Epitaphium: пахавальная культура народаў Вялікага Княства Літоўскага
Праблематыка пахавальнай культуры народаў, што пражывалі на землях сучаснай Беларусі і суседніх краін здаўна прыцягвала ўвагу гісторыкаў. Аднак да нядаўняга часу спроб аб’яднаць даследчыкаў адпаведнага кірунку хаця б у межах аднаго праекта не рабілася. Таму адпаведныя распрацоўкі вяліся дастаткова эпізадычна, а іх вынікі публікаваліся ў самых розных выданнях, не звязаных паміж сабой. У гэтым зборніку праблема пастаўлена комплексна – разглядаюцца пахавальныя традыцыі і практыкі прадстаўнікоў розных народаў, канфесій і сацыяльных слаёў у розныя перыяды гісторыі Беларусі – Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі і нават міжваеннай Польскай дзяржавы. Менавіта гэта і робіць зборнік унікальным выданнем у Беларусі.
У красавіку 2021 г. у НГА Беларусі быў праведзены круглы стол пад назвай «EPITAPHIUM: пахавальная культура земляў былога Вялікага Княства Літоўскага XVI–XIX стст.». Яго матэрыялы для выдадзенага зборніка сталі асновай, да якой былі далучаны яшчэ некалькі артыкулаў, што мелі адпаведную тэматычную скіраванасць.
Укладальнікамі зборніка выступілі арганізатары круглага стала – Дзяніс Лісейчыкаў і Сяргей Грунтоў.
Кніга адрасуецца спецыялістам-даследчыкам, выкладчыкам і навучэнцам ВНУ, краязнаўцам, а таксама ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі.