Мінскі Настаўніцкі Інстытут: да 110-годдзя з дня заснавання
Мінскі настаўніцкі інстытут быў створаны 1 (14) ліпеня 1914 года, паводле загада Міністэрства народнай адукацыі, як педагагічная навучальная установа, якая рыхтавала настаўнікаў для вышэйшых пачатковых вучылішч. Інстытут непасрэдна падпарадкоўваўся папячыцелю Віленскай навучальнай акругі. Першым дырэктарам інстытута быў прызначаны Д. Сцяпура, які да гэтага быў дырэктарам Рагачоўскай настаўніцкай семінарыі. Ён узначальваў Мінскі настаўніцкі інстытут з 1 ліпеня 1914 да 10 сакавіка 1918 года. 21 лістапада 1914 года адбылося ўрачыстае адкрыццё Мінскага настаўніцкага інстытута. У мерапрыемстве прынялі ўдзел дырэктар інстытута Д. Сцяпура, мінскі губернатар А. Гірс, віцэ-губернатар М. Чаныкаеў, начальнік Мінскай ваеннай акругі барон Раўш фон Траўбенберг, епіскап мінскі і тураўскі Мітрафан, епіскап слуцкі Феафілакт і іншыя.
Тэрмін навучання ў інстытуце складаў 3 гады. У яго прымаліся асобы мужчынскага полу праваслаўнага веравызнання, якія мелі не менш за 2 гады стажу настаўніцкай працы. Інстытут утрымліваўся за кошт дзяржавы. У склад педагагічнай рады інстытута ў розны час уваходзілі У. Ігнатоўскі, К. Кудзін, М. Гамолка, З. Полазаў, Я. Каранеўскі, В. Андэрсан, М. Байкоў, В. Іваноўскі, Я. Карскі, А. Неканда-Трэпка, Ч. Родзевіч, Б. Тарашкевіч і іншыя. Навучальныя праграмы інстытута арыентаваліся на ўзровень сярэдняй школы. Педагагічныя дысцыпліны, багаслоўскі курс, гісторыя і літаратура выкладаліся па праграмах, набліжаных да ўзроўню вышэйшай школы.
Першапачаткова Мінскі настаўніцкі інстытут быў размешчаны ў прыватным двухпавярховым мураваным будынку Ш. Бярковіча, які знаходзіўся на рагу Захар’еўскай і Садовай вуліц, дзе перад гэтым знаходзілася 3-е Мінскае чатырохкласнае гарадское вучылішча. Мінская гарадская ўправа вылучыла для размяшчэння інстытута зямельны пляц у цэнтральнай частцы горада. Адначасова быў распрацаваны і зацвержаны праект пабудовы адмысловага будынка, у якім планавалася размясціць гэты інстытут, але гэтым планам перашкодзілі падзеі Першай сусветнай вайны.
У верасні 1915 года Мінскі настаўніцкі інстытут быў эвакуіраваны ў горад Яраслаўль. У Яраслаўлі інстытут першапачаткова быў размяшчаны ў будынку М. Лібкен на Духаўскай вуліцы, а з 5 ліпеня 1916 г. ён знаходзіўся ў доме В. Нявінскай на рагу Раманаўскай і Любімскай вуліц.
У эвакуацыі навучальнаму працэсу перашкаджалі масавая мабілізацыя студэнтаў, кватэрная неўладкаванасць і адсутнасць неабходных сродкаў. Паступова навучальны працэс быў наладжаны. У 1916 годзе ў інстытуце пачалі факультатыўна выкладацца замежныя мовы і былі створаны аднагадовыя педагагічныя курсы для падрыхтоўкі настаўнікаў вышэйшых пачатковых вучылішчаў. На гэтыя курсы прымаліся дзяўчаты, пераважна бежанкі з Беларусі.