпоўнасцей, недакладнасцей у пададзеных да агульнага ведама працах, а часам і проста памылак у ацэнках ці паказе падзей. Своеасаблівым адказам на падобную сітуацыю стаў выхад у 2013 г. манаграфіі кандыдата гістарычных навук Алены Фірыновіч, прысвечанай агляду і аналізу крыніц з айчынных сховішчаў па гісторыі паўстання, у якой пералічаны сотні архіўных спраў, чым робіцца значны ўклад у пашырэнне кола вядомых даследчыкам дакументаў [10]. Аднак у межах адной манаграфіі немагчыма вызначыць спецыфіку кожнага віду крыніц і раскрыць яго інфармацыйны патэнцыял. Адпаведна і канфірмацыя не была вынесена на разгляд як асобны від крыніцы, як і дзясяткі іншых. Яна ў манаграфіі прысутнічае толькі ў шэрагу іншай судова-следчай дакументацыі як «выніковыя матэрыялы следства (заключэнні следчай камісіі і ваенна-палявога аўдытарыяту» [10, с. 61]. Аднак, аналіз матэрыялаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (далей – НГАБ) па гісторыі паўстання паказвае, што канфірмацыя паводле спецыфікі паходжання і інфармацыйнай насычанасці варта быць разгледжана як асобны своеасаблівы від крыніцы.

Канфірмацыя (ад лац. «confirmatio» – умацаванне, зацвярджэнне, пасведчанне) – складаная крыніца, якая ўяўляе сабой вынік усіх следчых і судовых мерапрыемстваў, праведзеных расійскімі органамі ў адносінах той ці іншай асобы альбо іх групы, з вызначэннем яе/іх далейшага лёсу. Яна мае працяглы перыяд свайго з’яўлення, вызначаны спецыфікай следчай і судовай вытворчасці па справах асоб, што мелі дачыненне да паўстання. У скарочаным выглядзе яна, на тэрыторыі, што ўваходзіла ў склад Віленскай вайсковай акругі (пераважна землі цяперашніх Беларусі і Літвы, часткова – сумежныя тэрыторыі Польшчы, Латвіі, Расіі і Украіны), выглядала наступным чынам.

Калі да расійскіх улад паступалі звесткі пра тое, што нейкая асоба падазраецца ва ўдзеле (дачыненні, спачуванні, дапамозе і інш.) у паўстанні, у канцылярыі ваеннага (ваеннага губернатара, ваеннага начальніка павета або стана) ці цывільнага (губернатара, павятовага страпчага і інш.) чыноўніка ці органа праўлення на пэўнай тэрыторыі (губернскага ці павятовага паліцэйскага праўлення) заводзілася асобная справа. У далейшым падобныя справы канцэнтраваліся ў следчых камісіях у павятовых і губернскіх гарадах, але маглі весціся і паралельна ў розных установах. Пасля заканчэння следства камісіі са сваімі заключэннямі падавалі справы мясцовым губернатарам, якія вызначалі лёс асоб, пераважна – вызваліць ці аддаць пад палявы ваенны суд. У апошнім выпадку справа перадавалася ў ваенна-судовыя камісіі, якія дзейнічалі ў кожным губернскім і некаторых павятовых гарадах. Пасля разгляду справы ў ваенным судзе яна ізноў з заключэннем падавалася мясцоваму губернатару, які перасылаў яе на канчатковы разгляд у Палявы ваенны (іншая паралельная назва – Часовы палявы) аўдытарыят пры Штабе войскаў Віленскай вайсковай акругі ў г. Вільню. Аўдытарыят са сваім заключэннем падаваў справу камандуючаму войскамі Віленскай вайсковай акругі, які адначасова з’яўляўся віленскім генерал-губернатарам: з траўня 1863 г. да красавіка 1865 г. – Міхаілу Мураўёву, з красавіка 1865 г. да кастрычніка 1866 г. – Канстанціну фон Каўфману, з кастрычніка 1866 г. да сакавіка 1868 г. – Эдуарду Баранаву. Менавіта гэтым асобам было дадзена права канчаткова зацвярджаць (канфірмаваць) судовыя пастановы з вызначэннем лёсу падсудных. Іх рэзалюцыя на тэксце пастановы Аўдытарыята ператварала дакумент у канфірмацыю, і менавіта так ён у далейшым называўся. Абскарджанню канфірмацыі не падлягалі. У выпадку, калі камандуючых войскамі Віленскай вайсковай акругі (і віленскіх губернатараў) не было ў Вільні, пастановы Аўдытарыята зацвярджалі (канфірмавалі) іх намеснікі («памочнікі») – з ліпеня 1864 г. да красавіка 1865 г. – памочнік віленскага генерал-губернатара Аляксандр Патапаў, з 1864 да лютага 1865 г. – памочнік камандуючага войскамі Віленскай вайсковай акругі Мікалай Крыжаноўскі, у 1865–1866 гг. – намеснік камандуючага войскамі Віленскай вайсковай акругі Захар Манюкін. Апрача гэтага, канфірмацыі маглі выносіць ваенныя начальнікі губерняў, напрыклад канфірмацыю па справе дынабургскага паўстанцкага атрада і яго камандзіра Леана Плятэра выносіў ваенны начальнік Віцебскай губерні Эраст Длатоўскі, а па справе селяніна Сакольскага павета Мацвея Нямоткі – ваенны начальнік Гродзенскай губерні Іван Скварцоў [1, с. 387–398, 505–507]. На працягу 1863–1866 гг. парадак вядзення следчай і судовай вытворчасці неаднаразова мяняўся – закрываліся камісіі ў павятовых, затым у губернскіх гарадах, следчыя і судовыя функцыі перадаваліся ад аднаго органа да другога (ад адной пасады да другой) і да т.п., – аднак агульны шлях стварэння такой крыніцы як канфірмацыя заставаўся прыкладна падобным да вышэй пададзенага.

Менавіта рэзалюцыя адной упаўнаважанай асобы-чыноўніка ператварае канфірмацыю ў спецыфічны від крыніцы. Тут мы маем справу з сітуацыяй, калі ўсе папярэднія дзеянні вялікай колькасці асоб (сябры камісій рознага ўзроўню, павятовыя і губернскія чыноўнікі, аўдытары і шматлікія іншыя) ацэньваліся ўсяго адным чалавекам. І гэты суб’ектывізм моцна праяўляецца ў рэзалюцыях на пастановах Аўдытарыята. Напрыклад, канчатковыя прысуды А. Патапава ў цэлым з’яўляюцца больш мяккімі ў адрозненне ад рэзалюцый М. Мураўёва, якога ён часова замяшчаў. Таксама суб’ектывізм праяўляецца ў аднясенні той ці іншай асобы да пэўнай катэгорыі «палітычных злачынцаў», асабліва ў тых выпадках, калі недакладныя ці расплывістыя фармулёўкі «Правілаў аб парадку накладання спагнанняў на мяцежнікаў і іх саўдзельнікаў» ад 11 траўня 1863 г., якімі павінны былі кіравацца судовыя органы пры вынясенні прысудаў, дапускалі варыянтнасць трактовак і рашэнняў. Галоўным чынам гэта тычылася такіх катэгорый як «саўдзельнікі», «датычныя да паўстання», «памагатыя паўстанцаў» і да т.п., аднак і асоб, якія ўдзельнічалі ў паўстанні непасрэдна («са зброяй у руках»), гэта таксама магло закранаць на тым этапе, калі адбывалася вызначэнне ступені цяжкасці пакарання, напрыклад ссылка на катаргу ці пасяленне, колькасць гадоў ссылкі, месца пасялення (тая ці іншая губерня) і г.д.

