ЗАХАВАЛЬНІК ВІЦЕБСКІХ СТАРАЖЫТНАСЦЕЙ: ДА 170-ГОДДЗЯ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ ГІСТОРЫКА, АРХІВІСТА І КРАЯЗНАЎЦЫ АЛЯКСЕЯ САПУНОВА (1851—1924) - Частка 6
Беларускі гісторык, архівіст, археограф, краязнавец Аляксей Парфенавіч Сапуноў (1851—1924) нарадзіўся 15 (27) сакавіка 1851 года ў мястэчку Усвяты Веліжскага павета Віцебскай губерні (цяпер Пскоўская вобласць, Расія). Ён паходзіў з сям’і купца. З 1862 па 1869 гады Сапуноў вучыўся ў Віцебскай мужчынскай гімназіі. Потым паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Санкт-Пецярбургскага універсітэта. Пасля яго заканчэння ў 1873 годзе вярнуўся ў Віцебск, дзе з 1873 па 1896 гады працаваў настаўнікам лацінскай і грэчаскай моў у Віцебскай мужчынскай гімназіі, якую раней скончыў.
21 лютага 1896 года А.П. Сапуноў прызначаны часова выконваючым абавязкі архіварыўса Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актавых кніг, дзе правёў вялікую працу па паляпшэнні ўмоў захавання дакументаў архіва. Пад яго кіраўніцтвам былі праведзены рэстаўрацыйныя працы пашкоджаных кніг і, у першую чаргу, іх скураных пераплётаў.
У верасні 1897 года А.П. Сапуноў быў пераведзены ў Маскву на пасаду памочніка інспектара студэнтаў Маскоўскага універсітэта, дзе працаваў да 1901 года. У 1901 годзе зноў вярнуўся ў Віцебск, атрымаў пасаду сакратара Віцебскага губернскага статыстычнага камітэта. У 1907 годзе А.П. Сапуноў быў абраны дэпутатам ад Віцебскай губерні ў Дзяржаўную думу 3-га склікання на 5-гадовы тэрмін. У 1913 годзе абраны прафесарам кафедры старажытнасцяў Паўночна-Заходняга краю Маскоўскага археалагічнага інстытута. У гэтым жа годзе зноў уладкаваўся на пасаду сакратара Віцебскага губернскага статыстычнага камітэта, дзе працаваў да 1916 года.
З 1918 года А.П. Сапуноў з’яўляўся загадчыкам секцыі дэмаграфіі ў Віцебскім губернскім статыстычным бюро. З 1919 па 1922 гады ён быў архіварыўсам Віцебскага губернскага архіва. З 1922 па 1924 гады выкладаў у Віцебскім інстытуце народнай адукацыі.
А.П. Сапуноў актыўна ўдзельнічаў у навуковым і грамадскім жыцці Віцебска ў XIX — пачатку XX стагоддзя. З’яўляўся сябрам шматлікіх навуковых і грамадскіх таварыстваў. У 1882 годзе ён абраны сапраўдным сябрам Віцебскага губернскага статыстычнага камітэта, у 1885 годзе — сябрам-спаборнікам Таварыства гісторыі і расійскіх старажытнасцяў пры Маскоўскім універсітэце. З 1890 года А.П. Сапуноў з’яўляўся сапраўдным сябрам гістарычнага таварыства пры Санкт-Пецярбургскім універсітэце. У 1891 годзе абраны членам-карэспандэнтам Маскоўскага археалагічнага таварыства, у 1893 годзе — сапраўдным сябрам Рускага геаграфічнага таварыства, у 1894 годзе — сябрам Рускага археалагічнага таварыства. У 1896 годзе ён атрымаў залаты Увараўскі медаль, а таксама быў намінаваны Расійскай акадэміяй навук на атрыманне Увараўскай прэміі. З 1909 года А.П. Сапуноў з’яўляўся ганаровым сябрам Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, з 1913 года — ганаровы сябра Таварыства па вывучэнні Магілёўскай губерні. У 1918 годзе абраны ганаровым сябрам Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве, у 1922 годзе — членам-карэспандэнтам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Расійскай акадэміі навук.
У пачатку 1880-х гадоў А.П. Сапуноў распрацаваў план шматтомнага дакументальнага выдання «Витебская старина». Першапачаткова планавалася выдаць 6 тамоў зборнікаў дакументаў. Першы том матэрыялаў па гісторыі Віцебска з XI да канца XIX стагоддзяў быў надрукаваны ў 1883 годзе. Апошні 5-ы том — ў 1888 годзе. На жаль, 6-ы том, у якім планавалася змясціць гістарычны нарыс Віцебскай губерні, а таксама розныя дадаткі і паказальнікі, так і не быў надрукаваны. Працуючы над падрыхтоўкай гэтага выдання, Сапуноў вывучыў, апісаў і ўвёў у навуковы ўжытак вялікую колькасць гістарычных дакументаў, якія захоўваліся ў архівах на тэрыторыі Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў, частка з якіх была апублікавана ў розных археаграфічных выданнях, а таксама ў перыядычных выданнях таго часу.
У пачатку 1890-х гадоў А.П. Сапуноў разам з Я.Р. Раманавым выступілі ініцыятарамі і арганізатарамі стварэння ў Віцебску царкоўна-археалагічнага музея, які быў урачыста адчынены 27 кастрычніка 1895 года. А.П. Сапуноў прыняў актыўны ўдзел у стварэнні і працы Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, а таксама ў стварэнні Віцебскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута (адчынены 27 кастрычніка 1911 года), дзе ён выкладаў да 1922 года.
У 1919—1921 гады пад час працы ў Віцебскім губернскім архіве А.П. Сапуноў займаўся выяўленнем найбольш каштоўных старажытных дакументаў, якія знаходзіліся ў архівах розных устаноў на тэрыторыі Віцебскай губерні. У выніку гэтай працы значная колькасць каштоўных дакументаў была перададзена ў склад губернскага архіўнага фонду. З 1920 года А.П. Сапуноў уваходзіў у склад экспертнай камісіі, якая была створана пры ўпраўленні губернскага архіўнага фонду, а таксама быў уключаны ў камісію для разбору архіваў Віцебска. У апошнія гады свайго жыцця з 1922 па 1924 гады А.П. Сапуноў у якасці прафесара чытаў курс лекцый у Віцебскім інстытуце народнай адукацыі.
У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваецца значная колькасць дакументальных матэрыялаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю А.П. Сапунова. У першую чаргу, гэта дакументы Віцебскай мужчынскай гімназіі, дзе спачатку Сапуноў вучыўся, а потым доўгія гады працаваў выкладчыкам. У архіўных фондах «Віцебскі цэнтральны архіў старажытных актавых кніг» і «Віцебская вучоная архіўная камісія» захаваліся цікавыя дакументы, звязаныя з дзейнасцю А.П. Сапунова па захаванні старажытных архіўных дакументаў. У архіўным фондзе «Віцебскае губернскае праўленне» ўдалося выявіць асабістую справу А.П. Сапунова за 1901—1916 гады, дзе знаходзяцца фармулярныя спісы аб яго службе, а таксама яго арыгінальны пашпарт.
Крыніцы:
Шумейка М.Ф. Сапуноў А.П. // Архівісты Беларусі: Бібліяграфічны даведнік. — Мн., 2020. С. 39—41.