Звычайна канфірмацыі мелі наступную структуру. Як правіла, іх загаловак – «Заключэнне Часовага палявога аўдытарыята». Напачатку паведамляецца, ад каго паступіла ваенна-судовая справа на разгляд у Аўдытарыят, напрыклад, – «<…>пададзеную віцебскім губернатарам генерал-маёрам Вяроўкіным<…>» (тут і ніжэй у абзацы падаюцца цытаты з канфірмацыі А. Патапава па справе братоў Мечыслава і Напалеона Антоніевічаў Гумоўскіх ад 3 снежня 1864 г. [6, арк. 8–10; 9, с. 161–163]). Затым запісваліся звесткі пра падсудных з указаннем іх імя, імя па бацьку, прозвішча, узросту і канфесійнай прыналежнасці. Пасля ішла найбольш інфармацыйна насычаная частка – кароткі пераказ сутнасці дзеяння, за якое асобы былі зняволены і аддадзены пад следства і суд, дзе асноўная ўвага (для рэальных удзельнікаў паўстання) звярталася на час, працягласць і абставіны знаходжання ў паўстанцкім атрадзе, удзел у баявых сутычках з расійскімі войскамі, перамяшчэнні з атрадам, час і абставіны зняволення, абавязкова асаблівасці паводзін на следстве і судзе (напрыклад, імкненне схаваць свой удзел у паўстанні ці «шчырыя» паказанні, раскаянне ў сваіх дзеяннях ці адмова ад яго і да т.п.). У наступнай частцы падавалася рашэнне Аўдытарыята наконт невінаватасці ці вінаватасці згаданых асоб, у апошнім выпадку – пра аднясенне іх да той ці іншай катэгорыі «мяцежнікаў» у адпаведнасці з вышэй адзначанымі правіламі ад 11 траўня 1863 г. і аргументацыяй. Заканчвалася гэтая частка фармулёўкай канкрэтнага прысуду, напрыклад: «<…> пазбавіўшы ўсіх асаблівых, асабіста і паводле стану прысвоеных ім правоў і пераваг, саслаць абодвух на жыццё ў Табольскую губерню, а маёмасць, якая ў іх выявіцца альбо ў далейшым будзе належаць ім паводле спадчыны ад бацькоў, на дакладнай падставе 176 артыкула 1 кнігі Ваенна-крымінальнага статута, канфіскаваць у казну <…>». Затым пералічваліся асобы, якія «мелі дачыненне» да справы, з кароткім пераказам сутнасці «дачынення», думкай наконт невінаватасці ці вінаватасці і рэкамендацыяй наконт віду і ступені пакарання – ссылка «адміністрацыйным парадкам», штраф, секвестр маёмасці і г.д. Тэкст, які выходзіў з Аўдытарыята, традыцыйна заканчваўся фразай: «Гэтае заключэнне Часовы палявы аўдытарыят падае на меркаванне камандуючага войскамі Віленскай акругі» (асобныя словазлучэнні маглі мець нязначную варыянтнасць) і датай пастановы.

Пасля Аўдытарыята пастанова паступала ўласна на зацвярджэнне (канфірмаванне) адпаведнай асобе, якая на арыгінале дакумента ставіла сваю рэзалюцыю. Часцей за ўсё камандуючы войскамі ці яго намеснік, зацвярджаючы пастанову, уласнаручна пісаў слова «згодзен» і ставіў дату. З улікам таго, што і Аўдытарыят, і генерал-губернатар (ці намеснік) знаходзіліся ў адным горадзе (Вільні), даты рэзалюцый ад дат пастаноў рэдка адстаюць больш чым на 2 тыдні, а найбольш часта яны знаходзяцца ў прамежку ад 3 да 8 дзён.

Паводле аб’ёму канфірмацыі моцна адрозніваюцца паміж сабой і прама залежаць ад колькасці асоб, якія фігуравалі ў справе. Як правіла, іх было ад адной да пяці-шасці (з улікам тых, што «мелі дачыненне»), але ў рэдкіх выпадках колькасць магла дасягаць некалькіх дзясяткаў. Напрыклад, у канфірмацыі М. Мураўёва ад 18 снежня 1864 г. па справе падрыхтоўкі паўстання ў Полацкім павеце фігуруюць каля 50 асоб [5, арк. 185–199].

Як вышэй сказана, найбольш частай рэзалюцыяй было слова «згодзен», аднак неаднаразова канфірматары змянялі прысуд, змешчаны ў пастанове. Прычым змены маглі ўносіцца ў любую яго частку аж да катэгорыі, да якой была аднесена асоба, і такім чынам – прысуду цалкам. Напрыклад, дваранін Лепельскага павета Клімент Анікевіч пастановай Аўдытарыята ад 27 красавіка 1864 г. быў прызначаны да ссылкі на катаргу на заводах на 4 гады з пазбаўленнем правоў стану і канфіскацыяй маёмасці, аднак канфірмацыяй М. Крыжаноўскага ад 4 траўня 1864 г. пакаранне было зменена ў частцы віду ссылкі і ў канчатковым выглядзе вызначана як «пасяленне ў больш аддаленыя месцы Сібіры» [3]. Змены маглі ўносіцца ў накірунку ўзмацнення пакарання, як, напрыклад, памешчыку Себежскага павета Люцыяну Рыцку, які пастановай Аўдытарыята ад 17 ліпеня 1864 г. прызначаўся да пакідання на радзіме і аддачы на парукі, аднак канфірмацыяй М. Мураўёва ад 19 ліпеня быў асуджаны на ссылку на жыхарства ў Пермскую губерню са спагнаннем узмоцненага грашовага збору з яго маёмасці [4].

Пасля выхаду канфірмацый іх арыгіналы пакідаліся ў справах Аўдытарыята і на сённяшні дзень захоўваюцца ў адпаведным фондзе ў Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве [12]. Для паведамлення ва ўстановы, дзе была зняволена асоба, ствараліся і перасылаліся яе копіі. Менавіта такім чынам у зборы НГАБ трапілі шматлікія копіі канфірмацый па справах асоб, што паходзілі з Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў. Па Мінскай губерні яны захаваліся пераважна ў фондзе Канцылярыі мінскага губернатара (ф. 295), па Віцебскай – у фондах Віцебскага губернскага праўлення (ф. 1416) і Канцылярыі віцебскага грамадзянскага губернатара (ф. 1430), па Магілёўскай – у фондзе Канцылярыі часовага ваеннага губернатара (ф. 3256). На час напісання артыкула іх выяўлена ў фондах НГАБ больш за 50. На кожнай з канфірмацый у правым верхнім куце стаіць грыф «копія» альбо «копія з копіі». У копіях аб’ёмных канфірмацый, дзе фігуравала вялікая колькасць асоб, у некаторых выпадках рабіліся скарачэнні. Як правіла, апускалася частка з апісаннем падзей і дзеянняў, за якія асобы знаходзіліся пад следствам і судом. Прычына крыецца ў тым, што рассылка канфірмацый на месцы мела на мэце часцей за ўсё не простае паведамленне мясцовым органам улады пра тыя ці іншыя падзеі ці лёс асоб, а распараджэнне аб выкананні канчатковага прысуду. У гэтым выпадку найбольшую важнасць мела толькі заключная частка дакумента, дзе пазначаліся від і ступень пакарання, якое часта выконвалі менавіта органы на месцах. Яскравым прыкладам гэтага з’яўляецца копія канфірмацыі па справе паўстанцаў, што спрабавалі арганізавацца ў атрад ля мястэчка Бешанковічы Лепельскага павета пад кіраўніцтвам двараніна Уладзіслава Дыкі [2, арк. 3–9 адв.].

Тэксты некаторых канфірмацый захаваліся ў распараджэннях аб іх выкананні ад вышэй стаячых у іерархіі ўстаноў ці пасад да ніжэй стаячых, напрыклад ад ваеннага губернатара губернскаму ці павятоваму паліцэйскаму ўпраўленню альбо наглядчыку турмы. У такіх распараджэннях паведамлялася, як правіла, калі і ад каго была атрымана канфірмацыя, затым перапісваўся яе тэкст цалкам ці скарочана, пасля чаго змяшчалася ўласна распараджэнне, у некаторых выпадках з указаннем парадку і часу данясення аб выкананні. Вытрымкі з канфірмацый часта ўключаліся ў цыркуляры і іншыя дакументы для «масавай рассылкі», якія распаўсюджваліся пераважна не для выканання прысуду над асобай фізічна (смяротнае пакаранне, ссылка і інш.), а для пошуку маёмасці (рухомай і нерухомай), што падлягала секвестру ці канфіскацыі. У такіх выпадках пазначаліся дата канфірмацыі, канфірматар, пакараная асоба (саслоўны стан, месца пражывання ці прыпіскі, прозвішча, імя, імя па бацьку і ўзрост (апошнія два – не заўсёды)), від і ступень пакарання.

З прычыны сваёй інфармацыйнай насычанасці канфірмацыі часта станавіліся аб’ектам увагі з боку даследчыкаў пры складанні зборнікаў дакументаў, як, напрыклад, па гісторыі паўстання ў Літве і Беларусі, выдадзеным у 1965 г. да стогадовага юбілею [1, с. 324–325, 397–398, 460–465, 518–519, 505–507] альбо ў выпушчаным НГАБ у 2014 г. да 150-гадовага юбілею [9, с. 102–110, 161–163, 166–171, 219–220 і інш.].

Аднак, нягледзячы на ўсю інфармацыйную насычанасць канфірмацый, не варта заўсёды ўспрымаць змешчаныя ў іх звесткі як самыя дакладныя ці «ісціну ў апошняй інстанцыі». Нярэдка на следстве і судзе асобы часта стараліся схаваць шматлікія факты, што пацвярджалі іх удзел у паўстанні ці дапамогу паўстанцам. Некаторым гэта ўдавалася. Інфармацыйная частка канфірмацый будзе ў такіх выпадках няпоўнай альбо недакладнай. Напрыклад, адзін з найбольш высокапастаўленых асоб у паўстанні – старшыня Аддзела кіравання правінцыямі Літвы Якуб Гейштар – пасля арышту усялякім чынам хаваў на допытах свой удзел у антыўрадавай дзейнасці, і гэта яму ўдалося. У выніку спачатку яго саслалі на адносна мяккіх умовах – «адміністрацыйным парадкам». Толькі пасля арышту іншых асоб, якія далі пра яго значна больш падрабязныя паказанні, ён быў вернуты са ссылкі назад у Вільню і ўжо затым атрымаў значна больш суровае пакаранне [7, арк. 612 адв.; 11]. З іншага боку, пасля канфірмацыі пакаранне магло быць зменена, калі з’яўляліся абставіны, што перашкаджалі яе выкананню. Самай распаўсюджанай аргументацыяй пры гэтым быў дрэнны стан здароўя асобы. Напрыклад, вучань Мінскай гімназіі Оттан Чакатоўскі канфірмацыяй Мураўёва пачаткова быў прысуджаны да ссылкі на службу ў Арэнбургскі корпус, аднак з прычыны слабага здароўя (як указвалася ў прашэннях яго бацькоў) атрымаў ад М. Крыжаноўскага больш лёгкае пакаранне ў выглядзе ссылкі ў г. Гомель на жыхарства пад нагляд паліцыі на 2 гады [8, арк. 73–85].

Такім чынам, канфірмацыя з’яўляецца каштоўнай крыніцай па гісторыі паўстання 1863–1864 гг. Выяўленыя копіі ў фондах НГАБ раскрываюць дзейнасць у выступленні як асобных паўстанцаў, так і цэлых атрадаў альбо падзеі на пэўных тэрыторыях. Пры гэтым ступень даверу да звестак, што змешчаны ў дадзенай крыніцы, магчыма ацаніць як высокую, нягледзячы на магчымыя недакладнасці ці няпоўнасці. У сувязі з гэтым варта парэкамендаваць патэнцыяльным даследчыкам гісторыі паўстання часцей звяртацца да канфірмацый, копіі якіх захоўваюцца ў беларускіх архіўных сховішчах.


Спіс выкарыстаных крыніц і літаратуры

  1. Восстание в Литве и Белоруссии 1863–1864 гг.: Сб. документов / [АН СССР, Ин-т славяноведения и др.]. – М.; Вроцлав: Наука, 1965. – 586 с.
  2. НГАБ. – Ф. 1416. – Воп. 3. – Спр. 13365. – Справа паводле распараджэння 3 га аддзялення 8 стала аб выкананні канфірмацыі начальніка краю пра Спасоўскага, Лапарэвіча, Шынкевіча і іншых, якія ўдзельнічалі ў сфарміраванні бешанковіцкага атрада паўстанцаў. 21.10.1865–04.06.1868. – 74 арк.
  3. НГАБ. – Ф. 1416. – Воп. 4. – Спр. 11383. – Справа паводле прапановы віцебскага губернатара аб выкананні канфірмацыі галоўнага начальніка краю над дваранінам Кліментам Анікевічам, суджаным за палітычныя злачынствы. 14.05.1864–24.05.1864.
  4. НГАБ. – Ф. 1416. – Воп. 4. – Спр. 11400. – Справа паводле прапановы начальніка Віцебскай губерні аб выкананні канфірмацыі галоўнага начальніка краю над палітычнымі злачынцамі дваранамі Міхаілам і Люцыянам [Рыцкамі] і інш. 03.06.1864–11.12.1868.
  5. НГАБ. – Ф. 1416. – Воп. 4. – Спр. 11416. – Справа пра асоб, што бралі ўдзел у палітычных непарадках па тутэйшай [Віцебскай] губерні. – 13.05.1864–21.04.1867.
  6. НГАБ. – Ф. 1430. – Воп. 1. – Спр. 31596. – Справа паводле рапарта Віцебскай следчай камісіі па палітычных справах аб зняволенні ў турэмным замку дваран Лепельскага павета Гумоўскіх за ўдзел у паўстанні 1863 г. 01.05.1864–15.12.1864. – 18 арк.
  7. НГАБ. – Ф. 1430. – Воп. 1. – Спр. 52163. – Справа аб канфіскацыі маёмасці ўдзельнікаў паўстання 1863 г. 01.04.1863–15.04.1865. – 864 арк.
  8. НГАБ. – Ф. 2001. – Воп. 1. – Спр. 898. – Справа пра асоб, высланых у Магілёўскую губерню за ўдзел у польскім паўстанні 1863 г. 19.08.1863–23.06.1865. – 39 арк.
  9. Паўстанне 1863–1864 гадоў у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях : Дакументы і матэрыялы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі / уклад. Дз. Ч. Матвейчык; рэдкал.: У.І. Адамушка [і інш.]. – Мінск: А. М. Вараксін, 2014. – 544 с.
  10. Фірыновіч, А.Э. Паўстанне 1863–1864 гг.: вядомыя і невядомыя крыніцы беларускіх архіваў. – Мінск: Беларуская навука, 2013. – 315 с.
  11. Gieysztor, J. Pamiętniki z lat 1857–1865. – T. 1–2. – Wilno: Druk Józefa Zawadzkiewgo, 1913.
  12. Lietuvos valstybės istorijos archyvas. – Ф. 1248. – Часовы палявы аўдытарыят пры штабе камандуючага войскамі Віленскай вайсковай акругі. 1863–1911 гг. – Воп. 1–2.

Апублікавана ў: Архівы і справаводства. – 2015. – № 2(98). – С. 109–118.

Автор статьи: 
Матвейчык Дзмітрый Часлававіч
Ученая степень и звание: 
кандыдат гістарычных навук
Должность: 
загадчык аддзела публікацыі дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі